Шматаблічная Манон

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

Гастролі Нацыянальнай оперы «Эстонія»

/i/content/pi/mast/67/1133/8.jpg
«Манон» Жуля Маснэ.Алена Шкатула (Манон), Віталь Нікалаеў (Пан Ж.М.).
У Мінск прыехала ажно 260 прадстаўнікоў талінскага тэатра. Адначасова ў Талін выправіліся нашы оперная і балетная трупы, дэсант склаў 210 чалавек. Такія абменныя гастролі не ладзіліся ў Беларусі з Эстоніяй ні ў савецкі, ні ў постсавецкі перыяд, а надарыліся ўпершыню. Як дасціпна заўважыў падчас прэс-канферэнцыі дырэктар эстонскай опернай трупы Март Мік, «на тыдзень мы памяняліся дамамі». Сцэна талінскага тэатра па сваіх памерах у два разы меншая за нашу, таму салісты шчыра прызналіся, што напачатку спужаліся параметраў нашай пляцоўкі. Але самі спектаклі сведчылі: у мінскай сцэнічнай прасторы яны асвоіліся.

Эстонцы прывезлі пастаноўкі, якія лічаць лепшымі: оперы «Манон Леско» Пучыні, «Травіята» Вердзі, балеты «Шчаўкунок» у пастаноўцы Бэна Стывенсана і «Манон» з харэаграфіяй Кенэта МакМілана. Як фарміравалася гастрольная афіша?

Па-першае, госці зыходзілі з назваў, якія самі хацелі паказаць. Па-другое, улічвалі тэхнічныя параметры сцэны. І, па-трэцяе, думалі, як спектаклі будуць прадавацца. Што да апошняга, дык зала запоўнілася амаль цалкам. Напэўна, уласны балет эстонцы ацэньваюць вышэй (кошт квіткоў даходзіў да 800 тысяч), опера каштавала менш (да 500 тысяч). Дарэчы, у самім Таліне расцэнкі наступныя: прэм’еры — 30-35 еўра; каб трапіць на спецмерапрыемства, трэба аддаць да 60-ці; звычайны кошт квіткоў — 10-30 еўра. Не надта танна. Чвэрць ці нават трэцяя частка талінскай публікі — турысты. Таму ў рэпертуары оперныя шлягеры кшталту «Травіяты», «Кармэн», «Багемы». Цікава, што ў тэатры «Эстонія» ідуць не толькі оперы і балеты, але і класічныя аперэты разам з мюзікламі («Мая цудоўная лэдзі», «Чалавек з Ламанчы»).

Калі аналізуеш іх афішу, заўважаеш шмат рэдкіх назваў. Надзіва багата твораў на музыку нацыянальных аўтараў. І не выпадкова. Спектаклі па творах эстонскіх кампазітараў — праява мэтанакіраванай палітыкі. І гэтаму варта павучыцца. Кожныя два-тры гады калектыў заказвае новы твор камусьці з айчынных аўтараў. Не так даўно адбылася прэм’ера дзіцячай оперы «Прынц і жабрак», галоўныя партыі ў ёй спяваюць блізняты.

Цяпер — пра непасрэдныя ўражанні ад спектакляў. Спынімся на двух сцэнічных увасабленнях аднаго сюжэта — рамана абата Прэво, прысвечанага жыццю куртызанкі Манон Леско. На ўвасабленнях оперным і балетным. Тым больш, такая сітуацыя здараецца рэдка.

У аснове эстонскіх спектакляў ляжаць розныя партытуры. Харэаграфічны грунтуецца на музыцы Жуля Маснэ. Яго опера, напісаная ў 1884-м, была пастаўлена на сцэне нашага тэатра больш за паўстагоддзя таму. Калі славуты англійскі харэограф Кенэт МакМілан пачаў працаваць над тэмай, музычную рэдакцыю будучага балета зрабіў для яго Марцін Етс, спалучыўшы фрагменты з іншых, ажно 13-ці (!), опер Маснэ, яго сімфоній, але не выкарыстаўшы музыкі з оперы «Манон».

Оперны спектакль грунтуецца на партытуры Пучыні (гэта адно з першых яго буйных сачыненняў, у ім чуюцца будучыя «Багема» і «Батэрфляй»). Музычны матэрыял арыгінальны, пачуццёвы, мінскаму слухачу незнаёмы. Апошняя акалічнасць, магчыма, і стварае пэўную перашкоду. Да яго трэба прызвычаіцца, паслухаць неаднойчы. У балеце пластыка — рэч красамоўная, яна не патрабуе перакладу. У оперы важныя адценні адносін, акалічнасці сюжэта. Асабліва калі слухаеш упершыню. І замест таго, каб атрымліваць асалоду выключна ад спеваў, раз-пораз касавурышся ў бок «бягучага радка»: «Што ж ён сказаў ёй (або яна яму)?»

