“Вочы блакітнага сабакі”, або Як рэгіянальныя тэатры чакаюць гледача

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Многія рэгіянальныя тэатры Беларусі сёння перажываць далёка не лепшыя часы. І гэта зразумела, бо каранавірус унёс свае негатыўныя карэктывы ў тэатральныя афішы літаральна па ўсім свеце. Як цяпер рэальна і віртуальна працуюць тэатры ў раённых ды абласных цэнтрах нашай краіны — даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/803/17251/019.jpgТолькі для 50 чалавек

Як вядома, з пачатку чэрвеня ў многіх краінах свету пачалося паэтапнае зняцце каранціну: адчыняюцца школы, крамы, цырульні… Зноў пачынаюць працаваць музеі і тэатры — але пры ўмове выканання санітарных нормаў і прысутнасці ў залах не больш за пэўную колькасць гледачоў. А што ж адбываецца ў Беларусі?

Адразу скажу, што шэраг рэгіянальных тэатраў яшчэ толькі пачынае рэпетыцыі і пакуль не працуе з рэальнымі наведвальнікамі. А вось іншыя ўстановы вырашылі ўсе ж такі падняць тэатральную заслону і запрасіць да сябе гледачоў. Так, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр яшчэ 29 мая паказаў усім сваім прыхільнікам прэм’еру спектакля “Сем сноў аб табе” — п’есу украінскага драматурга Кіры Малінінай па матывах апавядання Габрыэля Гарсіа Маркеса “Вочы блакітнага сабакі”.

— З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі мы абмяжоўваем колькасць прададзеных квіткоў, каб у зале было не больш за 50 чалавек, — адзначыла ў размове з “К” дырэктар тэатра Алена Маставенка. — Гледачы рассаджваюцца з улікам бяспечнай сацыяльнай дыстанцыі, і ў кожнага на ўваходзе мы бескантактавымі тэрмометрамі правяраем тэмпературу.

Па словах кіраўніка тэатра, ва ўстанове культуры рэгулярна праводзяць санітарна-гігіенічную апрацоўку паверхняў, усюды ёсць антысептыкі, памяшканні часта праветрываюць, а гледачоў просяць быць у масках. На жнівень запланавана яшчэ адна прэм’ера — спектакль “Дзядзя Ваня” паводле Антона Чэхава.

Але і раней, да пачатку рэальнай працы ў глядзельнай зале, артысты Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра паўдзельнічалі ў праекце да 75-годзя Перамогі. Гэта быў цэлы цыкл кароткаметражных праграм “Вершы пра вайну”, падрыхтаваны пры ўдзеле акцёраў тэатра разам з Першым гарадскім тэлеканалам “ГОМЕЛЬ ТВ”. А яшчэ ў сацыяльных сетках з красавіка па май ішлі анлайн-трансляцыі спектакляў, пастаўленых на тэатральнай сцэне, ды працаваў праект “Анкета для сяброў”, падчас якога кожны ахвотны мог задаць любое пытанне аднаму з артыстаў трупы.

Не магу таксама не сказаць пра тое, што на Гомельшчыне цяпер адбываецца рэканструкцыя Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа. Па словах старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя, сёлета ў рэгіёне пасля рэканструкцыі, рамонту і будаўніцтва ў эксплуатацыю ўвядуць 12 аб’ектаў сацыяльнай сферы, у тым ліку — тэатр у Мазыры. Так што тэатральнае жыццё ў горадзе, дзе восенню запланавана правядзенне абласных Дажынак, зайграе новымі фарбамі.

З захаваннем бяспекі 

/i/content/pi/cult/803/17251/020.jpgТэатральны сезон для рэальных, а не віртуальных наведвальнікаў, распачалі таксама і ў Бабруйску. Як адзначыла “К” намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Галіна Палюшына, тэатр не працаваў з 22 сакавіка, але з чэрвеня аднавіў сваю дзейнасць.

— Мы аднавілі працу з 19 чэрвеня, а яшчэ раней пачалі ездзіць са сваімі спектаклямі ў школьныя лагеры, — кажа Галіна Палюшына. — Цяпер кожную пятніцу і выхадныя ў нашым тэатры можна будзе пачуць вершы Ганны Ахматавай, Іосіфа Бродскага на паэтычных чытаннях, убачыць спектаклі “Старая зайчыха”, “Москоу Дрымін” і “Цень Гамлета”. А для маленькіх гледачоў мы падрыхтавалі казкі “Дом для парсючкоў” і “Маленькія гісторыі вялікай сям’і”.

Па словах суразмоўцы, у тэатры прыняты ўсе меры для аховы здароўя наведвальнікаў.

— У тэатры ўведзены спецыяльны рэжым дэзінфекцыі памяшканняў, усталяваны дазатары з антысептыкам для рук, — кажа Галіна Палюшына. — Рэгулярна праводзіцца апрацоўка ручак дзвярэй, парэнчаў, мыецца падлога, а ў глядзельнай зале, фае і іншых пакоях пастаянна працуе выцяжная сістэма вентыляцыі.

Да таго ж, каб захаваць сацыяльную дыстанцыю, тэатральныя пастаноўкі цяпер ладзяцца на малой тэатральнай сцэне, а ў зале змогуць прысутнічаць не больш за 30 чалавек. І, як адзначыла намеснік дырэктара тэатра, жыхары Бабруйска з разуменнем паставіліся да ўведзеных абмежаванняў — білеты на тэатральныя пастаноўкі актыўна раскупляюцца.

Юбілей абавязвае

Прыкладна па падобнай схеме арганізавалі сваю працу і ў Слонімскім драматычным тэатры. Так, па словах дырэктара ўстановы Аляксея Ткачова, новы тэатральны сезон артысты адкрылі, з-за каранавіруса, у сярэдзіне мая.

— У гэтым тэатральным сезоне гледачы ўбачаць новы спектакль па п’есе А. Астроўскага “Багатыя нявесты”, юных гледачоў парадуюць пастаноўкі “Небяспечная казка”, “Жыла-была Сыраежка” і навагоднія сцэнічныя пастаноўкі, — кажа Аляксей Ткачоў. — Таксама цяпер мы актыўна працуем з установамі адукацыі: прапануем ім спектаклі ў школьных лагерах, прычым тэатральныя дзеі адбываюцца не ў закрытых памяшканнях, а на свежым паветры, каб выключыць магчымасць перадачы каранавіруснай інфекцыі.

Паказ спектакляў у Слоніме распачаўся 13 чэрвеня. Па словах Аляксея Ткачова, рассадка гледачоў ажыццяўляецца з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, у тэатры арганізаваны месцы апрацоўкі рук сродкамі дэзінфекцыі, а наведвальнікам рэкамендавана выкарыстоўваць медыцынскія маскі.

Перад выхадам да рэальнага гледача ўстанова культуры актыўна працавала з наведвальнікамі ў фармаце анлайн. Так, на канале YouTube былі змешчаны восем пастановак тэатра. І, як кажа Аляксей Ткачоў, прагляды гэтых спектакляў у падобным фармаце былі вельмі запатрабаваны.

Дарэчы, сёлета Слонімскі драматычны тэатр адсвяткаваў свой 30-гадовы юбілей. Кіраўнік установы культуры кажа, што гэта накладае дадатковую адказнасць ў новым тэатральным сезоне і абяцае жыхарам горада і раёна шэраг цікавых пастановак і імпрэз. Што ж, юбілейная дата да падобнай адказнасці сапраўды абавязвае. А “К”, у сваю чаргу, плануючы восеньскія камандзіроўкі, абавязкова завітае ў Слонім, каб напісаць пра тэатральнае жыццё райцэнтра больш падрабязна.

У чаканні прэм’ер

Юбілейным будзе наступны сезон і для Мінскага абласнога драмтэатра ў Маладзечне. Як патлумачыў “К” дырэктар установы Юрый Крывенькі, з 24 чэрвеня ў тэатры паспрабуюць распачаць паказ спектакляў на сцэне.

— Да гэтага часу мы актыўна дзейнічалі праз сетку інтэрнэт, — кажа кіраўнік тэатра. — Так, вельмі цікавымі для нашых наведвальнікаў аказаліся анлайн-трансляцыі спектакляў. Так што, мяркую, мы не толькі змаглі захаваць свайго гледача, а, магчыма, прыдбалі сабе і новых сяброў.

Па словах суразмоўцы, спектаклі ў рэжыме рэальнага часу будуць ладзіцца з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, а гледачам будзе рэкамендавана прыходзіць у масках.

Падобная сітуацыя - і ў Палескім драматычным тэатры, што ў Пінску. Установа таксама пакуль што не працуе на поўную сілу - ідуць толькі рэпетыцыі.

— Мы пакуль, прызнаюся шчыра, не надта запатрабаваны ў гледача, мала хто выказвае жаданне прыходзіць на нашы пастаноўкі, — кажа дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка. — Да таго ж, красавік мы не працавалі, а ў сярэдзіне мая сышлі ў адпачынак. Таму цяпер толькі распачынаем рэпетыцыі.

Зразумела, што ўсе гастролі тэатра як у Беларусі, так і ў суседніх краінах, прыйшлося адкласці з нагоды каранавіруса.

— У нас былі запланаваны паездкі ў Расію, але, натуральна, з-за гэтай неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі іх прыйшлося адкласці, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер усе паездкі за мяжу перанесены на восень бягучага года. Тады ж да нас павінны прыехаць са спектаклямі нашы сябры з Малдовы. Спадзяюся, да гэтага часу сітуацыя значна палепшыцца.

Аднаўлення цікавасці пінчукоў да тэатральных імпрэз кіраўнік тэатра чакае не раней за жнівень. Акрамя рэпетыцый, установа культуры актыўна “шчыруе” ў сацыяльных сетках, дэманструючы там старыя спектаклі, што ставіліся раней на сцэне Палескага драмтэатра. І, канешне, працуе над новым рэпертуарам, каб зацікавіць ім пінскага гледача ўжо напрыканцы гэтага лета.

І апошняе. Таксама як і ў Слоніме, Бабруйску, Гомелі і іншых гарадах, у Пінску цяпер скарэктаваны планы платных паслуг: па словах Аляксандра Лукашэнкі, пінскія ўлады адэкватна адрэагавалі на тое, што ў Палескага драмтэатра сёння значна знізіліся даходы. Але, натуральна, гэта адбіваецца і на заробках — яны таксама ўпалі. Як кажа кіраўнік тэатра, усе супрацоўнікі з разуменнем паставіліся да наяўнай сітуацыі і спадзяюцца, што восенню яна палепшыцца. Такім чынам, застаецца спадзявацца, што так яно і будзе, бо тэатр без гледача ўявіць сабе проста немагчыма.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"