Башмет. Версія дзявятая

№ 11 (380) 01.11.2014 - 30.11.2014 г

Міжнародны інструментальны фестываль
Філарманічная восень у сталіцы звыкла становіцца святам інструментальнай музыкі. Прычына простая: на пачатку кастрычніка ў Мінску прайшоў ІХ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Канцэрты ладзіліся ў Белдзяржфілармоніі і зале «Верхні горад». Сем эфектных і гучных праектаў з удзелам аркестраў і салістаў, якія прадстаўлялі дзевяць краін.

Насамрэч буйных музычных фестываляў у нас няшмат. А тых, што здольныя сабраць сусветных зорак, — яшчэ менш. Думаю, для гэтага патрэбен быў і аўтарытэт славутага альтыста Юрыя Башмета, і творчыя сувязі мастацкага кіраўніка фестывалю Расціслава Крымера. Але таксама павага да Мінска як аднаго з буйных цэнтраў філарманічнага жыцця.

Правядзенне міжнароднага форуму, арганізатарамі якога выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкам і канцэртнае агенцтва «РК груп», немагчыма без вялікай колькасці спонсараў. Невыпадкова на прэс-канферэнцыі напярэдадні адкрыцця фестываль Башмета згадваўся як адметны прыклад развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства. А якімі ж былі мастацкія вынікі фэсту?

Спаборніцтва

Сёлета ў чацвёртым нумары «Мастацтва» быў змешчаны артыкул пра фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае». Там я выказвала думку, што, па сутнасці, ідзе невідавочнае і неаб’яўленае, але спаборніцтва паміж двума форумамі і паміж іх мастацкімі кіраўнікамі, Максімам Берыным і Расціславам Крымерам. Яно ў тым, хто правядзе фэст больш маштабна, запросіць больш славутых выканаўцаў. Уражанне, што тут на руках толькі «казырныя тузы»! Зорка сусветнай оперы Дзмітрый Хварастоўскі спявае з аркестрам пад кіраўніцтвам Співакова? А вось вам у адказ не менш славуты скрыпач Вадзім Рэпін! Берын прывозіць праект «Зоркі сусветнага балета»? Крымер «парыруе» канцэртам камераты Амстэрдамскага аркестра. Раней узнікала ўражанне, што фестываль Співакова выйграваў. Большай падрыхтаванасцю, прадуманасцю праграм. Пасля апошняга башметаўскага фэсту мая ўпэўненасць калі не пахіснулася, дык была шмат у чым абвергнутая.

Сэнс і мэта

Для каго робяцца фестывалі? Калі меркаваць па кошце квіткоў, дэмакратычных (50—70 тысяч) і «віпаўскіх» (да 1 мільёна), такія фэсты патрэбны і шырокай публіцы, і заможным меламанам. А таксама «профі»: студэнтам каледжаў і Акадэміі музыкі, прафесуры «консы». Гарачы інтарэс, нават ажыятаж вакол падобных канцэртаў сведчыць пра павагу грамадскасці да прафесій, прадстаўнікі якіх па-за святамі гэтую ўвагу адчуваюць далёка не заўсёды. Не дзіўна, што залы кожны раз аказваліся паўнюткімі. Увогуле кожны фэст каштоўны не толькі ўражаннямі ад опусаў, што прагучалі (пераказваць музыку бессэнсоўна!), колькі думкамі, народжанымі музіцыраваннем.

Першы канцэрт, у якім выступаў Літоўскі камерны аркестр і прадстаўляў сачыненні Баха, Моцарта і сучасных аўтараў, выклікаў каласальны інтарэс. Пра што сведчыў аншлаг і ажно сем тэлекамер у зале. Калектывы і салісты з Вільнюса час ад часу выступаюць у нашай філармоніі.

Стаўленне да Літоўскага камернага аркестра асаблівае. Калектыву больш за 50 гадоў. Некалі яго стварыў знакаміты Саўлюс Сандэцкіс, а цяпер узначальвае Сяргей Крылоў. Яго, дырыжора і адначасова саліста-скрыпача, называюць «літоўскім італьянцам». Музыказнаўцы лічаць, што Крылоў уваходзіць у топ-тройку лепшых выканаўцаў на інструменце. Можна паверыць! Гук яго скрыпкі высакародны і вытанчаны, сам артыст віртуозны, імпульсіўны, надзіва эмацыйны. Што выяўлялася і ў выкананні буйных твораў, і ў дуэтных «бісах» Кылова і Крымера, асабліва ў опусе Генрыха Вяняўскага. Дырыжораў, якія літаральна танцуюць, стоячы за пультам, даводзілася бачыць. Як і тых, хто ўзлятае падчас імклівых алегра ці эмацыйных фрагментаў. А скрыпачоў, якія літаральна танцуюць падчас сола, сустракаць не даводзілася. Крылоў іграе на скрыпцы, зробленай яго бацькам. Той працуе ў Крэмоне, адным з цэнтраў сусветнай музычнай культуры, радзіме скрыпічных майстроў: менавіта там адбываецца конкурс імя Страдывары.

Навацыі і інавацыі

На кантрасце з Бахам (у 1-м аддзяленні) і Моцартам (у 2-м) асабліва нязвыкла і экспрэсіўна выглядаў твор сучаснага кампазітара і піяніста Серджыа Калігарыса. Ён аргенцінец, жыве ў ЗША, лаўрэат міжнароднай прэміі імя Джузэпэ Вердзі. Крылова і Крымера цікавіў опус, у якім яны маглі б выступіць дуэтам разам з аркестрам. (Прычым першы паказ сачынення адбыўся ў Вільнюсе, а другі — на фестывалі ў Мінску). У нашай публікі быў крыху іншы ракурс інтарэсу. Бо дзе і калі мы можам атрымаць уяўленне пра аргенцінскую музыку?

Паўднёвая экспрэсіўнасць твора выяўляла відавочна не славянскае светаадчуванне. Праз гукавую плынь паўставалі дысанансныя настроі сучаснага горада. Уяўляліся гмахі офісных будынкаў, патокі машын, мажліва, твар раз’юшанага начальніка і разгубленага падначаленага. З гукавога хаосу нечакана нараджаўся матыў калыханкі. Прачулая лірычная тэма зменіцца потым эпізодам змагання стыхій — у прыродзе або ў чалавечай душы. Калі растаюць апошнія гукі скрыпкі, падаецца, што цемра атуліла начны горад...

Самую вялікую цікавасць у той вечар выклікаў арт-перформанс «Музыка і жывапіс». Выкананне сачыненняў Моцарта (Дывертысмента № 3 і Сімфоніі № 29) суправаджалася паказам на велізарным экране твораў еўрапейскіх майстроў другой паловы XVIII стагоддзя. Фрэскі, жывапіс, графіка, скульптуры быццам ажывалі з гукамі музыкі. Падбор работ ажыццёўлены Вольгай Кліп, мастацтвазнаўцам і супрацоўнікам нашага Нацыянальнага мастацкага музея.

Сам прыём увогуле не новы. На розных тэлеканалах даводзілася бачыць дакументальныя фільмы, якія ўзнаўляюць інтэр’еры палацаў Расіі ці Польшчы, Францыі ці Італіі. Творы жывапісу і скульптуры, паяднаныя з музычнымі сачыненнямі той эпохі, пакідалі моцнае ўражанне. У філармоніі быў ужыты адваротны прыём. Асабліва эфектнымі здаваліся кругавыя панарамы, роспісы на купалах храмаў. Твары буйным планам (часта сам Моцарт), парыкі, камзолы, музычныя інструменты, ноты... Уражанне, нібы персанажы карцін, задумаўшыся, слухаюць менавіта тую музыку, што гучыць са сцэны.

Імкненне разнастаіць працэс успрымання філарманічнай музыкі — тэндэнцыя відавочная. І плённая. Бо наведвальнік, якія мае багаты вопыт праслухоўвання і можа параўноўваць інтэрпрэтацыі, — «профі». Але большасць тых, хто трапляе ў філармонію, — аматары і «візуалы». Ім патрэбна змена «карцінкі», да чаго прывучыла тэлебачанне. Думаю, такія знаходкі, як арт-перформанс, будуць далей тыражавацца. Галоўнае, каб арганізатарам хапала імпэту і фінансаў.

Гімн інструменталізму

Калі паглыбішся ў дыскусіі, звязаныя з айчынным драматычным тэатрам, міжволі прыйдзеш да высновы: адна з галоўных праблем і болевых кропак — вялікі попыт на сучасную п’есу. Крытыкі лічаць, што гэта адна з прычын крызісу ў сучасным драмтэатры. Патрэба ў новай драматургіі ўвесь час існуе, бо п’есы павінны адлюстроўваюць светаадчуванне сучаснага чалавека і рэаліі цяперашняга жыцця.

