Ці застанецца Насця ў вёсцы?

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Як здабыць для СДК 200 мільёнаў рублёў / Акцыя "К": журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі
Чарговы этап аўтапрабегу быў прысвечаны брэндавым праектам работнікаў культуры Гальшан (Ашмяншчына). Шмат нечаканага мы пабачылі і ў дзвюх вёсках Астравецкага раёна. Карацей, нас вітала гэтым днём сівая і мудрая Гродзеншына. І мы ў чарговы раз вучыліся ў яе адчуваць хаду часу і быць адказнымі за кожны свой крок. Урэшце, любая камандзіроўка — урок любові да Беларусі і да тых людзей, хто раз і назаўжды адчуў сябе беларусам.

/i/content/pi/cult/463/9793/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/463/9793/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/463/9793/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/463/9793/10-4.jpg

Замкавыя сцены выраслі на 2 метры

У Гальшанах мы чарговы раз паспачувалі мясцовым работнікам культуры, што не здолелі ў свой час давесці высокім і адказным асобам, што мясцовы брэндавы сярэднявечны фестываль мае поўнае права на сэнсавае і творчае дачыненне не толькі да рэальнай Соф’і Гальшанскай, але і да тутэйшых інфернальных, але таксама брэндавых замкавых прывідаў. Прагматычныя расіяне, да прыкладу, калі няма мясцовых міфаў, імгненна іх прыдумваюць на радасць турыстам. Мы пакуль толькі вучымся ашчаджаць сваё. Але поспехаў збольшага дамагаемся не ў сучаснай міфалагізацыі, а ў цалкам канкрэтных справах па адраджэнні замкавых святынь. Вось і ў Гальшанах, да прыкладу, узяліся за добраўпарадкаванне прылеглай да муроў тэрыторыі.

Убачанае карэнным чынам змяніла стаўленне да перспектыў палаца. Ужо на пад’ездзе да галоўнай архітэктурнай дамінанты Гальшан пабачылі спецтэхніку і вагончык для рабочых. Прыемна здзівіла сеткавая агароджа муроў палаца — з аднаго боку яна абараняе аб’ект ад набегаў цікаўных турыстаў і, разам з тым, дазваляе бесперашкодна ўбачыць яго адметнасці.

Апошнім разам рэшткі велічнага палаца давялося бачыць увесну 2012-га — пад час фестывалю “Гальшанскі замак — Карнавал стагоддзяў”. Тады шматлікія госці фэсту на свой страх і рызыку лазілі па старажытных мурах. У той час падумалася, што размовы пра кансервацыю велічных руін так і застануцца размовамі, і далей за стварэнне праекта рэстаўрацыі справа не пойдзе. Па шчырасці, былі сумненні ў мэтазгоднасці наведвання гэтага аб’екта пад час нашага аўтатура, маўляў, навошта лішні раз расчароўвацца...

Парадаваў і руплівы падыход рэстаўратараў: цагліны, што пад ціскам прыродных з'яў асыпаліся, збіраюцца з мэтай далейшага выкарыстання ў рэстаўрацыйных работах. Па словах метадыста аддзела па гісторыка-культурнай спадчыне Сяргея Жыліка, які нас суправаджаў у Гальшанах, ужо цягам года вядзецца разборка завалаў — ашмянскае прадпрыемства “Граніт +” зняло пласт будаўнічага друзу ля сцен замка, што дазволіла адкрыць іх на глыбіню прыкладна ў два метры. На сённяшні дзень ужо расчышчаны ўваход у скляпенне пад паўночнай вежай, вядуцца работы ва ўнутраным дворыку: ён таксама амаль пазбаўлены “смеццевых” пластоў часу. Яшчэ адным вынікам разборкі завалаў паўночна-заходняга корпуса стала адкрыццё вінтавой лесвіцы.

Кіраўнікі рэстаўрацыі замка Ігар Раханскі і Нэлі Дарашкевіч даўно вызначыліся з канцэпцыяй: па магчымасці, рэшткі аб’екта захаваць для нашчадкаў, а ў будучыні музеефікаваць іх. Акрамя таго, як адзначыў Сяргей Жылік, у праект рэканструкцыі ўваходзіць і аднаўленне паўночнай вежы, якая ў параўнанні з іншымі фрагментамі аб’екта захавалася ў больш-менш прыдатным стане.

Струвэ такога і не чакаў

Не маглі мы не пабываць і ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы. З яе гаспадыняй Ліліяй Рагінскай мы знаёмыя не адзін год. Спярша нагадаем чытачу, што Гальшаны ў плане арганізацыі рэгіянальнай культурнай прасторы  — паселішча ўзорнае. Кожная ўстанова тут — мадэльная для раёна. Скажам, мясцовая клубная сцэна і глядзельная зала лічацца аднымі з лепшых на Ашмяншчыне. Амаль усе знакавыя рэгіянальныя падзеі адбываюцца тут. Для гэтага ёсць і належная апаратура, і сцэнічныя касцюмы. Апрача замкавага фестывалю, турыстам за асобную плату прапаноўваецца і тэатралізацыя з удзелам Белай і Чорнай Паннаў на замчышчы. Не менш яркая тэатралізацыя прапаноўваецца і ў Тупішках (непадалёк ад Гальшан). Толькі галоўнымі персанажамі з’яўляюцца прафесар астраноміі і геадэзіі Васіль Струвэ і наш зямляк — географ Іосіф Ходзька. Справа ў тым, што Тупішкі — адзін з геадэзічных пунктаў Дугі Струвэ — самага доўгага градуснага вымярэння дугі мерыдыяна, выканана 200 гадоў таму для вызначэння формы і памеру Зямлі…

Хтосьці скажа, вялікая справа — гэтая самая Дуга Струвэ. А Лілія Рагінская патлумачыла, што гэты аб’ект — чацвёрты ў Беларусі (пасля Мірскага, Нясвіжскага замкаў і Белавежскай пушчы), што ўнесены ў спіс спадчыны UNESCO. Інакш кажучы, Дуга Струвэ па сусветнай гістарычнай важкасці нічым не адрозніваецца ад, скажам, піраміды Хеопса ці садоў Семіраміды. Але хто пра гэта ведае за межамі Ашмянаў і Гальшанаў, дзе ў сельскай бібліятэцы з нядаўняга часу дзейнічае Музей мерыдыяна Дугі Струвэ? Самы час паўтарыцца: рэкламы не стае, рэкламы не прыдуманых міфаў, а самых сапраўдных і выбітных фактаў.

Бібліятэчны музей (вынік трансгранічнага праекта) і распавядае пра тое, што згаданы мерыдыян аб’ядноўвае народы і культуры дзесяці краін. Усяго створана 258 геадэзічных пунктаў, 31 з іх закладзены на тэрыторыі нашай краіны (узноўлена месцазнаходжанне 19-ці). Музей — аддзел бібліятэкі, што апрача асноўных выконвае і функцыю турыстычна-інфармацыйнага цэнтра з поўным наборам неабходнай камп’ютарнай тэхнікі.

Мы ехалі ў бок Астравеччыны і разважалі: "Няўжо трансгранічнае супрацоўніцтва магчымае толькі на памежжы дзяржаў?" Што рабіць у такім выпадку, да прыкладу, Калінкавіччыне, дзе ў Юравічах адна з найстаражытных стаянак першабытнага чалавека ніяк не пераўтворыцца ў музейны комплекс, прывабны для турыстаў з усяго свету? Гомельшчына для еўрапейскіх партнёраў — terra incognita. Добра мець брэнд, але ўдвая лепей, калі тэхналогія яго раскруткі не з’яўляецца тайнай за сямю пячаткамі. Мо нашай культуры патрэбна рэспубліканскае агенцтва па падтрымцы рэгіёнаў у міжнародным прасоўванні беларускіх цудаў? Але дадатковая структура ў час аптымізацыі — не каталізатар працэсаў, а — тормаз. Застаюцца толькі асабістая адказнасць, знаходлівасць ды ініцыятыва.

(Не) лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Убачанае цягам аўтападарожжа ў многіх установах парадавала. Новая сучасная тэхніка: той жа плазменны тэлевізар у сельскай бібліятэцы ці гульнявая кансоль, набытая за тысячу у.а., у сельскім Доме культуры. Але разам з радасцю за гэтыя ўстановы з’явілася і пытанне: ці на самае галоўнае былі вылучаны сродкі, ці будзе гэтая тэхніка працаваць на Культуру? Спадзяюся, што так, хаця б гэткім чынам завабіўшы сельскую моладзь.

Вялікія зрухі маленькай Малі

Чарговае здзіўленне чакала ў вёсцы Малі Астравецкага раёна. Ведалі, што менавіта тут правёў апошнія гады жыцця аўтар першага японска-рускага слоўніка і першы расійскі консул у Японіі Іосіф Гашкевіч. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Сяўко, нястомны вандроўнік Гашкевіч, сумуючы па далёкіх краінах, перайменаваў паселішчы гэтай зямлі. Так з’явіліся вёскі Газа, Філіпяны, Малі… Побач з СДК усталяваны камень у памяць асветніка Гашкевіча. Але здзівіліся мы не з гэтай нагоды.

Гэтым самым гмахам-СДК кіруе маладзенькае дзяўчо Насця Анюхоўская. І кіруе ўпэўнена, нягледзячы на 22-гадовы ўзрост і паўгадовы працоўны стаж. Адказнасць на яе ўскладзена вялікая: як лічыць кіраўніцтва аддзела, Астравец у выніку будаўніцтва АЭС пашырыць свае межы і пераўтворыць Малі ў адзін з мікрараёнаў (адлегласць паміж паселішчамі — тры кіламетры). Такім чынам СДК пераўтворыцца ў гарадскі Дом культуры.

Важкасць пасады Насця разумее: маючы за плячыма Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, вучыцца ўжо на другім курсе завочнага аддзялення БДУКіМ. Так, усе мы пачыналі з нуля. А для Насці гэты нуль імгненна пераўтварыўся ў немалы бал асабістай адказнасці. Адразу прыйшлося адсочваць, як рамантуецца дах. Нават у СДК начавала, калі рабочыя прыехалі позна… Потым за грошы мясцовага бюджэту аддзел набыў апаратуру і мэблю. Абноўкі абышліся раёну ў 200 мільёнаў рублёў. Эканоміць на будучыні было нельга. Потым прыдбалі адзенне сцэны, тэлевізар з гульнёвай прыстаўкай, якіх і ў райцэнтры амаль няма. І ўсё гэта трэба было ўключаць у творчы працэс.

У СДК раз на месяц ладзяцца платныя турніры «Што? Дзе? Калі?» з удзелам больш чым дваццаці каманд (у кожнай — па 6 чалавек) з Астраўца, Ашмянаў, Смаргоні. З кожнага століка (вось для чаго патрэбна была новая мэбля) у скарбонку культуры ідзе па 60 тысяч рублёў. Але ўсё роўна гадавы план па аказанні платных паслуг насельніцтву — 12 мільёнаў — СДК выканаў толькі напалову. Пра гэтую праблему мы пісалі. Дыскатэкі згубілі прыбытковасць. Над новымі відамі паслуг Насця цяпер і думае з раённымі метадыстамі

Перспектывы ў Астраўца — неабсяжныя. АЭС забяспечыць яму якасна новы статус. Падаецца, і кадравая праблема ў сферы культуры будзе вырашана (такіх як Насця ў раёне — вобмаль). Аднак, не. Па словах начальніка аддзела праблема наадварот стане больш хваравітай, бо ўжо цяпер работнікі культуры (нават выкладчыкі ДШМ) робяць захады для таго, каб сысці на працу ў структуры, звязаныя з узвядзеннем і абслугоўваннем станцыі, бо заробкі там значна вышэйшыя. У чым выйсце? У павелічэнні заробкаў работнікаў культуры, якія цяпер выконваюць і функцыі ідэолагаў...

(Не) лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Ці застанецца Насця Анюхоўская ў вёсцы? Калі тая вёска пераўтворыцца ў прыгарад з усімі сацыяльнымі выгодамі, дык, неаспрэчна, застанецца. Па афіцыйнай статыстыцы, ці не 80 працэнтаў нашых маладзёнаў пражывае ў гарадах. Статыстыка, шчыра кажучы, жахлівая. Беларуская вёска — безнадзейны пенсіянер. Знікае клуб з бібліятэкай — знікае і вёска. А менавіта яна спрадвек жывіла горад не толькі малаком і кілбасамі, але ідэямі шчырасці і дабрыні, праявамі чыстага народнага мастацтва. Інакш кажучы, захаванне вёскі — складнік ідэалогіі краіны, ідэалогіі, падмацаванай матэрыяльнай увагай да такой Насці…

...І Вежа закаханых

Шлях на Віцебшчыну прыпаў на абедзенны час. А таму збочваем з асноўнай трасы і завітваем у бліжэйшую кавярню. Абраная кавярня размясцілася на вуліцы з гістарычнай забудовай вёскі Варняны.

Яна знакамітая на Астравеччыне тым, што ўладальнікам яе быў у свой час знакаміты фальшываманетчык Рыгор Осцік, які дзеля кароны Вялікага Княства ўвайшоў у змову з Іванам Жахлівым. Здрадніку не пашчасціла: скончыў кепска. Потым Варнянамі кіраваў Ян Абрамовіч — апалагет пратэстантызму і не абы-які літаратар. (Мясцовыя кажуць, маўляў, хто ведае, мо і алігарх Раман Абрамовіч — з гэтага ж роду?) Браты Яна падтрымалі Банапарта. І заўжды падпісваліся «Абрамовічы на Варнянах»…

Паблукаўшы колькі часу ля вежы на востраве, скіраваліся ў Дом культуры — даведацца, як выкарыстоўваецца багатая гістарычная спадчына ў дзейнасці ўстаноў культуры.

Парадавала, што нягледзячы на абед люду ў СДК было багата (ва ўсю ішла падрыхтоўка да навагодніх святаў). А таму, не губляючы час на размовы пра планы платных паслуг ды дзейнасць гурткоў, пераводзім нашу гаворку з дырэктарам СДК Маяй Альшэўскай у рэчышча выкарыстання мясцовай гісторыі. Па словах маладога кіраўніка, Варняны маюць не толькі цікавую архітэктурную забудову, але і свае легенды. Так, лічыцца, што сапраўднай гаспадыняй вежы на востраве з’яўляецца прывід дзяўчыны ў белым убранні. Сам жа архітэктурны помнік небеспадстаўна завецца вежай закаханых. Сёння гэта ўлюбёнае месца маладажонаў, якія з вялікай ахвотай праводзяць у вежы першую шлюбную ноч.

А вось па дакументах уласнікам вежы, млына і шэрагу іншых старадаўніх гаспадарчых пабудоў з’яўляецца СПК “Варняны”. Дзякуючы высілкам мясцовай гаспадаркі аб’екты былі адрэстаўраваны. Іх пачалі актыўна выкарыстоўваць у турыстычнай інфраструктуры раёна. Суцэльны пазітыў, каб не адно “але” — культурны складнік. (Штогадовым святам вёскі, якім бы яно ні было маштабным, Варнянам, вядома ж, не абысціся).

Зразумела, СПК не будзе займацца сцэнарыямі вяселляў у шляхецкіх традыцыях, раскручваць легенды, праводзіць экскурсіі. Ды і не іх гэта справа. Але ж чаму не могуць плённа працаваць у звязцы СПК ды СДК? Па словах Маі Альшэўскай, уся справа ў попыце: той жа вясельны народны абрад зусім незапатрабаваны моладдзю, пры тым, што ў СДК маюцца гатовыя сцэнарыі. Дык мо няма належнай рэкламы, а таму і попыту, бо такія паслугі найбольш запатрабаваны па ўсёй краіне?

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Як выкарыстоўваюць работнікі культуры мясцовыя гістарычныя брэнды? Мы параўналі з гэтай нагоды Гальшаны і Варняны. У першай вёсцы няўзброеным вокам бачна эфектыўнае ўзаемадзеянне работнікаў бібліятэкі, клуба з прыватнымі прадпрымальнікамі па захаванні спадчыны і развіцці рэгіянальнага турызму. У другім паселішчы мы такой супольнасці не заўважылі. Нават і пры тым, што Вежа кахання належыць у Варнянах не прыватніку, а дзяржаўнаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству. У адну дуду граць з агульнай карысцю — таксама мастацтва.

Мінск — Мінская вобласць — Гродзенская вобласць — Віцебская вобласць — Мінск

На здымках: спецыяльная тэхніка ля Гальшанскага замка; кіраўнік Гальшанскай сельскай бібліятэкі Лілія Рагінская; дырэктар СДК у вёсцы Малі Настасся Анюхоўская; вежа кахання ў Варнянах.

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"