Голас спеўнай зямлі

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Фальклорныя дзівосы хору імя Цітовіча

/i/content/pi/mast/55/925/9.jpg 
 Вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Купалінка». Салістка Рэната Мацвеенка. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Міхась Дрынеўскі.
Зразумела, кожны юбілей — маляўнічае свята, на якім дэманструюць най-больш значныя мастацкія здабыткі і прэзентуюць прэм’еры. Да яго рыхтуюцца старанна і загадзя. Але юбілей — яшчэ і нагода для роздуму, магчымасць азірнуцца і асэнсаваць пройдзены шлях. Або задумацца над эвалюцыяй, якая адбылася ў беларускім народным песенна-харавым мастацтве.

Можна па-рознаму ставіцца да сістэмы функцыянавання савецкай культуры, ухваляць яе або ганіць, але нельга не заўважыць: з 20–30-х гадоў ХХ стагоддзя і да пачатку 90-х харавое мастацтва належала да прыярытэтных накірункаў і найбольш запатрабаваных жанраў самадзейнай і прафесійнай музыкі. Лепшымі харавымі калектывамі ганарыліся, творы ў іх выкананні часта гучалі на святочных і ўрадавых канцэртах. Іх выступленні можна было пачуць па радыё і пабачыць у тэлеперадачах. Паслядоўную маральную і фінансавую падтрымку прафесійных хароў з боку дзяржавы, наяўнасць шматлікіх фестываляў харавой музыкі — успомнім хоць бы «Спеўныя палі»! — можна патлумачыць мноствам прычын. Магчыма, масавасць жанру вельмі дакладна адпавядала і імпанавала тагачаснай ідэалогіі, выхаванню патрыятычных пачуццяў? Бо хор заўжды атаясамліваўся з народам, яго думкамі і спадзяваннямі, успрымаўся як ягоны голас і ўвасабленне.

Змянілася краіна, зніклі многія ідэалагічныя ўстаноўкі і клішэ. З аднаго боку, грамадская цікавасць усё часцей скіравана да асэнсавання не калектыўнай свядомасці (яе і адлюстроўвае хор), а індывідуальнай. З другога, новы тэлепрадукт арыентаваны найперш на стварэнне забаўляльных шоу для моладзевай аўдыторыі — адсюль агрэсіўнае навязванне эстрады і яе горшай часткі, «папсы» — нібыта песень, пра словы і музыку якіх лепей наогул памаўчаць, бо паняццю «культура» яны зусім не адпавядаюць. Калі ў апошні раз вы бачылі на экране беларускага ТБ харавыя калектывы? Пытанне рытарычнае.

І артыстам хору, і харавым дырыжорам цяпер непараўнальна больш складана, чым 30–40 гадоў таму. Трэба быць вялікім патрыётам жанру і музычнага накірунку, каб мець такія важкія і пераканальныя мастацкія вынікі, якія бачылі і чулі гледачы, што сабраліся адзначыць 60-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча (і адначасова 70-годдзе яго мастацкага кіраўніка Міхася Дрынеўскага) у вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

Але ў калектыву ёсць свой удзячны слухач. У тым пераконвалі і зала філармоніі, дзе назіраўся аншлаг, і непасрэдная, гарачая рэакцыя публікі, якая шчодра адгукалася на кожную кампазіцыю. Пацвярджае гэта і пералік краін, дзе з вялікім поспехам выступаў хор. Зрэшты, не толькі выступаў, але і быў адзначаны ўзнагародамі фестываляў і конкурсаў у Францыі, Германіі, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Канадзе, Фінляндыі, Кітаі, Карэі, Японіі, Турцыі. Штогод год хор дае больш як 100 канцэртаў.

Зразумела, за 60 гадоў да дзейнасці калектыву спрычынілася шмат спевакоў, інструменталістаў, танцораў. Але азіраючыся назад, немагчыма не сказаць пра знакавыя постаці. Ля вытокаў стварэння хору стаяла легендарная асоба — Генадзь Цітовіч, народны артыст Беларусі і СССР. Выхаванец Віленскай кансерваторыі, яшчэ ў даваенны час ён вывучаў этнаграфію ў Віленскім універсітэце. У 1939-м стварыў адзін з лепшых самадзейных калектываў — Падлескі народны хор, які ў 1940-м выступаў на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Менавіта Цітовіч 60 гадоў таму арганізаваў і стварыў Дзяржаўны народны хор. І ўзначальваў яго потым больш за два дзесяцігоддзі. Дзейнасць Генадзя Іванавіча як этнамузыказнаўцы і дырыжора была надзіва багатай і разнастайнай. У розных раёнах Беларусі ён запісаў каля трох тысяч (!) народных мелодый. А складзеныя ім зборнікі ахопліваюць усе асноўныя меладычныя стылі і жанры беларускай песні.

З 1975-га на чале калектыву стаіць народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі. Неаспрэчны аўтарытэт для дырыжораў і харавых калектываў усёй краіны. Музыказнаўцы лічаць, што яму ўласціва аднолькавая ступень пранікнення ў заканамернасці акадэмічных і народных спеваў (а гэта ўсё-такі розныя накірункі і манеры!). Праграмы, падрыхтаваныя Дрынеўскім, вызначаюцца асаблівай інтанацыйнай тонкасцю, глыбокім веданнем айчыннага фальклору.

У той час, калі прастора беларускамоўнай музычнай культуры не пашыраецца, а, на жаль, паступова становіцца ўсё меншай і сціскаецца, як шчыгрынавая скура, паслядоўная папулярызацыя і, ужывем гэтае зацяганае слова, прапаганда хорам народнай і аўтарскай песні не могуць не выклікаць захаплення і павагі. Як і ўменне развіваць традыцыі, напаўняць іх новымі сэнсамі, а рэпертуар — адметнымі сачыненнямі.

А цяпер больш канкрэтна пра саму праграму. Трапляючы на канцэрты калектываў народнага жанру, неаднойчы заўважала такую асаблівасць. Калі ў оперных і балетных творах драматызм гучання і трагізм, звязаны з гібеллю героя, можа ўзнікаць ад канфлікту асобы і грамадства, то ў народным мастацтве, аптымістычна-мажорным і магутным па сваёй энергетыцы, такога драматызму і нават трагізму апрыёры няма. Калектыўная свядомасць, увасобленая ў маналітным, магутным гучанні хору, заўжды арыентавана на жыццесцвярджальныя інтанацыі і настроі.

Пацвярджала такую выснову і юбілейная вечарына. У рэпертуары хору шмат твораў, якія акцэнтуюць радасць жыцця, гумар, дасціпнасць. У тым ліку жартоўны мужчынскі танец «Таўкачыкі», песня «На птушкаферме» — своеасаблівая музычная «скорагаворка», што стварае гукавы вобраз насельнікаў менавіта птушынага двара. Інструментальная п’еса «Ой, без дудкі, без дуды ходзяць ногі не туды» Аляксандра Крамко, віртуозна, з мноствам музычных вынаходстваў увасобленая салістам аркестра Дзянісам Бурым, выклікала авацыю.

Але сапраўдным адкрыццём, мяркуючы па гарачай рэакцыі слухачоў, зрабілася песня «Гой, маё ты сала» (апрацоўка Віктара Шыкаўца, саліст Ігар Тоўсты). Цудоўна разумею, сала — адметны нацыянальны прадукт. Яго ўжываюць, ім ганарацца, вязуць за межы краіны ў якасці падарунка. Памятаю плакат Уладзіміра Цэслера, дзе сала — галоўная «дзейная асоба». Але песня пра сала?! Ніколі не магла ўявіць, што яна будзе гучаць так сакавіта і апетытна! Зала стагнала ад захаплення і патрабавала паўтарыць!

Што да гумарыстычнага настрою, неаддзельнага ад народнай культуры, дык і сам Міхась Паўлавіч мае рэпутацыю чалавека дасціпнага, языкатага, які па слова ў кішэню не палезе. Дрынеўскі валодае рэдкім пачуццём гумару. А ягоныя музычныя жарцікі, часам салёныя і, як цяпер кажуць, «на мяжы фола», ужо не адно дзесяцігоддзе ходзяць у артыстычным асяроддзі як анекдоты і байкі.

Але вернемся да вечарыны. Немаленькая праграма была пабудавана разумна, дынамічна і з такім разлікам, каб чаргаваліся масавыя і камерныя фрагменты, вакальна-харэаграфічныя і сольныя кампазіцыі, спевы і інструментальныя эпізоды, творы ярка-мажорнага і задуменна-празрыстага гучання. Хапала апрацовак народных песень, сапраўдных фальклорных пярлінак — «У ноч на Купала», «Ой, зіма, зіма» (некаторыя з іх, напрыклад, «Ой ты, грушка мая», зроблены самім мастацкім кіраўніком). Але было багата і аўтарскіх песень — прачулая і кранальная «Бацькаўшчына» Ларысы Мурашкі (верш Уладзіміра Караткевіча), нечаканая, драматычна-стрыманая «Дарога партызанская» Эдуарда Ханка (словы Анатоля Вярцінскага), фінальна-гімнічны твор «Беларусь — імя святое» Ганны Казловай (верш Мікалая Траццякова) і іншыя.

Прываблівалі разгорнутыя кампазіцыі — «Добры вечар добрым людзям» (яна адкрывала праграму), «Лявоніха», «Масленіца» (прэм’ерны паказ), «Мяцеліца», «Вясельная сюіта». І ў кожнай натуральна спалучаліся спевы, танцы, гульнявыя моманты. Музычная вечарына пацвердзіла, што лепшая якасць калектыву — здольнасць мяняцца. Крыху нечаканай падалася прысутнасць у праграме акапэльнага сачынення «Благаславі, душа мая, Госпада!». Такія творы нібыта і не адпавядаюць рэпертуару народнага хору. Але адначасова пашыраюць яго інтанацыйны дыяпазон. Гэтаксама, як ужыванне элементаў брэйк-данса ў адным з харэаграфічных нумароў.

На юбілейнай вечарыне вабілі візуальнае багацце і разнастайнасць. Нельга не заўважыць: усе артысткі хору — красуні! І не толькі салісткі — Наталля Базарэвіч, Рэната Мацвеенка, Лідзія Шыкавец, Наталля Гарнастаева, Валянціна Крыловіч, што было б зразумела. Усе — як на падбор. Высокія, стройныя, яркія. І дзе толькі Дрынеўскі іх знаходзіць?! Не юбілейная імпрэза, а фінал еўрапейскага конкурсу прыгажосці!

Імпанавала і колеравая гама касцюмаў. Бірузова-белыя строі 1-й дзеі нагадвалі пра марозныя карункі, намаляваныя зімой на вокнах, і пра вясновы блакіт неба, празрыстасць азёрнай плыні. А насычаныя адценні вішнёва-бардовага, якія дамінавалі ў строях 2-й дзеі, добра спалучаліся з празрыста-белым і крэмавым колерам, нагадвалі пра размаітую палітру лета, багацце восеньскага саду і поля...

Зразумела, мы пабачылі плён намаганняў немалога калектыву. Таму акрамя салістаў варта назваць імёны галоўнага хормайстра Івана Абразевіча і хормайстра Віктара Шыкаўца (у юбілейнай праграме гучала шмат ягоных апрацовак), музычнага кіраўніка Пятра Глушчука, балетмайстраў Юрыя Паўлішына і Галіны Гарыновіч. Прычым яркасць, насычанасць фарбаў — вакальных, інструментальных, танцавальных — нарастала ад пачатку дзеі да эмацыйнай і сэнсавай кульмінацыі ў фінале.

Калі вы не прыхільнік народных спеваў або пакуль ставіцеся да іх абыякава, не пашкадуйце часу, завітайце на наступны харавы канцэрт. І тады напоўніцу адчуеце раблезіянскую радасць жыцця, яго прывабнасць і сакавітасць. Пераканаецеся, што карані нашай музычнай культуры менавіта тут — у народнай песні, народным танцы, інструментальным найгрышы. Іх з такой любоўю, захапленнем і віртуознасцю прадставіў Акадэмічны народны хор імя Цітовіча. Многія леты!

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі