У чым цыганскае шчасце?

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

«Як?! Зноў пра аперэтку?!» — скрывіць нос высакалобы эстэт. Па-першае, не пра аперэтку, а пра аперэту. Па-другое, музыка Штраўса — на ўсе часы, яго творы ставіліся і будуць ставіцца на сцэнах усяго свету.

Нездарма Франц Легар, таксама класік аперэты, пісаў пра гэтага кампазітара: «Чароўнасць яго гукаў знікне толькі тады, калі не будзе больш жыццярадаснасці, калі чалавецтва развучыцца смяяцца, спяваць і танцаваць». Сапраўдным шэдэўрам Іагана Штраўса лічыцца «Лятучая мыш». Крыху менш папулярныя — «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон». Музыказнаўцы так тлумачаць сутнасць пераўтварэнняў, здзейсненых Штраўсам: кампазітар здолеў узняць танцавальную музыку да сімфанічных вяршынь. Тое, што пазней Джордж Гершвін ажыццявіў у дачыненні да джазу.

Сапраўды, не любіць Штраўса нельга. І айчынныя тэатры ніколі не забывалі пра яго творчасць. На пачатку 1960-х «Лятучая мыш» ставілася ў нашым Оперным. Гэтая ж аперэта з Наталляй Гайдай у галоўнай партыі восенню 1983-га адкрыла сезон у цяперашнім будынку Музычнага. У тым жа годзе ў рэпертуары тэатра з’явілася «Ноч у Венецыі» ў рэжысуры Сямёна Штэйна. «Цыганскі барон» у 1960-м узнік на афішы Тэатра оперы і балета.

Мастацкі ўзровень пастаноўкі, жанр якой першапачаткова акрэслены як аперэта, шмат у чым залежыць ад здольнасці пастановачнай брыгады і артыстаў абысці рыфы і пераадолець славутыя аперэтачныя штампы. Новы спектакль Музычнага, пра які пойдзе размова, цікава аналізаваць менавіта ў такім рэчышчы. Бо для сучаснага тэатра самае важнае: якім чынам прывабіць не толькі шырокую публіку, што «робіць касу» і прыходзіць адпачыць (у пустой зале спектакль ісці не будзе), але і тых, хто доўгі час сочыць за развіццём калектыву і ў стане ацаніць мастацкія здабыткі. На маю думку, пошукі навізны ішлі праз змяненні ў структуры, праз акцёрскія работы і харэаграфію.

У «Бароне», увасобленым рэжысёрам Барысам Лагодам у Музычным тэатры ў 1997 годзе, акцэнт рабіўся на эксцэнтрычнасці твора. У дадатак чарговасць нумароў і структура партытуры Штраўса аказаліся істотна змененыя. У новай версіі рэжысёр Ганна Маторная імкнулася вярнуцца да першапачатковай версіі кампазітара і падкрэсліць лірыка-рамантычныя фрагменты, каб наблізіць спектакль да камічнай оперы. Класічная аперэта звычайна мае тры дзеі. Маторная паўстала перад выбарам: калі захаваць партытуру Штраўса, прыйдзецца ахвяраваць усімі размоўнымі эпізодамі. А іх заўсёды чакае глядач! Давялося рабіць купюры і ў тэксце, і ў музыцы. У выніку атрымалася пераканаўча, «швоў» не чуваць. Фактычна рэжысёр стварыла ўласную літаратурна-сцэнічную рэдакцыю лібрэта. Цяпер аперэта мае дзве дзеі. Яны разгорнутыя, але працягласць спектакля — крыху менш за тры гадзіны. Болей айчынны глядач і не вытрымае.

Што да выканаўцаў вядучых партый, дык самым яркім вобразам «Цыганскага барона» атрымаўся Каламан Зупан, увасоблены Віктарам Цыркуновічам. Часам думаеш: мо ў гэтай версіі галоўны не барон, а менавіта Зупан? Гледзячы на сакавітага характарнага персанажа, цяжка ўявіць, што Цыркуновіч у такой жа ступені пераканальны ў абліччы рамантычных герояў (граф Разанаў у «Юноне і Авось») або гістарычных персанажаў (кароль Ягайла ў «Соф’і Гальшанскай»). Вядома, яго Зупан смешны і недарэчны ў сваёй любові да шматлікіх свінак (уявіце, 5 тысяч жывёлін!). Але разам з тым каларытны і жывы. Гэткі рэальны фермер з неабсяжнай гаспадаркай! Чым не алюзіі на сучаснасць?!

Яшчэ адзін запамінальны вобраз — Сандар Барынкай у інтэрпрэтацыі Арцёма Хамічонка. Артыст дакладна адпавядае амплуа менавіта героя, гэта сапраўдны набытак для трупы! Вядучыя партыі ў класічных аперэтах часцей аддадзены барытонам (Эдвін, Містар Ікс), і тады нават дыяпазон голасу дадае ім мужнасці. Партыя Барынкая напісана для тэнара. Але Хамічонак удала пазбягае і адценняў ахвярнасці, уласцівых такім персанажам у оперы, і салодкагалосай гламурнасці, часам неаддзельнай ад тэмбру. Харызматычнасць саліста, уменне быць на сцэне значным прымушае забыць пра штампы жанру, і без якіх, напэўна, немагчымае існаванне класічнай аперэты.

Сафі ў Наталлі Дзяменцьевай эфектная — высокая, танклявая, пластычная. Годная вакальная падрыхтоўка дапамагае спявачцы спраўляецца з опернай па сутнасці партыяй. Запамінаецца крыштальна чыстае гучанне голасу. На мой погляд, Дзяменцьева — ідэальная каралева Ганна ў іншым спектаклі тэатра, мюзікле «Шклянка вады»; вытанчаная і выхаваная, крыху халаднаватая, у нечым ахвяра сацыяльнага статусу, які і перашкаджае ёй быць шчаслівай. У партыі Сафі артыстцы крыху не хапае напалу эмоцый і водару вядзьмарства. Але, відаць, і такі варыянт прачытання ролі магчымы, калі ўлічыць, што Сафі — не цыганка ад нараджэння, яна выхаваная табарам, таму арыстакратызм мог прысутнічаць у яе душы як вызначальная рыса.

Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова — жыццярадасная Мірабела, аканомка Зупана — упершыню выступае ў класічным рэпертуары. І лёгка пераадольвае амплуа жанчыны-вамп (бо такія партыі ёй часта прапаноўвалі ў мінулыя сезоны). Астатнія героі існуюць у межах вядомых аперэтачных амплуа, але напаўняюць сцэнічны малюнак і вакал іскрынкамі жывых пачуццяў. Ірына Кучынская малюе сваю Арсену, дачку Зупана, наіўнай і кранальнай. Да пары ёй рамантычны Отакар Аляксандра Гелаха. Упэўнена адчувае сябе Анзор Алімірзоеў у ролі Стэфана, бравага служкі Сандара. Эфектная Чыпра ў Ірыны Заянчкоўскай (хоць да вакальнага боку партыі ёсць некаторыя прэтэнзіі). Сцэна гадання Чыпры ідзе падчас уверцюры, завабліваючы гледача ў атмасферу спектакля.

Граф Аманай (Антон Заянчкоўскі) выконвае ролю гэткага «бога з машыны». Яго з’яўленне ў фінале імкліва развязвае сюжэтныя вузлы. У выніку Сафі аказваецца дачкой графа, і яе шлюбу з Барынкаем нішто не перашкаджае. Каралеўскі суддзя Карнера дыскрэдытаваны, шлях да шчасця для Арсены і яе каханага Отакара адкрыты. Пры канцы можна святкаваць аж тры вяселлі! Зразумела, гэта музычная казка са шчаслівым канцом. Але класічныя творы слухаюць і глядзяць зусім не для знаёмства з сюжэтам.

Заўважу, віртуозная музыка Штраўса складаная для вакальнага выканання. Хор тэатра ці не цалкам змяніўся за апошнія сезоны. Артысты выразныя ў спевах, адначасова лёгка і пластычна рухаюцца, ствараючы маляўнічую карціну цыганскага табару.

