Магчымасць пазнаёміцца бліжэй

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Амаль тыдзень таму адбылася сустрэча міністра культуры Анатолія Маркевіча з дэлегацыяй амбасады Пакістана ў Рэспубліцы Беларусь. Падчас грунтоўнай размовы бакі абмяркавалі пытанні, звязаныя з пашырэннем супрацоўніцтва ў культурнай сферы, а таксама абменам вопытам у галіне кінематаграфіі. А 6 красавіка афіцыйна адкрыліся Дні культуры Ісламскай Рэспублікі Пакістан. Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў прымаў гасцей.

/i/content/pi/cult/845/17973/28.jpgРэктар БДУКіМ Наталля Карчэўская падзякавала за магчымасць правядзення падобнай акцыі ў сценах універсітэта.

— Мы ўдзячны за тое, што можам пазнаёміцца бліжэй з культурай і мастацтвам Пакістана, — адзначыла Наталля Карчэўская. — Упэўнена, што наша мерапрыемства паслужыць умацаванню сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан Саджад Хайдэр Хан падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за падобную акцыю і выказаў упэўненасць, што народы нашых краін працягнуць развіваць сяброўскія стасункі ў розных сферах жыцця.

— Актыўнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі сёння ідзе не толькі ў эканоміцы, але і ў сферы культуры, — адзначыў пакістанскі дыпламат. — Акцыі, падобныя той, якую мы ладзім у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, надаюць новую энергію, новы імпульс нашым стасункам, павялічваюць нашу актыўнасць у Беларусі, бо мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб пра нашу краіну, пра яе эканамічны, культурны ды турыстычны патэнцыял даведвалася як мага болей беларусаў.

Пасля прывітальных слоў адбыўся прагляд дакументальнага фільма пра Пакістан, паказ усходніх танцаў і прэзентацыя-дэманстрацыя асноўных дасягненняў гэтай краіны ў розных сферах жыцця, у тым ліку эканоміцы, культуры, спорту. Потым спадар Пасол адказаў на пытанні прысутных.

/i/content/pi/cult/845/17973/29.jpgУ прыватнасці, ён расказаў пра тое, што сёння плануецца ўмацоўваць сувязі паміж універсітэтамі Пакістана і Беларусі.

— Хоць я не так даўно працую на пасадзе Пасла, я ўжо заўважыў, што ў беларускіх вышэйшых навучальных установах вельмі высокая якасць адукацыі, — адзначыў Саджад Хайдэр Хан. — І таму, нягледзячы на тое, што многія пакістанскія дзяўчыны і хлопцы пераважна навучаюцца ва ўніверсітэтах ЗША, Аўстраліі ці Вялікабрытаніі, мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб нашы студэнты таксама мелі магчымасць навучацца і ў Беларусі, у тым ліку, і ва ўстановах адукацыі сферы культуры. Тым больш, што пэўныя напрацоўкі ў гэтым кірунку ўжо робяцца.

Больш падрабязна пра гэты бок міжнароднага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі Пакістана і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў расказаў “К” начальнік аддзела міжнародных сувязяў БДУКіМ Вадзім Саматыя.

— У бліжэйшы час плануецца падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным каледжам мастацтваў Пакістана, а таксама паміж Нацыянальным Саветам па пытаннях мастацтваў ды БДУКіМ, — патлумачыў Вадзім Саматыя. — Перамовы знаходзяцца на завяршальным этапе, таму, мяркую, што сёлета гэтыя дакументы будуць намі падпісаны. А Дні культуры Пакістана ў нашым універсітэце — гэта, фактычна, першая падобная акцыя, разлічаная на доўгатэрміновае супрацоўніцтва і сяброўства.

Дарэчы, адразу пасля ўрачыстага мерапрыемства, адбылася яшчэ адна важная акцыя — Наталля Карчэўская і спадар Саджад Хайдэр Хан адкрылі выставу карцін пакістанскага мастака Джымі Інжынера. Гэты вядомы прафесійны мастак стварыў больш за тры тысячы карцін, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце, уключаючы Кітай, Індыю, Вялікабрытанію і ЗША. Джымі Інжынер, дарэчы, запісаў відэа-паведамленне, якое было прадэманстраванае на адкрыцці Дзён культуры, з падзякай за магчымасць выставіць свае карціны ў Беларусі, у сценах БДУКіМ.

А пасля ўсе прысутныя, сярод якіх было шмат студэнтаў, змаглі прадэгуставаць шэраг адметных і, натуральна, даволі смачных блюд пакістанскай нацыянальнай кухні.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"