Захоўваючы повязь з землякамі

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

26 лютага ў Мінскім храме-помніку ў гонар Усіх святых адбыўся круглы стол “Новыя формы работы рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь з грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа”, прысвечаны актывізацыі супрацоўніцтва ўстаноў культуры рэгіёнаў з беларускай дыяспарай. Мерапрыемства прайшло з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а таксама прадстаўнікоў рэгіёнаў Беларусі.

/i/content/pi/cult/840/17875/5.jpgЯк адзначыла ў сваім вітальным слове начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства культуры Вікторыя Ратабыльская, работа з дыяспарай з’яўляецца адным з найважнейшых накірункаў міжнароднай дзейнасці. Сёння як ніколі актуальным робіцца супрацоўніцтва з беларусамі, што пражываюць за межамі радзімы — іх аб’ядноўваюць дзвесце сем арганізацый па ўсім свеце. У сваім выступе падчас VI Усебеларускага народнага сходу Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да беларусаў свету, адзначыў, што нават за межамі радзімы яны не перастаюць быць часткай беларускай сям’і.

Мэтанакіраваная і сістэмная работа па арганізацыйна-метадычнай і практычнай дапамозе суайчыннікам за мяжой ажыццяўляецца Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.

У 2021 годзе перад цэнтрам стаіць задача актыўна прыцягваць рэгіёны Беларусі да супрацоўніцтва з дыяспарай, надаць асаблівую ўвагу арганізацыі работы па стварэнні грамадскіх аб’яднанняў, заключэнні доўгатэрміновых пагадненняў аб супрацоўніцтве, прыцягненні моладзі з ліку суайчыннікаў за мяжой да актыўнага ўзаемадзеяння, забеспячэнні арганізацыйнай і метадычнай падтрымкай прэзентацыі і папулярызацыі беларускай культуры і мовы ў замежжы. Адной з найважнейшых задач на гэты год застаецца арганізацыя і правядзенне Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, у рамках якога прадстаўнікі дыяспар таксама наведаюць рэгіёны Беларусі.

З увагай да мовы і моладзі

Начальнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Аляксандр Апімах у сваім выступе зазначыў, што захаванне духоўнай, культурнай і гістарычнай спадчыны натуральным чынам яднае беларусаў замежжа, дазваляючы ім узмацняць сувязь з гістарычнай радзімай. Паводле розных ацэнак, за межамі краіны пражывае ад палутара да трох з паловай мільёнаў беларусаў, пераважная частка якіх, вядома, сканцэнтраваная ў сумежных дзяржавах, альбо краінах, якія звязаныя з Беларуссю гістарычна абумоўленымі міграцыйнымі плынямі.

Рэалізацыя сумесных з дыяспарай культурных праектаў ажыццяўляецца ў рамках падпраграмы “Беларусы ў свеце” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, дзякуючы якой ладзяцца стажыроўкі творчых калектываў дыяспары, камплектуюцца беларускай літаратурай бібліятэкі, што дзейнічаюць пры аб’яднаннях беларусаў замежжа. Зрабілася добрай традыцыяй гасцяванне дзяцей беларусаў блізкага замежжа ў дзіцячых аздараўленчых лагерах краіны. Намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка таксама адзначыла, што найбліжэйшым часам мяркуецца актывізаваць супрацоўніцтва з установамі агульнай і сярэдняй адукацыі краін замежжа, дзе вывучаецца беларуская мова.

/i/content/pi/cult/840/17875/6.jpgРэкамендацыям па арганізацыі работы з беларускай дыяспарай у гарадах-пабрацімах населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь быў прысвечаны выступ дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Паўла Сапоцькі. Ён адзначыў, што беларускія рэгіёны маюць сувязі з чатырохсот сарака рэгіёнамі прыкладна ў чатырох дзясятках краін, і праанансаваў з’яўленне ў бягучым годзе вялікага турыстычнага і выдавецкага праекта, скіраванага на работу з гарадамі-пабрацімамі Беларусі і Расіі, рашэнне аб стварэнні якога было прынятае падчас леташняга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У выніку мусіць з’явіцца даведнік-праваднік па найбольш знакавых помніках гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, які будзе спрыяць пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва і развіццю турызму.

Абапал заходняй мяжы

Прагучалі таксама выступы прадстаўнікоў устаноў культуры з рэгіёнаў, якія распавялі аб сваім досведзе работы з дыяспарай і прапановамі па яе актывізацыі. Дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук самым знакамітым праектам, які рэалізуе падначаленая ёй арганізацыя ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва, назвала сумесную дзейнасць з грамадскім аб’яднаннем “Музей малой Бацькаўшчыны” ў Студзіводах, прыгарадзе Бельска-Падляшскага у Польшчы. Музей, які ўзначальвае вядомы гісторык, этнограф і фалькларыст Дарафей Фіёнік, займаецца захаваннем і папулярызацыяй гісторыі і культуры беларусаў Падляшша. Пачынаючы з 2009 года ў супрацоўніцтве з Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам музей ладзіць сумесныя фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі ў Драгічынскім, Бярозаўскім, Іванаўскім, Пінскім, Маларыцкім, Кобрынскім раёнах Брэсцкай вобласці.

/i/content/pi/cult/840/17875/7.jpgВынікам экспедыцый зрабілася традыцыя ўдзелу фальклорных гуртоў Брэсцкай вобласці ў падляшска-палескім фестывалі “Там па маёвуй росі”, які адбываецца на Падляшшы і з’яўляецца пляцоўкай прэзентацыі матэрыяльнай і духоўнай традыцыйнай культуры. У гэтых фестывалях з пачатку супрацоўніцтва прынялі ўдзел больш за трыста носьбітаў фальклору з брэсцкага Палесся, каля трох дзясяткаў калектываў. Таксама ў межах фестывалю ў музеях Падляшша адбываліся выставы народных майстроў Мікалая Тарасюка і Івана Супрунчыка.

Сяброўства з беларусамі Балтыі

Начальнік інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна распавяла, што творчыя сувязі з дыяспарай ажыццяўляюцца перадусім праз удзел творчых калектываў беларусаў замежжа ў міжнародных святах і фестывалях, дзе стала ўдзельнічаюць гурты з Латвіі. Асабліва актыўнае супрацоўніцтва наладжанае ў Латвіі з беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”, цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілса, таварыствамі “Лянок” з Елгавы, “Спадчына” з Вентспілса, “Спатканне” з Екабпілса, а таксама беларускім цэнтрам “Крок” горада Вісагінаса ў Літве. Адбываецца ўзаемны абмен і гастролі фальклорных калектываў вобласці ў гарадах Латвіі.

Начальнік аддзела культурна-асветніцкай працы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Давыдзік зазначыў, што паміж упраўленнем і беларускім грамадска-культурным таварыствам у Беластоку ўжо каля дваццаці гадоў дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве, у рамках якога ладзіцца фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Гродна — Беласток”, што дапамагае захоўваць і папулярызаваць музычна-песенную культуру беларускага насельніцтва Падляшша, пачаргова адбываючыся ў Гродна і Беластоку. Установы культуры Гродзеншчыны таксама актыўна супрацоўнічаюць з беларускай дыяспарай Латвіі.

Суседская справа

Дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро Цалка распавёў аб досведзе наладжвання кантактаў з дыяспарай у сумежных раёнах Расіі. Усталёўваць такія сувязі дапамагаюць этнаграфічна-фальклорныя экспедыцыі, якія праводзяцца на Бранска-Чарнігаўска-Гомельскім памежжы. Паралельна ладзіцца работа па абмене матэрыяламі фальклорных экспедыцый і калекцыямі музейных устаноў адпаведных рэгіёнаў.

Таксама адбываецца супрацоўніцтва з беларусамі Томскай вобласці, продкі якіх пасяліліся ў тых мясцінах у пошуках лепшай долі напачатку мінулага стагоддзя. Сучасная эпідэміялагічная сітуацыя падштурхнула да таго, што цягам мінулага года для беларускай дыяспары Томска і Іркуцка былі праведзеныя каля двух дзясяткаў анлайн-майстар-класаў па спевах, вышыўцы, ткацтве, традыцыйным строі.

Канцэрты для далёкіх землякоў

Намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Іна Балаўнёва згадала аб супрацоўніцтве, наладжаным з Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры, у рамках якога кіраўнікі тэатральных калектываў Новасібірска прымалі ўдзел у рэспубліканскім семінары-практыкуме “Аматарскі тэатр у сацыякультурным аспекце горада і рэгіёна”. У кастрычніку 2020 года прайшоў сумесны навучальны семінар-практыкум па выцінанцы з правядзеннем майстар-класаў для спецыялістаў дамоў рамёстваў Магілёўскай вобласці і Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. Таксама наладжанае супрацоўніцтва з аб’яднаннямі беларусаў у Ленінградскай і Самарскай абласцях, беларускімі таварыствамі ў Эстоніі.

Падтрымліваецца сувязь з выхадцам з Клічаўскага раёна, які больш за дваццаць гадоў жыве ў Германіі — оперным спеваком Іванам Патупчыкам. Ён штогод наведвае малую радзіму, традыцыйна праводзіць дабрачынныя канцэрты ў Доме ветэранаў аграгарадка Дзмітрыеўка. З’яўляючыся ўладальнікам прыватнай музычнай школы ў Германіі, спявак выказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва ў галіне эстэтычнай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама арганізацыі абменных выступленняў творчых калектываў.

Не губляючы сувязі ў новых абставінах

Досведам работы з дыяспарай, што ладзіцца ў Мінскай вобласці, падзялілася намеснік дырэктара Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці Наталля Даўнаровіч. Падпісаныя і рэалізуюцца пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, культуры, спорту і турызму паміж Барысаўскім раённым выканаўчым камітэтам і Нарвскім беларускім нацыянальна-культурным таварыствам “Сябры” ў Эстоніі, Дзяржынскім раённым выканаўчым камітэтам і Беларускай суполкай Львоўскай вобласці, Мядзельскім раённым выканаўчым камітэтам і Чарнігаўскім гарадскім нацыянальна-культурным таварыствам беларусаў “Сябры” ва Украіне.

Больш за дзесяць гадоў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны ансамбль танца “Сузор’е” з Палаца культуры горада Салігорска супрацоўнічае з арганізацыямі беларускай дыяспары ў Сочы — па ініцыятыве цэнтра беларускай культуры Лазараўскага раёна горада калектыў штогод праводзіць у Сочы канцэрт для суайчыннікаў.

Варта адзначыць адукацыйную дзейнасць этнографа, спецыяліста Любанскага раённага Цэнтра культуры Сяргея Выскваркі, які правёў майстар-класы па традыцыйных беларускіх народных танцах для ўдзельнікаў творчых калектываў беларускай аўтаноміі Сібіры, беларускай супольнасці ў Вільні, беларускіх таварыстваў у Санкт-Пецярбургу і Клайпедзе.

У красавіку пазамінулага года прадстаўнікі беларускіх дыяспар Арменіі, Італіі, Казахстана, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Узбекістана, Украіны, Эстоніі ў рамках рэспубліканскай творчай стажыроўкі для кіраўнікоў беларускіх замежных непрафесійных калектываў і старшынь беларускіх грамадскіх аб’яднанняў за мяжой наведвалі Лагойскі раён. Для ўдзельнікаў стажыроўкі былі праведзены майстар-класы па ганчарстве, саломапляценні, ткацтве,

Асноўныя напрамкі супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой уключаныя ў праект Праграмы развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2021 — 2025 гады, які цяпер знаходзіцца на ўзгадненні. Для актывізацыі дзейнасці па ўсталяванні кантактаў паміж арганізацыямі культуры і грамадскімі аб’яднаннямі дыяспары, работу ў гэтым кірунку неабходна зрабіць не эпізадычнай і заснаванай на асабістых кантактах, а вывесці на больш выразны арганізацыйны ўзровень, а таксама выпрацаваць план сумесных мерапрыемстваў, у якіх могуць выступаць калектывы грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа і рэгіёнаў Беларусі. Вялікую ўвагу ў сённяшняй сітуацыі, безумоўна, варта надаць рабоце ў дыстанцыйным фармаце — анлайн-семінарам і трансляцыям мерапрыемстваў. Сувязь з суайчыннікамі за мяжой можна і неабходна падтрымліваць у любых умовах.