Легенда пра срэбра

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

На старонках “К” неаднойчы ўзнімалася тэма Айчыннай вайны 1812 года, публікаваліся ўспаміны ўдзельнікаў тых гістарычных падзей. Пры гэтым многія аспекты дзейнасці французскай арміі на чале з Напалеонам Банапартам на тэрыторыі Беларусі застаюцца малавядомымі і па сёння.

 

У прыватнасці, цягам чатырох месяцаў французы займалі захоплены імі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр у Оршы. Дзякуючы вопісам, якія захаваліся, можна параўнаць адзін са славутых манастыроў, дзе займаўся асветніцкай дзейнасцю вядомы друкар Спірыдон Собаль, за некалькі месяцаў да яго захопу французамі і пасля іх адступлення. Упершыню гэтай тэмай у самым пачатку ХХ ст. зацікавіўся беларускі краязнаўца Еўдакім Раманаў, які супаставіў дакументы і апублікаваў сваё даследаванне ў "Могилевских губернских ведомостях" у 1901 г.

Што цікава, першы вопіс быў складзены казначэем манастыра іераманахам Арсеніем 10 ліпеня 1812 г. Ужо праз пяць дзён французы пачалі наступленне і захапілі першыя гарады Расійскай імперыі, а праз невялікі адрэзак часу занялі і Оршу, дзе заставаліся да 8 лістапада.

Па звестках першага апісання, у манастыры да вайны былі дзве царквы: драўляная Багаяўленская, названая ў вопісе старадаўняй, з прытворамі Дабравешчання і архангела Міхаіла, а таксама каменная двухпавярховая, з прытворам Ражджаства Хрыстовага (ўнізе) і Андрэя Першазваннага (ўверсе). Пры гэтым, Куцеінскі манастыр быў у дастатковай ступені забяспечаны царкоўным начыннем, посудам і мэбляй.

 Як адзначаў Еўдакім Раманаў, званіца ў манастыры была адна, драўляная, з падвойнымі варотамі, і налічвала чатыры званы. Непадалёк ад каменнай царквы пачынаўся драўляны флігель з келлямі, дзе размяшчаліся чатыры пакоі. З іншых будынкаў вопіс згадвае свіран для хлеба для манахаў, а за ім драўляны - для сялянскага запасу.

Вакол манастыра мелася каменная агароджа з дзвюма брамамі. Пры адной з іх каля Дняпра знаходзілася каменная кузня, прыбудаваная да агароджы, і лазня. Асобна ад манастыра знаходзіўся жывёльны двор. У ім была свая вялікая жылая хата, памяшканне для маладой жывёлы, пяць хлявоў, тры пуні, бровар. На рэчцы Куцейне знаходзіўся і вадзяны млын з каменнай плацінай на двух камянях. Манастыр меў у той час 26 кароў, 10 коней, 2 быкоў, 5 цялят, 55 авечак, 8 коз, 10 гусей, 15 курэй і 20 калод з пчоламі.

Пры аглядзе манастырскай маёмасці пасля чатырохмесячнага знаходжання там французаў атрымалася наступная, зусім не вясёлая, карціна. У царкоўнай скарбніцы захоўвалася восем евангелляў у металічных, пераважна сярэбраных, багатых аправах. Пасля французскага ж панавання ўсе аклады засталіся абадранымі, а ў шэрагу старадаўніх кніг зніклі некаторыя лісты.

Са Свята-Троіцкай царквы XVII ст., акрамя іншага, былі скрадзены настольныя ўборы з сукна "золотомъ украшеннаго", шаўковыя платы з алтара. Але, што цікава, царкоўных кніг французы не чапалі. З мэблі таксама не знайшлі толькі аднаго стала і двух крэслаў. А вось посуд захопнікі ўзялі амаль увесь. Скрадзены былі таксама і ўсе прылады працы, што былі ў манастыры: пілы, долаты, рыдлёўкі...

На радасць манахаў, частку разрабаванага срэбра - агульнай вагой у 17 фунтаў - потым знайшлі непадалёк у зямлі. Але гэта, вядома, было дробяззю, у параўнанні са страчанымі скарбамі. Не выпадкова манастыр яшчэ доўга не мог акрыяць ад французскага спусташэння.

А яшчэ ў Оршы існуе легенда, што казакі, якія пераследавалі Напалеона, убачыўшы жахлівае становішча манастыра, ахвяравалі на яго аднаўленне дзесяткі пудоў срэбра, адабранага ў французаў.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"