Цягам фестывальных дзён гледачы змогуць убачыць каля ста фільмаў. Заяўлена, што паказы будуць адбывацца з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі і ўсіх неабходных мер бяспекі. Білеты можна набыць як у касах кінатэатраў, так і на афіцыйным сайце УП “Кінавідэапракат”.
Для асноўнага конкурсу ігравога кіно галоўная пляцоўка — кінатэатр “Цэнтральны”: паказы пачнуцца ў аўторак, 23 лістапада. А апошнія, 25 лістапада, пройдуць у кінатэатры “Піянер”. У нядзелю 21 лістапада ў “Цэнтральным” ужо можна будзе глядзець стужкі з пазаконкурснай праграмы і з асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Там жа адбудзецца і творчая сустрэча з госцем фестывалю, расійскім акцёрам, кінарэжысёрам і грамадскім дзеячам Мікалаем Бурляевым. Кінатэатр “Піянер” па традыцыі стане галоўнай пляцоўкай для конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” — паказы пачнуцца адразу 20 лістапада, а цырымонія закрыцця “Лістападзіка” з падвядзеннем вынікаў конкурсу пройдзе ў аўторак, 23 лістапада. Акрамя таго, у “Піянеры” можна будзе ўбачыць і стужкі з пазаконкурснай праграмы “Лістапада”, прысвечанай 50-годдзю беларускай анімацыі, сярод якіх такія адметныя работы, як “Легенда пра лэдзі Гадзіву”, “Беларускія прымаўкі”, “Дзед”, “Лыжка для салдата”, “Паданне пра гуслі”, “Цацка” і “Лагодны воўк”.
Акрамя ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця, у кінатэатры “Масква” адбудзецца адзін начны паказ з пазаконкурснай праграмы — 24 лістапада аматары кіно змогуць убачыць уладальніка “Залатога мядзведзя” сёлетняга Берлінскага кінафестывалю — новы рэзанансны фільм румынскага рэжысёра Раду Жудэ: на нашай тэрыторыі стужка ідзе пад назвай “Шалёнае кіно для дарослых”.
Карціны з конкурсу маладзёжнага кіно трапяць на экраны сталічнага кінатэатра “Беларусь”, а ў Доме кіно пройдуць паказы асобных стужак як з пазаконкурснай праграмы, так і з асноўнага конкурсу ігравога кіно. Там жа на 23 лістапада запланаваны вялікі вечар, прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава. У рамках творчай вечарыны будзе паказаны адзін з самых славутых фільмаў творцы — “Цераз могілкі” 1964 года.