Дыялог пакаленняў аб вайне

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Адукацыйны семінар “Тры колеры трагічнай памяці пра вайну ў дыялогу трох пакаленняў”, зладжаны Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна на мінулым тыдні, быў прымеркаваны да Міжнароднага дня вызвалення вязняў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, які адзначаўся 11 красавіка.

/i/content/pi/cult/846/17984/13.jpgДата абраная невыпадкова — менавіта ў гэты дзень, напярэдадні наступу амерыканскіх войск, у 1945 годзе адбылося паўстанне ў Бухенвальдзе — адным з найбуйнейшых нацысцкіх канцлагераў. Калі праз два дні на тэрыторыю лагера ўвайшлі вызваліцелі, яна ўжо цалкам кантралявалася былымі вязнямі. За час існавання лагера, з 1937 года, праз яго прайшло каля дзвюхсот пяцідзясяці тысяч чалавек з усіх еўрапейскіх краін, з іх загінула больш за пяцьдзясят шэсць тысяч, у тым ліку каля васьмі тысяч савецкіх ваеннапалонных. Таксама на мінулы тыдзень сёлета прыпаў Дзень памяці Катастрофы і гераізму — дата, вызначаная для ўшанавання ахвяр нацызму, адзначэнне якой прымеркаванае да гадавіны пачатку паўстання ў Варшаўскім гета ў 1943 годзе.

Не згубіцца ў сучасным свеце

З увагі на эпідэміялагічную сітуацыю, сустрэча прайшла ў анлайн-фармаце, праз сродкі аддаленай сувязі. Семінар адбыўся ў рамках праекта “Рэгіянальная дыялогавая пляцоўка трох пакаленняў і сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя сведак ваенных падзей”. Удзельнікі гурткоў былі тэрмінова навучаныя асновам абыходжання з сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі, што дазволіла ім нават у такіх неспрыяльных умовах не адчуваць сябе адзінокімі.

Сацыяльны праект “Памятаць дзеля будучыні. Дыялог трох пакаленняў” рэалізуецца з 2018 года пад кіраўніцтвам Тамары Курдадзэ. Удзельнікамі праекта перадусім з’яўляюцца сведкі і ВЕТЭРАНЫ апошняй вайны, вязні нацысцкіх канцлагераў і пацярпелыя ад Халакосту, а таксама колішнія прымусовыя рабочыя. Задачай праекта з’яўляецца забеспячэнне ім належнай увагі і клопату, а таксама стварэнне магчымасці перадаць іх жыццёвы досвед моладзі. На дапамогу сведкам вайны прыходзяць прадстаўнікі іншых пакаленняў, навучэнцы школ і вышэйшых навучальных устаноў. Яны таксама наладжваюць супрацоўніцтва з краязнаўцамі, праводзяць збор сведчанняў відавочцаў, шукаюць і даследуюць звесткі аб месцах памяці і трагедый вайны.

Музей вялікай памяці маленькіх відавочцаў

Семінар распачалі вучні сталічнай школы № 137 імя П.М. Машэрава на чале са сваёй настаўніцай гісторыі Людмілай Шчэннікавай. Яны прэзентавалі даробак народнага музея “Дзеці вайны”, што дзейнічае ў навучальнай установе з 1990 года. Тут захоўваюцца больш за семсот прадметаў, звязаных з лёсамі малалетніх сведкаў ваенных падзей — перададзеныя імі асабістыя рэчы, фотаздымкі, копіі архіўных дакументаў.

Экспазіцыя налічвае чатыры раздзелы: “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і акупацыя Беларусі”, “Канцлагеры на тэрыторыі Беларусі”, “Найбуйнейшыя канцлагеры Еўропы: Асвенцым, Бухенвальд, Майданэк, Дахау” і “Не старэюць душой” — апошні прысвечаны пасляваенным гадам жыцця колішніх вязняў. У 2012 годзе пры ўдзеле навучэнцаў школы была падрыхтаваная кніга “Малалетнія вязні вайны: жывыя сведчанні Беларусі”, якая зрабілася першым выданнем такога кшталту ў нашай краіне. Вучні працягваюць падтрымліваць кантакт з дзецьмі вайны і сёння.

Да дыскусіі і абмеркавання досведу сведкаў вайны далучыліся і педагогі і навучэнцы школ у Трасцянцы, а таксама ў Красным і Гарадку Маладзечанскага раёна, з мінскіх гімназій № 3 і 19, Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, Мінскага дзяржаўнага будаўнічага тэхнікума, школ Першамайскага раёна сталіцы, студэнты гістарычнага факультэта БДУ.

Не толькі пакутавалі, але і змагаліся

Важнай часткай семінара зрабіліся расповеды сведкаў, дзяцей вайны і колішніх вязняў. Першым падзяліўся сваім трагічным жыццёвым досведам Міхаіл Разеншэйн. Ён нарадзіўся ў 1940 годзе ў Беластоку, які тады належаў да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, увайшоўшы ў яе склад разам з заходнебеларускімі тэрыторыямі за год да гэтага.

Ужо 27 чэрвеня 1941 года горад быў акупаваны нямецкімі войскамі, і адразу ж, на наступны дзень, гітлераўцы зладзілі там першую акцыю па знішчэнні мірнага яўрэйскага насельніцтва, якую назвалі “Чырвоная пятніца”. Быў спалены яўрэйскі квартал, загінулі больш за тысячу чалавек. Падчас наступнага масавага забойства, 3 ліпеня 1941 года, якое нацысты ахрысцілі “Чорнай суботай”, былі забітыя ўжо каля шасці тысяч яўрэяў — збольшага імкнуліся знішчыць працаздольных мужчын і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, то-бок тых, хто мог узначаліць рух супраціву.

27 ліпеня 1941 года было створанае Беластоцкае гета — адно з найвялікшых на акупаваных тэрыторыях, якія да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза. Неўзабаве ў гета пачалі арганізоўвацца структуры антынацысцкага падполля. У лютым 1943 года, калі нацысты распачалі дэпартацыю вязняў у лагер смерці ў Трэблінцы, у гета выбухнулі першыя спробы ўзброенага супраціву з боку падпольшчыкаў.

У пачатку жніўня 1943 года нацыстамі было прынятае рашэнне аб ліквідацыі гета. У ноч з 15 на 16 жніўня яго тэрыторыя была ачэпленая войскамі. Акупанты ўлічвалі ранейшы досвед задушэння супраціву ў Варшаўскім гета, дзе паўстанне адбылося яшчэ ўвесну 1943 года і доўжылася амаль месяц. Беластоцкія вязні змагаліся тры дні — 18 жніўня іх узброены супраціў быў задушаны.

Пасля гэтага рэшта вязняў, больш за сорак тысяч чалавек, былі накіраваныя на гібель у лагеры смерці “Трэблінка” і “Майданэк”. Беласток быў вызвалены 27 ліпеня 1944 года — роўна праз тры гады пасля стварэння гета. З усіх яго вязняў здолелі выжыць толькі каля двухсот шасцідзясяці чалавек — тыя, каму пашанцавала ацалець у канцлагерах, а таксама тыя, хто хаваўся па-за межамі гета альбо далучыўся да партызанскіх атрадаў.

Дзеці розных народаў

Сам Міхаіл Разеншэйн, зразумела, падчас вайны быў зусім малым дзіцём, таму памятаць гісторыю свайго выратавання не мог. Распавядаючы аб тых днях, ён спасылаецца на ўспаміны жанчыны, якая яго хавала і ратавала. Звалі яе Генавефа Майхер, яна была полькай і на той час зусім яшчэ маладой дзяўчынай — у 1941 годзе ёй споўнілася дваццаць чатыры.

Бацька маленькага Мішы ў першыя дні вайны быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, а маці гітлераўцы забілі ў снежні 1941 года — яна ўдзельнічала ў падполлі ў гета і была выдадзеная правакатарам. Малым Міхаілам Разеншэйнам апекавалася бацькава сястра, якая і звярнулася да Генавефы Майхер з просьбай прытуліць хлопца. Адметна, што такім чынам жанчына вырашыла ратаваць не сваю дачку, а пляменніка.

Малога Мішу ўдалося вывесці за межы гета, але ён быў вельмі слабы і хворы. На шчасце, вярнуць малога да жыцця дапамог лекар-педыятр, у якога Генавефа Майхер здымала пакой. Каб пазбегчы лішніх падазрэнняў, хлопца таксама вырашылі ахрысціць у касцёле, даўшы яму імя Міраслаў. Так ён і пражыў усю рэшту акупацыі разам са сваёй апякункай. А ў жніўні 1944 года, пасля вызвалення Беластока, іх адшукаў Мішаў бацька, які ўрэшце забраў малога да сябе. Цікава, што сам Давід Разеншэйн ваяваў у складзе савецкіх партызанскіх атрадаў на Гродзеншчыне, дзе і даведаўся ад мясцовых яўрэяў пра лёс свайго сына.

Міхаіл Разеншэйн і Генавефа Майхер больш ніколі не бачыліся, хаця незадоўга да смерці здолелі наладзіць сувязь, ліставаліся і стэлефаноўваліся. Жанчына памерла ў 2003 годзе, за некалькі месяцаў да таго, як ёй было нададзена званне Праведніцы народаў свету. Фота, на якім можна пабачыць малога Мішу з ягонай выратавальніцай, сёння вітае ўсіх, хто звяртаецца да раздзелу з базай звестак аб Праведніках народаў свету з былога СССР на сайце ізраільскага Мемарыяльнага комплексу гісторыі Халакосту “Яд Вашэм”.

Трымацца разам

Пра свой пакутны шлях ваенных дзён распавёў і Яўген Хрол, які нарадзіўся ў 1939 годзе. Яго бацькі былі падпольшчыкамі, бацька ўваходзіў у склад групы, якая здзейсніла дыверсію на мінскай ТЭЦ-2, пасля чаго сям’я была вымушаная ратавацца ўцёкамі. Так яны трапілі ў партызанскі атрад, які дзейнічаў у Налібоцкай пушчы. У ліпені 1943 года, падчас нацысцкай карнай акцыі “Герман”, малога Жэню і яго сястру схапілі і накіравалі ў канцлагер “Маўтхаўзен”, дзе ў дзяцей бралі кроў для лячэння нямецкіх салдат.

Вызвалілі іх у 1945 годзе амерыканскія войскі. Яўген Хрол прыгадвае, што быў тады ўражаны, упершыню пабачыўшы цемнаскурых людзей. Ужо ў свядомым узросце ён не спыніў падтрымліваць сувязі з колішнімі вязнямі, якія знаходзіліся з ім у адным лагеры, і зрабіўся намеснікам старшыні міжнароднага камітэта вязняў Маўтхаўзэна. Людзі, аб’яднаныя няшчасцем, перажытым у мінулым, трымаюцца разам і сёння, імкнуцца падтрымаць адно аднаго.

Напрыканцы семінара адбылася дыскусія з удзелам навучэнцаў школ і ВНУ, якія здолелі задаць дзецям вайны пытанні, якія іх непакоілі ў сувязі з пачутымі расповедамі. На заканчэнне размовы Яўген Хрол звярнуўся да маладой аўдыторыі з пажаданнем не забываць аб сваіх родных і блізкіх і помніць: тое, што адбылося з малалетнімі вязнямі, не павінна ніколі паўтарыцца. Ён таксама звярнуўся да моладзі з просьбай наведаць у гэтыя дні месцы памяці і трагічнай гібелі ахвяр вайны, што знаходзяцца побач.

Вынікі сустрэчы падсумавала архітэктар і кіраўнік Рэспублiканскага фонду “Халакост” Галіна Левіна, якая падкрэсліла, што асабістыя гісторыі сведкаў вайны, якія ў той трагічны час былі дзецьмі, надзвычай каштоўныя для разумення тагачасных рэалій, але таксама яны, перадусім, яскрава сведчаць аб тым, што людзі, якія прайшлі праз жахі вайны ў такім малым узросце, не выйшлі з яе выпрабаванняў злымі, цынічнымі ці жорсткімі. Памятаючы аб перажытых трагедыях мінуўшчыны, нікому нельга забываць аб неабходнасці захавання міру і паразумення ў сучаснасці і будучыні.