Што да рэжысуры і агульнага пастановачнага рашэння, дык тут супастаўленні таксама выяўляюць кантраст і нятоеснасць бачання канфлікту. МакМілан, класік харэаграфіі, паставіў гэты спектакль даўно, лонданская прэм’ера адбылася ў 1974-м. Розныя тэатры свету лічаць за гонар ўвасобіць яго харэаграфію, але далёка не ўсім такі дазвол даюць спадкаемцы балетмайстра. Талінскай трупе дазволілі, і прэм’ера там адбылася ўсяго два гады таму.

Пластычная мова славутага англічаніна нечаканая. У ёй няма архаікі і маральнай састарэласці. Уменне прадбачыць, што будзе цікава гледачу праз шмат гадоў, — прыкмета вялікага таленту. Вабіць свежасць харэаграфічнага мыслення. Уражваюць складаныя дуэты, якіх шмат у кожнай дзеі, вынаходлівыя падтрымкі, што патрабуюць віртуознай тэхнікі і дасканалага валодання целам. Умення разлічыць рух па секундах, каб не памыліцца і супасці з аркестрам.

Прэм’ера оперы «Манон Леско» адбылася ў Таліне таксама два гады таму, у 2011-м. Пастаноўшчыкам выступіў Андрэйс Жагарс, дырэктар Латвійскай оперы, артыст па адукацыі, удалы менеджар. На Мінскі калядны форум 2011 года Латвійская опера прывозіла ажыццёўленую ім пастаноўку «Травіяты». Яна прываблівала арыгінальнасцю бачання. «Манон» уражвае менш. Пры ўсёй павазе да яго, трэба прызнаць, што Жагарс — постаць усё-такі крыху меншага маштабу, чым Кенэт МакМілан.

Балетмайстар у спектаклі пакінуў час дзеяння нязменным — гэта XVIII стагоддзе. Карэты, камзолы, парыкі, пышнія строі паненак... Пастаноўшчык дае панараму жыцця розных слаёў грамадства, ад арыстакратаў да жабракоў. Балет МакМілана захоўвае чароўны вэлюм эпохі, уражвае кантрастамі (шыкоўны баль у 2-й дзеі — і турма ў 3-й, феерычныя строі гасцей — і арыштанцкія робы). Адначасова прымушае глыбока спачуваць галоўным героям і іх драме.

Жагарс перанёс дзеянне оперы ў 60-я гады ХХ стагоддзя. Поўдзень Францыі, весяліцца «залатая моладзь». Замест куртызанак — студэнты-бунтары. Музыка, сюжэт, героі — усё нібыта сышлося. Мяркую, у пастаноўкі ёсць свае прыхільнікі. Але надта малая адлегласць між цяперашняй рэальнасцю і часам сцэнічным пазбаўляе спектакль другога і трэцяга плана. А таксама дыстанцыі і таямніцы. У некаторых сцэнах «Манон Леско» ўспрымаецца як тэлерэпартаж з Францыі, дзе бунтуюць студэнты. Толькі навошта ім яшчэ і спяваць?..

У пастаноўцы хапае яркіх фрагментаў. Выключна зроблены масавыя сцэны ў 1-й і 2-й дзеях. У кожнага артыста хору ці мімансу — уласная сцэнічная задача. Таму паводзіны кожнага героя натуральныя. Усе занятыя справай, ніхто не пазіруе. Няма штучнасці. Уражанне, што бачыш фрагмент з фільма эпохі неарэалізму.

Такім чынам, шыкоўная парыжская куртызанка ператвараецца ў самую папулярную дзяўчыну ў горадзе (оперная Манон — Айле Асзоній). Спявачка мае прыгожы і адметны голас, эмацыйна сябе паводзіць. Шкада, мастак па касцюмах (Крысціна Патэрнака з Латвійскай оперы) празмерна захапляецца чырвоным колерам у яе абліччы. Чырвоныя туфлі і нават чырвоныя панчохі. Чырвоная сукенка на фоне чырвонай канапы. Ажно занадта!

Леско (Раўно Элп), брат гераіні, нагадвае ці гандляра, ці італьянскага мафіёзі, які імкнецца прадаць усё што можна. Нават родную сястру. Кавалер дэ Грые ператварыўся ў Рэнэ дэ Грые, беднага студэнта. Выканаўца партыі, тэнар Март Мадыстэ, мае прыгожы тэмбр голасу. Геронт дэ Равуар (Март Лаўр), высокі і крыху нязграбны «спонсар» гераіні, да якога яна збягае ад студэнта, успрымаецца як тыповы «татуля», толькі оперны.

Ці можна сцвярджаць, што ў гераіні ёсць выбар? Як на мой густ, дык невялікі. З адным не надта надзейна, бо якія перспектывы сумеснага жыцця са студэнтам? Другі надзейны, але стары і непрыгожы. Пакуль хцівая і прагная да багацця паненка імкнулася не свае брыльянты забраць і адкрыць сейф (з дапамогай браціка), тут і паліцыя з’явілася. Ну, так здарылася! Крымінальныя разборкі... Драма ёсць у музыцы, але, на жаль, яе няма ў оперным спектаклі.

Балетная інтэрпрэтацыя акрэслівае больш складаныя пытанні. І адначасова імкнецца даць на іх адказы. Манон — увасабленне вечнай жаноцкасці, магічнае ўздзеянне якой адчувае кожны? Або куртызанка, якая імкнецца да нечуванай раскошы і грошай? Яны шчырая ці лжывая? У чым прычына яе трагедыі? У збегу акалічнасцей? У імкненні спалучыць каханне і заможнасць? Як вырашыць дылему: жыць разам з любым, але ў галечы, або з нялюбым, ды сярод раскошы? Слухаць сэрца ці жыць па разліку? Такое пытанне актуальнае не першае стагоддзе.

Рэжысёрская задума ўвасабляецца ў вобразах, у пластычнай і эмацыйнай адпаведнасці артыста герою. У харэаграфічнай «Манон» выканаўцы галоўных партый надзіва пераканаўчыя. Віталь Нікалаеў — Пан Ж.М. — паўстае злым геніем, які спачатку без межаў захапляецца гераіняй, узносіць яе на Алімп, а потым, раз’юшаны, «здае» былую каханку паліцыі. Рамантычнасцю аблічча, прыгожымі лініямі пластыкі, унутранай парывістасцю запамінаецца Максім Чукароў (дэ Грые). Ён вызначаецца цэласнасцю натуры. А Пан Ж.М. і сама Манон, здаецца, час ад часу змяняюць маскі.

Адным з самых яркіх уражанняў эстонскіх гастроляў сталася выступленне ў галоўнай партыі спектакля Алены Шкатула, беларуска-эстонскай балерыны. Дзесяць гадоў таму яна скончыла наш харэаграфічны каледж, два сезоны танцавала ў мінскай трупе, выконваючы невялікія партыі. Сярод сольных запомніліся яе Ганна Багранародная ў «Страсцях» і Дзяўчына ў «Балеро». Відавочна, у Мінску яе не бачылі ў ліку вядучых. Алена з’ехала ў Талін у 2008-м, не так і даўно. У тым была рызыка (пачаць усё спачатку), але яна аказалася апраўданай і дала нечаканы плён. Шкатула зрабілася надзіва запатрабаванай! Цяпер танцуе Адэту—Адылію, Жанну Эбютэрн у балеце «Мадыльяні — акаянны мастак», каралеву Анну ў «Трох мушкецёрах». Алена паўстала ў Мінску як пераможца. Яе гераіня — у арэоле зіхатлівай жаноцкасці. А сама балерына пераканала, што здолела прынцыпова змяніць свой артыстычны лёс.

Манон — складаная партыя. Артыстка літаральна не сыходзіць са сцэны. Шмат варыяцый, а ў іх багата «пальцавай» тэхнікі. Вялікія, разгорнутыя дуэты з дэ Грые ўспрымаюцца як самыя яркія эпізоды спектакля і «астравы лірыкі». Асабліва моцнае ўражанне пакідае першы, пастаўлены на музыку славутай «Элегіі». Зала была заварожана той пранікнёнасцю і паглыбленасцю ў пачуццё, якое для абодвух герояў адкрылася так нечакана.

У апошняй дзеі Манон паўстае іншай. Яна — быццам зламаная кветка, чые дух і прыгажосць загублены фізічнымі выпрабаваннямі, турэмным зняволеннем, увогуле падзеннем з вышыні грамадскай іерарахіі. Моцны фінал балета, калі Манон памірае на руках каханага. А што далей? Які быў сэнс ва ўсіх папярэдніх учынках, калі гісторыя скончылася так трагічна?! Застаюцца ў памяці рукі дэ Грые, узнятыя да неба ў адчаі і скрусе.

Увогуле знаёмства з эстонскімі операй і балетам аказалася надзвычай карысным. Новыя назвы пашыраюць наш кругагляд. Кожная гастрольная вандроўка ўсталёўвае трывалыя тэатральныя сувязі. Думаю, яны будуць толькі ўмацоўвацца ў наступныя сезоны. Акрамя таго, параўнанні і супастаўленні дапамагаюць лепш выявіць здабыткі і заваёвы нашай уласнай трупы і ўбачыць яе месца ў разнастайнасці абліччаў вядомых еўрапейскіх тэатраў. 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі