Канцэрт і канцэпт

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Вакальныя праекты Алены Медзяковай і Таццяны Старчанка
Канцэртаў у Мінску ладзіцца безліч. Але далёка не ўсе вартыя таго, каб выдаткоўваць на іх каштоўны час свайго адзінага жыцця. Ёсць такія, на якіх даседзець на канца немагчыма (штосьці ўвесь час раздражняе). Ёсць такія, калі цішком збягаеш у час антракту (галоўнае, каб не ўбачыў той, хто запрашаў!).

Наяўнасць інтэрнэту і YouTube, дзе можна колькі заўгодна слухаць самых лепшых і запатрабаваных (заўважце, бясплатна і дома), стварае моцную канкурэнцыю. На вечары вакальнай музыкі слухач выпраўляецца па розных прычынах. Пачуць арыгінальную праграму, улюбёнага саліста або дарагія сэрцу творы. А я — у тым выпадку, калі ў праекта ёсць канцэпцыя.

Пра два такія праекты і хацелася б распавесці. Адзін з іх называўся «Тэнары супраць басоў» і прэзентаваўся ў зале імя Александроўскай Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Другі, «Зоркі беларускай оперы», быў паказаны ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

Чым прывабіў першы, прыдуманы рэжысёрам Аленай Медзяковай? Насамрэч усё проста — не толькі геніяльнае, але выдатнае і адметнае. Большасць праектаў рамансавай музыкі ўвасабляецца жаночымі галасамі. Часцей сапрана. У кожнай трупе іх шмат, бо голас самы распаўсюджаны. Заняць усіх у спектаклях нерэальна. Каб у галовах сапрана не нараджаліся крамольныя думкі пра няслушнасць рэпертуарнай палітыкі, іх імкнуцца «загрузіць» такім чынам. Мужчынскія галасы ў падобных праектах амаль не прадстаўлены. Аднак і гэта няслушна. Наогул праява ваяўнічага фемінізму.

Калі рэжысёр здольны прыдумаць агульны каркас дзеі, ператварыць яе ў тэатралізавана-сюжэтную — гэта зарука поспеху. Праект «Тэнары супраць басоў» разгортваўся як... судовы працэс. З усімі элементамі — суддзямі, пратаколамі, лавай падсудных, кайданкамі. Басы абвінавачваліся ў недастатковасці вышыні (і праўда!), тэнары ў самалюбаванні і незаслужанай сімпатыі слухачоў. І прадстаўнік кожнага з бакоў даказваў, змагаўся, сапернічаў.

Калі праект увасоблены з азартам і відавочным кайфам, у ім вабіць многае. І арыгінальнасць рэпертуару (фрагменты з опер «Ламбардцы» Вердзі, «Рафаэль» Арэнскага, «Руслан і Людміла» Глінкі, аперэты «Д’ябальскі яздок» Кальмана). І здольнасць абыграць літаральна ўсё! Інструментальная «Італьянская полька» Рахманінава ператварылася... у танец ахоўнікаў. Спявалі нават «суддзі», Марына Акцёнцава і Таццяна Гаўрылава (як выявілася, выдатныя камічныя актрысы!). Смех у зале быў суцэльным, татальным, гамерычным.

Усе выканаўцы, сямёра тэнараў і чатыры басы, падаліся яркімі, нечаканымі. Класнымі! І ўсё-такі ў якасці пераможцаў назвала б Васіля Кавальчука і Эдуарда Мартынюка. Шкада: рэжысёры нашага ТВ, напэўна, не надта любяць оперу. І не трапляюць на такія праекты. На іх месцы даўно прапанавала б таму ж Мартынюку весці камедыйнае (ці парадыйнае) шоу. Пераканана: глядацкія рэйтынгі проста зашкальвалі б!

Цяпер пра другую вечарыну. Піяністка Таццяна Старчанка вельмі любіць працаваць з опернымі салістамі. Такія праграмы часцей аказваюцца эксклюзіўнымі. Гэтым разам у праекце сабраліся чатыры яркія і буйныя індывідуальнасці — Таццяна Траццяк, Наталля Акініна, Ілья Сільчукоў, Андрэй Валенцій. Амаль увесь дыяпазон галасоў — сапрана, мецца, барытон, бас. Структура праекта: першая дзея — ХІХ стагоддзе, значыць, Чайкоўскі, Глінка, Варламаў, Рахманінаў. Другая дзея — музыка ХХ стагоддзя, прычым другой яго паловы — Свірыдаў, Гаўрылін, Шапорын. І трэцяя — старадаўнія рамансы, фактычна «бісы». У выніку сабралося шмат рарытэтных сачыненняў.

Такія праекты прывабныя не толькі аншлагам, гарачымі воплескамі і безліччу кветак. Кажу пра гэта, бо рэакцыя залы істотна ўплывае на ўспрыманне вакальнага твора. Назіраючы за гэтымі спевакамі на працягу не аднаго сезона, з радасцю заўважаю, што яны не проста ўдала тыражыруюць і паўтараюць ранейшыя здабыткі і дасягеннні. Салісты мяняюцца, развіваюцца. І тады талент набывае ўпэўненасць, моц. У кожным з артыстаў вабяць насычанасць і прыгажосць тэмбру. Свабода і натуральнасць гуку. Ніякай надтрэснутасці, «качкі» голасу або глухаватых нот.

Відавочна, калі раманс, класічны ці сучасны, зроблены як след. Калі ён адточаны і адшліфаваны. Прадуманы эмоцыі, міміка, пластыка. І таму многія нумары ператвараліся ў маленькія музычна-тэатральныя шэдэўры. Як, напрыклад, «Жабрачка» Аляб’ева (у выкананні Акінінай). Раманс «Я ли в поле да не травушка была» (увасоблены Таццянай Траццяк). Творы Свірыдава «Всю землю тьмой заволокло» (у інтэрпрэтацыі Андрэя Валенція) і ягоныя ж рамансы з цыкла «Отчалившая Русь» (у версіі Ільі Сільчукова).

Ідэальна, калі піяніст здольны найлепшым чынам прэзентаваць спевака. Калі адчувае яго індывідуальнасць і заклапочаны, як зрабіць яе больш яркай і адметнай, а кожнае імгненне на сцэне — асэнсаваным, насычаным мноствам пачуццёвых фарбаў. І ад гэтай насычанасці ўзнікае глыбіня сэнсу, россып мастацкіх асацыяцый. Увогуле праекты Таццяны Старчанка пераконваюць: вялікая зала філармоніі можа і павінна быць паўнюткай. Не варта наракаць на публіку, якая, маўляў, не хоча, не любіць, не цікавіцца! Яна якраз хоча, любіць і чакае. Толькі і ўзровень праграмы мусіць быць адпаведным...

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі