Толькі “круцяць” там кліпы і выступленні ад эстрадных выканаўцаў да альтэрнатыўных калектываў. Тым часам так званае этна (а насамрэч — традыцыйная выканальніцкая культура) вымушана заставацца ў пэўнай рэзервацыі. Наколькі ж актуальным і запатрабаваным будзе стварэнне тэлеканала, аснову якога складзе народнае спеўнае мастацтва?
Алег ЦІХАНАЎ, прадзюсар музычных стартапаў, кліпмейкер:
— Музычны тэлеканал, скіраваны на этнічную музыку, — справа вельмі цікавая. Але, як і любы іншы, такі тэлеканал павінен існаваць ды развівацца за чыйсьці кошт. Перакананы, стварэнне “этнаканала” — гэта вялікія інвестыцыі: хутчэй, не ў бізнес, а ў сябе, у родную беларускую культуру. Па вялікім рахунку, гэта — мецэнацтва. А вось знайсці такога мецэната — справа не з лёгкіх. І тым не менш, упэўнены: нават з такога, досыць спецыфічнага, тэлеканала можна мець прыбытак, які будзе залежаць, найперш, ад маркетынгу, таксама як і ад якасці саміх перадач, музычнага кантэнту. Гэта мусіць быць прадукт, арыентаваны на шырокую аўдыторыю, у тым ліку сучаснага гарадскога жыхара, які сёння вельмі далёкі ад народнай культуры.
Наколькі такі канал будзе запатрабаваны (калі, канешне ж, ён з’явіцца), пакажа час. Калі ж казаць у цэлым, то поспех яго залежыць ад мэт і задач стваральнікаў, а таксама ад якаснага кіравання…
Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”:
— Можна шмат спрачацца наконт мэтазгоднасці стварэння “народнага” тэлеканала, але найперш хочацца згадаць адзін факт. У Румыніі на сённяшні дзень працуюць два рэспубліканскія тэлеканалы: “Этна” і “Фаварыт ТБ”. У аснове іх палітыкі вяшчання (дарэчы, яны транслююцца кругласутачна) — народная музыка і традыцыйнае мастацтва. На кожным з іх можна ўбачыць канцэртныя запісы фестываляў народнай культуры, кліпы (няхай сабе і без тэхнічных “наваротаў”) маладых, пачынаючых і прафесійных выканаўцаў. Маюцца ў праграме і інтэрактыўныя ток-шоу, і кулінарныя перадачы (вядома ж, прысвечаныя традыцыйным стравам). Цікава, што адна з самых запатрабаваных праграм — музыка па заяўках. Да слова, паслуга — платная і каштуе прыкладна адзін еўра. Улічваючы, што перадача — пастаянная, можна меркаваць, што людзі гатовы аддаць свае “кроўныя” за народную творчасць. На гэтых, скажам шчыра, сацыяльных тэлеканалах маецца і “лыжка дзёгцю” — традыцыйныя і для нас “крамы на канапе”, якія сумарна ў суткі займаюць у эфіры некалькі гадзін. Нічога дзіўнага: каналам трэба выжываць.
Але самае галоўнае і, напэўна, дзіўнае — рэкламадаўцы не цураюцца, здавалася б, не самых топавых этнаканалаў, а значыць, гатовы падтрымаць на ўзаемавыгадных умовах сваю культуру…
Тытульнае фота Андрэя МІЦКЕВІЧА