Непераадольная прага Чэслава Жуселя

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

У гісторыі мастацтва ёсць неверагодная колькасць сюжэтаў, як людзі становяцца мастакамі. Хто адвучыўся ў самых бліскучых акадэміях, а хто нават школы не скончыў, хто пры жыцці быў аблашчаны поспехам, а хто жыў у галечы — іх карціны цяпер аднолькава могуць прадавацца за неверагодныя сумы з мноствам нулёў. Чэслаў ЖУСЕЛЬ з Браслава на лёс не наракае, хаця па ўсіх звыклых схемах яму быць мастаком не выпадала — нарадзіўся Чэслаў Язэпавіч у першыя пасляваенныя гады ў небагатай вёсцы Пяткунішкі на Віцебшчыне, большую частку жыцця адпрацаваў слесарам на аўтабазе — паблізу не было нават мастацкага асяроддзя, ды і родныя не падтрымлівалі такіх непрактычных схільнасцяў! Але ж не маляваць было немагчыма. А з надыходам пенсіі з’явіўся час, і за апошнія гадоў 10—12 карціны Чэслава Жуселя пастаянна недзе экспануюцца — у родным Браславе, у Віцебску, у Маскве. Іх высока ацэньваюць мастацтвазнаўцы. Хаця сам майстар працягвае жыць такім жа сціплым жыццём, і думае адно пра тое — як яшчэ намаляваць што-небудзь цікавае.

/i/content/pi/cult/835/17795/06.jpg— Стаць мастаком для вас было няпростай справай, але, як вы кажаце, “непераадольнае жаданне маляваць” усё перамагло…

— Сапраўды, я ледзь і прабіўся праз усе перашкоды, лёс не даваў мне магчымасцяў. Ды й зразумела — у вёсцы жыццё цяжкае было, ніхто ніякім мастацтвам не займаўся. Мама дык моцна не любіла такі мой занятак, казала — што ты як дзіцё малое з гэтымі малюнкамі! Можна сказаць, нават і ненавідзела. Калі ўжо яна да мяне дарослага ў Браслаў прыязджала, дык я кожным разам нават хаваў усе свае карціны, каб толькі не ўбачыла. А ў дзяцінстве і хацеў маляваць, але не было чым. Аднойчы ў 15-градусны мароз уцёк за сем кіламетраў у пасёлак, каб простых акварэлек прыдбаць.

Не ўхвалялі мяне ў гэтым памкненні ні бацькі, ні суседзі. У нас у вёсцы адзін мужычок на гармошцы іграў, дык на яго таксама глядзелі як на ненармальнага. Так я стаў спачатку трактарыстам, потым слесарам, якім усё жыццё і прапрацаваў. Хоць і не надта мне падабалася мець справу з металам, бо ён халодны і цвёрды, не тое што папера і дрэва. А вось ужо як на пенсію пайшоў гадоў 13 таму, дык пачаў маляваць многа, бо раней і часу асабліва не было.

/i/content/pi/cult/835/17795/07.jpg— Але ж вы здолелі ў свой час скончыць даволі сур’ёзную мастацкую ўстанову — Завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве.

— Я тады жыў ужо ў Браславе, але ж і ў Браславе фарбаў асабліва не было — спрабаваў пісаць гуашшу плакатнай. Але ёй нядобра выходзіла, так я павыкідваў потым гэтыя карцінкі. Чым знаходзіў, тым і пісаў. Бо ўсё роўна прага такая была, што не стрымацца: ідзеш з працы стомлены, зойдзеш у краму, дзе карціны прадаюцца, і так захочацца маляваць, што бегма бяжыш дадому і адразу за фарбы.

А потым — было мне ўжо 38 гадоў — неяк набыў кніжку “Другое прызванне” і пабачыў там адрас Завочнага ўніверсітэта мастацтваў у Маскве.
Адправіў пару сваіх работ, і мяне залічылі на курс. Дасылалі заданні, метадычкі, інструкцыі, раз на месяц трэба было здаваць работы, а потым атрымліваць за іх водгукі і адзнакі. Усё па-сапраўднаму — і рысунак, і тэхніка малявання алейнымі фарбамі, і партрэты, і перспектыва… Працы было столькі, што цяпер я і не ведаю, адкуль тады столькі сіл узялося — гэта ж усё даводзілася рабіць пасля асноўнай працы.

Першы курс я скончыў на “выдатна”, і мой педагог напісаў, што “такую адзнаку мы тут рэдка каму ставім, але ж у вас здольнасці проста незвычайныя”. І яшчэ многа напісаў — маўляў, рэдка сустракаецца такі погляд на жыццё, такое пачуццё колеру і кампазіцыі, і шкада, што я не вучыўся ў сапраднай мастацкай вучэльні. Хаця дадаў “гэта, можа, і да лепшага, бо навучанне часта перашкаджае мастаку выяўляць сваю індывідуальнасць. А вашы карціны я пазнаю з тысячы”. Канешне, не толькі хвалілі — рознае бывала. Але пасля асноўнага трохгадовага курса мяне запрасілі яшчэ на два гады на больш вышэйшую ступень, а шэраг маіх работ нават узялі ў метадычны фонд універсітэта. Так і адвучыўся, ніводнага разу не пабыўшы ў Маскве.

— Ці сапраўды такое завочнае навучанне дало нешта карыснае?

— Многае дало! Сам бы я ў Браславе столькі ўсяго і не даведаўся, бо адкуль бы я ўсё гэта ўзяў? Можа, і маляваў бы, але зусім на іншым узроўні. І ўсё роўна, часу потым не ставала — за год, здаралася, толькі тры-чатыры карціны і рабіў. А ў мінулым годзе, палічыў, за тры месяцы напісаў 20 работ! Каранавірус гэты пачаўся, дык падумаў: вось памру раптам, дык няхай жа паболей паспею карцін зрабіць, каб людзі глядзелі і радаваліся.

— Родную вёску вы пакінулі яшчэ маладым чалавекам, але так і працягваеце яе маляваць. Іншыя сюжэты не натхняюць?

— Я і Браслаў малюю, і рыбакоў: хто летам прыязджае адпачываць, ім такія сюжэты падабаюцца, бяруць на памяць. Мне і сабе падчас хочацца хоць нешта з гэтага пакінуць, але няма ўжо ніводнай карціны, усё разбіраюць. Але ў асноўным пішу пра вёску, пра родныя Пяткунішкі. Бо гэта ў мяне ў крыві, незабыўнае, і я гэта добра ведаю. Бо што ж мне маляваць тое, чаго я не ведаю? Зараз там у мяне яшчэ брат жыве, дык езджу. Але многае па памяці, пра даўнія часы: як людзі працавалі і як святкавалі, як сумавалі і радаваліся, а яшчэ — як выглядалі, у што апраналіся, якая завядзёнка была ў сем’ях, і гэтак далей. Можна паглядзець на мае карціны і пабачыць усё жыццё вясковае. І як калгасы пачыналіся, і як першы трактар з’явіўся, і многае іншае.

— Вам цікавыя менавіта людзі? Адчуваецца, што вы вельмі любіце ўсё, што малюеце.

— Праўда. Мне трэба, каб на карціне было нешта жывое, хаця б жывёліна нейкая. А проста пейзажаў ці нацюрмортаў у мяне не вельмі многа, хаця і яны бываюць. Цікава рэальных людзей маляваць. Гадоў пяць таму прыязджала да мяне жанчына з Мінска — Тамара Сяргееўна — з нейкім мастаком вядомым (зараз ужо не згадаю прозвішча). Глядзелі мае карціны, дык я думаю — зараз гэтыя прафесіяналы як пачнуць крытыкаваць! Але яна набыла адразу 13 штук і кажа: “Ездзіла я па розных музеях, і ніяк не магла знайсці што хацела — вочы і твары зазвычай каменныя, невыразныя. А вашы карціны такія жывыя, такія эмацыйныя!”

Я менавіта што люблю гэта ўсё. Калі штосьці не падабаецца, не выклікае ніякай эмоцыі, то і пачынаць нават не буду. Я спачатку настолькі захапляюся, што ажно кроў закіпае, так хачу гэта намаляваць, рукі самі цягнуцца. І працую з вельмі цёплым пачуццём, з любоўю і спачуваннем да сваіх герояў.

— А ці адсочваеце вы лёс вашых карцін, што прадаюцца, з’язджаюць за мяжу напрыклад? Хаця б самых лепшых. Ці не шкадуеце, калі ад якой-небудь работы, у якую ўклалі ўсю душу, у вас застаецца толькі ўспамін?

— Пра большасць карцін я цяпер ужо і не ведаю, дзе яны і што. А забіраюць, зразумела, лепшыя, то і пашкадуеш калі-нікалі. Але ж навошта мне іх тут хаваць — для людзей малюю. Праўда, і ў мяне яшчэ хапае — вось на нядаўняй вялікай лістападаўскай выставе INSITUS у Віцебску было 76 маіх работ, а зараз экспазіцыя стала перасоўнай і паехала ў Гарадок. Неяк спецыяльна я продажамі і не займаюся — калі толькі музей наш улетку ладзіць такія ярмаркі мастацкія, дый у магазінчыку іхнім можна купіць. У касцёле нашым мо пару разоў у нечым падобным удзельнічаў. Прыезджыя людзі цікавяцца — у нас тут з Расіі нямала курортнікаў бывае, многа добрых слоў кажуць. Пра лёс нейкіх маіх работ я ведаю — мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей набыў з дзясятак. Пасольства Японіі ў Мінску прыдбала карціну “Ганчары” — там мужычок на ганчарным крузе гліну размінае, а дзяўчына шыкоўная побач разглядвае розныя прыгожыя глечыкі: спадабаліся японцам гэтыя ганчары. Прыязджала з Германіі дэлегацыя, дык майго “Селяніна” ўзялі сабе — а ён ідзе з касою і з ахапкам травы пад пахай, звычайна апрануты як для вясковай працы, у кепцы выгаралай — такі самы як я бадай што. (смех) Карацей, чысты беларус-селянін.

— Але ж вы прадаяце іх неяк зусім танна. Асабліва для карцін, намаляваных алейнымі фарбамі, у раме. Самі матэрыялы колькі каштуюць, не кажучы ўжо пра працу і ўкладзены талент!

— Нядорага прадаю, рублёў па 50 недзе! Малюю я на ДВП, і рамкі раней сам вырабляў, а цяпер ужо купляю. Але ж у нас тут людзей багатых няма, даражэй і браць не будуць. Я, у прынцыпе, за грошы не вельмі перажываю, нейкая капейчына мне застаецца. Адна жанчына пыталася, ці дзеля заробку я пішу карціны? Дык я кажу — дзеля грошай я б пэндзаль у рукі і не браў бы, знайшоў бы сабе іншы занятак, каб зарабіць. Бо людзі часта думаюць — узяў ды намаляваў, што тут цяжкага! А калі нешта вартае напісаць, дык гэта столькі працы, столькі сіл трэба пакласці! І эмацыйных, і фізічных нават.

— А ці ёсць у вас яшчэ нейкія захапленні, можа, і нечым іншым займаецеся?

— Ну зараз вось чым займаюся — печку таплю ў сваёй хаце. (смех) А так — вельмі люблю пачытаць нешта пазнавальнае. Яшчэ са школы моцна люблю астраномію. Але ніякіх тэлескопаў, зразумела, у мяне няма. Проста як пачну глядзець на зоркі, галаву закінуўшы, дык гляджу пакуль падаць не пачну: зачароўваюць мяне зоркі. Збіраюся маляваць такую карціну — “Зімняя ноч”, а яшчэ адну з назвай “Адзінота” — там таксама будзе зорнае неба. Вельмі люблю разглядаць карціны іншых мастакоў. Але ж арыгіналы, зразумела, мне недасяжныя, то я калі па тэлевізары якая перадача, ці часопіс з карцінамі ўдаецца знайсці, вельмі радуюся.

— А вы ж у арміі служылі ў Ленінградзе, ці давялося пабываць, напрыклад, у Эрмітажы? Увогуле, ці многа паездзілі, многае пабачылі?

— Ай, нідзе я не быў, так і не давялося. Раней як маладзейшы ў водпуск — то бацькам трэба было дапамагаць, бо летам на вёсцы працы хапае. А потым што? Ну, каб былі грошы, то і паездзіў бы. Але ведаеце — цяпер людзі ў Егіпет імкнуцца, у Турцыю, а я па нашай Беларусі хоць бы паездзіў: і Мірскі замак паглядзеў бы, і Брэсцкую крэпасць. У Мінску апошні раз быў гадоў 50 таму — я тады нейкі час жыў у Маладзечне. І ў Санкт-Пецярбург бы з’ездзіў — во дзе прыгажосць, і па Залатым кальцы Расіі… Ды я і ў вобласці многага не бачыў — быў хаця б аўтамабіль, а так жыву я адзін, хто мяне павязе! У Ленінградзе тады нас завялі на пару хвілін у Рускі музей, ды й усё — куды там было з салдацкімі ботамі ды па паркеце.

— Вы дагэтуль згадваеце тыя добрыя словы і адзнакі, што атрымалі ад прафесіяналаў з маскоўскага Завочнага ўніверсітэта мастацтваў. Але ж даўно гэта ўсё было. А потым даводзілася чуць нейкія прафесійныя водгукі, увогуле — ёсць адчуванне, што ваша праца ацэненая годным чынам? Ці няма шкадавання, што нехта там ў Саюзе мастакоў, напрыклад, а вы не?

— Тут у Браславе такіх асабліва вялікіх знаўцаў дык і няма, але ж часта чую, канешне, што мае карціны падабаюцца. Наш браслаўскі музей мной апякуецца, у Віцебску выставы ладзіліся, год таму на “Славянскім базары ў Віцебску” быў конкурс мастакоў, дык я атрымаў першую прэмію. У Маскве на міжнароднай выставе Insita тройчы мае карціны экспанаваліся. Так што нейкае маральнае задаволенне ёсць. І раёнка пра мяне пісала, і па тэлевізары паказвалі. А ці думаў пра Саюз мастакоў? Ну было б мне гадоў 50, то, можа, і падумаў бы. Але ж час на ўсё з’явіўся толькі ўжо на пенсіі, позна. Зараз думаю, як яшчэ трошкі пажыць ды паболей карцін намаляваць — многа цікавых задумак, многа сюжэтаў няздзейсненых. Галоўнае, кажу, гэта задавальненне ад самой працы, дый добрыя словы ад людзей, якім мае карціны падабаюцца. У гэтым і ёсць радасць.