«Цыганскі барон» атрымаўся дарагім і відовішчным спектаклем: для яго спатрэбілася амаль 200 касцюмаў. Відавочная грунтоўная праца мастака па касцюмах Любові Сідзельнікавай. Эфектна выглядаюць многія героі, шматлікі цыганскі хор і танцоры. Цікава разглядаць колеры тканін, іх спалучэнні, спадніцы, пашытыя як «падвоенае сонца». Адмысловую колеравую гаму з адценняў шэрага, жамчужнага, карычневага ўтвараюць касцюмы мужчынскага хору.

Агульнае рашэнне прасторы сведчыць, што сцэнограф Андрэй Меранкоў ніяк не можа абысціся без лесвіц! Але яны даюць магчымасць рэжысёру цікава пабудаваць мізансцэны. У «Бароне» патрэбна была канструкцыя кампактная і здатная да трансфармацыі. З аднаго боку, гэта будынкі, што належаць Зупану, з другога — замшэлыя руіны былога замка Барынкая, аблюбаваныя табарам. Дасціпна выкарыстоўваюцца цюкі спрасаванага сена.

Спектакль пераконвае: яго стваральнікі і выканаўцы былі захоплены паглыбленнем у цыганскі фальклор. Артысты спяваюць — і адначасова танцуюць. Дзяўчаты лёгка і натуральна абыходзяцца з велізарнымі хусткамі, якія — не толькі адзенне, але і частка рухомай бутафорыі. Утвараюць шацёр, куды трапляе Зупан. Зрокава павялічваюць карагод. Нагадваюць пра танец «сямі пакрывал» падчас сола маладой цыганкі.

Думаю, цікавасць да фальклору і носьбітаў цыганскай культуры была адным са сродкаў пераадолення спрадвечных аперэтачных штампаў і давала магчымасць свежага і арыгінальнага прачытання сюжэта і партытуры. Пачатак 2-й дзеі і яго ўступныя нумары («Чардаш» на музыку Монці і песня «Сонейка») сталіся эмацыйнай кульмінацыяй спектакля. У атмасферы, прасякнутай цяплом летняй ночы, здаецца, само па сабе ўспыхвае каханне Барынкая і Сафі.

Адзіная заўвага зануды-крытыка. Візуальныя ўражанні ад касцюмаў, спалучаныя з песнямі і скокамі, досыць моцныя і часам «перакрываюць» усё астатняе. Выходзіш з тэатра, а ў памяці — табар, танцы, спадніцы, хусткі! Гэтай маляўнічасці столькі, што музыка Штраўса неяк адыходзіць на другі план. Становіцца не вызначальнай, не такой важнай. Магчыма, збалансаванасць частак спектакля яшчэ з’явіцца?

Увогуле Ганна Маторная — перспектыўны рэжысёр. Працуе хутка, мысліць арыгінальна. У гэтым пераконвалі многія яе папярэднія работы. Не толькі «Званочак» Гаэтана Даніцэці і «Калядны альбом» — працы, у якіх многія салісты тэатра паўсталі ў нечаканым абліччы, а ў большай ступені тыя, што пастаўлены за межамі Музычнага. «Дыдона і Эней» Генры Пёрсела, «Любоўны напой» Даніцэці — у опернай студыі Акадэміі музыкі. «Юбілей» Сяргея Картэса — мультымедыйны праект, ажыццёўлены на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі да юбілею Чэхава. Разумею: калі рэжысёр у штаце, ён павінен працаваць над запланаванымі спектаклямі. Але рэсурс Маторнай большы, чым актуалізацыя нават лепшых партытур венскіх класікаў. Не перастану паўтараць: Мінску, амаль двухмільённаму гораду, вельмі патрэбная эксперыментальная музычная пляцоўка, дзе можна было б ставіць камерныя оперы, спектаклі з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных сродкаў. Адначасова ўзнік бы моцны стымул для кампазітараў, рэжысёраў, артыстаў. І новых твораў…

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі