Абцас на шчасце

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Сем гісторый пра “…Сапраўднага мужчыну”
Адной з падзей мінулага сезона ў Мінскім абласным драматычным тэатры (Маладзечна) стаў пяцідзясяты паказ спектакля “Шукаю сапраўднага мужчыну” паводле п’есы Алены Паповай. У свой час твор знайшоў сцэнічнае ўвасабленне ў розных тэатрах краіны, і пракатны лёс пастановак складаўся па-рознаму. Восем гадоў таму ў сценах тэатра з’явіўся рэжысёр Віталь Баркоўскі. За час, адпушчаны на пастаноўку, рэжысёр здолеў згуртаваць акцёраў, якія сталі яго аднадумцамі. Таму і спектакль “Шукаю сапраўднага мужчыну” стаў падзеяй і ўвайшоў у топ рэпертуару тэатра. А творчы багаж акцёраў, занятых у ім, папоўніўся характарнымі ролямі. Гэта быў адзін з тых момантаў у жыцці трупы, які можна назваць узлётам тэатра...

/i/content/pi/cult/495/10592/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Шукаю сапраўднага мужчыну". / Фота з архіва Мінскага абласнога драмтэатра

Гісторыя першая. Пра палі

Са спектаклем звязана мноства гісторый. Першая няхай стане мая, акцёра Алега ЧЭЧАНЕВА. Мы ігралі п'есу ў прынарачанскім санаторыі. Паказ суправаджаўся гукам забівання паляў у зямлю, непадалёк ад кінаканцэртнай залы. Мабыць, будаўнікі не паспявалі з тэрмінамі падрыхтоўкі падмурка пад будучы корпус, таму працавалі, нягледзячы на змярканне. Гукі з перыядычнасцю раз на пяць секунд стрэсвалі глядзельную залу, грымёрку… На пачатку спектакля яны раздражнялі, але потым мы, акцёры, і гледачы да іх прызвычаіліся. Дзесьці ў сярэдзіне дзеі мне нават падалося, што яны дапаўняюць атмасферу спектакля. Больш за тое: калі б у Баркоўскага была магчымасць убачыць і пачуць гэты выязны варыянт, ён абавязкова зрабіў бы дапаўненне ў музычна-шумавую партытуру: “Сола для палязабівачнай машыны з боем”. Амаль у фінале спектакля ўдары спыніліся, падкрэсліўшы момант…

Гісторыя другая. Пра добрага чалавека

Таццяна КАРПЕЦ, першая выканаўца галоўнай ролі Паэткі:

— Што застаецца пасля таго, як адыграны спектакль “Шукаю сапраўднага мужчыну”? А калі — паўсотні разоў? Шчасце ад таго, што ты быў у гэты час на сцэне, у любімай ролі, з любімымі партнёрамі… Праслужыўшы ў тэатры доўгі час, я цяпер разумею, наколькі важныя атмасфера пад час нараджэння спектакля і творчы працэс. Добразычлівасць, павага, а наўзамен — пачуццё і стаўленне, з якім выйдзеш іграць гэты спектакль. Гэтая пастаноўка прыдумана таленавітым і добрым чалавекам...

Гісторыя трэцяя. Пра галашэнне

Людміла РОШЧЫНА, другая выканаўца ролі Паэткі:

— Гэта адна з маіх самых любімых пастановак. Калі працуеш у добрым спектаклі, з добрымі партнёрамі, раствараючыся ў гэтым, то з’яўляюцца імправізацыі. Некаторыя з іх бываюць настолькі добрыя, што ты іх замацоўваеш, і яны становяцца часткай пастаноўкі. Так з’явіўся выдатны момант, калі ў разгар танца Сяброўка раптам пачала, як цыганка, рухаць плячыма. Інфармацыя пра яе дзве вышэйшыя адукацыі ўразіла Паэтку. Адбылася ацэнка яе “сярэдняй адукацыі”, што тут жа было прачытана гледачом. Рух атрымаўся вельмі смешным, і яго пакінулі.

Быў і такі момант: Сяброўка павінна сысці ўслед за Мужам і тут жа вярнуцца назад, а тым часам Паэтка, расчуленая сустрэчай з першым каханнем, плача на сцэне ў адзіноце. Сяброўка (актрыса затрымалася за кулісамі) не вяртаецца. І мой плач перарастае ў шалёнае галашэнне. Што я рабіла б далей — не ўяўляю. Добра, што партнёрка апамяталася, выйшла на сцэну, — і спектакль пайшоў…

Гісторыя чацвёртая. Пра “Лятаючага Паўліка”

Дзяніс ФЕШЧАНКА, выканаўца ролі Паўліка:

— Мая роля — нешматслоўная. Вонкава персанаж выглядае “пацёртым” і недагледжаным. Паўлік — няўдачнік, які не ўладкаваўся ў жыцці, і я надзяліў яго заіканнем. Нягледзячы на гэта, глядач са спачуваннем ставіцца да персанажа, хоць першы выхад, калі Жонка выводзіць мяне на сцэну ў прамым сэнсе прывязаным вяроўкай, заўсёды выклікае смех.

Па сюжэце п’есы Паўлік знаёміцца з Генам, пастаяльцам Паэткі. Яны выпіваюць увесь адэкалон у кватэры галоўнай гераіні, і распавядаюць адзін аднаму анекдоты непрыстойнага зместу. Знаходзячыся пад уздзеяннем адэкалона, Паўлік прыгадвае першае каханне. І, не звяртаючы ніякай увагі на сваю жонку, спяшаецца прызнацца ў чарговы (другі) раз у сваім пачуцці Паэтцы. Пры гэтым ён накручвае зусім не вадэвільныя кругі па сцэне з умольным клічам: “Люба, Люба, Люба...” На адным са спектакляў я нечакана паслізнуўся на роўным месцы, маё грузнае цела ўзляцела на два метры і, з грукатам паваліўшыся на сцэну, замерла на падмостках… У зале пачуўся шэпт гледачоў: “Вось гэта іграе! Ён жа можа забіцца!” Тым часам партнёры, якія знаходзіліся побач, здранцвелі, не ведаючы, як на гэта рэагаваць: ці то смяяцца, ці то плакаць. І наогул, ці жывы я? Вытрымаўшы паўзу, я ўсё ж такі сабраўся з сіламі ды папоўз далей па крузе са сваім нешматслоўным тэкстам: “Люба, Люба...”. І тут з палёгкай уздыхнулі партнёры, гледачы, ды, як тады мне здалося, з палёгкай уздыхнуў увесь свет! “Палёт” адбыўся, “Гагарын” застаўся жывы. Каму ці чаму дзякаваць за тое, што я нічога не зламаў: ці старому касцюму, які шчыльна сціскаў цела, ці лішняй вазе, што была ўціснута ў пацёрты пінжак?.. А пад час інцыдэнту думак не было — толькі адзін доўгі-доўгі палёт у Невядомасць. Гэты выпадак я так і назваў: “Лятаючы Паўлік, або Палёт у Невядомасць”.

Гісторыя пятая. Пра яшчэ адзін палёт

А вось у Алы ЦЫРУК палёт не адбыўся. Актрыса іграе эпізадычную ролю Паэткі ў юнацтве. Яна выходзіць на сцэну ўсяго тры разы: у пластычным эцюдзе на пачатку спектакля, у танцавальнай кампазіцыі — гэта лірычныя ўспаміны маладосці галоўнай гераіні. А на паклоне дэфілюе ў шыкоўнай вясельнай сукенцы. Дарэчы, паводле задумкі рэжысёра, усе выканаўцы спектакля выходзяць на паклон у белай вопратцы. “У гэтым сезоне на ролю Прыгажунчыка ў маладосці мы ўводзілі маладога акцёра тэатра — Паўла Святоху, — распавядае Ала Цырук. — Ягоная роля — дакладна такога ж плана, як і ў мяне, таму на ўвод была дадзена адна рэпетыцыя. Паша вельмі хваляваўся, і было заўважна, як ён дрыжаў перад выхадам. А пад час танца ледзь мяне злавіў… Я зразумела: адзін няправільны рух з яго боку, і я магла б, як птушка, пераляцець у залу. Добра, што абышлося без палёту…”

Гісторыя шостая. Пра зубы

Сяргей КАРЗАЙ — Мужчына ў капелюшы. Настаўнік музыкі і спеваў, яго персанаж вымушаны падпрацоўваць таксістам. А па сюжэце ён адзін з прэтэндэнтаў на руку і сэрца гераіні. “Артыст — гэта, перш за ўсё, усмешка і дужыя здаровыя зубы, — кажа Сяргей. — Паралельна з рэпетыцыямі я займаўся іх лячэннем. Аднойчы рэжысёр папрасіў прысесці на авансцэну, перад гледачом, і імітаваць пад музыку спевы, максімальна шырока раскрываючы рот. Перад гэтай сцэнай адна з гераінь, Сяброўка, прамаўляе такую фразу: “Навошта ён табе? Ён жа стары. У яго зубоў няма”. Пры гэтым яна заліваецца здзеклівым смехам. У гэты момант я заўсёды адчуваў сябе няёмка. Адкрыць рот і правесці сцэну, як прасіў рэжысёр, не атрымлівалася. Мне здавалася, што мае “праблемы” ўбачыць уся зала. З часам я іх вырашыў, і адчуванне няёмкасці знікла”.

Гісторыя сёмая. Пра абцас

Алена РАХМАНГУЛАВА, выканаўца ролі Сяброўкі, аднойчы “падкавала” сцэну Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе адбыўся адзін з прэм’ерных паказаў: “Я стаяла за кулісамі ў чаканні выхаду. У патрэбны момант рушыла з месца, каб выйсці на мізансцэну, і — не змагла гэтага зрабіць. Паспрабавала яшчэ і яшчэ раз — той жа вынік. Мной авалодаў жах. Нейкая містыка! Нібыта сама сцэна, не жадаючы адпускаць, учапілася ў мяне моцнай хваткай. Аказваецца, мой абцас трапіў у шчыліну на лініі паваротнага круга сцэны. Я сцяміла, вылезла з захраснутага туфліка, і, прыклаўшы значныя намаганні, дастала-такі няшчасны абцас. Праўда, без набойкі... Так што мая “падкоўка” засталася на віцебскай сцэне. На шчасце!” З тых часоў актрыса жартам лічыць, што для таго, каб вярнуцца на добрую пляцоўку або сцэну тэатра, яе трэба абавязкова папярэдне “падкаваць”.

А яшчэ яна дадае: “З гэтай працай звязана шмат цудоўных і светлых момантаў. Дзякуй лёсу за магчымасць іграць у гэтай пастаноўцы, за магчымасць працаваць з такім выдатным рэжысёрам! Зараз такі час, калі наш тэатр мае вострую патрэбу ў добрых спектаклях. Ён “шукае сапраўднага мужчыну” і новых баркоўскіх…

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр