Зачараваная жыццём

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Па галоўнай восі габеленавай канструкцыі
Сёння ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава экспануецца юбілейная выстаўка габелена, акварэлі і малюнка — усяго 80 твораў — вядомай мастачкі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ніны Пілюзінай. Гэта ўжо 14-я персанальная выстаўка за ейнае творчае жыццё.

/i/content/pi/cult/509/10944/8-3.jpg

Ніна Пілюзная. "Навала".

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае, канешне ж, манументальны габелен “Зубр”, які мае метафарычны падзагаловак паводле У.Караткевіча: “Мёртвым лягчэй, нясцерпна жывым, што мёртвых у сэрцы нясуць…”. Гэты твор — яркі сімвал шматпакутнай, няскоранай і гордай Беларусі. Удалае спалучэнне гладкага класічнага ткацтва, фактур і матэрыялаў бліскуча і арганічна працуе на асноўную ідэю палатна.

Вялікае ўражанне выклікае і габелен “Навала”. Здавалася б, чыста фармальная кампазіцыя. Але як яна беззаганна скампанавана! Аўтарскія тэкстыльныя аб’ёмы і фактуры, стрыманы каларыт, сінтэз розных матэрыялаў, усхваляваная рытміка ліній і плямаў — усё накіравана на тое, каб чалавек мог задумацца пра сённяшнія сусветныя праблемы і пра будучае нашага неспакойнага жыцця. А вось яшчэ адзін габелен-прадбачанне “Боль, які не аціхае”, створаны за год да Чарнобыльскай трагедыі. Форма ткацкай карціны — птушка, якая ляціць, а на яе крылах такія знаёмыя беларускія пейзажы. У цэнтры — журботная жанчына: вобраз пакутніцы-Беларусі…

А пра што расказвае фармальны філасофскі цыкл — пенаптых “Прарыў”? Канешне, прарыў можа быць ва ўсім: у жыцці, у працы, у бітвах. А тут кампазіцыя, колер і фактура падпарадкаваны адной тэме: зараджэнню, руху і знішчэнню прарыва. Ад напружання чорнага, сіняга — да чырвонага, да радасці, да эйфарыі. А вось пятая частка “Зруйнаванне” — гэта вынішчэнне жыцця, і толькі рэшткі белага пакідаюць надзею на новае адраджэнне ўсяго жывога на планеце Зямля. Думаю, гэты твор даволі складаны для глядацкага ўспрымання, але, мабыць, прыйшоў час не толькі мімалётам бегчы па выстаўцы і адным вокам глядзець карціны, але і затрымлівацца, каб падумаць і памеркаваць наконт таго, пра што хацеў сказаць мастак.

Заслугоўвае ўвагі габелен “Вызваленая зямля”, прысвечаны роднай вёсцы мастачкі Далговічы. Тут праз эпічны пейзаж проста і лаканічна адлюстравана Радзіма, якая перамагла ў доўгай і смяротнай барацьбе з чорнай сілай фашызму. Па ўсім пейзажы праходзіць чырвоная лінія вайны, але знікае цёмная трывожная хмара і на зямлю падае залаты дождж. І ўжо ўчарашні салдат арэ зямлю, і жанчыны кідаюць у глебу залатыя зярняты. Прыйшоў доўгачаканы мір…

Сярод іншых твораў Ніны Пілюзінай, прадстаўленых на выстаўцы, — “Святочная ноч. Купалінка”, “Разам з сонцам”, “Навука аб зорках”, “Перад зорнай дарогай”, “Галактыкі, якія згаслі”, “На кветкавым лузе” (прысвячэнне Янку Купалу і Якубу Коласу), "Смачны кавалачак" і многія іншыя. Некаторыя мы ведалі па выстаўках раней, некаторыя зусім новыя. І ў гэтым сэнсе мастачка, зачараваная жыццём, не адпачывае; яна пастаянна ў рабоце: ці то за ткацкім станком, ці то за мальбертам у полі або ў лесе ля наваколля Ратамкі, дзе ўжо жыве шмат гадоў. А раней, у мінулыя часы, любіла маляваць у крымскім Гурзуфе і Прыбалтыцы. Вынік такіх “трудов и дней” — сотні акварэлей і малюнкаў. Вось чаму так светла і паэтычна ў дзвюх залах музея, дзе выстаўлены яны, гэтыя невялічкія “жамчужыны-перліны”: ратамскія бярозкі, пейзажы малой радзімы — Магілёўшчыны, нацюрморты з палявых кветак, далёкі настальгічны поўдзень і шмат чаго іншага…

Для Ніны Пілюзінай жыццё і творчасць — гэта адно і тое ж: увесь настрой і душэўны стан мастачкі трывала адпавядаюць ейным творам. Яна — з той пароды творцаў, для якіх на першым месцы — менавіта творчы дыялог з гледачом, які пасля такой “размовы” можа стаць у пачуццях трошкі лепшым у сваіх адносінах да навакольнага свету і зямлі, дзе ён жыве. А гэта дарагога каштуе...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"