Ініцыятарамі ды асноўнымі выканаўцамі праекта сталі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і яе даўні партнёр — банк “БелВЭБ”. Выданні, надрукаваныя ў рамках супольнага праекта, — а гэта 21 том, —будуць прызначаны для бясплатнай перадачы ва ўстановы культуры, навукі і адукацыі нашай краіны і замежжа, у тым ліку — рэгіянальныя бібліятэкі. Упершыню плануецца перавыдаць “Малую падарожную кніжку” Францыска Скарыны, а таксама абсалютна ўсе прадмовы і пасляслоўі да кніг “Бібліі” нашага першадрукара ў перакладзе на сучасную беларускую мову.