Рыцары віяланчэлі

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Музычныя перлы Уладзіміра Перліна

/i/content/pi/mast/55/928/15.jpg 
Уладзімір Перлін і яго выхаванцы з Канцэртнага аркестра.
...На афішы праекта сумясціліся выявы віяланчэлі і Эйфелевай вежы. Прычым па памерах прыблізна аднолькавыя, што заканамерна. Для музыканта ягоны інструмент — сэнс і цэнтр сусвету.
Магчыма, яшчэ больш важны і прыцягальны, чым вежа, якая з’яўляецца сімвалам Парыжа. Музычнае дзейства пад дужа нечаканай назвай «Што новага ў Парыжы, спадар Перлін?» разгарнулася ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі ў адзін з вясновых вечароў.

Слова «дзейства» ўжываю невыпадкова. Ці не палову зала складалі прафесура і студэнты Беларускай акадэміі музыкі, артысты сімфанічных аркестраў Мінска. Спрактыкаваныя прафесіяналы часам паводзілі сябе як фанаты: зала раз-пораз проста гудзела ад захаплення, апладзіравала паміж часткамі твора (хоць тое і забаронена ў класіцы), горача патрабавала «бісоў». Ды і выканаўцы ігралі з такім настроем, што, здавалася, маглі б займацца музіцыраваннем усю ноч, ажно да раніцы.

Нагода годная і знакавая. Уладзімір Перлін, віяланчэліст і славуты педагог, адзначаў юбілей. Энцыклапедыі сведчаць: яму 70. Але ў тое цяжка верыцца. А мо і не верыцца зусім! Бо энергіі — як быццам гэтаму чалавеку на тры дзесяцігоддзі менш. На вечарыне галоўны герой сядзеў у ложы. Прымаў віншаванні, кветкі і паглядаў на ўсё з хітрынкай у крыху прыжмураных вачах.

Перлін выкладае ў гімназіі-каледжы больш за 40 гадоў. Выхаваў музыкантаў, якія цяпер іграюць у лепшых аркестрах свету. Пры канцы вечарыны адзін з самых маленькіх вучняў кранальным галаском зачытваў тэлеграмы ад былых «перлінцаў» — Аляксандра Хромушкіна, саліста філармоніі Люксембурга, Георгія Анішчанкі, саліста і канцэртмайстра аркестра «Валенсія» (Іспанія), Аляксея Кісялёва, саліста і канцэртмайстра Каралеўскага аркестра (Шатландыя), Уладзіміра Сінкевіча, саліста і канцэртмайстра аркестра радыё Мюнхена (Германія)... Пералік гарадоў і аркестраў уражваў не менш чым творы, якія прагучалі.

У гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі лічыцца вялікай удачай трапіць у клас Перліна, а тым больш у яго Канцэртны аркестр. Са створаным ім калектывам маэстра аб’ехаў многія краіны Еўропы і свету, выступаў на самых прэстыжных пляцоўках Германіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі, Польшчы, Англіі, Расіі, Італіі.

Уладзімірам Паўлавічам захапляюцца; некага ягоная прафесійная бязлітаснасць абурае (невыпадкова ўзнікла мянушка «Карабас-Барабас»); кагосьці яго поспехі раздражняюць, той-сёй яму, што таксама натуральна, зайздросціць. Усё як мае быць...

Аўтарытэт Перліна ў асяроддзі прафесійных музыкантаў надзвычай вялікі. І разам з тым яго асоба як след не ацэненая на радзіме. У любым выпадку маштаб зробленага і ступень прызнання менавіта ў Беларусі, на маю думку, мала суадносяцца між сабой. Амаль дзесяць гадоў таму па рашэнні ўрада Францыі Перлін зрабіўся кавалерам ордэна «Акадэмічныя пальмы», заснаванага Напалеонам I у 1808-м. Ім адзначаюцца асобы, якія спрыяюць распаўсюджанню французскай культуры ва ўсім свеце.

Аднак вернемся да вечарыны. Многія аматары віяланчэльнай музыкі адмыслова ішлі «на Івана Карызну», бясспрэчную зорку, годнага і яркага прадстаўніка музычнай дынастыі. (Дзядуля, Уладзімір Карызна, доўгі час узначальваў музычную рэдакцыю радыё, ён вядомы беларускі паэт-песеннік, на вершы якога напісана незлічоная колькасць песень і харавых твораў. Іх актыўна і з радасцю выконваюць многія салісты і калектывы. Ён жа — аўтар слоў Дзяржаўнага гімна. Маці — цудоўная піяністка і канцэртмайстар. Бацька, Уладзімір Карызна-малодшы, вядомы кампазітар.)

