Кінафестываль “Лістапад” перажывае рэбрэндынг

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі на брыфінгу, што прайшоў на кінастудыі, расказаў пра ход падрыхтоўкі да правядзення XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Як нядаўна стала вядома, сёлета адказнасць за арганізацыю і правядзенне фестывалю ўскладзеная менавіта на “Беларусьфільм”. І гэта не адзіныя змены, якія чакаюць “Лістапад”.

/i/content/pi/cult/864/18345/28.jpgЯк паведаміў Уладзімір Карачэўскі, ужо адбыліся першыя пасяджэнні аргкамітэта і рабочых груп, зараз на базе кінастудыі ствараецца дырэкцыя, збіраецца штат, вызначаюцца праграмныя дырэктары конкурсаў фестывалю — у верасні кінастудыя будзе гатовая абвясціць поўны спіс тых, хто будзе працаваць над “Лістападам”. Тэрміны фестывалю трохі пасунуты на канец месяца — “Лістапад” пройдзе з 20 па 26 лістапада — каб мець больш часу для падрыхтоўкі.

“За гісторыю фестывалю гэта будзе ўжо трэцяя дырэкцыя, што займаецца яго правядзеннем, — зазначыў Уладзімір Карачэўскі. — Мы працягнем лепшыя традыцыі нашых папярэднікаў, але ж адбудзецца і некаторы рэбрэндынг”.

Сярод іншага, будзе заменены лагатып, але асноўныя змены тычацца рэгламенту фестывалю. Калі раней “Лістапад” быў акрэдытаваны FIAPF — Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў — як спецыялізаваны фестываль фільмаў краін Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі і Кубы — умоўна кажучы, краін былога сацыялістычнага лагера, то сёлета ад гэтага падыходу вырашана адмовіцца і геаграфію ўдзельнікаў нічым не абмяжоўваць. Тым не менш, Уладзімір Карачэўскі засведчыў, што на гэты момант “Беларусьфільм” працуе ў шчыльным кантакце з FIAPF: “Мы спадзяемся атрымаць ад іх акрэдытацыю. Калі сёлета з якіх-небудзь прычын гэта не ўдасца, то ў наступным годзе ўжо адназначна. Мы ўсё ж разлічваем, што, як і ў папярэднія гады, наш фестываль будзе ўваходзіць у каталог міжнародных фестываляў”.

Заяўкі на ўдзел у “Лістападзе” прымаюцца да 30 верасня, конкурс адбудзецца па чатырох катэгорыях — ігравога, дакументальнага, дзіцячага і так званага “маладога” кіно. Нацыянальнага беларускага конкурсу сёлета не будзе. Зараз аргкамітэт актыўна рассылае запрашэнні да ўдзелу ў фестывалі, адгледжвае фільмы, каб сфарміраваць праграму. Але і ў падыходзе да конкурснай праграмы ёсць змены. Як і раней, “Лістапад” застаецца “фестывалем фестываляў” — то-бок у ім будуць прымаць удзел стужкі, створаныя за апошнія паўтара года, адзначаныя на міжнародных кінафестывалях і вартыя высокай адзнакі кінематаграфістаў і гледачоў. Але генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі патлумачыў сэнс перамен:

— У першую чаргу мы вітаем тэму гуманізму, тэму захавання каштоўнасцей, захавання міру. Гэта павінна быць кіно, якое працуе на стварэнне, якое дае людзям надзею і веру, незалежна ад таго, драма гэта ці камедыя, трагедыя ці экшн. Усё роўна кіно павінна несці нешта светлае. Мы не кажам, што мы забараняем сацыяльнае кіно, але разам з тым мы павінны больш казаць пра гуманізм і захаванне нейкіх рэчаў, да якіх чалавецтва ішло тысячы гадоў.

І яшчэ Уладзімір Карачэўскі зазначыў: “Мы плануем зрабіць фестываль больш глядацкім. Не трэба забывацца, што кіно робіцца для гледачоў. Хочацца, каб людзі хадзілі ў кіно з задавальненнем. Мы хочам зрабіць свята для людзей, якія любяць кіно, свята для тых, хто хоча сябраваць з нашай краінай, хто хоча прадставіць наша кіно…”

На XXVII Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” плануецца і насычаная пазаконкурсная праграма: гледачы ўбачаць рэтраспектыву фільмаў рэжысёра Віктара Турава, прысвечаную 85-годдзю з дня яго нараджэння, і “залатую калекцыю” беларускай анімацыіі ў гонар яе 50-годдзя. Акрамя таго, адбудуцца паказы праграмы “Кіно сяброў” з работ кінакампаній-партнёраў “Беларусьфільма”, і асаблівая ўвага будзе нададзена тэме 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Фільмы, заяўленыя на конкурс, убачаць не толькі ў сталічных кінатэатрах (а асноўнымі фестывальнымі кропкамі па-ранейшаму будуць кінатэатры “Масква”, “Цэнтральны”, “Беларусь”, Піянер”), але і ў рэгіёнах Беларусі.

Уладзімір Карачэўскі зрабіў акцэнт на наступным:

— Калі раней фестываль быў месцам, дзе гледачоў знаёмілі з кіно, дзе сустракаліся кінакрытыкі, рэжысёры, то зараз праз фестываль мы плануем больш актыўна прасоўваць нашу краіну, магчымасць працы з нашай краінай, магчымасці здымак у нашай краіне, нашу гатоўнасць да работы ў капрадукцыі, кааперацыі. Таму ў пазаконкурснай праграме ў нас будзе такое мерапрыемства, як прэзентацыя праграмы “Беларусь. Кіно здымаецца тут” — сумесна з іншымі беларускімі кінакампаніямі мы прадэманструем магчымасці здымак у нашай краіне. Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас з’явіліся новыя партнёры, гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю і беларускімі кінематаграфістамі.