Пад заваламі свіранскага “цунамі”

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Замест зацікаўленасці — абыякавасць, бо “беларусы” больш не ездзяць
Стагоддзе з гакам таму ідэі, выказаныя ў знакамітай прадмове да “Дудкі беларускай”, выглядалі нейкім дзівацтвам, як і наогул прэтэнзіі нашай нацыі на самастойнасць. Але гісторыя, урэшце, расставіла акцэнты, і сёння папулярныя ў той час канцэпцыі “краёўства” або “западноруссизма” актуальныя перадусім для даследчыкаў, а вось Францішак Багушэвіч стаў сапраўдным мэйнстрымам. Без сумневу, з нагоды Дня Незалежнасці парафраз той самай прамовы неаднойчы прагучыць з розных рэальных і віртуальных трыбун. Адпаведна, само свята — добрая нагода сказаць: “Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею!”.

/i/content/pi/cult/485/10361/4-1.jpg

/i/content/pi/cult/485/10361/5-4.jpg

Крыж у Свіранах і сённяшні стан мемарыяльнай шыльды.

/i/content/pi/cult/485/10361/5-2.jpg

На Ашмяншчыне памятныя мясціны Багушэвіча шануюцца. / Фота аўтара

На яго цяперашнюю недаацэненасць на Беларусі наракаць, пэўна, не выпадае. Доказам таму — помнікі, назвы вуліц і плошчаў, музейныя экспазіцыі... Але так атрымалася, што ці не самае важнае ў Багушэвічавай біяграфіі месца апынулася за межамі краіны. А таксама і грамадскай увагі. Амаль год таму мы ўжо пісалі пра сумную эвалюцыю, якую спазнаў “народны мемарыял” у месцы нараджэння класіка — вёсачцы Свіраны, што знаходзіцца па той бок ад літоўскай мяжы. Пабываў у гэтым кутку і сёлета. На жаль, пакуль без змен. Хіба свежая трава вырасла…

“Народны мемарыял”

Напачатку — кароткі экскурс у гісторыю. Месца нараджэння Багушэвіча пэўны час было прадметам дыскусій літаратуразнаўцаў. Урэшце, дасягнуты кансэнсус: усе пагадзіліся з тым, што будучы класік з’явіўся на свет у фальварку Свіраны, куды ягоная маці, пэўна, выправілася пагасціць да сваякоў. У 1995 годзе гісторык літаратуры Уладзімір Содаль выдаў кніжку “Свіранскія крэскі”. Апублікаваныя ім звесткі дазваляюць зусім па-іншаму зірнуць на гэты, здавалася б, непрыкметны куток: аказваецца, ён звязаны і з Гальшанскімі, і з Астрожскімі, і са знакамітым віленскім манастыром Святой Тройцы...

Пэўна, менавіта з гэтага выдання можна весці адлік перыяду папулярызацыі ды амаль што “сакралізацыі” Свіранаў сярод беларускай інтэлігенцыі. Завадатарам стаў паэт Юрась Гіль, які перабраўся ў Вільнюс. Ён не толькі прысвячаў гэтым мясцінам цэлыя нізкі вершаў, але і выступіў добрым арганізатарам. На нейкі час Свіраны зрабіліся сапраўдным месцам паломніцтва беларусаў Літвы... і не толькі. “I не было з тае пары таго года, каб віленскія беларусы не зладзілі ў Свіранах якую імпрэзу ў гонар Францішка Багушэвіча. I кожная такая імпрэза пачыналася з усталявання якой-небудзь мемарыяльнай памяткі”, — натхнёна напісаў Уладзімір Содаль у сваёй новай кніжцы “Святы той куточак фальварак Свіраны”. Год выдання — 2005-ты. Зусім нядаўна...

Усё гэта рабілася саматужна, на энтузіязме, па-аматарску, але — з душой. Напачатку з’явіліся каталіцкі крыж, фігурка Маці Божай Ружанцовай, затым — каплічка са скульптурай святога Язэпа, які трымае Дзіцятка-Ісуса, а на пастаменце — мемарыяльная дошка са скульптурнай выявай Багушэвіча. Тут жа быў усталяваны шчыт з прозвішчамі некаторых беларускіх каталіцкіх святароў, чый лёс так ці інакш знітаваны з гістарычнай Віленшчынай. Якая яго тэматычная прывязка да Багушэвіча? Цяжка сказаць, бо мемарыял жа — “народны”. Напэўна, адзін час ён успрымаўся як нейкае універсальнае сведчанне беларускай прысутнасці ў гэтым краі. І, адзначым, такая трактоўка не пазбаўлена сэнсу.

Сёння гэтыя мемарыяльныя знакі можна ўбачыць хіба на фота — зусім яшчэ, здавалася б, свежых. Ад “народнага мемарыяла” ацалеў толькі крыж і фігурка Маці Божай. Такія ў нашых краях усталёўваюць ледзь не ў кожнай вёсцы. Ды яшчэ шыльда ў гонар Багушэвіча на сцяне суседняй хаты — адна з трох, што былі некалі тут. Подпіс беларускай лацінкай ужо амаль сцёрся.

Запытаўшыся ў мясцовых жыхароў, куды ж падзелася ўсё астатняе, пачуў ад іх такую гісторыю: маўляў, здарылася неяк навальніца ды нарабіла вэрхалу, а потым, паколькі ніхто з “беларусаў” (так яны кажуць) туды не прыязджаў, дык вырашылі самі “навесці парадак”. Якім чынам навальніца магла пашкодзіць мемарыяльнай дошцы, прышрубаванай да пастамента той самай фігуркі Маці Божай, цяжка нават сабе ўявіць. Але саматужнае даследаванне варта спыніць, нават і не пачаўшы. Бо куды важней адзначыць агульную тэндэнцыю.

У згаданай брашурцы “Святы той куточак…” адлюстравана зусім іншае стаўленне “тутэйшых” да беларускага класіка: яны ганарыліся, што знакаміты паэт нарадзіўся ў іх зацішным кутку і шчыра ды рупліва дапамагалі ў справе яго ўшанавання.

— Мы іх неяк “варушылі”, гутарылі, распытвалі пра мінуўшчыну гэтага краю, — згадвае Уладзімір Содаль. — І таму паміж намі ўсталявалася нейкае сугучча. Жыхарам вёсачкі такая ўвага была вельмі прыемная…

Тым больш, вёска — усяго тры хаты. Нават прыдарожнага знака з назвай няма, і таму яе ведаюць хіба мясцовыя. Праз Багушэвіча Свіраны трохі “раскруціліся” ў сваіх ваколіцах.

На звыклае пытанне літоўскага памежніка “Куды і навошта?” я немаведама чаму адказаў: у Свіраны. “А, гэта там нарадзіўся ваш паэт! —здзівіў ён мяне сваёй абазнанасцю. — Я жыву непадалёк, і таму штосьці пра яго чуў”.

Куды падзеліся “беларусы”?

Людзі ў Свіранах і сёння жывуць тыя ж самыя — ты лёгка пазнаеш апісаныя Уладзімірам Содалем постаці. А вось іх стаўленне за гэты час прыкметна змяніліся. На месца зацікаўленасці прыйшла абыякавасць. Чаму? Адказ відавочны: “беларусы” ў Свіраны больш не ездзяць.

Пяць гадоў таму адышоў у лепшы свет Юрась Гіль. Другі “патрыёт Свіранаў” — Уладзімір Содаль — апошнім разам бываў там даўнавата і пра сумныя навіны даведаўся ад мяне. Гэта зразумела: яму ўжо пад 80. Не самы лепшы век для імпэтных пачынаў.

— Не тое ў мяне цяпер здароўе... — уздыхае ён.

Натуральная і, на жаль, немінучая з’ява: старэйшае пакаленне рупліўцаў адыходзіць ад справ. А іх наступнікаў пакуль не відаць.

У той самы час, выправіць сітуацыю ў дадзеным выпадку зусім не складана — гэта ж не шматмільённая рэстаўрацыя якога замка. Добраўпарадкаваць тое раздарожжа, паставіць якісьці мемарыяльны знак (вядома, зусім не абавязкова з дарагой бронзы) ды інфармацыйны шчыт... А яшчэ — абавязкова — указальнік на старым віленскім тракце, бо так проста сёння гэтае месца не знойдзеш, хаця ад шашы да яго ўсяго пару соцень метраў…

У перспектыве варта было б неяк “нагадаць пра Багушэвіча” і ў мястэчку Рукайняй, куды я скіраваўся адразу па наведанні Свіранаў — маршрутам першага ў жыцці будучага класіка падарожжа. Касцёл, у якім хрысцілі немаўлятка, не захаваўся, — цяпершні храм у Рукойнях быў збудаваны ўжо ў ХХ стагоддзі. Але затое захаваліся згадкі пра мястэчка ў вершах класіка.

Ужо зададзены фармат “народнага мемарыяла” не патрабуе нейкіх касмічных бюджэтаў. І больш чым упэўнены, што “народ” — гэта значыць, грамадскасць ва ўсіх сэнсах гэтага слова, — такую справу дакладна пацягнуў бы. Зрэшты, і падтрымка беларускіх дзяржаўных устаноў у дадзеным выпадку падаецца цалкам заканамернай.

Але галоўная праблема сёння палягае, мабыць, у тым, што Свіраны нібыта выпалі з нашага кругагляду. Гэта асабліва прыкра, калі ўлічыць, што незлічоныя суайчыннікі літаральна праязджаюць міма — не толькі на закупы, але і ў якасці “культурных” турыстаў. Зразумела, каб тое месца было “за морам” — скажам, у казахскім Уральску, як магіла Змітрака Бядулі. А тут — нават смешна казаць: ад вядомага ўсім “Каменнага Логу” — нейкія дзесяць кіламетраў!

Ад кожнага па магчымасцях...

Па дарозе дадому завітаў у Жупраны, што на суседняй Ашмяншчыне. Балазе шлях ад калыскі да магілы класіка складае ўсяго некалькі дзясяткаў кіламетраў — вядома, калі напрасткі... Магілу тую знайшоў умомант і без усялякіх указальнікаў: вялікі помнік, няхай сабе і ў сучаснай стылістыцы, узвышаецца па-над местачковым пагостам. Траву вакол бюста Багушэвіча ў самім цэнтры Жупранаў, відавочна, косяць рэгулярна, ды і само месца радуе сваёй дагледжанасцю. Адным словам, па ўсім відаць, што класіка там шануюць.

Распавёўшы пра Свіраны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Галіне Балінскай, адчуў яе зацікаўленасць. Вядома, мясцовыя ўлады ахвотна згодныя зрабіць свой унёсак у адраджэнне памяці пра амаль роднага для гэтага краю Багушэвіча. Тым больш, менавіта ў гонар апошняга называецца мясцовы музей. Ды і з Вільнюскім раёнам ужо даўно ўсталяваныя самыя шчыльныя партнёрскія адносіны — у тым ліку і ў сферы культуры. Але... Так проста гэтую справу не вырашыць, хаця б нават праз тыя ж візы. Ды і, будзьма шчырымі, клопатаў у аддзелаў ІРКСМ сёння і без таго поўны кош. Таму цалкам вытлумачальна, што згаданы ўнёсак не можа быць стопрацэнтным.

Зрэшты, без сумневу, тут і павінен быць прынцып талакі. Прыкладам, патрыятычна настроены скульптар або дызайнер зробіць той самы мемарыяльны знак, неабыякавы бізнесмен арганізуе яго перавозку, адміністратар вырашыць усе фармальнасці з дазволамі ды візамі... Ад кожнага па магчымасцях. Вядома, супрацоўнікі “К” таксама гатовы ўнесці сваю лепту — не толькі ў якасці “інфармацыйнай падтрымкі”, але, калі трэба, і граблямі папрацаваць, ці яшчэ якім немудрагелістым інструментам.

На жаль, падобныя схемы грамадскага пачыну на Беларусі пакуль яшчэ не распрацаваны. Але ўкараняць такую завядзёнку ніколі не позна. Тым больш, і нагода неўзабаве надарыцца добрая: 21 сакавіка будзе 175-я гадавіна нараджэння Францішка Багушэвіча. І цалкам лагічна было б адсвяткаваць гэтую дату непасрэдна на “месцы падзей” — у Свіранах.