Гістарычнае кіно

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар:
— З адносна нядаўніх часоў у СМІ зноў усё часцей сустракаем паняцце “нацыянальная ідэя”. Аўтары пытанне ставяць, але самі на яго не адказваюць. На мой погляд, тое адзінае для ўсіх, апроч тэрыторыі пражывання, — гісторыя краіны. Гэта грунт, база, глеба. Бо яна фарміруе адносіны да зямлі, да памяці продкаў, да гісторыка-культурнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/483/10330/3-2.jpgНашы суседзі добра разумеюць вартасць гісторыі. Сведка таму — кінематограф. Напрыклад, польскі. Хоць і экранізавалі там у асноўным творчасць ураджэнцаў, выхадцаў альбо гадаванцаў беларускай зямлі — Міцкевіча, Крашэўскага ды Сянкевіча. Урэшце, кіно нашых суседзяў сваю справу выканала: палякам (і не толькі) вядомыя Пан Валадыеўскі, Заглоба, Гервасій ды “здраднік “Януш Радзівіл… У савецкі час шмат здымалі і пра рускую гісторыю: “Дзяцінства Пятра”,“Расія маладая”, стужкі пра Ламаносава, Суворава, Неўскага… Актыўна развіваюць гэтую плынь і ў нашы часы, напрыклад, праз фільмы “1612” (стужка, якая многім запомніцца скураной гарматай, з якой маскавіты знішчылі ледзь не усё варожае войска) і “1814”.

Любы нацыянальны кінематограф мае шэраг моцных стужак, якія запаўняюць тысячагадовы вакуум і адным махам ткуць гістарычнае палатно ў свядомасці. Пасля прагляду разумееш, маўляў, і мы не лапцем шчы хлябалі. А галоўнае, сусед становіцца бліжэй, бо, аказваецца, мы ледзь не сваякі і стагоддзямі разам паўставалі супраць злыбяды. То бок, агульнага ў нас столькі, што і падзяліцца не грэх.

А у нас? Спрабую нешта прыгадаць — і не магу. “Паром”, “На Чорных лядах” — гэта з таго, што найбольш уразіла. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Я — Францыск Скарына…”, “Купальская ноч”? Але ўсё гэта нельга параўноўваць з “Агнём і мячом” ці “Патопам”… На жаль, стужкі пра долю-нядолю беларускага вяскоўца таксама не выклікаюць нейкага гонару за героя.

Я пра тое, што нам патрэбны, як паветра, якасныя , поўныя драматызму, гераізму творы, якія маглі б троху пасунуць на паліцах здабыткі сусветнага кіно, розных “жалезных чалавекаў”… Не магу ў звязку са сказаным не закрануць адну з наймагутных постацей нашай гісторыі. Гаворка пра Тадэвуша Рэйтана. Сталыя чытачы “Культуры” сустракаюць гэтае імя часта, і ім няма патрэбы тлумачыць, кім ён ёсць у нашай гісторыі. Экранізаваўшы ягоны лёс ад дзяцінства праз падзеі на сойме 1773 г. да трагічнай смерці, можна не толькі “закрыць” на экране амаль усё XVIII стагоддзе, паказаўшы складанасці сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае, але і распавесці пра тое, што такое мужнасць, грамадзянскі абавязак з аднаго боку і здрада ды падступства з іншага. Урэшце, шмат якія асобы — у чаканні на кіналёс: Леў Сапега, Ян Караль Хадкевіч і спіс той можна доўжыць…

Акурат тады, стаўшы на такі грунт, куды прасцей каваць стрыжань нацыянальнай ідэі. А пакуль… На нашых экранах гаспадараць замежныя героі...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар