Ці прынясе стаўка на імідж кадравы вынік?

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Райвыканкамаўская “лятучка” з “К”. Новы этап развіцця сяла: сацыякультурны зрэз. Драгічыншчына: палескі рэцэпт самаўдасканалення

/i/content/pi/cult/334/6131/pic_31.jpgДрагічынскі раён Брэсцкай вобласці - адзін з найпрыгажэйшых куточкаў Палесся. На тэрыторыі рэгіёна знаходзяцца ажно тры біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння, тут паспяхова развіваецца аграэкатурызм, а мясцовыя культработнікі беражліва захоўваюць традыцыі народных промыслаў і рамёстваў, збіраюць і перадаюць маладому пакаленню багатую фальклорную спадчыну продкаў...

Музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок", калектыву якога ў 2009 годзе была ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, фестываль праваслаўных песняспеваў "Спявайце Богу нашаму, спявайце..." - вынік супрацоўніцтва паміж Праваслаўнай Царквой і кіраўніцтвам мясцовага райвыканкама, аналагаў якому няма на Брэстчыне, а таксама шматлікія ўзорныя і народныя калектывы. Сярод іх многія вядомы за межамі Драгічыншчыны. Усё тое - толькі невялікі пералік мясцовых "брэндаўтваральных" і іміджавых праектаў...

Крэатыўных культурных задумак у кіраўніцтва Драгічынскага райвыканкама шмат. Але, натуральна, хапае і праблем, ад вырашэння якіх залежыць далейшае паспяховае будучае сферы. Адно з такіх пытанняў - паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы некаторых сельскіх і гарадскіх устаноў культуры раёна. 

 

 

Народ пытаецца і прапануе

Калі рэалізуюць планы?

Праблемы сферы культуры Драгічыншчыны - навідавоку. Бачныя яны і гасцям раёна, і мясцовым жыхарам. Меркаваннем апошніх пацікавіўся ў дні камандзіроўкі.

Аксана Мікалаеўна, служачая, г. Драгічын:

- Мой старэйшы сын, як і я, - пастаянны наведвальнік раённай бібліятэкі. Цягам ужо доўгага часу ва ўстанове вядуцца рамонтныя работы. Цікава, калі яны будуць скончаны?..

Валянціна Іванаўна, пенсіянерка, г. Драгічын:

 - Наколькі ведаю, у нашага кіраўніцтва раней былі планы ўзвесці новы будынак для мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў. Ці здзейсняцца яны?..

Старшакласнікі з аграгарадка "Папіна":

- Часта бываем у нашай сельскай бібліятэцы: даволі багаты там выбар кніг, газет і часопісаў. Але вельмі шкада, што няма ў ёй камп'ютара ды іншага тэхнічнага абсталявання... 

 

/i/content/pi/cult/334/6131/pic_33.jpgНамеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Уладзімір НЕРАД працуе на сваёй пасадзе не першы год і да драбніц ведае ўсе нюансы сацыякультурнага развіцця раёна. Таму і райвыканкамаўская "лятучка", ініцыяваная "К", атрымалася насычанай ды доўжылася замест агавораных дваццаці хвілін прыкладна паўтары гадзіны. У гутарцы, натуральна, прыняў удзел і начальнік мясцовага аддзела культуры Леанід КУРОЎСКІ.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:/i/content/pi/cult/334/6131/pic_32.jpg

 - Уладзімір Іванавіч, пабывалі цягам камандзіроўкі ў некаторых гарадскіх і сельскіх установах культуры Драгічыншчыны. Ёсць шмат дадатнага вопыту, асабліва - у вясковых паселішчах. На свае вочы бачыў па два камплекты апаратуры ў аграгарадоцкіх СДК, выдатна выглядаюць там адрамантаваныя будынкі. Але ёсць на сяле і свае праблемныя моманты. Напрыклад, ведаю, што два аграгарадоцкія аб'екты культуры яшчэ не здадзены і з'яўляюцца "пераходнымі". Маю на ўвазе СДК аграгарадкоў "Радастава" і "Дзеткавічы"...

Уладзімір НЕРАД:

- Да канца года рамонт у названых паселішчах мы скончым. Там засталося зрабіць толькі нязначныя ўнутраныя работы.

Леанід КУРОЎСКІ:

- Ужо закуплена новая апаратура, мэбля... На гэтыя два аб'екты культуры мы ўжо выкарысталі 960 мільёнаў рублёў. Канчатковая лічба будзе, натуральна, значна большая.

Уладзімір НЕРАД:

- Нам вельмі дапамагла Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла. Адрамантавалі сельскія ўстановы культуры, усталёўваем у іх сучасную гукаўзмацняльную і светлавую апаратуру, што, пагадзіцеся, досыць важна, асабліва - для тых маладых людзей, якія пражываюць у вёсцы і жадаюць, каб дыскатэка ў іхнім паселішчы была не горшая за гарадскую...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Усё гэта так. Але ж пабывалі ў аграгарадку "Папіна". Дык там у мясцовай бібліятэцы няма камп'ютара. Да таго ж, яна нават не тэлефанізавана...

Леанід КУРОЎСКІ:

- Неўзабаве паставім камп'ютар і зробім тэлефанізацыю.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ёсць пытанні і па рамонце Антопальскага раённага дома рамёстваў...

Уладзімір НЕРАД:

- Сапраўды, рамонт у РДР наспеў. Раней у гэтым будынку месціўся райкам партыі. Работы там шмат: трэба рамантаваць дах, фасад, замяняць вокны і даводзіць да ладу ўнутраныя памяшканні... Да таго ж, Антопаль - гэта аграгарадок. Сельскі Дом культуры там адрамантаваны, можна сказаць, узорна. Таму і раённы Дом рамёстваў павінен выглядаць найлепшым чынам.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі мы распачалі гаворку пра сельскія ўстановы культуры, дык не магу не запытацца пра перспектывы Музея народнай творчасці "Бездзежскі фартушок". Установа ж гэтая - знакавая і знакамітая не толькі ў Беларусі...

Уладзімір НЕРАД:

- Так, "Бездзежскі фартушок" стварае імідж усяму раёну. Вялікая заслуга ў гэтым - дырэктара музея Марыі Астаповіч, унікальнага чалавека, адданага сваёй справе. Таму і прыязджае ў Бездзеж шмат турыстаў, а калекцыя мясцовых фартушкоў - унікальны збор, аналагаў якому няма нідзе. Але хацелася б, каб прыезджыя турысты там затрымліваліся як мага на большы час. Таму адна з нашых галоўных задач была ў тым, каб пашыраць музейныя плошчы, ствараць новыя эскпазіцыі.

Леанід КУРОЎСКІ:

- Для гэтага выкупілі драўляны будынак, што месціцца каля музея. Цяпер праводзім там рамонтныя работы, ужо накрылі чаротам дах, закупілі туды мэблю...

Уладзімір НЕРАД:

- Падзялюся некаторымі задумкамі. У адрамантаваным будынку, магчыма, будзе зроблена Хата лесніка. Чаму? Таму, што ляснік займаўся рознымі відамі дзейнасці: гадаваў пчол, паляваў, рыбачыў. У гэтай хаце будуць прадстаўлены прадметы, звязаныя з названымі відамі дзейнасці: тут можна будзе прадэгуставаць мёд (дарэчы, мы ўжо знайшлі некалькі вулляў і старадаўнія калоды), убачыць прадзедаўскія прылады для рыбалкі ці палявання. Да слова, ужо ўсталявалі ў новым будынку печ, бо, пагадзіцеся, турыстам з Беларусі ці замежжа нецікава частавацца крамнай ежай. А вось пакаштаваць натуральных прадуктаў і страў, прыгатаваных па старадаўніх рэцэптах палескай кухні, кожны будзе рады...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Два гады таму, у рамках турыстычнага велапраекта, карэспандэнты "К" наведалі Бездзеж. Сярод тых пытанняў, якія нас турбавалі і якія, на наш погляд, перашкаджалі паспяховаму развіццю музея, - адсутнасць жылля для турыстаў, неабходнасць усталявання сучасных санвузлоў замест драўляных "шпакоўняў", паляпшэнне матэрыяльнатэхнічнай базы музея, а таксама патрэба ва ўвядзенні новых ставак для музейных супрацоўнікаў...

Леанід КУРОЎСКІ:

- Паступова гэтыя пытанні вырашаюцца. У набытым і рамантуемым будынку у хуткім часе будзе абсталяваны гасцінічны пакой. Мы пастаянна дбаем пра развіццё "Бездзежскага фартушка". Нядаўна там устанавілі яшчэ адзін камп'ютар, былі набыты некаторыя новыя экспанаты, зроблены рэкламныя буклеты і ўлёткі... Увялі стаўку музейнага наглядчыка. Дэлегацыі, што прыязджаюць у музей, сустракае з песнямі народны ансамбль народнай музыкі і песні "Сваякі" Бездзежскага СДК. Пачалі ладзіць вясельныя абрады, якія карыстаюцца вялікім попытам. Маем з гэтага неблагую пазабюджэтную "капейчыну".

Уладзімір НЕРАД:

- Заўважу вось яшчэ што. Увядзенне новых ставак у музеі - не праблема. Пытанне - у іншым: дзе знайсці таго ж пчаляра ці рыбака, які не толькі быў бы прафесіяналам у сваёй справе, але яшчэ мог распавесці пра яе наведвальнікам установы, многія з якіх - дзеці? Вось у гэтым бачу праблему, таму што адшукаць такога чалавека досыць цяжка. Але - неабходна, бо ад таго, наколькі ён будзе апантаны ў сваёй дзейнасці, шмат што залежыць. У тым ліку - і павелічэнне колькасці наведвальнікаў установы, і, натуральна, выкананне плана платных паслуг.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі мы ўжо закранулі тэму турызму, дык не магу не згадаць, што Драгічыншчына знакамітая тым, што тут доўгі час жыла і працавала вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка. Турыстычныя маршруты, якія праходзяць праз месцы, звязаныя з яе імем, наколькі ведаю, ёсць, і яны запатрабаваныя. А ці плануецца рэстаўрацыя тых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, што належалі роду пісьменніцы?

Уладзімір НЕРАД:

- На жаль, ад сядзібы у Людвінове, дзе яна жыла, няшмат захавалася, а вось у Закозелі маецца капліца-пахавальня роду Ажэшкаў. Яе мы плануем давесці да ладу. Ужо зроблена праектнакаштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю гэтага аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны XIX стагоддзя, і туды будуць накіраваны значныя асігнаванні. Рамонт ужо пачаўся, прычым сродкі выдаткоўваліся як з абласнога, так і з раённага бюджэтаў, а таксама ад спонсараў, якім неабыякавая гісторыя роднага краю. Але работы будуць доўжыцца яшчэ не адзін год, таму пра дакладную дату іх завяршэння казаць пакуль зарана.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Колькі пытанняў мушу задаць і па развіцці сферы культуры райцэнтра. Не магу не адзначыць паспяховую работу супрацоўнікаў Драгічынскага ГДК. Цікава, што пры ўстанове функцыянуе філіял "Цэнтр моладзі", які досыць паспяхова развівае дыскатэчны рух у райцэнтры. Таксама вельмі ўразіў адрамантаваны будынак Музея народнай славы... Але турбуе іншае. Наколькі мне вядома, кіраўніцтвам райвыканкама была запланавана пабудова новага будынка Драгічынскай ДШМ. Ці будзе гэты праект здзейснены?

Уладзімір НЕРАД:

- Сітуацыя тут наступная. Мы ўжо маем зямельны ўчастак, на якім размесціцца школа, робім праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва гэтага гарадскога аб'екта сферы культуры... На жаль, сёння не можам казаць пра хуткі пачатак будоўлі. Мяркую, распачнём яе ў 2012 годзе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А што з Цэнтральнай раённай бібліятэкай?

Леанід КУРОЎСКІ:

 - Раней на гэтым аб'еце быў адрамантаваны дах, сёлета там устанавілі новыя вокны і дзверы. А налета плануем распачаць унутраныя работы.

Уладзімір НЕРАД:

- Старшыня Драгічынскага райвыканкама Васіль Хвацік пастаянна бывае на гэтым аб'екце сферы культуры, кантралюе ход усіх работ, якія там вядуцца... Іншая справа, што плошчы - вялікія, патрабуецца шмат сродкаў і нямала часу, каб правесці ўсе неабходныя работы...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якія задачы на сёння, Уладзімір Іванавіч, стаяць перад сферай культуры раёна? Наколькі эфектыўна, на вашу думку, яна працуе?

Уладзімір НЕРАД:

- Усе абласныя мерапрыемствы мы ладзім сваімі сіламі і вельмі якасна. Асабліва гэта датычыцца арганізацыі і правядзення канцэртаў. Да таго ж, у нас даволі шмат калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны", якія запатрабаваны не толькі на Брэстчыне, а і па ўсёй Беларусі. Іншая справа, што хацелася б, каб гэтых калектываў было яшчэ больш, каб ствараліся новыя самадзейныя ансамблі...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Маеце на ўвазе магчымасць стварэння аўтэнтычных калектываў?

Уладзімір НЕРАД:

- Не, падобных ансамбляў у нас якраз-такі хапае. На маю думку, нам не стае дзіцячых калектываў і маладзёжных, якія працавалі б, напрыклад, у кірунку эстраднага танца. Гэта тая задача, што стаіць перад аддзелам культуры на сёння, і дадзенае пытанне з начальнікам аддзела культуры мы ўжо абмяркоўвалі. Бо аўдыторыя, якая наведвае мерапрыемствы, што ладзяцца культработнікамі, разнастайная, таму трэба ўлічваць зацікаўленасці розных катэгорый насельніцтва і ствараць адпаведныя калектывы. Яшчэ адна праблема: у сферы культуры працуе шмат неспецыялістаў. Маладыя супрацоўнікі да нас, на жаль, не едуць - застаюцца ў Мінску, Брэсце, - а тут іх вельмі не хапае...

Леанід КУРОЎСКІ:

- На сённяшні дзень у клубнай і бібліятэчнай сферах раёна працуе прыкладна 70 працэнтаў спецыялістаў. Спрабуем пераламіць гэтую сітуацыю і павялічыць іх колькасць. Пастаянна бываем на размеркаваннях, запрашаем выпускнікоў прыехаць і працаваць на Драгічыншчыне. Праблем з жыллём ні ў горадзе, ні на сяле ў нас няма, ды і заробак у сферы культуры - досыць неблагі. Да таго ж, робім стаўку на свае кадры. У ВНУ галіны навучаюцца завочна 37 чалавек, 18 - у сярэдніх спецыяльных установах, на дзённым і завочным аддзяленнях.

Уладзімір НЕРАД:

- Так, але гэтую працу, на маю думку, варта актывізаваць. Трэба пастаянна дбаць пра станоўчы імідж сферы культуры, працаваць над самаўдасканаленнем. Тым больш, пахваліцца ў нас ёсць чым, хапае і розных цікавых праектаў ды перспектыўных планаў у сферы культуры, таму я ўпэўнены: любы малады спецыяліст, які прыйдзе працаваць на Драгічыншчыну, аб гэтым ніколі не пашкадуе.

Леанід КУРОЎСКІ:

- Так, і прыкладам таму - дзейнасць нашых супрацоўнікаў, што "выводзяць у людзі" сваіх выхаванцаў. Напрыклад, салістка Ганна Гражэўская, якая атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і якая займаецца ў нашым Драгічынскім ГДК, атрымала Гран-пры на Міжнародным фестывалі "Джанкой-2010", а таксама летась заваявала І месца на Міжнародным фестывалі нацыянальных культур у Гродне. А вось Жанна Ліцвінка атрымала дыпломы лаўрэата ў намінацыях "Народны вакал" і "Эстрадны вакал" на III Адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў "Шаную цябе, Белая Русь!". І гэтыя прыклады можна доўжыць...

Уладзімір НЕРАД:

- Словам, рыхтуем сваіх "зорачак"... Дадам, што закранутая кадравая праблема востра стаіць не толькі ў нашым, а і ў іншых раёнах Беларусі. У ВНУ сферы культуры, на маю думку, рыхтуюць спецыялістаў пераважна з прыцэлам на сталіцу, на абласныя цэнтры, забываючыся на патрэбы рэгіянальнай культуры. Напрыклад, я перакананы, што адно з выйсцяў з гэтай сітуацыі такое: трэба зрабіць абавязковай не двухгадовую, а дзесяцігадовую адпрацоўку, калі спецыяліст навучаўся ў дзяржаўнай установе за кошт дзяржаўных сродкаў. Толькі такім чынам, магчыма, кадравы "голад" у рэгіёнах будзе спатолены.

Фота аўтара

 

 Дэталь да агульнай карціны

І Люблін, і Парыж

/i/content/pi/cult/334/6131/pic_34.jpg Раённы Дом рамёстваў быў створаны на Драгічыншчыне ў 2006 годзе ў гарадскім пасёлку Антопаль.

Кіраўнік установы Галіна Сцепанюк самастойна авалодала шматлікімі відамі народных рамёстваў і цяпер навучае ім падлеткаў з Антопаля. Усяго пры РДР займаецца прыкладна 80 чалавек, прычым каля дзесяці з іх - у філіяле, створаным у Драгічыне. Работы навучэнцаў - цікавыя, разнастайныя і самабытныя.

Галіна Міхайлаўна летась пабывала на Першым Фестывалі "Покліч Палесся", што прайшоў у Нацыянальным парку "Прыпяцкі", а таксама неаднойчы прадстаўляла народныя традыцыі Драгічыншчыны за мяжой. Штогод удзельнічае ў "Ягелонскім кірмашы", які праходзіць у Любліне, а летась пабывала ў Францыі, дзе цягам двух тыдняў дэманстравала майстар-класы для еўрапейцаў. Асаблівае ўражанне, па словах Галіны Сцепанюк, на французаў аказала тэхніка пляцення паясоў. Быццам зачараваныя, еўрапейцы цягам гадзін назіралі за прафесійнымі рухамі беларускай майстрыхі, прасілі сфатаграфавацца з ёю і паўдзельнічаць у працэсе пляцення. Натуральна, усе сувеніры, якія захапіла з сабой дырэктар РДР, былі ўвобмірг раскуплены ўдзячнымі жыхарамі Парыжа і яго наваколляў.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"