Заслаўе: свая тэма для сюжэта

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Партал у мінулае праз урбаністычныя ландшафты
Як вядома, Дзень пісьменства праходзіць у Заслаўі не ўпершыню: мінулым разам ён адбыўся там у адносна далёкім ужо 2000-м годзе. У нумары “К”, што выйшаў напярэдадні свята, тагачасны мэр горада Валянцін Сітнік падзяліўся сваёй запаветнай марай: “Каб у Заслаўі як гісторыка-культурным цэнтры чалавек мог паглядзець на старажытныя помнікі, духоўна аб’яднацца з мінуўшчынай і пры гэтым прайсціся па добрых вуліцах, пасядзець ва ўтульным рэстаране, набыць сувенір у краме”. Ці здзейснілася гэтая мара за прамінулыя чатырнаццаць гадоў? Ці сталася Заслаўе ўдалым сімбіёзам горада-музея і горада, утульнага для жыцця? Цяжка сказаць. Але, ва ўсялякім выпадку, прагрэс навідавоку. Вось і цяперашняе свята стала чарговым крокам у гэтым напрамку. Аднак жа для паўнавартаснай рэалізацыі патэнцыялу Заслаўя зрабіць гэтых крокаў належыць яшчэ нямала…

/i/content/pi/cult/502/10791/4-1.jpg

 

 

Над парэшткамі замкавай брамы ўзводзіцца кансервацыйны "саркафаг".

/i/content/pi/cult/502/10791/4-3.jpg

 

 

Мікалай Паграноўскі ў "немузейных" клопатах.

Пакуль бетон не застыў...

Напярэдадні свята Заслаўе ўяўляла з сябе досыць звыклую для сталіцы Дня пісьменства карціну: не горад, а суцэльная будаўнічая пляцоўка... Літаральна з вакзала трапляеш у гэтую бурлівую, але чамусьці добразычліва-нязмушаную атмасферу аўралу. Тое, што яна ахапіла і супрацоўнікаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка, было прадказальна. Выключная паводле сваёй сферы адказнасці ўстанова, якая мае сціплы раённы статус, — гэта не толькі душа горада, але і нервовая сістэма, што працінае літаральна ўвесь арганізм.

Сышоўшы з электрычкі, пабачыў, як у дзіцячым скверы рыхтавалі месцы для ўстаноўкі драўляных скульптур. Апошнія з’явіліся на свет цягам пленэру, праведзенага не так даўно музеем-запаведнікам. Можа, не кожную назавеш шэдэўрам, але... Ва ўсялякім выпадку, з імі Заслаўе будзе выглядаць цікавей. Драўляных і каменных скульптур на вуліцах горада з’явіцца багата, а ў наступным годзе іх паболее: пленэр плануецца паўтарыць.

Бетону для замацавання скульптур у грунце прывезлі недзе ўдвая больш, чым трэба, і шэрая гара рызыкавала застыць у самым непажаданым месцы. У гэтых форс-мажорных абставінах браць рыдлёўкі ў рукі давялося не толькі супрацоўнікам музея, але і начальству. Карэспандэнт “К” таксама прыклаў руку дзеля салідарнасці.

— Вось так мы і жывём ужо які месяц, — без лішняга пафасу кажа дырэктар музея-запаведніка Мікалай Паграноўскі. — Ці ёсць на руках мазалі? Ды не, я ж у пальчатках працую…

У цэнтры свежавыкапанай сажалкі, якую тут з гонарам называюць возерам, акурат на маіх вачах адбыўся “пробны пуск” неправінцыйнага паводле сваіх памераў фантана. Нехта са спецыялістаў наракае, што сажалка парушыла традыцыйны ландшафт, нехта ж даводзіць, што ландшафт быў не парушаны, а, хутчэй, адноўлены. Маўляў, некалі, у даўнюю пару, ля ўзножжа замкавых валоў быў вадаём, і ўжо толькі потым ён эвалюцыянаваў у балота, якое ўвесну падбіралася да навакольных дамоў. Каб у ролі “трацейскіх суддзяў” запрасілі мясцовых жыхароў, тыя дакладна аддалі б перавагу возеру, а не балоту.

“Ператварэнне брыдкага качаняці” адбылося і ў выпадку з дзіцячым скверам, які атачае сажалку.

— Так, ён здавён называўся дзіцячым, але раней тут адны выпівохі збіраліся, а дзецям пачувалася не надта ўтульна, — згадвае Мікалай Паграноўскі. — І стаяла тут нейкая спаруда. Прыйшоўшы на гэтую пасаду, я са здзівам выявіў, што тая спаруда знаходзіцца на нашым балансе…

Спаруда даўно ўжо трансфармавалася ў шынок з нацыянальным меню ды арыгінальнымі шоу-праграмамі. А сёлета ў скверы з’явіліся ліхтары, утульныя лаўкі ды тыя самыя драўляныя скульптуры, а таксама і шыкоўны дзіцячы гарадок. Прычым за кошт спонсара — нябеднай мясцовай сям’і, якая сама праявіла ініцыятыву. Зрэшты, па словах Мікалая Паграноўскага, гэты выпадак — хутчэй, выключэнне:

— Заможных людзей тут з кожным годам усё больш, але, на жаль, многія з іх успрымаюць Заслаўе не як родны горад, а як своеасаблівы спальны раён ды не надта цікавяцца жыццём за межамі сваіх катэджных пасёлкаў…

Магчыма, рэспубліканскае свята скалыхне нават такую публіку. Пакуль жа асаблівую цікавасць да падзей праяўляюць менавіта “тубыльцы”. Пабачыўшы на вуліцы тэлевізійшчыкаў (а напярэдадні Дня пісьменства ў Заслаўі іх можна ўбачыць часта), бойкія мясцовыя жыхары прапанавалі ім тэму для сюжэта: палову вуліцы заасфальтавалі, а другую — не. Хтосьці тут жа тлумачыць, што гэта — ненадоўга, бо немагчыма ж зрабіць усё адразу, а да свята засталося яшчэ ажно чацвёра сутак. Можна паспець…

Дахоўка “пад сапраўдную”

На Замчышчы, дзе пройдуць галоўныя святочныя падзеі, рабочыя займаліся мантажом сцэнічных канструкцый. Будаўнікі з гэтага знакавага месца ўжо сышлі, пакінуўшы па сабе яўна сучасную лесвіцу, што вядзе на верхавіну вала.

— Некаторыя нас за гэта папікаюць: маўляў, не аўтэнтычна… — кажа Мікалай Паграноўскі. — Але каб вы хоць раз бачылі, як пажылыя людзі караскаюцца на гэтыя стромкія валы... Ім таксама хочацца зірнуць адтуль на Заслаўе, але ж падняцца — вельмі складана…

Яшчэ больш прэтэнзій узнікла з нагоды рэстаўрацыйных работ на даху Спаса-Праабражэнскай царквы. Ужо сама вестка пра тое, што помнік спадчыны XVI стагоддзя быў пакрыты металадахоўкай, выклікала абурэнне ў многіх аматараў даўніны.

— Мяркуючы па ўсім, керамічную дахоўку на Беларусі развучыліся рабіць, — тлумачыць Мікалай Паграноўскі. — Тое, што прапануюць нашы прадпрыемствы, рассыпаецца ў друз літаральна за пяць гадоў. Да таго ж, як высветлілася, дахоўку маглі не вытрымаць канструкцыі крокваў. І менавіта таму было прынята рашэнне скарыстаць металічную — але не звычайную, а з адмысловым пакрыццём, якое робіць яе вонкава падобнай да сапраўднай.

І сапраўды, сучасны матэрыял не надта прыцягвае да сябе ўвагу — у адрозненне ад тых выпадкаў, калі пры рэстаўрацыі выкарыстоўваецца звычайная металадахоўка.

Рамонт даху царквы, якая фармальна знаходзіцца ва ўласнасці музея-запаведніка, быў запланаваны ўжо вельмі даўно, але.... Як звычайна бывае, менавіта рэспубліканкае свята стала для сваёй сталіцы магчымасцю “адным махам” вырашыць тыя праблемы, што назапашваліся доўгія гады. Прычым фасадамі і асфальтам справа, вядома ж, не абмежавалася.

— Праведзены капітальны рамонт Дзіцячай школы мастацтваў, якая раней знаходзілася не ў найлепшым стане: трэці паверх быў амаль непрыдатны да заняткаў узімку, — распавядае начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мінскага райвыканкама Сяргей Кудзін. — Шмат працы зроблена і ў Доме культуры “Світанак”. Будаўнікі пастараліся, і хацелася б сказаць ім за гэта шчыры “Дзякуй!”…

Сёе-тое ад агульнага пірага перапала і музейным будынкам. Ізноў жа, гаворка не толькі пра “касметыку”. Прыкладам, у выставачным комплексе абнавілася асвятляльнае абсталяванне, зусім інакш выглядае цяпер і “штаб-кватэра” запаведніка. Непадалёк ад этнаграфічнага комплексу з’явілася аўтастаянка, замянілі паркан... Аднак галоўная праблема — стан паравога млына — па-ранейшаму не вырашана, і лёгка заўважыць, што некаторыя яго бярвенні ўжо патрабуюць замены. Дый пабачыць мудрагелістыя агрэгаты ў рабочым стане пакуль не атрымаецца.

— Млыну споўнілася 104 гады, і за ўвесь гэты час — ніводнага капітальнага рамонту! — распавядае Мікалай Паграноўскі. — Натуральна, сёе-тое мы робім сваімі сіламі — прыкладам, сцяжку бярвенняў, каб яны не крывіліся. Але сам музей наўрад ці знойдзе калі сродкі на паўнавартасную рэстаўрацыю…

На сённяшні момант этнаграфічны комплекс аддзяляе ад сажалкі палоска досыць непрыгляднай прыватнай забудовы, але мяркуецца, што неўзабаве на яе месцы паўстане аб’ект, куды больш дарэчны для рэкрэацыйнай зоны. Тым больш, гэты новы музей і сапраўды доўгачаканы, а яго адсутнасць у культурнай прасторы краіны ажно кідаецца ў вочы.

Як вядома, менавіта Заслаўскі музей-запаведнік мае ў сваіх фондах найлепшую на Беларусі калекцыю маляваных дываноў. Цікавасць да гэтага маргінальнага некалі мастацтва расце касмічнымі тэмпамі, а вось паўнавартасна пазнаёміцца з ім можна хіба цягам рэдкіх выставак. Без сумневу, Музей інсітнага мастацтва выцягнуў бы многіх мінчан і замежнікаў у недалёкае падарожжа 
да Заслаўя.

На думку Мікалая Паграноўскага, ідэальнае месца для стварэння такога музея — менавіта на тэрыторыі этнаграфічнага комплексу. Паколькі Міністэрства культуры краіны ідэю адобрыла ды паабяцала падтрымку, справа зрушылася. Праектаваннем будынка ўжо займаецца архітэктар Андрэй Жылінскі.

— Дом будзе абавязкова драўляны, а галоўны ўваход плануецца менавіта з боку праменада вакол сажалкі, — распавёў дырэктар музея-запаведніка. — Будынак будзе ўтвараць своеасаблівы курданёр — парадны двор. У яго цэнтры, па законах жанру, павінна быць скульптура, і мы мяркуем, што цалкам справядліва было б устанавіць тут помнік Алене Кіш…

Валізка без ручкі

Некалі нам ужо даводзілася пісаць пра адну з прызабытых адметнасцей Заслаўя — парэшткі вялізнага палацава-паркавага комплексу Пшэздзецкіх. Ацалелы сціплы дамок, узяты ў шчыльную аблогу прыватным сектарам, цікавы не вонкавым выглядам, а перадусім сваёй назвай — эрмітаж. Мабыць, ужо толькі яе дастаткова, каб стварыць яшчэ адну турыстычную “фішку”, якіх Заслаўю пакуль што бракуе.

— Да нас ён трапіў у вельмі дрэнным стане: гадоў восем будынак выкарыстоўваўся як “склад непатрэбных рэчаў”. Ацяплення там не было, столь і падлога прагнілі, — распавядае Мікалай Паграноўскі. — Адпаведна, супрацоўнікі МНС прызналі яго аварыйным…

Ва ўмовах адсутнасці грошай на рэканструкцыю, эрмітаж стаў для музея-запаведніка своеасаблівай “валізкай без ручкі”: кінуць шкада, а несці няма як. Пакідаць “усё як ёсць” да лепшых часоў таксама не выпадала: руйнаванне з кожным годам працягвалася. Таму кіраўніцтва было змушана прыняць кампраміснае рашэнне: аддаць будынак у арэнду.

— Мы вельмі доўга выбіралі арандатара і спыніліся на фірме, якая займаецца зборкай мэблі, — распавядае Мікалай Паграноўскі. — Яна зрабіла сякі-такі рамонт, уключыла ацяпленне, замяніла электраправодку...

Дырэктар музея-запаведніка спадзяецца, што гэты варыянт — часовы. У ідэале, эрмітаж павінен пераўтварыцца ў Музей шляхецкай культуры, які распавядаў бы і пра Пшэздзецкіх, і пра іншых уласнікаў Заслаўя. А зусім ужо амбітныя планы — хаця б аднавіць рэнесансны замак, ад якога сёння засталіся толькі парэшткі брамы. Па словах Мікалая Паграноўскага, дэталі гэтага праекта ўжо ўсур’ёз прадуманы, а атрыманыя ў выніку экспазіцыйныя плошчы не будуць пуставаць. Урэшце, на сённяшні дзень у Заслаўі няма музея гісторыі горада.

Да таго ж, мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі даўно марыць і пра выставачную залу. Паводле яго слоў, на Беларусі цяжка знайсці горад, які пакінуў бы большы след у выяўленчым мастацтве, чым Заслаўе, чые краявіды адлюстраваліся ў творах не аднаго пакалення мастакоў.

Урэшце, па той бок чыгуначных пуцей знаходзіцца і яшчэ адна прызабытая адметнасць, якая ў перспектыве можа стаць ці не галоўнай у Заслаўі, — гарадзішча “Замэчак”, адкуль больш за тысячу гадоў таму і пайшоў горад. У яго гісторыі было мноства перыядаў, але перадусім ён асацыюецца сёння менавіта з імёнамі Рагнеды ды Ізяслава. Гэты сюжэт ва ўсходнеславянскім свеце ведае не раўнуючы кожны!

Месца тых драматычных падзей сёння выглядае дзіўна — бы партал у іншасвет пасярод шэрай паўсядзённасці. Гай, што вырас ля ўзножжа валоў, закрывае несамавітае атачэнне гарадзішча. З аднаго боку — прамысловая зона, з другога — “шанхай” з нізкамі зацыраванай бялізны. На гарадзішчы дзе-нідзе вока выхоплівае парожнюю тару ды іншае смецце. Відавочна, яно не залежваецца: свежаскошаная трава пераканаўча сведчыць за тое, што пра гэтае месца не забылі. Просценькі шчыт з надпісам ад рукі і без усялякіх “карцінак” апавядае, што гэтая горка насамрэч з’яўляецца археалагічным помнікам, і смеціць на ёй нельга. Але штраф, якім палохаюць за невыкананне гэтага правіла, праўдападобна, няма каму спаганяць.

Гаворка пра музеефікацыю гэтага месца ўсур’ёз вялася ажно з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя, варыянты разглядаліся самыя розныя... Але дыскусіі ўжо даўно не вядуцца, а гарадзішча апынулася не толькі на ўскраіне Заслаўя, але і на ўзбочыне ўвагі. Вось і сёлета “Замэчак” у праграму святочных мерапрыемстваў не трапіў.

...Натуральна, пакуль што аб’ём музейных ідэй у Заслаўі ніяк не прапарцыйны тэмпам іх рэалізацыі. Горад, які налета будзе святкаваць 1030-годдзе, даўно ўжо нібыта спыніўся на раздарожжы, выбіраючы паміж лёсам сталічнага “спальніка” ды прамысловага прыдатка і самавітай роляй культурна-турыстычнага цэнтра. Але хочацца верыць, што правядзенне сёлетняга свята стане яшчэ адным аргументам на карысць апошняга выбару…

Фота аўтара