Аўтар жывы! І за раялем...

№ 4 (361) 01.04.2013 - 30.04.2013 г

«Мелодыя сэрца» Праект кампазітара Дзмітрыя Даўгалёва і паэта Уладзіміра Пецюкевіча

 

/i/content/pi/mast/67/1132/6.jpg
Кампазітар Дзмітрый Даўгалёў.
Дзмітрыя Даўгалёва ведае кожны, хто цікавіцца айчыннай эстрадай. Ягоныя песні — у большасці сваёй «хіты», з яго вакальнымі кампазіцыямі нашы выканаўцы перамагаюць на самых прэстыжных міжнародных конкурсах. Уражанне, што за яго новымі сачыненнямі часам «палююць», за іх змагаюцца.

Ён — адзін з самых яркіх і самабытных вучняў Яўгена Глебава, а той неталенавітых людзей у свой клас не браў. У музычных колах ходзяць легенды наконт адной з першых песень Даўгалёва, «Гаю мой, не кліч». Калі Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, вялікі і неаспрэчны знаўца эстрады, упершыню пачуў яе, дык сказаў кампазітару: маўляў, усё, можаш нічога болей не сачыняць, у гісторыі айчыннай музыкі ты ўжо застаўся! Даўгалёў напісаў песню, калі быў яшчэ студэнтам. Цяпер яна ўваходзіць у «Залатую калекцыю» беларускай эстрады, калі з соцень вядомых і папулярных айчынных песень ХХ стагоддзя былі выбраны некалькі дзясяткаў лепшых. Вызначэнне калекцыі адбылося падчас правядзення Першай нацыянальнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва.

За творчасцю Дзмітрыя сачу даўно. З цікавасцю і захапленнем. Бо кантактаваць з чалавекам таленавітым — задавальненне. Але мяне заўжды непакоіла і абурала крыўдная неадпаведнасць паміж маштабам таленту і ступенню грамадскага прызнання. І шмат гадоў не магу адказаць на пытанне: чаму на авансцэне, у эфіры, на тэлеэкране не самыя яркія і таленавітыя?

Дзесяць гадоў таму я рабіла гутарку з кампазітарам і спытала: а калі ж аўтарская вечарына пройдзе на сталічнай сцэне, калі з’явяцца новыя дыскі? Праект Даўгалёва і Пецюкевіча «Мелодыя сэрца», прэзентаваны ў нашай філармоніі, своеасаблівы адказ на пытанне. Нарэшце! Аншлаг, поўная зала, дарагія квіткі, воплескі і букеты...

Чым захапіў праект? За тры гадзіны музыкі — лічы, акіян! — айчынная эстрада паўстала ў нязвыклым абліччы. Такой мы даўно яе не чулі і не бачылі. Інтэлектуальная публіка часта грэбліва ставіцца да эстрады, бо атаясамлівае паняцці «эстрада» і «папса». Але эстрада і «папса» — рэчы розныя. Тым больш што існуе эстрада высакародная, адрасаваная інтэлігентнаму слухачу. Песні, напісаныя творчым дуэтам кампазітара і паэта, — з’ява адметная. Яны даўно, як кажуць, крочаць па краіне. Разгорнеш газету — ноты надрукаваныя. Прыедзеш на конкурс — хтосьці гран-пры з іх сачыненнем возьме. Але калі разам, запар, калі масіў — уражвае болей.

Па-першае, наконт тэкстаў. Нідзе, ніколі, ні пры якіх абставінах — ні аднаго пошлага, дурнога ці выпадковага радка. Вершы не пра пустых і прэтэнцыёзных «дзевачак» і «хлопчыкаў», а пра таго і для таго, хто думае, адчувае, пакутуе, помніць. У вершах ёсць пачуццё — шчырае, у нечым наіўнае, але неверагоднай моцы. Часта адчуваецца драматызм, калі не трагедыйнасць. Але хапае і лірызму, светлага суму, гарэзнай радасці.

Па-другое, слухач, як ні пераконвай таго ў плённасці і прывабнасці авангардызму, хоча чуць меладычныя вакальныя творы. Прыгожыя, пяшчотныя, душэўныя. З багаццем меладычнага малюнка, з кранальнай інтанацыяй. Ці часта мы ўсведамляем, што нарадзіць мелодыю — амаль тое самае, што зрабіць навуковае адкрыццё? Тое, што потым будуць з задавальненнем спяваць лепшыя выканаўцы, трэба спачатку пачуць. Унутраным слыхам. Сярод жыццёвага тлуму і пабытовага шуму.

Глыбокая ўнутраная адпаведнасць верша і музыкі — з’ява рэдкая, але для сапраўдных песень неабходная. Калі мелодыя і слова з’яднаныя, яны ўздзейнічаюць непараўнальна мацней, чым паасобку. Мо таму сумесныя сачыненні тандэма такія энергетычна ёмістыя? Думаю, магчымасць падключыцца да прасторы «высокіх энергій» падсвядома адчуваюць выканаўцы. Бо запомніцца, вылучыцца, а тым больш перамагчы з музычнай драбязой або глупствам немагчыма.

Пра жанр. Шмат гістарычнай тэматыкі і рамантычных алюзій. Невыпадкова жанр многіх сачыненняў — драматычныя балады, калі сакавітасць і паўнагучнасць фальклорных крыніц яднаецца з сучасным музычным стылем. Слухаеш — «прабівае». Камяк у горле...

Творчы тандэм Даўгалёва і Пецюкевіча аказаўся надзвычай плённым. Яны шукаюць і сачыняюць. Не стамляюцца (сведчанне — пачутыя прэм’еры). Не паўтараюць сябе, а гэта дарагога каштуе. З поўнай адказнасцю сцвярджаю: «Гаю мой, не кліч», «Пажадай мне, мама», «Балада», «Рэха жураўлінае», «Голуб з галубкай» — шэдэўры, якія з часам набываюць усё большую важкасць і прыгажосць.

Падрыхтоўка апошняга праекта заняла ў Даўгалёва амаль год. Амаль для ўсіх песень кампазітар напісаў новыя аранжыроўкі, бо меркаванае выкананне з аркестрам адклалася на няпэўны тэрмін. Значыць, вырашыў аўтар, аркестр і багацце яго гучання павінны адчувацца менавіта ў аранжыроўках. Яны разнастайныя, свежыя, вынаходлівыя.

Арыгінальнымі і вартымі сцэнічнага ўвасаблення падаліся фрагменты з рок-оперы «Агонь Праметэя». Над ёй Даўгалёў працаваў гадоў дзесяць, скончыў, але ці адбудзецца калі-небудзь прэм’ера, ніхто не ведае. Дзе вы, айчынныя прадзюсары і рэжысёры? Ау! Непасрэдныя эмоцыі залы выклікалі віртуозныя інструментальныя кампазіцыі (у дуэце з Ігарам Леўчуком) і фартэпіянныя сола, увасобленыя кампазітарам. Як кажуць у такіх выпадках, аўтар жывы! І — за раялем. П’есы «Танец над безданню», «Дарога», «Круіз» выразныя, дынамічныя, у іх шмат драйву і дасціпнасці.

І апошняе. Выканаўцы — як на падбор. Амаль заўжды не галасы, а «галасішчы». Яны зноў-такі стваралі нейкае нязвыклае ўяўленне пра эстраду, нібыта дагэтуль мы жылі ў іншай краіне. Высвятляецца, што галасы ёсць! І прыродай пастаўленыя, і апрацаваныя навучаннем.

Сярод спевакоў асабліва моцнымі падаліся чацвёра. Алег Сямёнаў, чый голас, часам амаль арганнага гучання, сталее і набывае моц з кожным годам. Пётр Ялфімаў, харызматычны спявак, які надзіва пераканаўча ўвасобіў арыёза Праметэя з рок-оперы. Валерый Дайнека, якога любіць публіка, саліст «Беларускіх песняроў», на вечарыну прыехаў спецыяльна з Расіі. Ён шмат гадоў сябруе з Даўгалёвым і лічыць «Гаю мой, не кліч» уласнай візітоўкай. І нарэшце, Уладзімір Стамаці, «наш» па адукацыі, але цяпер украінец. Магутны і па знешніх параметрах, і па сіле вакалу спявак так скарыў залу, што яна проста заходзілася ад захаплення.

Цудоўна, што Міністэрства культуры сур’ёзна паспрыяла таму, каб праект «Мелодыя сэрца», дзе было занята шмат майстроў эстрады, адбыўся. Шкада, калі наступная вечарына Даўгалёва і Пецюкевіча здарыцца толькі праз пяць ці дзесяць гадоў…

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі