Абодва праекты, што стартавалі ў музеі з розніцай у пяць дзён - 22 і 27 кастрычніка, - прыцягнулі нямала гледачоў: гэта ўдзельнікі баёў Вялікай Айчыннай вайны, але найбольш - пакаленне іх унукаў ды праўнукаў. Дарэчы, стваральнікамі праекта рабілася стаўка менавіта на юнага наведвальніка. Адна з экспазіцый - спроба пабачыць сапраўдны лясны партызанскі лагер. "Вітражы партызанскай мудрасці і кемлівасці" - гэта свежы погляд у мінулае, і, як адзначаюць яго стваральнікі, ён дапаможа наведвальнікам у новым аспекце адкрыць для сябе Беларусь партызанскую. У прыватнасці, у экспазіцыі прадугледжаны інтэрактыўныя зоны: лазерны цір са стральбой з макетнай зброі і гульнявая зона "Старонкі партызанскіх галаваломак".
А здзейсніць інтэрактыўнае падарожжа ў мінулае дапамагае стылізаваная выява партызанскага лагера, з адпаведнай гамай святлаценяў і "галасоў" лесу. У адным з памяшканняў музея паводле архіўных матэрыялаў створана партызанская зямлянка, прасторавая канфігурацыя якой выканана ў натуральную велічыню, з афармленнем партызанскай друкарні і збройнай майстэрні. Словам, ёсць усё, каб задаволіць цікавасць сучаснага "пакалення візуалаў".
З больш як 200 сапраўдных прадметаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўленых на выстаўцы, вылучаюцца і матэрыялы з дзвюх рарытэтных калекцый, што маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь міжнароднага значэння катэгорыі "1". Гаворка - пра знакамітыя зборы партызанскіх рукапісных часопісаў і самаробнай зброі, аналагаў якой няма нідзе ў свеце. У тым ліку і ў яе стварэнні выявіліся мудрасць і кемлівасць лясных мсціўцаў, што паскорыла надыход Вялікай Перамогі.
З гэтым святым для нашага народа днём звязаны і Парад Перамогі, які адбыўся 24 чэрвеня 1945 года на Краснай плошчы ў Маскве. Гэтай урачыстай падзеі прысвечана апошняя выстаўка праекта - "Пераможцы". У аснову яе ляглі матэрыялы фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія распавядаюць пра баявы шлях і ўдзел у Парадзе нашых землякоў. Усяго, па словах вучонага сакратара музея, куратара праекта Галіны Бабусенка, ва ўстанове захоўваюцца асабістыя справы 200 удзельнікаў Парада Перамогі, у тым ліку іх фотаздымкі, асабістыя рэчы і асобныя дакументы.
Структура экспазіцыі сфарміравана ў адпаведнасці з тым, як праходзіў Парад. Можна ўбачыць штандары, з якімі ішлі зводныя палкі, а таксама восем падрыхтаваных навуковымі супрацоўнікамі музея планшэтаў, што адлюстроўваюць гісторыю кожнага з франтоў, у тым ліку звесткі пра вызваленыя імі гарады.
Увогуле ж, па словах Галіны Бабусенка, супрацоўнікам музея хацелася паказаць вялікую ўрачыстасць ХХ стагоддзя. А таму стваральнікі экспазіцыі не маглі абысціся і без інтэрактыўнасці. У прыватнасці, на адкрыцці выстаўкі прагучалі гукі курантаў, якія непасрэдна папярэднічалі Параду, а таксама запіс урачыстай прамовы Георгія Жукава. Для гасцей музея будзе дэманстравацца і 17-хвілінны фільм з фрагментамі Парада Перамогі. На выстаўцы прадстаўлена і копія Сцяга Перамогі, перададзеная для экспанавання Мемарыяльным комплексам "Брэсцкая крэпасць - герой".
Фота Юрыя ІВАНОВА