Ваневым першым настаўнікам быў Уладзімір Паўлавіч Перлін. Першае выступленне юнага віяланчэліста адбылося ў 8 гадоў, праз паўгода пасля пачатку навучання. Калі споўнілася 12, выступаў на міжнародным фестывалі «Масква сустракае сяброў». Тады маскоўская крытыка пісала, што «хлопчык вельмі нагадвае маладога Растраповіча: разуменне сэнсу кожнага гуку, дзівосная разнастайнасць фантазіі, тэхнічных складанасцей быццам і не існуе...»

Іван скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі. За гады вучобы зрабіўся лаўрэатам надзвычайнай колькасці самых прэстыжных конкурсаў. Стаў стыпендыятам і ўладальнікам гранта дабрачыннага фонду Співакова. Год таму — бронзавым лаўрэатам ХІV Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага. (Дарэчы, у 3 туры іграў з аркестрам пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева. Пра супрацоўніцтва з ім расказваў не без гумару: «Рэпетыцыя доўжыцца хвіліны тры: крыху — пачатак твора, потым — фрагмент сярэдзіны... І ўсё!»). Перамога на конкурсе Чайкоўскага надзвычай дарагая. Нашы лепшыя выканаўцы то не праходзяць адбор, то выбываюць пасля чарговага тура. Да гэтага часу ў лік пераможцаў спаборніцтва трапіў толькі піяніст Андрэй Паначэўны. Выканаўцаў на струнных смычковых не было наогул.

Цяпер Івану 20 гадоў. З 2009-га ён вучыцца ў Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі музыкі і танца. Музыканты, што прыйшлі на вечарыну, вядома, хацелі паслухаць ігру студэнта Парыжскай кансерваторыі. Нумароў з удзелам Івана было няшмат, але ўражанне ад ігры ўзмацняе ягоны імідж выканаўцы, поспехі і прызнанне ў свеце. Запамінаўся надзіва прыгожы, густы гук ягонай віяланчэлі, насычаны адценнямі і багаццем тэмбраў. І дзівоснае ансамблевае пачуццё.

Наступны герой вечарыны — Жэром Перно, віяланчэліст і педагог, цяперашні настаўнік Карызны. Разам з піяністам Жэромам Дзюкро яны даўно зрабіліся ўлюбёнцамі мінскіх меламанаў. Не ўпершыню прыязджаюць у Беларусь, выступаюць з канцэртамі і даюць майстар-класы. Гаманкі, экспрэсіўны Перно і спакойны, ураўнаважаны Дзюкро ўтвараюць вельмі адметны дуэт, складзены з кантрастаў.

У праграме вечарыны пераважала французская музыка, бо вечар ладзіўся ў межах традыцыйных Дзён франкафоніі і адкрываў іх. Сярод сачыненняў прысутнічала класіка. Фрагменты з «Кармэн» прымусілі засяродзіцца на музыцы і падумаць, што іспанскі каларыт пастановак часта «заглушае» менавіта французскі стыль твора Бізэ. З грацыёзнасцю і шыкам былі інтэрпрэтаваныя сачыненні Габрыэля Фарэ. (Цікава, кампазітар быў адным з дырэктараў Парыжскай кансерваторыі, дзе цяпер выкладае Перно, а вучыцца таксама наш Гарык Анішчанка. Яшчэ адзін з удзельнікаў канцэрта — віяланчэліст Бруно Філіп — аднакурснік Карызны. Так што ў свеце музыкі ўсё звязана трывалымі ніцямі.)

Сучасныя музычныя опусы, такія як Трыа для дзвюх віяланчэляў і фартэпіяна Жэрома Дзюкро, выглядаюць асабліва прыцягальнымі, калі маюць уласную гісторыю. Трыа было напісана ў 2006 годзе, у Мінску, а натхніў аўтара... наш касцёл Св. Роха. Сачыненне працяглае па часе, але пагружэнне ў вытанчаную гукавую плынь прываблівала меладычнасцю мовы і адмысловым спляценнем тэматычных ліній. Паэзіяй празрыстай журбы і экспрэсіўнасці пачуццяў. Яднаннем сучасных сродкаў выказвання з традыцыйнай французскай музыкай. Яно ўспрымалася і як размова чалавека з самім сабой, з іншай асобай. І як дыялог з космасам...

Нечаканымі падаліся і «Песні Агарты» маладога аўтара Гіёма Канесона (ён актыўна піша для Жэрома Перно), і п’еса «Прымірэнне», створаная 16-гадовым Жанам Бацістам Дульса для 12 віяланчэляў. (Цікава, у нас такому юнаму аўтару закажуць твор?) Сачыненне, якое нарадзілася ад назвы верша Гётэ, увасобіла думку вялікага нямецкага паэта пра тое, што толькі спалучэнне музыкі і пачуцця, сапраўднай страсці даюць чалавеку шчасце...

Некалькі пытанняў настойліва круціліся ў маёй галаве падчас беларуска-французскай віяланчэльнай імпрэзы. Па-першае, чаму такі эксклюзіўны музычны праект не запісаў ніводны з каналаў нашага магутнага і ўсюдыіснага тэлебачання? Няўжо нікому ў амаль 10-мільённай краіне такія вечары не цікавыя?

Далей. Два гады таму Іван Карызна зрабіўся фіналістам 15-га міжнароднага конкурсу маладых музыкантаў «Еўрабачанне» (Eurovision Young Musicians), што ладзіўся ў Вене. Ён аказаўся першым прадстаўніком нашай краіны на класічным «Еўрабачанні». Конкурсная сцэна размяшчалася перад будынкам мэрыі (Венскай ратушы). Фінальны канцэрт зрабіўся адначасова цырымоніяй адкрыцця Венскага фестывалю мастацтваў. Фінал таго «Еўрабачання» трансліраваўся, і на нашага Івана, выхаванца Перліна, глядзелі ўся Еўропа і ўвесь свет.

Так, у прафесійнае развіццё Вані ў свой час шмат «укладалі» мама і тата, бабулі і дзядулі. Перлін, яго педагог. Співакоў і яго фонд — яны падаравалі віяланчэль, з якой Карызна-самы-малодшы дасюль выходзіць на сцэну. Але ў любым выпадку «раскрутка» Карызны як віяланчэліста, як таленавітага выканаўцы міжнароднага ўзроўню, вядома ж, не патрабавала такой неверагоднай колькасці грошай, колькі выдаткоўваецца — па нейкай дзіўнай завядзёнцы — на маладых спевакоў, паўфіналістаў і фіналіста «Еўрафэсту», прэтэндэнтаў на ўдзел у эстрадным «Еўрабачанні»!

Міжволі задумаешся: дык можа лепей грошы, якія штогод так неабачліва, без ліку, празмерна шчодра выдаюцца і выдаткоўваюцца туды, дзе яны не прыносяць ніякіх дывідэндаў, скіраваць на сапраўды вартае ўвагі і падтрымкі? Напрыклад, набыццё інструментаў, з якімі і на якіх перамагаюць на галоўных і прэстыжных конкурсах у свеце. У інтэрв’ю газеце «Культура» той жа Карызна заўважыў: «На конкурсе Чайкоўскага ўсе лаўрэаты, акрамя мяне, гралі на калекцыйных віяланчэлях, выдадзеных ім з дзяржаўных ці прыватных калекцый». Дадам, у Беларусі такая калекцыя толькі пачынае фарміравацца. А колькі яшчэ педагогаў Акадэміі музыкі і гімназіі-каледжа, рафінаваных эстэтаў і самаадданых рупліўцаў, засталося незаўважанымі грамадскасцю? Краіна павінна ведаць сваіх сапраўдных герояў, а не «каліфаў на гадзіну».

І апошняе. У канцэртнай зале я міжволі думала і пра тое, як нам не хапае такіх музыкантаў-вядучых, як Жэром Перно! Дасціпных, надзіва добразычлівых, раскаваных, якія не баяцца пажартаваць і адчуваюць сябе на вялікай сцэне, як у асяроддзі сяброў.

Можна толькі ганарыцца тым, што такія асобы, як Уладзімір Перлін, Іван Карызна, Жэром Перно і Жэром Дзюкро — нашы сучаснікі. Зрэшты, шмат якія культурныя сувязі трымаюцца на сімпатыях асабістых. Мацуюцца прафесійнай павагай і захапленнем. У тым і пераканаў праект «Што новага ў Парыжы, спадар Перлін?», ажыццёўлены з бляскам, вытанчанасцю і сапраўдным французскім шармам.

 Таццяна Мушынская

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі