Ад “Зари” да “Зоркі Венеры”

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Новы незвычайны музей з’явіўся ў Беларусі — Музей гадзіннікаў. Сабраныя ў ім менавіта беларускія гадзіннікі, якія на працягу 65 гадоў выпускае наш славуты завод “Луч”. Размесціўся музей у Мінску ў новым будынку завода па адрасе Натуралістаў, 3, і сярод яго экспанатаў і самыя першыя гадзіннікі яшчэ 50-х гадоў, і самыя новыя, выпушчаныя проста ў нашы дні.

/i/content/pi/cult/789/17005/024.JPGАдкрыццё музея было прымеркавана да прэзентацыі новай мадэлі стыльнага гадзінніка “Аднастрэлачнік”. Як кажа арт-дырэктар завода Іван Краўчэня, на постсавецкай прасторы “Луч” асацыіруецца менавіта з гадзіннікамі з адной стрэлкай — гэта самая пазнавальная сучасная мадэль мінскага прадпрыемства. Увогуле, цяпер завод уважліва сочыць за модай і сусветнымі трэндамі, таму што гадзіннікі даўно сталі не проста прыборамі для вызначэння часу, а аксесуарамі, прадметамі са свету фэшн-індустрыі. У такіх умовах ледзь не на першае месца ў сучасным канкурэнтным асяроддзі выходзяць дызайн і крэатыўнасць.

А пачалася гісторыя яшчэ ў 1953-м годзе — тады было прынята рашэнне пра будаўніцтва завода, і неўзабаве на галоўным праспекце Мінска з’явіўся адзін з самых пазнавальных яго будынкаў. Першы гадзіннік “Заря” — самы маленькі і вытанчаны з усіх, што тады вырабляліся ў Савецкім Саюзе, — з’явіўся на свет 14 снежня 1955 года. Гэта быў жаночы наручны гадзіннік — у тыя часы “Луч” працаваў толькі для жанчын: менавіта з яго пачынаецца экспазіцыя новага музея. У ёй прадстаўлены толькі артэфакты — арыгінальныя вырабы свайго часу: нават раменьчыкі ў большасці выпадкаў з тых даўніх гадоў. Калі прайсціся па выставе ў храналагічным парадку, можна зрабіць цікавае назіранне — пачыналася ўсё з маленькіх, нават мініяцюрных мадэляў, і з кожным дзесяцігоддзем памеры гадзіннікаў павялічваліся. Іван Краўчэня тлумачыць гэта тым, што ў 50-я гады краіна яшчэ не адышла ад вайны, у ёй быў дэфіцыт абсталявання і матэрыялаў, а як сітуацыя выпраўлялася, то і памеры павялічваліся. Адпаведна раслі колькасць і разнастайнасць мадэляў.

Экспазіцыя падзелена на дзесяцігоддзі, і кожнае мае свой асаблівы твар — адлюстроўвае гісторыю не толькі саміх гадзіннікаў ці завода, але і ўсёй нашай краіны. У 60-х гадах з’явілася самая славутая, кананічная мадэль мінскага завода, якая зараз неверагодна цэніцца ў асяроддзі калецыянераў — “Луч 2209”, з надзвычай тонкім механізмам. У тыя часы яна каштавала дастаткова дорага, і лічылася гадзіннікам для забяспечаных людзей, для кіраўнікоў, для эстэтаў. Неўзабаве “Луч 2209” перасталі выпускаць, бо выраб такога механізма быў нятанны і дастаткова складаны. І толькі ў 2018 годзе для знаўцаў і аматараў мадэль была перавыдадзена лімітаванай серыяй.

Увогуле, у музеі можна ўбачыць больш за сотню гадзіннікаў. І самых традыцыйных, папулярных, пазнавальных — многія наведнікі, разглядваючы стэнды, могуць усклікнуць: “І ў мяне такі быў!”, і самых дзіўных і незвычайных: напрыклад, яшчэ ў 60-я выпускаліся спецыяльныя гадзіннікі для медыкаў, з дапамогай якіх можна было лічыць пульс.

Дарэчы, 70-я гады з пункту гледжання дызайну і стыльнасці Іван Краўчэня лічыць дастаткова спрэчнымі — раздел гэтага дзесяцігоддзя мільгаціць рознымі дзіўнасцямі. Характэрная рыса 70-х — мадэлі, падобныя да тэлевізараў. Там жа можна ўбачыць незвычайную серабрыстую панду — а гэта гадзіннік для сляпых, ёсць і гадзіннікі для шахцёраў, будаўнікоў. Прылада для турыстаў — гэта ўжо 80-я, такая пластыкавая каробачка: увогуле заўважна, што надышла эра пластыку. Побач тое, што было выпушачана да Алімпіяды-80. Далей ідзе серыя часоў перабудовы, аформленая ў модных перабудовачных сімвалах — пачалася эпоха эксперыментаў з лагатыпамі. У 90-я гады стваралася таксама нямала адметнага, але не ўсе мадэлі трапілі ў экспазіцыю па розных прычынах.

— А вось мая любімая серыя з пачатку 2000-х, — працягвае знаёміць з экспазіцыяй музея арт-дырэктар завода “Луч” Іван Краўчэня. — Гэтую лінейку я лічу ўвогуле недаацэненай — яна з паўкаштоўных камянёў, з ручным роспісам фініфць: няма ніводнага аднолькавага гадзінніка, кожны ўнікальны. У нас яны каштавалі вельмі танна, а калі прыязджалі еўрапейцы ці кітайцы, то скуплялі іх проста пачкамі.

Акрамя гадзіннікаў у музеі можна ўбачыць і самыя сапраўдныя станкі, абсталяванне і многае іншае. У тым ліку і мадэлі з так званых лімітаваных калекцый, якія разлічаны не на серыйную вытворчасць і не на масавага пакупніка: у іх ёсць месца для творчасці, для крэатыўнасці — каб задаволіць моднікаў і годна прэзентаваць уласнае прадпрыемства. Паводле слоў Івана Краўчэні, “Луч” свядома стварае лімітаваныя калекцыі так, каб падкрэсліць сваю беларускаць, каб паказаць свету беларускую культуру, беларускае мастацтва. Напрыклад, дадзены старт новай серыі з назвай “Асоба”, — героямі якой стануць выдатныя беларускія мастакі, паэты, музыканты і гэтак далей: напрыканцы мінулага года серыя адкрылася прысвячэннем мастачцы Алене Кіш. Ёсць у завода і серыя, што ў лютым выпускаецца да Міжнароднага дня матчынай мовы — зусім нядаўна з’явілася мадэль “Зорка Венера” з радкамі Максіма Багдановіча. Ёсць і традыцыйная калекцыя да 9 Мая: сёлета падрыхтоўка да гэтай даты асаблівая пільная, бо будзе адзначацца 75-годдзе Перамогі. І гэтак далей.

Лімітаваныя калекцыі карыстаюцца вялікай папулярнасцю як у жыхароў Беларусі, так і за мяжой — дзякуючы анлайн-продажу яны разлятаюцца, бывае, нават за некалькі дзён.

— Ёсць у нас і серыя, якую мы скіроўваем на папулярызацыю сучасных беларускіх мастакоў, — гаворыць Іван Краўчэня. — Яе сутнасць у тым, што мы даем мастакам гадзіннік як чыстае палатно, на якім яны могуць намаляваць і рэалізаваць што заўгодна — пачынаў серыю мастак Міця Післяк са сваім гадзіннікам “Тыповы беларус”. Сёлета выпускаем калекцыю, прысвечаную 100-годдзю мастацкага аб’яднання УНОВИС — яна распрацавана дызайнерамі з Брэста, са студыі Grafit. Таксама папулярызуем нашы гарады і ствараем лімітаваныя калекцыі, прысвечаныя ім. Усяго не пералічыш.

Усімі гэтымі адметнымі экспанатамі Музей гадзіннікаў будзе папаўняцца. Для наведвання ён адкрыты абсалютна бясплатна — патрабуецца толькі папярэдні запіс. Ужо відавочна, што гэта вельмі папулярнае месца для школьных экскурсій — для юных і маладых людзей там столькі адкрыццяў! Старэйшае пакаленне можа з настальгіяй згадаць сваю маладосць, сучасныя моднікі могуць ацаніць стыль і дызайн, аматары гісторыі проста атрымаюць задавальненне — кожны знойдзе для сябе нешта цікавае.

Фота Таццяны Матусевіч