Опера як хакейны матч

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Ноч музеяў у Мінску год ад года сведчыць пра тое, што амбіцыі і крэатыўнасць айчынных музейшчыкаў не маюць ніякіх лімітаў, а творчыя апетыты апошніх няспынна растуць. Вось і сёлетняя акцыя ўвойдзе ў гісторыю ўжо хаця б дзякуючы прадзюсарскаму праекту Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура “Белая ноч, або Ноч у тэхніцы бурымэ”. Ці не ўпершыню айчынны музей усур’ёз рызыкнуў уласнымі актывамі, каб стварыць эксклюзіўны культурны прадукт, прычым нават не на ўласнай пляцоўцы.

Тэмпература ўнутры глядзельнай залы куды ніжэйшая, чым на вуліцы: усяго +10. Цікава, ці здараліся ў сусветнай гісторыі прэцэдэнты, калі оперы ставіліся непасрэдна ў лядовых арэнах, а салісты каталіся на лёдзе ўперамежку з сапраўднымі хакеістамі? Ва ўсялякім выпадку, такі мікст акадэмічнага мастацтва і спорту інтрыгуе ўжо самой сваёй ідэяй.

Саракахвілінная опера-буфа “0:1” — дэбют у гэтым жанры маладога, але ўжо даволі вядомага кампазітара Вольгі Падгайскай. Нягледзячы на абсурдысцка-парадыйны характар твора, у яго пастаноўцы задзейнічаны сур’ёзныя сілы — сімфанічны аркестр і хор Музычнай капэлы “Санорус”, прафесійныя оперныя спевакі Вадзім Селачнік, Андрэй Якушаў, Сяргей Долгушаў і Кацярына Зуева. А таксама на лёд спартыўнага комплексу “Юнацтва-Мінск” выйдзе сапраўдная хакейная каманда.

— Мы імкнуліся сумясціць тыя рэчы, якія падаюцца несумяшчальнымі, ды парушыць стэрэатыпы, што атачаюць опернае і акадэмічнае мастацтва, — тлумачыць аўтар лібрэта оперы Віталь Дарашук.

Таксама ў праграме, што працягнецца да ранку, прадугледжана катанне на каньках пад сімфанічны аркестр, паказы сюррэалістычнага кіно і літаратурныя інтэрмедыі, выступленні гуртоў “Нагуаль” і “Vuraj”… Праўда, наведвальнікам гэтае задавальненне абыдзецца нятанна: білеты па 170 — 200 тысяч рублёў — гэта, напэўна, увогуле рэкорд для айчынных музейных імпрэз. Але, як патлумачыла дырэктар Музея Заіра Азгура Аксана Багданава, такая цана абумоўлена вялізнымі выдаткамі, і ў першую чаргу — на арэнду спецыфічнай пляцоўкі. Таму зарабіць на гэтым смелым праекце ніхто з яго ініцыятараў нават і не спадзяецца — абы віннымі не застацца. Менавіта па той самай прычыне прэм’ерны паказ оперы рызыкуе стаць эксклюзіўным — гэта значыць, “адзіным і непаўторным”.