У музыцы сітуацыя іншая. Мо таму, што від мастацтва больш касмапалітычны. Больш абагулены і абстрактны. Звернуты да свядомасці і падсвядомасці. Таму невялікая колькасць новых опусаў, што з’явіліся нядаўна і менавіта ў гэтай краіне, не ўспрымаецца так востра і катастрафічна. Яшчэ і таму, што ў мінулыя вякі было напісала столькі! Сапраўдны акіян музыкі... З яго можна чэрпаць і чэрпаць.

Калі ўважліва аналізуеш афішу сёлетняга башметаўскага фестывалю, заўважаеш: пераважаюць творы мажорнага гучання. Мо таму, што фэст — свята. Мо таму, што псіхіка сучаснага чалавека такая крохкая, што патрэба зноў і зноў адчуваць радасць жыцця, яго бляск і ззянне большая, чым патрэба ў адлюстраванні драматычных калізій.

Цяпер пра іншае. На маю думку, у полі зроку публікі часцей аказваюцца вакалісты, піяністы, скрыпачы. Магчыма, віяланчэлісты і перкусіяністы. А выканаўцы на духавых драўляных часцей на другім плане. Пра гэта думалася і калі ў нашай філармоніі выступала Камерата Каралеўскага аркестра Канцэртгебаў, галоўнага сімфанічнага аркестра Нідэрландаў. І падчас віртуозных сола яго кіраўніка, габаіста Аляксея Агрынчука. Раней я наіўна лічыла, што менавіта скрыпка — гукавое ўвасабленне душы. Але нечакана зразумела: габой, флейта, кларнет таксама вартыя такога вызначэння. Творчая біяграфія Агрынчука, які лічыцца адным з лепшых габаістаў свету, пераконвае: таленавіты музыкант здольны спалучаць шмат прафесій і клопатаў. Аляксей Агрынчук актыўна канцэртуе, дырыжыруе і выкладае — у Лондане, Ратэрдаме, Жэневе.

А што да аркестра, дык факт ягонага заснавання ў 1888 годзе прымушае задумацца: а што ж адбывалася ў гэты час на нашых землях? Невялікія аркестры існавалі, гастралёры прыязджалі, але сімфанічных і сваіх, вядома, не было. Міжволі ўздыхнеш: наяўнасць традыцый — вялікая справа!

Аўтарытэтныя крытыкі сцвярджаюць, што аркестр Канцэртгебаў мае ўнікальны «эталонны» тэмбр, які вылучае яго між тысяч іншых. Легендарны аркестр, адзін з найбольш старых у свеце, у 2008 годзе заняў першы радок у рэйтынгу топ-20, які штогод складае англійскі музычны часопіс «Gramophone» («Грамафон»), прысвечаны класічнай музыцы. Заўважу: славуты Берлінскі філарманічны аркестр у той год у рэйтынгу апынуўся другім, Венскі — трэцім. Аркестры Марыінскага тэатра і Расійскі нацыянальны аркестр занялі адпаведна 14-ю і 15-ю пазіцыі.

Пра інтэнсіўнасць жыцця Каралеўскага аркестра сведчыць той факт, што напярэдадні канцэрта ў Мінску музыканты выступалі ў Амстэрдаме. У Беларусь прыехалі, ахвяраваўшы сваім выходным, а назаўтра зноў ігралі на ўласнай сцэнічнай пляцоўцы. Галоўная якасць, што вылучала аркестр і яго дырыжора-саліста, — відавочная радасць ад самога працэсу музіцыравання. Віртуознасць і нязмушаная лёгкасць. Яны былі відавочнымі ў і расініеўскай Санаце для струнных. І ў моцартаўскай Касацыі соль мажор. Дзівішся, колькі твораў пісалі кампазітары таго часу для камерных складаў і асобных інструментаў! У тым пераконвалі сачыненні Бяліні і Моцарта для габоя з аркестрам.

Вадзім Рэпін і ягоная скрыпка

Вядома: музычныя зоркі маюць суровы расклад канцэртаў на некалькі сезонаў наперад. І ў яго цяжка трапіць. На прэс-канферэнцыі я пацікавілася ў Крымера, як даўно ён пачаў перамовы з Амстэрдамам. Высветлілася: тры гады таму. А з Рэпіным — пяць гадоў таму. Як бачым, імпрэсарыё павінен бачыць на некалькі фестываляў наперад.

Рэпін, якога ў свеце лічаць «рускім Паганіні», — асоба легендарная. За ім — шлейф міфаў, у яго фантастычная біяграфія. Ва ўзросце 11 гадоў заваяваў залаты медаль на конкурсе Вяняўскага. Тады ж і пачалася міжнародная кар’ера. У 14 дэбютаваў у Токіа, Мюнхене, Берліне і Хельсінкі. Мастацкі кіраўнік нашай філармоніі Юрый Гільдзюк згадаў цікавы штрых. Мінулы раз Рэпін прыязджаў у Мінск пасля перамогі на конкурсе Вяняўскага. Непасрэдна з Навасібірска. Зусім юным, у... піянерскім гальштуку.

Цяпер на сцэну выйшаў дарослы, пасівелы чалавек. Вядома, яго сустракалі авацыямі. Авацыяй завяршылася і выкананне Канцэрта для скрыпкі з аркестрам № 2 Сяргея Пракоф’ева (разам з Акадэмічным сімфанічным аркестрам філармоніі пад кіраўніцтвам дырыжора Дзмітрыя Ліса). Сачыненне выконваецца нячаста. А выбар скрыпача зразумелы. Твор адлюстроўвае вастрыню і дасціпнасць мовы аўтара. Вабіць разнастайнасцю настрояў. «Рускія» тэмы — у першай частцы. Няспешна-лірычныя і кранальныя — у другой, якія часам стваралі вобраз «крышталёвага палаца». Экспрэсіўнасць у трэцяй. Святочны, дасціпны і віртуозны фінал.

Ажыятажу дадало і тое, што музыкант іграў на інструменце 1736 года, зробленым Гварнеры. Кошт скрыпкі, як і ўмовы яе транспарціроўкі, засталіся таямніцай. Цікава: скрыпкі Гварнеры цэняцца ў свеце больш высока, чым інструменты Страдывары. Першыя каштуюць у разы болей, і сума можа дасягаць 8 мільёнаў долараў. Да нашых дзён захавалася каля 140 скрыпак Гварнеры, іх у некалькі разоў менш, чым скрыпак больш славутага Страдывары. Характэрна: любімым інструментам Паганіні была менавіта скрыпка Гварнеры.

Вакол Губайдулінай

Сапраўдны падарунак айчынныя меламаны атрымалі ў Міжнародны дзень музыкі. Соф’я Губайдуліна раней ніколі не прыязджала ў Мінск. Не гучалі тут і яе творы. Зразумела, Губайдуліна — легенда. Ёй 83 гады. Высокая, танклявая. Твар усходняй жанчыны (нарадзілася недалёка ад Казані). Аўтар больш як 100 сімфанічных твораў, сачыненняў для салістаў, хору і аркестра. Напісала музыку да 25 фільмаў (у тым ліку «Вертыкаль», «Пудзіла», «Марыя — каралева Шатландыі»). Творчы лёс, здавалася б, больш чым спрыяльны. Але... У 1979  годзе на VI з’ездзе кампазітараў СССР яе музыка была жорстка раскрытыкавана. Губайдуліна трапіла ў так званую хрэннікаўскую сямёрку — «чорны спіс» аўтараў. Не магла выступаць на радыё і тэлебачанні і ў выніку эмігравала. З 1992-га жыве ў Германіі.

Замежны перыяд творчасці Губайдулінай стаўся плённым. Адпаведным маштабу таленту аказалася і ступень міжнароднага прызнання. Яно выяўляецца і ва ўзнагародах Германіі, ЗША, Японіі. І ў тым, што ў Казані ладзіцца Міжнародны фестываль сучаснай музыкі «Канкордыя» і конкурс піяністаў; яны носяць яе імя. Але Сафія Асгатаўна зрабілася госцем нашага фестывалю невыпадкова. Яшчэ ў 1996-м па замове Чыкагскага сімфанічнага аркестра яна напісала Канцэрт для альта з аркестрам, прысвечаны Башмету. Твор з дзіўнай назвай — «Начная песня рыбы».

У Мінску прагучалі два сачыненні кампазітара — «Warum?» («Чаму?») для флейты, кларнета і струнных (2014) і «Вершнік на белым кані» для аркестра і аргана, опус больш ранняга часу (2002). Першы твор падаўся досыць складаным для ўспрымання. Хоць у прафесійнасці выканаўцаў, здольных засвоіць няпростую партытуру, не было як сумнявацца: разам з аркестрам нашай Акадэміі музыкі як салісты выступалі італьянскія салісты — флейтыст Масіма Мярчэлі і кларнетыст Рыкарда Крачыла. Першы прэзентаваў уласныя сольныя праграмы на сцэнах Нью-Ёрка, Масквы, Зальцбурга, Рыма. Другі іграў у аркестрах з такімі дырыжорамі, як Зубін Мета, Клаўдзіа Абада, Рыкарда Муці.

У творах накшталт «Чаму?» слухач засяроджаны не на віртуознасці салістаў, ён імкнецца зразумець канцэпцыю кампазітара. Падалося: у сачыненні шмат дыскрэтнасці, калі фрагменты музыкі з’яднаныя адвольна. У такой адвольнасці не адразу бачыш (або наогул не бачыш) логіку эмоцый ці сэнсу. Музыказнаўца Надзея Бунцэвіч заўважыла: падобныя сачыненні трэба слухаць інакш, чым класіку. Не сачыць за плынню музыкі, а паглыбіцца ў сябе...

Другі опус Губайдулінай, «Вершнік на белым кані», успрымаўся як больш яркі, кампактны, дакладна пабудаваны. Не толькі таму, што 2014-ы — год гэтага знака. Белы конь — магутны і прывабны сімвал. У любым выпадку знаёмства з кампазітарам аказалася карысным. Ці трапіць яшчэ раз знакаміты аўтар у Беларусь, невядома. Хто здолеў паслухаць яе сачыненні ўжывую і ўбачыць, той падобную падзею запомніў на ўсё жыццё.

А што за «Туманам»?

Менавіта так — «Туман» — называўся опус маладога беларускага кампазітара Вольгі Падгайскай, які гучаў у той вечар, што і сачыненні Губайдулінай. Твор быў заказаны ёй пасля мінулага башметаўскага фэсту. У «Тумане» Падгайскай імпануе выбраная тэма і нават ракурс успрымання рэчаіснасці. Назва выклікае шмат асацыяцый. Туман бывае розны — серабрысты, жамчужны, змрочны, злавесны, таямнічы. Ранішні — над балотам або паплавамі. Туман — не толькі з’ява прыроды, але пазначэнне эмацыйнага стану. Няпэўнасць, трывога, страх. Таямніца, загадка. Нявызначаная будучыня.

Сачыненне выконваў сімфанічны аркестр нашай Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам эстонскага дырыжора Андрэса Мустанена. За пультам аргана — аўтар. Магчыма, Вольга абрала самы складаны жанр: твор для аркестра і аргана. Гэта было б немагчыма, калі б яна дэталёва не вывучала інструмент. Тэмбральныя фарбы аргана заўжды надаюць касмічны размах таму, што адбываецца. Асабіста ў мяне гучанне аргана заўжды выклікае асацыяцыі з сачыненнямі Баха. Дае праекцыю бахаўскага ўспрымання рэчаіснасці на гэты опус. Але што цікава! У Губайдулінай твор для аркестра і аргана. Але і ў Падгайскай таксама. У тым выяўляецца рэжысура праекта.

...Пачатковыя асобныя гукі — як быццам прадметы, выхапленыя з туману. Перад вачыма пейзаж — лес, поле, вёска, калодзеж. З няпэўнасці або аблачын час ад часу штосьці ўзнікае. Фрагменты свята. Дэталі гістарычнай карціны, якая ўзнаўляе мінулыя вякі. Ваенныя дзеянні. Усё ў творы пададзена з размахам, буйным мазком. Сачыненне атрымалася ёмістае, «сабранае», з прадуманай драматургіяй. І незвычайнае па стылі. Такія замовы і прэм’еры высока ўздымаюць рэйтынг кампазітара. Калі яго опус стаіць у праграме ў атачэнні сачыненняў Губайдулінай і Шуберта, гэта пачэсна і ганарова. У дадатак выводзіць аўтара непасрэдна ў еўрапейскую музычную эліту.

Высновы

Калі па сутнасці элітарны фестываль інструментальнай музыкі знаходзіць падтрымку на самым высокім ўзроўні (падтрымку як арганізацыйную, так і фінансавую), гэта нараджае надзею. У нашай музычнай прасторы надакучлівай папсы столькі, што яна гучыць ледзь не з кожнага праса і кожнай машыны. Таму яркіх і эксклюзіўных праектаў, звязаных з акадэмічнай музыкай, ніколі не будзе замнога. Слуханне класікі паступова становіцца традыцыяй, прыкметай выхаванасці і добрага тону. Нарэшце, прыналежнасці да лепшай часткі грамадства.

Дарэчы! У сакавіку 2015 года Максім Берын абяцае прывезці ў Мінск адну з апошніх прэм’ер Барыса Эйфмана — спектакль «Радэн». Так што спаборніцтва фестываляў доўжыцца. Але пагадзіцеся: чалавек, абазнаны ў мастацтве, і культура ўвогуле ад гэтага толькі выйграюць...

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі