“Мастацтва скончылася — мастакі засталіся…”

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Барыс КРЭПАК, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Гэта сказаў Пабла Пікаса. Ці не памыляўся ён? Хаця ў кожнай эпосе такі афарызм працуе па-рознаму… Канешне ж, мастакі заўсёды застаюцца — і тут шмат чаго залежыць ад патрэб грамадства. Калі, скажам, Ван Гога ці Мадзільяні пры жыцці ігнаравалі, дык потым яны апынуліся ў першым шэрагу рэфарматараў новага жывапісу. Іншыя — тыя, хто пры жыцці меў высокія званні, прэміі, ордэны і хадзіў гогалем, — пасля смерці забываюцца, пакідаючы пасля сябе толькі нешматлікія радкі ў энцыклапедыях ды мастацкіх даведніках. Бывае і такое…

/i/content/pi/cult/490/10466/4-2.jpgУ гэтага мастака пры жыцці, здавалася б, было ўсё: і званні, і дзяржаўныя прэміі, і шырокая папулярнасць. І памяць пра яго быццам бы ўвекавечана дзяржавай: бронзавы помнік на могілках, мемарыяльная дошка на доме, дзе ён жыў ды працаваў, ягонае імя носіць Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва, творы яго ўпрыгожваюць розныя музеі і ўстановы ў Беларусі ды за мяжой.

Так, гаворка — пра Аляксандра Кішчанку. Здаецца, што яшчэ трэба для пасмяротнага лёсу чалавека? Сёлета, у маі, яму споўнілася б 80, але да гэтай даты Аляксандр Міхайлавіч не дажыў 17 гадоў. У лістападзе 1997-га ён пайшоў з жыцця, аднак я зноў і зноў вяртаюся да яго, творцы з Божай ласкі, чыё імя вядомае не толькі ў славянскім свеце, але і далёка за яго межамі — аж да ЗША, дзе ў нью-ёркскай зале Эканамічнага савета ААН вісіць яго манументальны габелен “Чарнобыль”.

Біяграфія і лёс Аляксандра Кішчанкі, чысціня яго думак, нястрымны тэмперамент, моц утрапёнай душы, вялікая сумленнасць, цвёрдасць кроку да вызначанай мэты — усё гэта складае жывую, шматгранную асобу чалавека-творцы, які здзейсніў сапраўдны подзвіг у сферы выяўленчай культуры сучаснасці.

Яго жыццё ўвабрала ў сябе і наватарскі станковы жывапіс, і эпахальнае манументальнае мастацтва мазаікі ды фрэскі, і дзіўныя габелены, якіх да яго ў Савецкай Беларусі, па сутнасці, не было, і своеасаблівыя керамічныя эксперыменты, і скульптурную дэкаратыўную пластыку, і зграбныя, вытанчаныя малюнкі алоўкам і акварэллю, якія па майстэрстве не саступаюць іскрамётнай графіцы таго ж Пікаса ці Маціса, і арыгінальную філасофскую паэзію ў жанры “белага верша”, і яго вусныя апавяданні, дзе арганічна спалучаюцца свая прастора, свае героі, характары, вобразы, далёкія ад прывычных стэрэатыпаў ды штампаў, і шмат чаго іншага.

Сапраўды, Аляксандр Міхайлавіч быў духоўным пераемнікам гігантаў еўрапейскага Адраджэння, і ў гэтым ракурсе ў сучасным свеце па маштабе таленту яму роўных мала, прынамсі, у найбліжэйшай будучыні з’яўленне падобнай асобы не прадбачыцца. Кажу гэтыя высокія словы з поўнай адказнасцю, таму што гэты творца, без перабольшання, валодаў унікальнай здольнасцю рэнесанснага ўніверсалізму.

Зрэшты, сам па сабе ўніверсалізм ні пра што не кажа, бо ад яго адзін крок да ўсёеднасці і халтуры. Кішчанка ж заўсёды, пачынаючы з ранніх работ, выяўляў чыста моцартаўскае высяканне чароўных пластычных мелодый з усяго, да чаго дакраналася яго рука і бунтарскі розум…

З 1963 года і да канца жыцця яго “другой Радзімай” стала Беларусь — краіна, якая дала яму ўсё: грамадскае і дзяржаўнае прызнанне, папулярнасць, лепшыя ўмовы для рэалізацыі таленту. І ягоны выдатны ўклад у духоўную беларускую культуру другой паловы ХХ стагоддзя  — бясспрэчны.

Аднак у мяне і па сённяшні дзень на душы горкі асадак: чаму мастак такога маштабу да гэтай пары не заслужыў імянны музей у горадзе Мінску? Такі музей (ці галерэя) мог бы стаць не толькі цудоўным культурным і турыстычным аб’ектам, але і Памяццю пра Майстра, народнага мастака Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі, якога, па сутнасці, як выдатнага творцу сучаснасці выгадавала менавіта спрыяльная, жыватворная беларуская зямля.

Сёння ў нашай краіне, у розных гарадах ды райцэнтрах, існуе некалькі імянных музеяў і галерэй, прысвечаных творчасці таленавітых мастакоў, сярод якіх — Заір Азгур, Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, Павел Масленікаў, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Марк Шагал, Віктар Грамыка, Георгій Паплаўскі, Уладзімір Стальмашонак, Яўсей Маісеенка, Аляксей Кузьміч... Нейкім чынам нарэшце, адзначана і памяць аб Хаіме Суціне ў Смілавічах… І гэта, канешне ж, вельмі добра…

А вось для твораў Аляксандра Кішчанкі годнага музея пакуль чамусьці не знайшлося, як і адпаведнага месца для пастаяннага экспанавання яго “касмічнага” манументальнага “Габелена стагоддзя”. Але пра гэта ўжо пісалі і гаварылі сто разоў. Зараз я — пра іншае.

Няўжо дагэтуль у Айчыне нашай адсутнічаюць прарокі? Няўжо трэба даказваць высокім чыноўнікам, што такія моцныя таленты, як Аляксандр Кішчанка, у Беларусі нараджаюцца мо раз у стагоддзе? Пагадзіцеся, мала таго, што амаль немагчыма сёння ўявіць наш прыгажун Мінск без манументальных твораў гэтага Майстра, але і ўсё сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва без Кішчанкі будзе вельмі і вельмі няпоўным…

Сёння ў былой творчай майстэрні Аляксандра Міхайлавіча — у доме № 44 па вуліцы Сурганава, — дзе зараз працуе яго ўдава, мастачка Ніна Кухарэнка-Кішчанка, захоўваюцца сотні ўнікальных жывапісных палотнаў, габеленаў, малюнкаў, эскізаў манументальных работ, дакументаў, фатаграфій і г.д.

Што з часам адбудзецца з гэтым бясцэнным багаццем? Пойдзе па прыватных калекцыях за мяжу? Я ведаю, такіх паляўнічых за кішчанкаўскімі творамі ўжо шмат. Ці апошнія ўсё ж стануць нацыянальным набыткам незалежнай беларускай дзяржавы?..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"