Ідылія маляванак як сучаснае мастацтва

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску адкрылася выстава маляваных дываноў “Зоры-зараніцы” — як водгулле прайшоўшага ў чэрвені ІІІ Міжнароднага фестывалю “ТэкСтыльны букет”. Гэты ўнікальны і своеасаблівы від традыцыйнага беларускага рамяства — маляванкі, жывапіс на палатне — апошнім часам актыўна адраджаецца ў творах сучасных мастакоў, якія не проста пераймаюць традыцыю, а натхнёна развіваюць ідэі, закладзеныя народнымі майстрамі і славутымі творцамі мінулага — Язэпам Драздовічам і Аленай Кіш. Самое месца правядзення выставы сведчыць пра тое, што маляванкі — і мастацтва, і сучаснае.

/i/content/pi/cult/861/18280/018.jpgАмаль да сярэдзіны верасня ў НЦСМ па вуліцы Някрасава ў Мінску можна пабачыць творы Ірыны Церашковай, Жанны Ільюшкінай і Ірыны Князевай. Але, як ужо звыкла для НЦСМ, выстава будзе крыху больш, чым проста выставай — плануюцца экскурсіі, майстар-класы, прагляды і абмеркаванне фільма “Маляваны рай”, сустрэчы з мастакамі… У цэнтры ўсіх дзей — мастацтва маляваных дываноў, якое можна ўжо называць сярод самых адметных брэндаў Беларусі. Як сказаў на ўрачыстым адкрыцці выставы 22 ліпеня дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч: “Я лічу, што непрафесійнае мастацтва, якое ідзе ад прыгажосці рая, лепей, чым прафесійнае, якое ідзе ад прыгажосці гэтага свету. Бо рай жа вышэй! І я жадаю, каб гэтае шчодрае народнае мастацтва маляванак, нараджэннем якога ў Беларусі мы можам ганарыцца, квітнела і каб да яго далучаліся прафесійныя мастакі”.

Маляваныя дываны трох вышэйзгаданых мастачак удзельнічалі ў нядаўнім міжнародным фестывалі “ТэкСтыльны букет”, які сёлета быў ужо трэцім і які на гэты раз пашырыўся да вызначэння “фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”. Калі экспертная рада адбірала творы, якія будуць дапушчаны да ўдзелу ў фестывалі, заяўка з маляванымі дыванамі, паводле слоў куратара выставы “Зоры-зараніцы” Алесі Іназемцавай, адразу выклікала адназначнае і нават радаснае “так!”. Цяпер жа гэтыя творы сталі асобнай экспазіцыяй, якая, акрамя ўсяго іншага, дае нагоду і для папулярызацыі мастацтва маляванак. Найперш, як кажа Алеся Іназемцава, запрашаюцца сямейныя наведвальнікі, з дзецьмі: на экскурсіях будзе расказвацца не толькі пра канкрэтныя экспанаты — а кожны ўвасабляе сваю гісторыю, і нават міф ці легенду Беларусі — але і пра ўсё гэтае мастацтва, што квітнела на беларускіх землях з 20-х па 60-я гады мінулага стагоддзя і што цяпер, у ХХІ стагоддзі, выходзіць на новы ўзровень, апынуўшыся актуальным, сучасным і натхняючым на творчасць.

Класічная адметнасць маляваных дываноў — роспіс на палатне, пафарбаваным у чорны колер. І амаль ўсе прадстаўленыя на выставе “Зоры-зараніцы” маляванкі ў гэтым сэнсе адпавядаюць традыцыі. З чорнага колеру, які Сяргей Крыштаповіч назваў сімвалам багатай, урадлівай зямлі, прарастаюць дзівосныя кветкі і дзівосныя сюжэты, раслінна-арнаментальныя кампазіцыі суседнічаюць з тэматычна-сюжэтнымі. У працах Ірыны Церашковай з Лёзна выкарыстаны беларускія міфы і паданні: назву выставе дала якраз маляванка гэтага майстра — “Зоры-зараніцы”. Погляды наведнікаў, несумненна, прыцягне маляванка з багатым, але не міфалагічным сюжэтам — “Мост закаханых у мястэчку Лёзна”, дзе Ірына Церашкова на цалкам рэальным лёзненскім мосце намалявала сустрэчу Марка Шагала і яго каханай Бэлы. Славуты мастак сапраўды неаднойчы бываў у Лёзне, бо адтуль яго продкі, там жыла яго шматлікая радзіна. Ірына Церашкова, дарэчы, не проста майстар — яна адна з першых на Віцебшчыне ўжо ў нашым часе засвоіла майстэрства маляваных дываноў і навучыла яму іншых — работнікаў Дамоў рамёстваў па ўсёй Віцебскай вобласці./i/content/pi/cult/861/18280/019.jpg

Другі прыкметны майстар, чые дываны можна ўбачыць на выставе ў НЦСМ, — Жанна Ільюшкіна. Яна таксама з Лёзна, таксама — як і Ірына Церашкова — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, чалавек з прафесійнай мастацкай адукацыяй. З Ірынай яны даўнія калегі па мясцовым Доме рамёстваў. Увогуле, менавіта віцебскія землі можна назваць цэнтрам гэтага рамяства і ў мінулым — тут працаваў Язэп Драздовіч, і ў сучаснасці менавіта віцебскія метадысты цэнтраў народнай творчасці, майстры і выкладчыкі Дамоў рамёстваў ужо некалькі дзесяцігоддзяў вядуць плённую працу па адраджэнні маляванак, дасягнуўшы вельмі сур’ёзных вынікаў: Віцебшчына можа пахваліцца вялікай колькасцю творцаў, што працуюць на прафесійным узроўні, а ў 2014-м традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я атрымала статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Жанна Ільюшкіна — сапраўдны майстар “казачнага рэалізму”, уласцівага класічным маляванкам, яе дываны вабяць багаццем і бучнасцю колераў, кветак, узораў.

Трэці майстар — Ірына Князева з Мінска. Яна параўнальна нядаўна занялася маляванкамі, але даволі хутка звярнула на сябе ўвагу публікі і аматараў жанру. Карані яе захаплення, дарэчы, таксама з Віцебшчыны, з часоў, калі Ірына Князева працавала ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Цяпер Ірына — супрацоўніца сталічнага Музея гісторыі беларускай літаратуры, і сярод іншых на выставе можна ўбачыць яе маляванку з літаратурным сюжэтам, узятым з казкі Уладзіміра Караткевіча “Аўтух-дамоўнік”.

Часткай экспазіцыі, экскурсій будзе дакументальная стужка “Маляваны рай”, знятая рэжысёрам Галінай Адамовіч на кінастудыі “Беларусьфільм” у 2010 годзе: у цэнтры расповеду — жыццё і творчасць выдатнай народнай мастачкі Алены Кіш.

Ідылічная карціна свету і вобразы рая, згодна з традыцыямі, напаўняюць выставачную залу НЦСМ. Нават неабазнанага ў гэтым майстэрстве гледача выстава “Зоры-зараніцы” захопіць колерамі і радасным багаццем фарбаў і здзівіць знаёмствам з такім незвычайным беларускім мастацтвам.