Па словах малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Зоі Харытановіч, было прынята рашэнне прадоўжыць далейшае даследаванне гэтай тэрыторыі. У выніку спадзяванні апраўдалі сябе: менш чым праз год на месцы вёскі быў выяўлены археалагічны комплекс, які ўключае гарадзішча, селішча гнездавога тыпу і два курганы.
Усяго археолагі разам з валанцёрамі даследавалі тэрыторыю плошчай 136 квадратных метраў. Дзякуючы іх намаганням выяўлена велізарная колькасць (некалькі тысяч адзінак) фрагментаў аблітай керамікі ІІІ - VІІ стагоддзяў, нажы, даволі рэдкі для Беларусі фрагмент баявой сякеры жалезнага веку, пражкі, 20 гліняных прасліц. Па словах Зоі Харытановіч, у Беларусі падобныя знаходкі керамікі выяўлены толькі ў яшчэ адным селішчы - у вёсцы Засвіры Мядзельскага раёна.
Усе рэчы, знойдзеныя пад час раскопак, пасля апрацоўкі і інтэрпрэтацыі будуць перададзены ў Раённы краязнаўчы музей. А пра вынікі ўнікальнага археалагічнага даследавання супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук падрабязней пазнаёмяць шырокую грамадскасць 12 лістапада пад час навуковай канферэнцыі ў Ашмянах.
Тым не менш, ставіць кропку ў гэтым даследаванні яшчэ рана. Праца ў гэтай мясцовасці будзе працягвацца ў наступным годзе і мусіць прынесці шмат новых і цікавых адкрыццяў.
■ ■ ■
І яшчэ. У адным з сёлетніх нумароў "К" быў змешчаны матэрыял пра ўнікальны архітэктурны комплекс у вёсцы Баруны Ашмянскага раёна, некаторыя будынкі якога знаходзяцца ў заняпадзе. Нам стала вядома, што нядаўна юныя жыхары Ашмяншчыны ўнеслі свой уклад у добраўпарадкаванне базыльянскага манастыра. Да гэтай важнай справы далучыліся члены райкама БРСМ, навучэнцы аграрнатэхнічнага каледжа, а таксама вучні Барунскай сярэдняй школы. Плануецца, што такая акцыя атрымае свой працяг і ў далейшым.
На здымку: сякера-кельт з арнаментам, VIII - VII стст. да н.э. (з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь).