UZARI: “Мяне лічаць белай варонай”

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Ці ёсць жыццё пасля “Еўрабачання”? Для многіх удзел у ім так і застаецца самым яскравым момантам у кар’еры. Uzari разам са скрыпачкай Маймунай прадстаўляў Беларусь на міжнародным конкурсе ў 2015 годзе, але славутым музыкант хоча быць не за кошт гэтага — ён ідзе наперад. Нядаўна на свет з’явіўся дэбютны альбом “Падзяка сэрца”. Ваня Зданюк з песняй аўтарства Uzari стаў лаўрэатам “Славянскага базару ў Віцебску”. Незадоўга да таго выступленне Юрыя Наўроцкага — Uzari — было адным з самых запамінальных нумароў шоу закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Толькі-толькі ў Юрмале прайшоў чарговы фестываль Лаймы Вайкуле, сярод зорак якога быў і наш герой. А яшчэ ў яго свая прадакшн-кампанія і школа мастацтваў. Галоўнае, што вылучае Uzari на нашай сцэне, — імкненне ствараць актуальную і стыльную поп-музыку.

/i/content/pi/cult/757/16387/DSC_4515_opt.jpegБудзь смелым

— Лічыцца, што ўдзел у конкурсе “Еўрабачанне” спрыяе кар’еры. Што дало гэта вам? Ці змянілася жыццё пасля конкурсу?

— Выступленняў паболела, маё імя згадвалася часцей — гэта тое, што ўсім удзельнікам “Еўрабачання” даецца само сабой. Далей ужо гаворка пра тое, хто як выкарыстае гэтую магчымасць. Несумненна, я атрымаў карысны вопыт, у тым ліку і вопыт трываласці. Але ў той 2015 год конкурс не трансліравала Украіна, і з гэтай прычыны мне было трохі прыкра, бо на Украіну я меў творчыя планы, а калі неўзабаве прыехаў удзельнічаць у тэлешоу “Голас краіны” ў Кіеве, мяне ніхто там і не ведаў. У Беларусі, канешне ж, вядомасці дадалося. Але такое адчуванне, што пасля выступлення на закрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў мяне пачалі пазнаваць болей, чым пасля “Еўрабачання”.

— Бо ў вас быў энергічны і запамінальны нумар — са сцягам у натоўпе рыжых Лесікаў. Як вас выбіралі для ўдзелу, як выбіралі песню?

— Наколькі ведаю, артыстаў для заключнага шоу адбіралі з ліку тых, каго ведаюць за межамі Беларусі. Спачатку я ўдзельнічаў у конкурсе на напісанне гімна ІІ Еўрапейскіх гульняў, і мая кампазіцыя ўвайшла ў пяцёрку фіналістаў. І хоць гімнам не стала, але гучала цэлых 18 хвілін, калі на стадыён выходзілі валанцёры. А я сам выступаў з кампазіцыяй Startup: па задуме рэжысёраў шоу гэта было кшталту гімна моладзі, у тым ліку і спартыўнай, каб паказаць, што яна ў нас ёсць, што яна стыльная, сучасная, актыўная, як і мая песня. Там у песні змест якраз пра тое, што ты будзь смелым, не бойся пачынаць новае…

Нейкі іншы, не такі

— Я заўсёды здзіўляюся, чаму ў нас практычна не ствараюць модную лёгкую музыку — такую, якую слухае ўвесь свет, у тым ліку і маладая Беларусь…

— Артысты баяцца, што застануцца без заробкаў. У нас жа попытам карыстаецца расійская эстрада, якую мы самі і культывуем у эфірах і на фестывалях. Таму і нашы артысты, каб зарабляць, стараюцца рабіць падобнае. Мне яшчэ гадоў восем таму адзін вядомы музыкант сказаў: “Навошта ты гэтым займаешся? Усё ж проста — капіруеш, устаўляеш, мяняеш месцамі, і яно ўжо тваё! Зарабляй грошы як усе, а не выдумляй там нешта”. Але мне гэта нецікава.

— Вы адзін з нямногіх, хто на нашай эстрадзе стварае музыку з гучаннем ужо 21-га стагоддзя, вы сапраўды сучасны творца. Хаця эстрадай вашу музыку і не назавеш.

