"Брэндавы мёд" для кадравых “пчол”

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

Клімавіччына: як развіваць інавацыі без кніжных паступленняў?

/i/content/pi/cult/352/6692/12-2.jpg

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

 Новы этап развіцця сяла: сацыякультурны зрэз

 Менавіта дзякуючы правядзенню прадстаўнічага Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" Клімавічам цяпер ёсць чым пахваліцца ў брэндавым плане. На сёння ў сферы культуры працуе шмат высокапрафесійных і кваліфікаваных спецыялістаў, здольных на найлепшым узроўні правесці мерапрыемствы як раённага ды абласнога, так і рэспубліканскага маштабу. Добры кадравы патэнцыял - у сферы культуры працуе 92 працэнты спецыялістаў - дазволіў выхаваць шмат стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі... Натуральна, спачываць на лаўрах мясцовыя культработнікі не збіраюцца і маюць канкрэтныя задачы на будучыню. Да прыкладу, у аддзеле культуры плануюць працягваць працу па стварэнні ў раёне калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны", імкнуцца ўдасканаліць дзейнасць па правядзенні тэматычных дыскатэк, ствараюць новыя перспектыўныя праекты... На жаль, слабая матэрыяльна-тэхнічная база (у першую чаргу - гарадскіх устаноў культуры) перашкаджае ўвасобіць усе арыгінальныя задумкі ў жыццё. І ці палепшацца ўмовы працы культработнікаў бліжэйшым часам - пытанне з досыць няпэўным адказам.

Народ пытаецца і прапануе

 "Бібліятэка- нібы старая хатка..." 12

 Усе пытанні, якія ўзнімалі жыхары Клімавіч і Клімавіцкага раёна, натуральна, былі агучаны пры сустрэчы з кіраўніцтвам краю. А праблем у сферы культуры Клімавіччыны, па перакананні месцічаў, хапае.

Настасся, студэнтка-завочніца, г. Клімавічы:

/i/content/pi/cult/352/6692/12-3.jpg- Пастаянна наведваю нашу раённую бібліятэку. Выбар кніг там - неблагі, ёсць шмат даведачнай літаратуры, спецыялізаваных выданняў. Адно што засмучае - сам будынак. Выглядае бібліятэка - нібы старая хатка. Будынак - драўляны, стары, да таго ж, цяпер там даволі цесна, бо на плошчах, якія займае ЦРБ, колькі гадоў таму размясцілася яшчэ і дзіцячая бібліятэка... А ці займее ўстанова новы будынак - гэта яшчэ пытанне...

 Мікалай Уладзіміравіч, служачы, г. Клімавічы:

- Ці плануецца рэканструкцыя Раённага цэнтра культуры? У глядзельнай зале ўстановы не так ужо і шмат месцаў. Ды і рамонт РЦК не пашкодзіў бы...

Марыя Сцяпанаўна, пенсіянерка, аграгарадок "Мілаславічы":

- Чамусьці ў нашу сельскую бібліятэку перасталі паступаць новыя кніжныя выданні, ды і газет прыходзіць цяпер значна менш, чым раней. Часопісаў - увогуле толькі адно найменне. Ці зменіцца гэтая сітуацыя?..

У традыцыйнай райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К", прынялі ўдзел намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Алена ДЗІВАКОВА і начальнік мясцовага аддзела культуры Вольга ХАЎРАНКОВА. Гаворка ішла пра матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры, планы і перспектывы развіцця сферы, маладзёжную палітыку... Таму зусім не дзіва, што гутарка, запланаваная на 20 хвілін, расцягнулася больш чым на гадзіну...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Алена Рыгораўна, пачну нашу размову вось з чаго. Нядаўна пабываў у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. Кадравая праблема ў сферы культуры там - адна з асноўных. На думку кіраўніцтва мясцовага райвыканкама, вырашэнне праблемы залежыць ад стварэння і раскруткі свайго брэнда. А будзе ён - знікне і кадравая праблема. У Клімавічах такі брэнд ёсць ужо даўно. Таму адразу пытанне: дзякуючы правядзенню фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" - рэспубліканскага і міжнароднага брэнда - кадравая праблема ў раёне знята ці ўсё роўна адчуваецца даволі востра?

Алена ДЗІВАКОВА:

- Калі казаць пра сферу культуры, дык спецыялістаў, лічу, - вельмі неблагі працэнт, так што з кадравай сітуацыяй тут асаблівых праблем няма.

 Вольга ХАЎРАНКОВА:

- Нямала асоб навучаецца на вочным і завочным аддзяленнях ВНУ, а яшчэ пастаянна павышаем кваліфікацыю супрацоўнікаў. І вельмі добра, што да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, прычым шмат хто з іх застаецца ў раёне і пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі.

Алена ДЗІВАКОВА:

- Асаблівую ўвагу надаём атрыманню вышэйшай адукацыі: многія работнікі сферы працягваюць навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а таксама ў ВНУ Расіі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Таксама не апошнюю ролю ў вырашэнні кадравай праблемы адыгрывае і жыллёвае пытанне...

Алена ДЗІВАКОВА:

- Безумоўна. І таму ў Клімавічах супрацоўнікам сферы культуры прадастаўляецца інтэрнат, а праз пэўны час яны могуць увайсці ў кааператыў, каб пабудаваць жыллё.

 Вольга ХАЎРАНКОВА:

- Што да сельскай мясцовасці, дык і там асаблівых праблем з жыллём у культработнікаў няма. Калі нам патрэбны спецыяліст, дык і дом у аграгарадку дапаможам атрымаць. Галоўнае - каб мы бачылі яго ахвоту да працы, імкненне ўдасканальвацца і развівацца.

 Алена ДЗІВАКОВА:

 - Таму цяпер асноўная задача для аддзела культуры - стабілізаваць гэтую колькасць кадраў, пастаянна дбаць аб павышэнні кваліфікацыі супрацоўнікаў сферы, асабліва тых, хто працуе ў сельскай мясцовасці, бо дырэктар або мастацкі кіраўнік СДК у вёсцы - адзін з найбольш паважаных людзей. Яны пастаянна працуюць з мясцовымі жыхарамі, ладзяць мерапрыемствы з іх дапамогай, у многім менавіта ад працы культработнікаў залежыць, ці застанецца ў гэтай вёсцы моладзь, ці будзе мець гэтае паселішча перспектывы... Таму іхняя праца павінна заўсёды быць на вышыні. А гэтага без ведаў дасягнуць немагчыма.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не магу не адзначыць і тое, што фестываль дзіцячай творчасці /i/content/pi/cult/352/6692/13-1.jpg"Залатая пчолка" ладзіцца на вельмі высокім узроўні. Пра гэта неаднаразова пісала "К". Прычым гэтую думку падзяляюць усе госці, якія прыязджаюць на свята. Гэта таксама вынік той кадравай работы, што ладзіцца ў раёне?..

Алена ДЗІВАКОВА:

 - Так, безумоўна. Дадам вось яшчэ што. Сфера культуры мае найвялікае значэнне для Клімавіцкага раёна. Як і ўсе творчыя людзі, нашы культработнікі імкнуцца да ўдасканалення. Адсюль і такі высокі вынік. Таксама аддзел культуры вельмі добра працуе з творчай моладдзю і дзецьмі. Гэта вельмі важна і перспектыўна.

Вольга ХАЎРАНКОВА:

 - Ёсць ужо і пэўныя вынікі работы: маем 23 стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Наколькі я ведаю, з бягучага года на базе Клімавіцкага раёна запрацавала інавацыйная пляцоўка па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі...

Алена ДЗІВАКОВА:

- Так, і нам вельмі хочацца развіваць гэты кірунак. Бо ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці - сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, спорце - прысутнічаюць маладыя кадры. І варта клапаціцца пра гэтую катэгорыю нашых грамадзян. Міграцыя, на жаль, існуе і ў нашым раёне. А трэба ж зрабіць так, каб выпускнікі вярталіся сюды. Гэтага можна дасягнуць не толькі дзякуючы мэтавым накіраванням, але і стварыўшы належныя ўмовы для самарэалізацыі маладых людзей, а таксама ладзячы цікавыя мерапрыемствы, - не горшыя, чым у Мінску ці Магілёве.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ці ёсць ужо нейкія вынікі працы з моладдзю на Клімавіччыне?

Алена ДЗІВАКОВА:

- Фактычна, мы толькі нядаўна прыступілі да рэалізацыі ўсіх нашых задумак. Ужо складзены падрабязныя планы па працы з моладдзю, у якой будуць задзейнічаны супрацоўнікі сферы адукацыі, спорту, турызму, але самая вялікая праца ляжа на плечы культработнікаў. Таму цягам трох гадоў у Клімавіцкім раёне будуць ладзіцца шматлікія мерапрыемствы, звязаныя з гэтым накірункам работы.

Вольга ХАЎРАНКОВА:

 - Мы ўжо цяпер шукаем новыя формы працы з моладдзю, спрабуем іх яшчэ больш зацікавіць сваімі мерапрыемствамі. Сёлета да нас пачалі штоквартальна прыязджаць ідэалагічныя работнікі амаль з усёй вобласці для праходжання стажыроўкі, каб пераняць вопыт. Да прыкладу, вельмі папулярнымі ў Клімавіцкім раёне сталіся фестывалі па рэпу, брэйк-дансу. Яны ладзяцца некалькі разоў на год, і на іх прыязджаюць каманды з Крычава, Асіповічаў, Магілёва. Цяпер фестывалі набылі, фактычна, міжрэгіянальны статус, і яны вельмі цікавыя для маладых людзей.

Алена ДЗІВАКОВА:

 - Нават пры правядзенні сёлетняй "Залатой пчолкі" ў яе рамках быў зладжаны фестываль брэйк-данса. Таму патрэбна і далей развіваць гэты кірунак дзейнасці, рабіць стаўку на новыя формы работы. У раёне даволі шмат людзей маладога веку - больш за шэсць тысяч чалавек, - таму праца з гэтай катэгорыяй насельніцтва для аддзела культуры павінна быць найпрыярытэтнай.

Вольга ХАЎРАНКОВА:

- І мы гэта цудоўна разумеем. Цяпер праводзім анкетаванне маладых людзей, каб вывучыць іх зацікаўленні. Задаём пытанні, як яны хацелі б найлепшым чынам правесці свой вольны час, што за музыка ім падабаецца, і гэтак далей. Потым даныя гэтых анкет будуць прааналізаваны, паглядзім, які мы маем патэнцыял, што мы можам прапанаваць моладзі, - і пачнём працу.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У іншых раёнах у маладых людзей карыстаюцца папулярнасцю тэматычныя дыскатэкі: "пенныя", "джынсавыя" або маскарадныя...

Алена ДЗІВАКОВА:

- Так, я ўпэўнена, што будучыня - менавіта за падобнымі дыскатэчнымі мерапрыемствамі. Была нядаўна ў Магілёве, там "джынсавыя" і "пенныя" дыскатэкі карыстаюцца вялікім попытам у моладзі. Адшукаць патрэбныя сцэнарныя распрацоўкі - не праблема, але тут, натуральна, узнікаюць сур'ёзныя пытанні па той матэрыяльна-тэхнічнай базе, якая ёсць у раёне...

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пэўна, маеце на ўвазе раённы Цэнтр культуры? Наведаў яго: патрэба рамонту ва ўстанове - навідавоку...

Алена ДЗІВАКОВА:

 - Праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва новага РЦК была створана яшчэ два гады таму за кошт сродкаў райбюджэту. Але будаўнічыя работы на гэтым аб'екце так і не пачаліся: не стае сродкаў. Таму дадзенае пытанне пакуль адкладзена на няпэўны час.

Вольга ХАЎРАНКОВА:

 - Паводле праекта, у новым будынку РЦК плануецца размясціць Цэнтральную раённую і дзіцячую бібліятэкі, аддзел культуры і ўсе службы галоўнай установы культуры Клімавіч.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Сапраўды, раённая і дзіцячая бібліятэкі знаходзяцца ў непрыстасаваным драўляным будынку, дзе вельмі мала месца... Супрацоўнікі аддзелаў ЦБС працуюць проста сярод кніжных стэлажоў, бо вольных памяшканняў і кабінетаў для іх няма... Таксама патрабуюць рамонту Раённы дом рамёстваў, краязнаўчы музей, мастацкая школа...

Алена ДЗІВАКОВА:

- Так, і гэта сапраўды вялікая праблема, бо знайсці цяпер грошы на рамонтныя работы вельмі складана. Яшчэ ў нашых планах - рамонт мясцовага кінатэатра. Таксама створана праектнакаштарысная дакументацыя на яго рэканструкцыю. Але для гэтага патрабуюцца вялізныя грошы, і раён усю суму папросту не пацягне... Цяпер мы спрабуем унесці праекты па будаўніцтве РЦК і рэканструкцыі кінатэатра ў інвестыцыйную праграму. Заяўкі ў аблвыканкам па дадзеных пытаннях накіроўваем кожны год, і, улічваючы тое, што ў нас праходзіць міжнародны фестываль, маем вялікую зацікаўленасць у станоўчым вырашэнні названых аспектаў.

Вольга ХАЎРАНКОВА:

- Каб мелі добрую матэрыяльнатэхнічную базу, можна было б развіваць і новыя кірункі дзейнасці. Напрыклад, нядаўна была ў Шклове. Там на першым паверсе раённай бібліятэкі прапануюць фітачаі. Чаму б і нам не зрабіць такое ў нашай бібліятэцы? Але пакуль няма добрага памяшкання, думаць пра гэта, натуральна, не выпадае.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але ж некаторыя пытанні па паляпшэнні базы ўстаноў усё ж вырашаюцца за кошт сродкаў райбюджэту...

Алена ДЗІВАКОВА:

 - Так. Пастаянна выдаткоўваем сродкі на закупку камплектаў сцэнічных касцюмаў для нашых калектываў, тэхнічнага абсталявання як у гарадскія, так і ў сельскія ўстановы культуры, а таксама праводзім неабходныя рамонтныя работы ва ўстановах сферы. І гэта - нягледзячы на даволі складаны ў фінансавым плане год. Напрыклад, сёлета зрабілі сваімі сіламі рамонт у адным з клубаў у вёсцы Барсукі. Старшыня Клімавіцкага райвыканкама пад гэтыя мэты выдаткаваў з рэзервовага фонду 50 мільёнаў рублёў. Але, натуральна, хочацца большага...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Таксама, як я ведаю, сваімі сіламі ў раёне правялі рэканструкцыю гасцініцы. А гэта сапраўды з'яўлялася надзённай патрэбай, паколькі на Клімавіччыну прыязджае шмат турыстаў і гасцей на разнастайныя раённыя мерапрыемствы, у першую чаргу - на "Залатую пчолку"...

Алена ДЗІВАКОВА:

- Гасцініца- гэта твар горада. Таму прыклалі ўсе намаганні, каб яна выглядала годна. Летась скончылі рэканструкцыю гэтага аб'екта і былі рады тым станоўчым водгукам, якія цяпер атрымліваем ад усіх гасцей Клімавіч. У гатэлі, дарэчы, прадугледжана безбар'ернае асяроддзе, створаны ўсе ўмовы для пражывання інвалідаў-калясачнікаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пра слабую матэрыяльную базу гарадскіх устаноў культуры мы ўжо гаварылі. Пабываўшы ў некалькіх аграгарадках раёна, заўважыў і яшчэ адну праблему: у сельскія бібліятэкі сёлета не паступіла ніводнай новай кнігі, скарацілася падпіска. І, як мне вядома, на сённяшні дзень не выконваецца Даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб штогадовым адлічэнні на папаўненне бібліятэчных фондаў не менш за 15% ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання. Ці будзе гэтае пытанне вырашана?

Алена ДЗІВАКОВА:

 - Паступова, спадзяюся, гэтая сітуацыя зменіцца да лепшага, і да канца бягучага года пытанне будзе ўрэгулявана. Грошы на папаўненне бібліятэчных фондаў прапісаны ў бюджэце раёна, і абавязкова будуць выдаткаваны. Гэтае пытанне - заўсёды на нашым кантролі...

Зраблю неабходнае, думаецца, у гэтым выпадку адступленне. Праблема, пагадзіцеся, - надзённая і выключна важная не толькі з пазіцый развіцця бібліятэчнай справы. Найперш папаўненне фондаў дазваляе казаць і пра ўзровень ідэалагічнай работы ў канкрэтным раёне.

Пад час здачы нумара ў друк (а гэта было праз два тыдні пасля камандзіроўкі) патэлефанаваў у Клімавічы, каб даведацца, ці вырашана праблема. Начальнік аддзела культуры Вольга Хаўранкова распавяла: на жаль, грошы на "кніжныя" мэты з райбюджэту пакуль не паступілі. Але, так бы мовіць, кампраміснае выйсце было знойдзена: за кошт пазабюджэтных сродкаў, заробленых аддзелам, на закупку новых кніг выдаткавана сума прыкладна ў мільён рублёў. Да канца года яшчэ пэўную суму грошай плануецца накіраваць на папаўненне фондаў з той жа крыніцы. Прычым падобная практыка ўжо мела месца і ў першым паўгоддзі 2011га: тады на закупку літаратуры з пазабюджэтных аддзелаўскіх грошай выдзелілі два мільёны рублёў...

Што ж, аддзел сапраўды знайшоў выйсце дзякуючы наяўным у яго распараджэнні фінансам. А каб, дапусцім, узніклі іншыя пільныя патрэбы, на якія спатрэбіліся б грошы? Ці сума пазабюджэтных прыбыткаў, як у некаторых іншых раёнах, проста не дазволіла б знайсці нават такія адносна невялікія для сучасных цэн на кніжную прадукцыю сродкі? Таму пытанне менавіта бюджэтнага фінансавання на папаўненне кніжных фондаў застаецца на Клімавіччыне адкрытым...

Аналагічная праблема ў раёне наспела і датычна падпіскі на перыёдыку. На Клімавіччыне сёлета былі праблемы з колькасцю найменняў даступных у бібліятэках выданняў, аднак, як зазначыла начальнік аддзела культуры, падпіска на снежнань, а таксама за першыя месяцы 2012-га ўжо праплачана...

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Рэгіён - памежны. Як развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва?

Алена ДЗІВАКОВА:

- Клімавічы маюць вельмі шмат гарадоў-пабрацімаў, а гэтыя пабрацімскія адносіны трымаюцца, у першую чаргу, на культурных сувязях. Нашы калектывы пастаянна выязджаюць у Расію, на Украіну, а ансамблі з гэтых краін- пастаянныя госці раённых мерапрыемстваў, асабліва калі казаць пра Міжнародны фестываль "Памяжоўе", што ладзіцца ў Смаленскай вобласці Расіі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якія яшчэ задачы, Алена Рыгораўна, стаяць перад аддзелам культуры?/i/content/pi/cult/352/6692/12-1.jpg

Алена ДЗІВАКОВА:

- Акрамя пільнай увагі да моладзі раёна ды правядзення цікавых маладзёжных мерапрыемстваў, варта актывізаваць працу па стварэнні калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны". Іх у раёне не так ужо і мала: адзінаццаць. Мы падрыхтавалі дакументы, каб прысвоіць званні яшчэ двум калектывам. Але трэба імкнуцца, каб падобных ансамбляў было прадстаўлена ў раёне больш. Варта ствараць і калектывы-спадарожнікі, каб захаваць пераемнасць традыцый.

Дэталь да агульнай карціны

Скарбы і энцыклапедыі

 Дырэктар Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея Людміла Андрушкова гадзінамі можа распавядаць кожнаму наведвальніку пра дзейнасць сваёй установы.

Акрамя даволі цікавай экспазіцыі, у якой можна пабачыць сапраўдны зуб шарсцістага насарога, скарбы старажытных манет і ўнікальную калекцыю мясцовага ткацтва, тут сабрана багата матэрыялаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі ўстановы праводзяць шматлікія навуковыя даследаванні і ўжо выдалі шмат кніг па гэтай тэме. Іх праца была адзначана не толькі ў раёне, але і ў краіне: пазалетась музейшчыкі атрымалі дыплом ІІ ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладдзі.

Як запэўніла мяне Людміла Андрушкова, на дасягнутым супрацоўнікі Клімавіцкага музея спыняцца не збіраюцца. Ад колькасці тых выданняў, што ўжо выйшлі з друку дзякуючы іхняй нястомнай працы, вочы проста разбягаюцца! Тут і "Геаграфічна-статыстычны слоўнік Клімавіцкага раёна", і "Героі Савецкага Саюза: ураджэнцы Клімавіч", і шматлікія краязнаўчыя выданні, сярод якіх ёсць і зусім новая - яшчэ нявыдадзеная - кніга "З гісторыі вёскі Стары Дзедзін". Яна створана ў рамках яшчэ аднаго музейнага праекта - "Сем цудаў Клімавіччыны"- і, безумоўна, зацікавіць любога жыхара краю і кожнага наведвальніка музея.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Клімавіцкі раён - Мінск

 Фота аўтара   

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"