“Куб Малевіча” ў айчынным выкананні

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

FAQ па выстаўцы “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”
21 красавіка ў Мінску стартуе бадай беспрэцэдэнтная паводле сваіх маштабаў выстаўка сучаснага мастацтва “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”. З дапамогай яе куратара — дырэктара Цэнтра сучасных мастацтваў Наталлі ШАРАНГОВІЧ — мы паспрабавалі знайсці адказы на тыя пытанні, якія, трэба меркаваць, непазбежна паўстануць з гэтай нагоды ў неабыякавай публікі.

/i/content/pi/cult/478/10180/1-1.jpg

/i/content/pi/cult/478/10180/1-2.jpg

/i/content/pi/cult/478/10180/1-3.jpg

/i/content/pi/cult/478/10180/1-4.jpg

Што гэта будзе?

Тры вялікія і разнапланавыя выставачныя праекты, якія адбудуцца на трох прынцыпова розных (паводле ўсіх фактараў і градацый вымярэння) пляцоўках.

Па-першае, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыецца выстаўка “Сто гадоў беларускага авангарда” — своеасаблівая рэтраспектыва ўсяго “іншага” мастацтва на нашых землях: ад Шагала і прыкладна да Людмілы Русавай. Як адзначыла Наталля Шаранговіч, сто гадоў — гэта адрэзак, без сумневу, вельмі ўмоўны і таму спрэчны. Але тут, натуральна, важны сам пасыл: беларускі авангард нарадзіўся не сёння і нават не ўчора.

Па-другое, у будынку былога павільёна БелЭКСПА на праспекце Пераможцаў, 14 (між іншым, выбітным узоры ўльтрасучаснай для свайго часу архітэктуры — насуперак усім шматлікім мянушкам, прыдуманым для гэтага гмаху мінчанамі) адбудзецца маштабная рэпрэзентацыя ўласна цяперашняга беларускага мастацтва.

— Гэта ці не самая вялікая зала ў краіне, дзе можна ладзіць мастацкія выстаўкі, — кажа Наталля Шаранговіч. — Прастора, трэба адзначыць, даволі складаная, і таму мы прыкладаем шмат намаганняў для таго, каб у выніку атрымалася цэласная экспазіцыя...

Урэшце, трэцяй лакацыяй праекта стане плошча Якуба Коласа. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ладзіць там выстаўкі пад адкрытым небам ужо не першы год, аднак гэтым разам мінакі здолеюць убачыць не творы класікаў (натуральна, у выглядзе рэпрадукцый), але менавіта сучаснікаў: васьмі графікаў і васьмі жывапісцаў.

Хто і як ажыццяўляў адбор удзельнікаў?

Па словах Наталлі Шаранговіч, прынцып “open call”, калі любы ахвотны можа прапанаваць свае работы, у дадзеным выпадку не прымяняўся. Фактар куратарскай рызыкі (ды, разам з ёй, і адказнасці), без сумневу, прысутнічае. У пэўнай меры, ён амартызуецца самім складам куратарскай групы. Па словах Наталлі Шаранговіч, у яе ўвайшлі перадусім практыкі ў галіне арганізацыі сённяшняга арт-працэсу: старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, дырэктар галерэі “Універсітэт культуры” Наталля Барсукова, дырэктар галерэі “Палац мастацтва” Аляксандр Зінкевіч... Паколькі пытанне, што ж такое сучаснае мастацтва, па-ранейшаму не дае многім спакою, пэўныя дыскусіі адносна вынікаў адбору проста непазбежныя. Як падаецца, куратар ставіў сабе за мэту зрабіць максімальна адэкватны “зрэз” таго арт-працэсу, што віруе ля родных пенатаў, не надта расстаўляючы свае суб’ектыўныя акцэнты ды не спрабуючы скласці разрозненыя “асобныя сюжэты” ў нейкі валюнтарысцкі метанаратыў.

У тым, што спрэчкі абавязкова будуць, сумнявацца не выпадае. Нават сам анонс выстаўкі на адным з папулярных парталаў спарадзіў цэлую плойму мастацтвазнаўчых каментаў у агульнай танальнасці “не глядзеў, але асуджаю”. Палярныя меркаванні “па сабжы” будуць выказвацца бясконца, але па наведанні выстаўкі яны, прынамсі, будуць мець пад сабой змястоўнае апірышча.

Калі “гістарычная” частка ўключае творы прыблізна 70 мастакоў, дык у асноўнай іх будзе прадстаўлена не менш за 200 — плюс тэатральныя і музычныя калектывы, мадэльеры, перформеры... Нават цяжка ўявіць рэцыпіента, якому б прыйшоўся да густу ўвесь гэты неабсяжны арт-масіў! Ды затое кожны знойдзе ў ім для сябе хоць нешта прывабнае.

Што да “вулічнай” выстаўкі... Па словах куратара, абраныя аўтары — людзі зусім не выпадковыя ў нашым мастацтве. Маўляў, абазнаныя гледачы ніводнаму з гэтых прозвішчаў не здзівяцца. Але колькі іх, абазнаных? Тым больш, у цэнтр увагі гэтым разам трапіў такі “камерны” від мастацтва, як графіка. Бо калі адзін са ста мінакоў яшчэ і прыгадае хоць пару прозвішчаў беларускіх жавапісцаў, дык імёны графікаў — скажам Рамана Сустава або Юрыя Алісіевіча — не назаве, мабыць, ніхто.

Наталля Шаранговіч звяртае ўвагу і на іншую акалічнасць: графічныя работы невялікага памеру будуць трансфармаваны ў зусім іншы жанр — плакат. Адпаведна, артэфакты з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва і сапраўды набудуць іншае вымярэнне — і творчае, і публічнае.

Ці будуць “прэм’еры?”

Па вялікім рахунку, выстаўка ў будынку на праспекце Пераможцаў стане своеасаблівым дайджэстам мастацкага жыцця Беларусі апошніх гадоў — альбо, калі хочаце, “папуры” на яго. Экспазіцыя ўвабрала ў сябе тыя праекты, што паспелі ўжо прагучаць: “Тэхнаарт”, “Пастулат”, айчынны павільён на апошнім Маскоўскім біенале... Адпаведна, заўсёднікі ўбачаць там шмат знаёмых твораў. Але ж наўрад ці будуць надта засмучацца з той прычыны — усё ж гэта “the best”...

А “незаўсёднікі”? Няма сумневу ў тым, што ў працэнтным вымярэнні іх лік будзе куды большы, прычым гутарка вядзецца не толькі пра замежных турыстаў. Праглядзеўшы гэтую выстаўку, яны атрымаюць унікальную магчымасць усяго за адзін дзень сфармуляваць для сябе адказ на ўжо згаданае вышэй пытанне: “Што ж такое сучаснае беларускае мастацтва?”

У той самы час, выставачная прастора будзе змяшчаць і шмат новых праектаў, створаных і прызначаных менавіта для “Avant-gARTe”. Прыкладам, архітэктар Міхаіл Шыкаў падрыхтаваў своеасаблівую інтэрактыўную інсталяцыю, збудаваную на ілюзіях успрыняцця, узаемадзеянне з якой глядач распачне яшчэ на лесвіцы. А ў самой зале ўвагу да сябе будзе прыцягваць твор Канстанціна Вашчанкі, які наглядна ўвасабляе назву выстаўкі — “Ад квадрата да аб’екта”: небезвядомы артэфакт Малевіча набудзе новае прасторавае вымярэнне ды стане кубам з гранямі двухметровай вышыні.

— Гэтая работа, якая нібыта задае танальнасць усёй выстаўцы, выдатна адлюстроўвае пашырэнне плоскасці ў прастору, памкненне творцаў да няспыннага пераадольвання межаў, — кажа Наталля Шаранговіч. — Сёння ў беларускім мастацтве адбываецца не проста “змяшэнне жанраў”, але і набыццё імі новых вымярэнняў. Напрыклад, графіка пераўтвараецца ў калаж, скульптура становіцца арт-аб’ектам... Інсталяцыя нібы артыкулюе гэты бясконцы рух да новых форм і сэнсаў.

Яго адлюстраваннем стане і праект Канстанціна Селіханава, які даўно і плённа спалучае скульптуру з канцэптуальным мастацтвам. Яшчэ адна вядомая мастачка, Зоя Луцэвіч, спецыяльна для выстаўкі паспрабуе правесці паралелі паміж супрэматычнымі выявамі ды народнымі карункамі. Ну, і, ужо па традыцыі, сюрпрызы чакаюцца ад сталых іх “пастаўшчыкоў” — Уладзіміра Цэслера ды Руслана Вашкевіча.

Ці будуць прадстаўлены рэгіёны?

Пытанне і сапраўды немалаважнае: “дыскрымінацыя паводле прапіскі” ў беларускім мастацкім жыцці па-ранейшаму даецца ў знакі, не дэ-юрэ, вядома, але дэ-факта. Важнай асаблівасцю Першага Мінскага трыенале, які адбыўся ў тым самым будынку на праспекце Пераможцаў, стала менавіта ўзважаная ды канцэнтраваная ўвага да творцаў, якія жывуць па-за Мінскам, — і, як высветлілася, увага зусім недарэмная. Многія наведвальнікі са сталіцы рабілі “адкрыцці” выключна з прычын уласнай неабазнанасці ў тым, што робіцца за яе межамі.

Гэтым разам выстаўка таксама стане папраўдзе “рэспубліканскай”: у кожнай з абласцей быў абраны рэгіянальны асістэнт куратара, які падрыхтаваў пэўную частку экспазіцыі. Прадстаўнікі сучаснага мастацтва знайшліся літаральна ў кожным рэгіёне краіны, але... іх “папуляцыя” мае розныя колькасныя вымярэнні.

— Таму і на выстаўцы розныя вобласці будуць прадстаўлены па-рознаму, — кажа Наталля Шаранговіч. — Прыкладам, у наша тэматычнае поле трапілі толькі трое мастакоў з Магілёўшчыны, а вось у Віцебску, надварот, паўстала сур’ёзнае пытанне: каго ж выбраць? У выніку, віцябчане прэзентуюць ажно два калектыўныя праекты... Вельмі цікавы будзе і праект з Гродна — “Белым па белым”. Гэта таксама эксклюзіў, які робіцца спецыяльна для нашай выстаўкі ды выдатна ўпішацца ў яе ідэйнае рэчышча. Згадайма, якое вялікае значэнне надаваў Малевіч беламу колеру...

Ці будзе выстаўка мець культуралагічны і адукацыйны складнікі?

Наталля Шаранговіч справядліва мяркуе, што “гістарычная” частка выстаўкі мае ўяўляць вялікую цікавасць не толькі для гледачоў, але і для даследчыкаў. Так, прадстаўленыя ў залах МСВМ імёны ўжо добра вядомыя ў тых самых “вузкіх колах”. Але ці не ўпершыню зроблена спроба стварыць своеасаблівую храналогію авангарднага мастацтва на Беларусі: пракласці масткі паміж тымі асобнымі выспачкамі, што спарадычна ўзнікалі цягам ХХ стагоддзя. І, адпаведна, уявіць гісторыю прадмета не ў выглядзе шэрагу адасобленых з’яў, але як цэласны працэс.

Ці стане плённай такая амбітная спроба? Ці магчыма правесці тыя масткі — праз эпохі ды паміж рознымі пакаленнямі? Гэтае дыскусійнае пытанне будзе абмеркавана пад час аднаго з шэрагу “круглых сталоў”, да правядзення якіх спрычыняцца таксама і журналісты газеты “Культура” ды часопіса “Мастацтва”. Да слова, будзе зладжаны цэлы цыкл дыскусій на розныя тэмы, і да ўдзелу ў іх запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Што ж да адукацыйнай праграмы... Па словах Наталлі Шаранговіч, запланаваны аўтарскія экскурсіі: калі сам мастак тлумачыць усім цікаўным, “што ён меў на ўвазе”. Такі папулярны ва ўсім свеце фармат (а ў тым выпадку, калі візуальнае ўвасабленне — толькі надводная частка айсберга, ён асабліва важны) у нас, на жаль, пакуль так і не стаў завядзёнкай. Хочацца верыць, маштабная выстаўка спародзіць новыя трэнды...

Пройдуць паказы стужак пра беларускае ды замежнае мастацтва з іх абмеркаваннем. Каардынатарам імправізаванага кінаклуба з’яўляецца вядомы фотамастак і галерыст Уладзімір Парфянок.

Пры чым тут хакей?

У якасці прэамбулы адказу на гэтае пытанне варта згадаць пра тыя чуткі, што актыўна цыркулююць у мінскім арт-асяродку. Маўляў, выстаўка будзе мець жорсткую тэматычную прывязку, а цэнтральным экспанатам стане вялізная фігура хакеіста. Адкуль паходзяць іх карані, Наталля Шаранговіч меркаваць не бярэцца: пагатоў, чуткі — гэта ўвогуле рэч іррацыянальная...

Як патлумачыла куратар, хлопцаў з клюшкамі ў дні Чэмпіянату можна будзе ўбачыць зусім па іншым адрасе. Ніякіх спецыяльных спорт-праектаў экспазіцыя не прадугледжвае. Яно і зразумела: хакею ў кожным разе бракаваць не будзе, і мастакам наўрад ці мэтазгодна ствараць канкурэнцыю прафесіяналам. А вось што да той тэмы, якую мы ўжо рэгулярна ўзнімаем на старонках “К” — культурнай праграмы для гасцей, што дазволіла б ім адпачыць ад шчыльнага графіка матчаў... Выстаўка акурат і павінна паспрыяць запаўненню гэтай, бадай, невычэрпнай у нашых варунках студні. Балазе ад “Мінск-Арэны” да галоўнай лакацыі праекта можна хутка дайсці нават пешшу.

У той самы час, няма сумневаў у тым, што пасыл праекта значна перавышае маштаб “пункта культпраграмы”. Таму і асэнсоўваць яго варта найперш у кантэксце беларускай культурнай прасторы, а зусім не спартыўнай падзеі. А Чэмпіянат свету па хакеі — проста добрая нагода.

Чаму менавіта “авангард”?

На Беларусі гэтае пытанне ўзнікне немінуча, але замежны піяршчык, думаецца, зусім не здзівіўся б такому акцэнту. Справа ў тым, што сярод не надта абазнаных у геаграфіі ды сусветнай гісторыі жыхароў далёкіх краін культура нашай часткі сушы асацыюецца выключна з некалькімі з’явамі, і авангард пачатку ХХ стагоддзя — акурат адна з іх. Цікавасць да яго цягам апошніх дзесяцігоддзяў мае “хвалепадобны” характар, і неяк так сталася, што сёння яна — на грэбені. Пра гэта сведчыць хаця б свежы праект знакамітага Пітэра Грынуэя, які “ажывіў” карціны авангардыстаў у маскоўскім Манежы. Ну, альбо фільм Аляксандра Міты, пра які “К” пісала ўжо. Тым больш, акурат летась “прагрэсіўнае чалавецтва” адзначыла 100-годдзе “Чорнага квадрата”.

— Авангард — гэта тая мастацкая з’ява, што мела глабальны ўплыў на сусветную культуру. Гэта той брэнд, які замежнік разумее без дадатковых тлумачэнняў, — кажа Наталля Шаранговіч. — І не лішнім будзе нагадаць пра тое, што ён нараджаўся, у тым ліку, і на тэрыторыі Беларусі...

Зрэшты, нехта пра гэта нагадвае пастаянна. Яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя — як толькі ў паветры патыхнула чарговай “адлігай” — беларускія мастакі адразу паспрабавалі нагадаць пра УНОВИС ды нават “ўваскрасіць Малевіча” (гэта быў легендарны перформанс Людмілы Русавай ды Ігара Кашкурэвіча). Аднак... як і амаль усё ў мастацкім жыцці Беларусі, падобныя пачыны мелі спарадычны характар. Адпаведна, вялікага выставачнага праекта, здатнага “зацэментаваць” нашы прэтэнзіі на ўдзел у фарміраванні сусветнай культуры, і сапраўды моцна бракавала.

У навуковым ды паўсядзённым ужытку паняцце “авангард” мае мноства розных значэнняў — часам нават палярных. Хтосьці называе ім канкрэтную мастацкую з’яву, якая мае пэўныя часавыя рамкі і таму з’яўляецца часткай гісторыі, а зусім не сучаснасці. Хтосьці, наадварот, лічыць авангардам усё тое, што падаецца яму “смелым ды незвычайным” — і, адпаведна, звышсучасным. Для кагосьці авангард — гэта Марынэці, Малевіч і Брэтон, якія ўсур’ёз спрабавалі змяніць чалавецтва, а для кагосьці — выкрунтасы мадэльераў на фестывалі “Мамант”. Падобна на тое, што куратар выстаўкі паспрабавала знайсці нейкае “сярэднеарыфметычнае” значэнне ўсіх гэтых размаітых трактовак.

— Услед за многімі даследчыкамі з розных краін, я не разглядаю авангард як нейкую лакальную культуралагічную з’яву, але перадусім як агульную характарыстыку тых мастацкіх працэсаў, што зазвычай паўстаюць на зломе парадыгмы быцця, — кажа Наталля Шаранговіч. — І на беларускім прыкладзе мы гэта вельмі выразна бачым: УНОВИС шмат у чым звязаны з рэвалюцыяй, творчасць нонканфармістаў 1960-х — з хрушчоўскай “адлігай”, ну а пра плыні часоў “перабудовы” нават няма чаго казаць. Без сумневу, ментальныя і гістарычныя зломы моцна ўплываюць на мастацкі працэс. Змяняецца гістарычная парадыгма — змяняецца і мастацтва. Вось і тыя творы, якія мы ўбачым у экспазіцыі, наўрад ці маглі б з’явіцца, калі б іх аўтары не жылі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.

На думку куратара, такая выстаўка можа зрабіць вялікі ўнёсак у іміджавую справу міжнароднага пазіцыянавання краіны. Бо давесці, што мы зусім не такія “замшэлыя”, як некаторым здаецца, з дапамогай слоў цяжка. А вось дэманстрацыя адметных узораў мастацкага мыслення спрыяе гэтай справе куды лепш.

Урэшце, куратар выстаўкі пераканана, што ўжо такая ўнушальная колькасць аўтараў розных пакаленняў — ад жывых класікаў да ўчарашніх выпускнікоў — дазволіць усім цікаўным знайсці адказ на пытанне, куды ж рухаецца беларускае мастацтва, што з ім цяпер адбываецца. Паўторымся: у дадзеным выпадку адказ будзе даволі абгрунтаваны — зважаючы хаця б на беспрэцэдэнтную маштабнасць рэпрэзентацыі. Але пры гэтым, як падаецца, ён будзе ў кожнага свой. Куратарка наўмысна не парупілася пра тое, каб забяспечыць усіх ахвотных гатовай фармулёўкай...

Фота Юрыя ІВАНОВА