— Я сябе асацыірую з мастом паміж эстрадай і астатнім светам папулярнай музыкі. Бо я і там, і там, хаця адначасова і неяк сам па сабе. Сапраўды, у эстрадным свеце мяне лічаць белай варонай, і вы нават не ўяўляеце сабе, наколькі я адчуваю, што нейкі іншы, не такі. А колькі разоў мне раілі з’язджаць адсюль, раілі заставацца ў Расіі — маўляў, з маёй музыкай мне тут няма чаго рабіць! Але я свядома вярнуўся на Радзіму пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскага інстытута культуры і мастацтваў. Тут была ўся мая сям’я, былі ўжо планы на альбом, пачыналася мая доўгая еўрабачаньская гісторыя. Так што я не адчуваў патрэбы з’язджаць са сваёй краіны. Якраз будучы пэўны час далёка ад яе, я многае зразумеў лепей, адчуў больш яскрава.

“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”

— Менавіта так. Згадаць хаця б моманты, калі ты са сваёй ментальнасцю беларуса прыязджаеш быццам ніхто і ніадкуль, а там чуеш: “О, дык ты з Беларусі! Гэта ж такая краіна спеўная!” І забываешся пра комплексы, што, маўляў, краіна ў нас маленькая — хоць яна вялікая, і самі мы ў музыцы быццам бы так сабе. Менавіта ў Санкт-Пецярбургу я пазбавіўся гэтага стэрэатыпнага погляду, і там жа больш шчыльна заняўся беларускай мовай і гісторыяй.

— Вы вучыліся на джазавым аддзяленні. Чаму зрабілі такі выбар?

— Уся мая сям’я з вышэйшай музычнай адукацыяй. Бацька выдатна разбіраецца ў музыцы, маці — спявачка Галіна Грамовіч — скончыла "Гнесінку", дзед заканчваў гэты самы Інстытут культуры і мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. І таму з дзяцінства я слухаў тое, што гучала ў нашай сям’і, і гэта была розная непрымітыўная музыка, у тым ліку джаз. Я павучыўся ў тэатральнай школе, пры кансерваторыі вучыўся на харавіка, іграў на фартэпіяна. І не паступіў у мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі: усе творчыя прадметы здаў на “выдатна”, але мая прынцыповасць не дала здаць дыктант па рускай мове. Мы пісалі яго ў спартыўнай зале, дзе я атрымаў месца на апошніх шэрагах, а там было дрэнна чуваць. Прасіўся перасесці бліжэй хоць на падлогу, але мне не дазволілі, і я падумаў, што, мабыць, у гэтай установе я проста не змагу вучыцца. Так што я сышоў з экзамена. У мяне ўжо быў вопыт, я памяняў сем школ, бо ва ўсім люблю справядлівасць і нейкую правільную скіраванасць адукацыі. У нас жа звычайна хочуць вучыць прымусова, а не стараюцца зрабіць так, каб чалавек сам захацеў спасцігаць веды, і каб тады навучанне мела ў сто разоў болей сэнсу. Вось такое я знайшоў у Санкт-Пецярбургу. А джазавая адукацыя для музыканта, які хоча працаваць у папулярнай музыцы, проста неабходная: зараз усе лепшыя інструменталісты ў групах — джазісты. Дарэчы, конкурс у той год, калі я паступаў, быў шалёны — 150 чалавек на месца. Акрамя эстрадна-джазавага вакала я там узяў сабе і другую спецыялізацыю — барабаны. Сучасны музыкант, які сам піша песні і робіць аранжыроўкі, павінен валодаць інструментамі.

“Новая хваля”, Юрмала, Вайкуле

— Вы пачыналі сваю кар’еру пад імем Uzari восем гадоў таму і пачыналі гучна — з удзелу ў конкурсе фестывалю “Новая хваля” ў Юрмале. Зараз у Юрмалу на гэткі ж вялікі фестываль “Лайма Вайкуле. Рандэву” вы ездзіце ўжо ў статусе зоркі.

— Мне тая “Новая хваля” далася ў знакі. Нехта думае, што я плаціў грошы, каб туды трапіць. Але адкуль бы я іх узяў? Я прыехаў туды з 17-ю сваімі песнямі, а мне прамым тэкстам сказалі: “Ты што, Бетховен? Купляй песню ў нас”. Але грошай не было, і я сядзеў па куточках, дапісваючы свой уласны твор. Дзякуй гукарэжысёрам, што дапамаглі запісаць мінусоўку бясплатна. У Юрмале я быццам пабываў на маральнай вайне: мяне ламалі, падстройвалі пад свае ўяўленні. Рэжысёр Аляксандр Рэўзін хацеў памяняць і знешнасць, і рэпертуар, і нават сцэнічнае імя. Я адзін з нямногіх, хто не даўся. Той фестываль мяне многаму навучыў, найперш таму, што трэба змагацца і адстойваць сваю ідэнтычнасць. Я адстаяў права ў конкурсным дні, які называўся “Хіт маёй краіны”, не спяваць песню Гарыка Сукачова. Нічога супраць Сукачова не маю, але якое дачыненне ён мае да маёй краіны? Давялося цяжка, але ў выніку я спяваў на беларускай мове народную песню “Лапці мае, лапці” ў сваёй апрацоўцы.

