“Круціць галавой трэба тры гады”

№ 49 (1176) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Гэтыя словы паўтаралі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пасля майстар-класа ад вядомага японскага флейтыста Ёсукэ ІРЫЭ, які наведаў сталіцу ў рамках фестывалю “Японская восень у Беларусі”. Госць з’яўляецца адным з найвыбітных прадстаўнікоў школы сякухаці — старажытнага традыцыйнага духавога інструмента. Сустрэча прайшла, з аднаго боку, вельмі цёпла і душэўна, з іншага — лаканічна і па сутнасці. Але ж пра сваю прафесійную справу павінен распавесці сам майстар.

/i/content/pi/cult/512/11031/6-2.jpg

— Традыцыйная японская бамбукавая флейта — сякухаці — даволі простая як інструмент, бо яе выраб заключаецца ў наяўнасці цэлага ствала бамбука, зрэзанага на гары, і прароблівання ў ім адтулін. Аднак пры паломцы ці памылцы ў гэтым працэсе якасць гуку пагаршаецца…

У адносінах да ігры на гэтым інструменце часта выкарыстоўваюць такі выраз: “Круціць галавой трэба тры гады”. У аснове прымаўкі ляжыць ідэя пра тое, што гук з сякухаці можна здабываць з дапамогай удзімання паветра “пад рознымі вугламі”, круцячы галавой і не выкарыстоўваючы пальцы, — толькі за кошт палажэння флейты. Манахі гэты інструмент выкарыстоўвалі для медытацый, ён займаў ганаровае месца ў прыдворных ансамблях…

Мой касцюм у стылі кіберпанк дачынення да вышэйсказанага не мае. Флейце падуладныя напрамкі і жанры ад традыцыйных мелодый да папулярнай музыкі і джаза. Нягледзячы на тое, што, на першы погляд, інструмент такі прымітыўны ў вырабе, важна выконваць усю тэхналогію яго стварэння. Адлегласць паміж адтулінамі, іх глыбіня — усё гэта мае непасрэднае дачыненне да гуку.

Японскую флейту спрабавалі мадэрнізаваць шляхам прароблівання ў яе корпусе яшчэ некалькіх дзірачак, але гэтая метамарфоза абсалютна не прыжылася: музыканты выкарыстоўваюць класічную версію інструмента, якая дайшла да нас са старажытнасці. Нельга сказаць, што сякухаці зараз карыстаецца вялікай папулярнасцю: у нас больш распаўсюджана, скажам, скрыпка.

Дакладнай колькасці людзей, якія навучаюцца альбо ўжо граюць на сякухаці, я не ведаю. Што да таго, як пачынаць навучанне, дык тут трэба паклапаціцца пра наяўнасць выкладчыка, майстра, які з’яўляецца гуру ў абыходжанні з гэтым старажытным інструментам, хоць і нельга выключаць варыянт самастойнага навучання. Дарэчы, сярод маіх знаёмых шмат тых, хто прыйшоў да гэтага інструмента ў сталым веку, пакінуўшы звыклую працу і прысвяціўшы сябе выключна музыцы. Жыццё паказвае, што ніколі не позна захапіцца чымсьці ўсур’ёз.

Мая флейта дасталася мне ад дзядулі. Гэта інструмент даўгавечны. Будзьце ўпэўнены: калі флейта трапіла да вас, яна праслужыць вам да канца жыцця і, верагодна, не толькі вам, але і малодшым пакаленням, як гэта атрымалася ў маёй сям’і. Не варта засмучацца, калі першыя спробы знаёмства з інструментам не займелі поспеху. Гэтай справе дапамогуць практыка і цярпенне, а гэтыя якасці ўласцівыя, у тым ліку, і беларусам.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст