Рэнтген працэсу без фоташопа

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Выстаўка як лакмусавая паперка
У абсалютнай большасці выпадкаў маштабны ды разнапланавы выставачны праект вельмі цяжка ахарактарызаваць адным словам. Але “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” падаецца акурат выключэннем з правілаў. Выстаўка атрымалася адэкватнай. Ні добрай, ні дрэннай, але менавіта адэкватнай: самому мастацкаму працэсу ў нашай краіне і тым размаітым тэндэнцыям, якія на яго ўплываюць. Бы лакмусавая паперка, праект праявіў з’явы як станоўчыя, так і не вельмі. Магчыма, апошнія можна было б неяк штучна адкарэктаваць з такой паважнай нагоды. Але гэта амаль тое ж самае, што апрацоўваць у фоташопе рэнтгенаўскія здымкі...

/i/content/pi/cult/486/10380/9-1.jpg

Фрагмент экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/486/10380/9-3.jpg /i/content/pi/cult/486/10380/9-4.jpg

В.Васільеў. "Арт-бастыён"; К.Вашчанка. "Perpetuum mobile".

/i/content/pi/cult/486/10380/9-5.jpg

 

А.Некрашэвіч. З праекта "Мыльныя пузыры".

Куратары вялікіх праектаў, якія адбываюцца за мяжой, могуць сябе дазволіць абіраць у якасці кутняга каменя нейкую звышарыгінальную ідэю — альбо, скажам, наўмысна адмаўляцца ад зорак на карысць “аматараў з глыбінкі”. Маўляў, зоркі ўжо і так надакучылі... На Беларусі, дзе падобных праблем пакуль не прадбачыцца (у тым ліку і адносна зорак тутэйшых), празмерная арыгінальнасць ідэі выклікала б, хутчэй, непаразуменне. Таму рэпрэзентатыўны альбо, калі хочаце, сінаптычны падыход куратара “Avant-gARTe” Наталлі Шаранговіч падаецца, ізноў жа, адэкватным.

Перш чым аналізаваць, інвентарызаваць, выбудоўваць іерархіі, трэба было, урэшце, выцягнуць з камораў ды агледзець тое, што ёсць. Раней падобныя спробы зведвалі фіяска — ужо хаця б з той прычыны, што само паняцце “сучаснае мастацтва” асацыюецца ў розных людзей з рознымі з’явамі, прычым розніца мае перадусім інстытуцыянальны складнік. Для кагосьці гэта, напрыклад, дзейнасць галерэі “Ў”, а хтосьці часцей ходзіць ва “Універсітэт культуры”. Адлегласць у адзін прыпынак метро, якая падзяляе дзве галерэі, доўгі час была амаль непераадольнай. Цяпер жа аўтары, якія асацыююцца з абедзвюма пляцоўкамі, прадстаўлены пад адным дахам — хай і ў непрапарцыйнай колькасці.

Паказальныя і тыя “прэзентацыі”, што падрыхтавалі рэгіянальныя асістэнты куратараў. Як шыкоўна выглядаюць на мармуровай падлозе брутальныя паводле сваёй фактуры аб’екты Алеся Фалея — мастака з Баранавічаў, які вельмі нячасты госць на мінскіх “тусоўках”! Але, у той самы час, былі і творы, што відавочна “памыліліся адрасам”, — ім бы куды на акадэмічную выстаўку... Адсюль і выснова: за межамі Мінска разуменне паняцця “contemporary art” яўна адрозніваецца ад агульнапрынятага ў свеце (апошнюю, наўмысна канфармісцкую, фармулёўку я ўжыў спецыяльна каб унікнуць вечных і амаль безвыніковых дыскусій пра сутнасць самога паняцця). Ёсць, вядома, і выключэнні, але ж яны зусім не ўтвараюць цікавыя лакальныя кантэксты. За выняткам, канешне ж, Віцебска, з яго не толькі даўнімі, але і больш сучаснымі традыцыямі.

Увогуле, жывапісу на выстаўцы вельмі шмат, як і ўзораў яшчэ аднаго архаічнага віду мастацтва — скульптуры. Аб’ектаў і канцэптуальных праектаў, наадварот, параўнальна мала. Відэаарту — яшчэ менш. Ізноў жа, такая прапарцыйнасць — зусім не характэрная для буйных замежных выставак “сучмаста” — выразна адлюстроўвае айчынную спецыфіку: наяўнасць самабытнай прафесійнай школы, якая не спыняецца ў сваім развіцці, не “закупорваецца” ў эпігонстве ды самапаўторы і заўсёды адкрыта для інавацыі.

Менавіта таму ці не самай цэласнай часткай выставачнага праекта стала акурат “вулічная”. Гэтым разам традыцыйныя ўжо “арт-кубы” на плошчы Якуба Коласа ўпрыгожылі рэпрадукцыі жывапісных і графічных твораў не класікаў, а сучаснікаў — прычым, што важна, не самых “раскручаных”. Работы аўтараў розных пакаленняў, аўтараў, якія і самі па сабе вельмі розныя, — але пры гэтым ці не ўсе яны дапасоўваюцца да прыведзенай вышэй характарыстыкі. Цікаўныя мінакі, наколькі даводзілася назіраць, былі збольшага задаволены.

Што да пошуку новых вымярэнняў... У гэтым плане надзвычай паказальная эвалюцыя “творчай сям’і” Таццяны Радзівілка і Канстанціна Селіханава: жывапісца і скульптара. Першая прадставіла на выстаўцы цікавы праект, чыя легкадумная “пляжная” тэматыка хавае пад сабой куды глыбейшыя сэнсавыя (альбо неасэнсаваныя) пласты, а банальная кабінка для пераапранання ўспрымаецца як увасабленне лабірынту часу. Мультымедыйная інсталяцыя ўключае саму кабінку, выкананую ў натуральную велічыню — лаканічны твор відэаарта, — а таксама і жывапіснае палатно. Тое ж самае тычыцца і двух праектаў Канстанціна Селіханава: скульптура тут з’яўляецца толькі адным са складнікаў, своеасаблівым інструментам тых складаных гульняў з часам, якія даўно і паспяхова вядзе гэты аўтар.

Цікава, што пэўны “апгрэйд” уласнай творчай практыкі прадэманстраваў і яшчэ адзін удзельнік апошняга Беларускага павільёна на Маскоўскім біенале — фатограф Андрэй Шчукін. Ён прадставіў своеасаблівы “рэдзі мэйд” — аматарскі кінафільм, зроблены яго бацькам на “шурпатай” плёнцы ў часы “светлага савецкага дзяцінства”. Умяшальніцтва аўтара зводзіцца да чагосьці няўлоўнага — ідэі, або, хутчэй, адносін. Але ж пры гэтым твор выглядае куды больш аўтарскім, чым прадстаўленыя побач пастановачныя фотасерыі.

Жывапіс і аб’ект удала дапаўняюць адзін аднаго і на тым невялічкім сегменце выставачнай прасторы, які быў аддадзены фестывалю “Дах”. Увогуле, выстаўка і складаецца менавіта з такіх асобных “згусткаў” айчынага арт-працэсу. Часам гэта індывідуальныя праекты, часам — калектыўныя, часам — куратарскія (іх, на жаль, зусім вобмаль), часам — рэгіянальныя прэзентацыі. Адпаведна, сама сабой паўстала патрэба размежавання гэтых размаітых ініцыятыў у вялізнай прасторы выставачнага павільёна: каб яны не толькі не “канфліктавалі” паміж сабой, але і, у ідэале, стваралі цікавыя сэнсавыя ды візуальныя повязі.

Ды, як падаецца, складаная задача заніравання належным чынам вырашана не была. Розныя праекты “наслойваюцца” адно на адно, і вельмі рэдка гэта спараджае нейкі сінергічны эфект. Хутчэй, наадварот. Неяк “згубіўся” “фотаблок” пад куратарствам Сяргея Ждановіча, прысвечаны “іншаму погляду” на Мінск, — ён так і не набыў прасторавай цэласнасці, і творы розных аўтараў успрымаюцца менавіта як творы розных аўтараў.

А вось і зусім ужо казус экспанавання. Адным з галоўных выставачных хітоў мяжы стагоддзяў стаў “Аўтапартрэт з птушкай” Паўла Вайніцкага — скульптурная выява галавы аўтара, якая адначасова выконвала функцыю клеткі. У клетцы лётала жывая канарэйка, і гэты крэатыўны ход, які арганічна спалучае мастацтва і прыроду, штучнае і натуральнае, жывое і мёртвае, нікога не пакідаў абыякавым. Таму цалкам лагічна, што з нагоды этапнай выстаўкі работу вырашылі ўваскрасіць, але... чамусьці ўжо без птушкі. Лішне нават казаць, “цымус” быў страчаны.

Калектыўныя праекты ўжо згаданай галерэі “Універсітэт культуры” па традыцыі маюць агульную тэматыку і “змяшаную тэхніку” выканання — ад інсталяцыі да адносна традыцыйнага ДПМ. Вядома, гэта добра ў рамках саміх праектаў: чым разнастайней, тым лепш. Больш за тое: асобныя ўзоры ДПМ цалкам дарэчы глядзеліся б і на “зборніку” сучаснага мастацтва. Напрыклад, творы Таццяны Гомза, якая дэманструе дзіўную трансфармацыю саломкапляцення. Думаецца, на гэтай тэме ўвогуле было б няблага асобна засяродзіць увагу: традыцыйныя народныя жанры ў ХХІ стагоддзі... Замежным гледачам, мабыць, было б цікава. Але ж у рамках “дайджэсту” праектаў галерэі на выстаўку трапілі і тыя работы, якія падобнай канцэптуальнай падкладкі не маюць: скажам, прыгожыя габелены. Ізноў жа, творы самі па сабе нядрэнныя, але...

Зрэшты, тая паняційная “плыткасць” у вызначэнні межаў “сучаснасці” мастацтва — гэта яшчэ адна характэрная праява айчыннай сітуацыі. Безумоўна, пытанне вартае абмеркавання, а не якіхсьці валюнтарысцкіх вердыктаў.

Праблема і праўда складаная: з аднаго боку, выразная дэмаркацыя такіх межаў — гэта не менш рэпрэсіўнае дзеянне, чым слынны “фармат” у музыцы. А з іншага — калі межы зусім неабсяжныя, тады само паняцце рызыкуе страціць свой сэнс, бо менаваць адразу ўсё азначае амаль тое ж самае, што не менаваць нічога.

Аднак ёсць падставы спадзявацца, што выстаўка дазволіць хаця б больш-менш акрэсліць змест гэтага паняцця — зыходзячы менавіта з айчынных рэалій, а не з далёкага ад іх “чыйгосьці” досведу.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА