Смак паветра

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Сэнс метамарфоз — не ў выдумках…
Сто гадоў таму, у верасні 1914-га, Іван Дмухайла нарадзіўся, каб у сваім пейзажным жывапісе натхнёна і моцна праславіць Беларусь, сваю “другую Радзіму”, а таксама ніколі не забываць і родную Маці-Украіну. Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Сямёнавіча няма з намі ўжо больш за 7 гадоў. Але вядома: мастакі не паміраюць, бо для нас ды нашых нашчадкаў застаюцца іхнія творы, у якіх, калі гэтыя работы таленавітыя і душэўныя, пульсуе гарачая кроў жывапісца…

Іван Дмухайла. "Вёска".

Іван Дмухайла. "Цёплая восень".

Выстаўка пад назвай “Прыгажосць на стагоддзі”, якая 9 кастрычніка адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, — не проста даніна юбілейнай даце. Гэта — своеасаблівае пасланне тым гледачам, асабліва маладым, якія, аблытаныя павуціннем гарадской мітусні, ужо страцілі сапраўдны “смак” паветра Яе Вялікасці Прыроды.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 работ мастака, галоўным чынам — з фондаў беларускіх музеяў, а таксама — сям’і жывапісца ды прыватных калекцый. Прысутнічаюць і малавядомыя карціны. Ёсць партрэты самога Дмухайлы, зробленыя яго сябрамі Мікалаем Чурабам і Валянцінам Савіцкім. Дэманструюцца таксама фатаграфіі з сямейнага архіва і рэчы творцы.

Які раз хачу сказаць: гэта быў унікальны Майстар, тонкі і тэмпераментны, чалавек неспакойнай думкі і моцнага пачуцця, які па праве заняў выбітнае месца ў сучасным пейзажным лірычным жывапісе як сапраўдны пясняр зямлі беларускай.

Мне пашанцавала: я добра ведаў Івана Сямёнавіча. Мы пазнаёміліся напрыканцы 1950-х, яшчэ ў Гродне, калі я там заканчваў школу, а ён пачынаў сваё ўзыходжанне на Алімп вялікага мастацтва. Потым, ужо ў Мінску, мы даволі часта, аж да яго смерці, сустракаліся, і нам было пра што пагаварыць ды што ўспомніць наконт творчасці ды нашых старых сямейна-бытавых адносін…

Вось іду я па выстаўцы, узіраюся ў ягоныя карціны — і сэрца сціскаецца ад успамінаў тых ужо далёкіх дзён, калі я, зусім малады чалавек, разам з Дмухайлам і яго сябрамі Іванам Пушковым, Валянцінам Савіцкім, Данілам Парахнёй, Міхаілам Плужнікам часта бываў на пленэрах у розных дзіўных мясцінах Нёманскага краю, дзе назіраў, як маэстра працаваў... І не мог пазбавіцца адчування, што на маіх вачах тварыўся цуд: жывапісец узнаўляў складаныя контуры ландшафту, яго зменлівыя фарбы з такой свабодай ды лёгкасцю, што спачатку здавалася, быццам пейзаж не пісаўся, а праступаў на палатне пад ударамі пэндзля. Але чым далей, тым больш я пачынаў разумець, якая цяжкая гэтая вонкавая лёгкасць, наколькі далёкі мастак ад паўтору натуры. Ён гутарыў з прыродай, давяраючы ёй свае думы ды хваляванні, — і прырода ішла яму насустрач. Гэта і складала тэму палатна, яго жывую душу. І ў гэтым сэнсе ён з’яўляўся па-сапраўднаму духоўным спадкаемцам Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Віталя Цвіркі, якія ў свой час падтрымалі яго добрым наказам на дарогу і якім Іван Сямёнавіч быў удзячны ўсё сваё жыццё. Прырода для Дмухайлы, як і для ягоных вялікіх настаўнікаў, была і храмам, і майстэрняй. Храмам чалавечай душы, адкрытай лёсу і часу. І — майстэрняй вечнага імкнення да дасканаласці.

Выстаўка — гэта ўтульны, ціхамірны свет сонечнага летняга поўдня і барвянай восені, казачнай зімы і пранізлівай вясны, калі, здавалася б, час затрымлівае сваю хаду спецыяльна для таго, каб людзі паспелі заўважыць прыгажосць у розныя поры года. Тым не менш, жанр пейзажа ў Дмухайлы — не такая простая з’ява, як можа падацца на першы погляд: ён мае сваю складаную гісторыю, якая цягам дзесяцігоддзяў папаўнялася новымі пластычнымі канцэптамі, плынямі, вобразамі, колерарытмікай, “сюжэтамі” і нават новымі тэхнічнымі прыёмамі.

Хэмінгуэй казаў, што, наведваючы музеі, ён многаму навучыўся ў пейзажыста Поля Сезана. Але прызнаваў таксама, што не можа ўцямна, выразна растлумачыць, чаму ж менавіта ён навучыўся. А вось пейзажнае мастацтва Дмухайлы, хачу спадзявацца, нас вучыць многаму. Але і мне цяжка вызначыць, чаму ж менавіта. Мабыць, ужытковых азначэнняў, якімі мы карыстаемся, як разменнай манетай, недастаткова, каб акрэсліць годнасць нават найлепшых палотнаў. Таму абмяжуюся самымі простымі словамі і скажу: экспазіцыя нагадвае нам, што такое чалавечнае мастацтва, сапраўдны жывапіс, паэзія фарбаў на ўсе густы.

Неяк на адной з мінулых выставак твораў Івана Дмухайлы мне давялося пачуць словы наведвальніка: “Ад гэтых карцін светла ў вачах, у душы — цёпла, на сэрцы — радасна і не хочацца выходзіць у горад, на вуліцу...”

Сапраўды, гэта так. Кожны можа знайсці для сябе ў экспазіцыі тое, што блізка яго душы і сэрцу: адных прыцягваюць натурныя “злепкі” з прыроды, пейзажы настрою (“Дыхнула вясной”, “Белая квецень”, “Перад навальніцай”, “Апошнія промні”), іншых — нацюрморты з кветкамі ды фруктамі ці карціны-метафары, карціны-сімвалы, якія з’явіліся ў час “суровага стылю” і пазней, у 1980 — 1990-я гады (“На прасторах Радзімы”, “Песня пра мой край”, “У далёкі шлях”, “Нёман”). Але ўсе яго творы — ад жывой рэальнасці, не прыдуманай ва ўтульнай цішы майстэрні і не “пазычанай” з нейкай чужой рэпрадукцыі, як гэта часам робіцца сёння маладымі “канцэптуалістамі”.

Дмухайла любіў жыццё ва ўсіх ягоных праявах і ва ўсёй яго паўнаце. У творцы не было любімай пары года — ён з асалодай маляваў усе часы, бо на прыродзе, па ягоных словах, было яму “заўсёды цікава”. Ён адчуваў зямлю як нешта жывое, што пастаянна змяняецца і ў той жа час вечнае: піша ён апошні снег або дажджлівы дзень пад Лагойскам, Каложу ў Гродне ці веснавыя бярозы ў Драздах, сакавіцкае сонца над Нёманам ці люстэрка Свіслачы… А яшчэ мастак любіў маляваць ранняе змярканне, калі паступова тухне дзённае святло, калі “светом волшебным все залито”…

Іван Сямёнавіч аднойчы сказаў: “Я прайшоў вялікі шлях, пастаянна ўжываючыся ў духоўную тканіну Прыроды і становячыся свабодным і мудрым, становячыся творцам. Я разумеў, што мастацтва — гэта дзіва, якое ўключае ў сябе бясконцыя ды бязмежныя метамарфозы. Але сэнс іх — не ў выдумках, а ў раскрыцці таго, што ўзнікае ў жыцці... І я шчаслівы, што па меры сіл змог адлюстраваць у сваіх палотнах любімыя куткі сінявокай Беларусі, а такой, можа быць, і ва ўсім свеце не знайсці… І яшчэ я зразумеў, што прырода па-сапраўднаму адкрылася чалавеку і выспаведалася яму, паказала сваю раздольную казачную прывабнасць, дабрыню і дасканаласць, і трэба ісці ёй насустрач з душой чыстай, не забруджанай смеццем штодзённасці. І тады ў самай простай з’яве адкрыецца высокае і цудоўнае. Золата ў жывапісе — гэта серабро, а серабро — золата…”

Вось такі быў Іван Сямёнавіч Дмухайла, наш творца. І — ёсць. Бо ягоная выстаўка — яго шчыры голас у фарбах — і сёння нагадвае нам аб чымсьці важным ды дарагім, што трэба вельмі цаніць у нашым няпростым жыцці…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"