— Вы і на сёлетнім фестывалі, што ізноў сабраў зорак з Расіі, Украіны, Латвіі, Грузіі ды іншых краін, спявалі па-беларуску. Прычым ужо трэці раз удзельнічаеце ў фестывалі Лаймы.

— Мне Лайма яшчэ на той “Новай хвалі” сказала фразу, якую я часта згадваю: “Рабі, як лічыш патрэбным. Прабіваць ілбом ты будзеш доўга, але ты даб’ешся”. А яна сама сапраўдны баец, я бясконца яе паважаю. У нас з ёй добрыя нефармальныя адносіны, таму проста званок “Прыязджай” — і я еду. І кожны раз мы нешта цікавае прыдумляем. Сёлета ў мяне было дзве песні. Я так асцярожна Лайме сказаў: “Буду спяваць па-беларуску! — Супер, давай!” Лайма моцна падтрымлівае падобныя памкненні, і за гэта я ёй таксама ўдзячны.

“Па-беларуску немагчыма спяваць пустыя тэксты”

— Вы многа працуеце з юнымі артыстамі і досыць паспяхова. Ваня Зданюк, які чатыры гады вучыўся ў вашым цэнтры мастацтваў, на нядаўнім “Славянскім базары ў Віцебску” стаў лаўрэатам, прычым з вашай жа песняй. Ці ёсць у вас планы сур’ёзна развівацца ў гэтым кірунку і пашыраць свой уплыў на наш музычны свет?

— Я вельмі рады, што Ваня выступіў удала і стаў лаўрэатам. У яго ёсць выдатная якасць — ён умее думаць, што мяне адразу зачапіла. Вось гэткай жа была і мая вучаніца Надзея Місякова, якая прадстаўляла Беларусь на “Дзіцячым Еўрабачанні”. У нашым з жонкай Вольгай Шамровай цэнтры “Арт-платформа” мы ў першую чаргу імкнёмся выхоўваць густ. А яшчэ кажам бацькам дзяцей праўду. Займаемся і творчай адукацыяй, і стварэннем музычнага прадукту. Мяне там называюць “Тата-прадакшн”. Ці перарасце гэта ў нешта большае, не ведаю. Проста зараз я магу дапамагчы, навучыць, вывесці на сцэну, і раблю гэта.

— Дэбютны альбом “Падзяка сэрца” вы выдалі толькі сёлета, і, нягледзячы на тое, што раней многа спявалі па-англійску і па-руску, альбом прынцыпова стварылі на беларускай мове. Рыхтаваліся да яго вельмі доўга. Ці ўсё атрымалася, ці заўважылі слухачы вашы новыя песні?

— Альбом я задумаў сапраўды даўно. Каб пачаць пісаць на беларускай мове, мне спачатку трэба было навучыцца на ёй свабодна размаўляць і авалодаць яе мелодыкай. Я хацеў, каб беларуская мова ў маіх песнях не гучала штучна — бо я часта чую падобныя прыклады. У нас жа многія спачатку пішуць па-руску, а пры патрэбе перакладаюць на беларускую. І атрымліваецца тое, што немагчыма слухаць. У сучаснай, актуальнай поп-музыцы беларуская мова павінна быць гэткай жа сучаснай і актуальнай, а ў нас яшчэ няма такой традыцыі. З іншага боку, па-беларуску немагчыма спяваць пустыя тэксты і пустыя песні, адразу даводзіцца падымаць планку. Канешне, альбом “Падзяка сэрца” — гэта менавіта сучасная поп-музыка, па ўсіх сусветных стандартах, без ніякага нафталіну. Але зараз у тэрмін “папулярная музыка” ўваходзіць многа самага рознага, вось і мае песні вельмі розныя. Атрымаўся альбом ці не — пакажа час. Як гэта адбылося з маёй першай песняй на беларускай мове “Мора” — яе заўважылі і ацанілі толькі праз два гады. Але зараз нешта ўсё ж зрушылася ў прасторы. Калі б свой беларускамоўны альбом “Падзяка сэрца” я выдаў гады тры таму, то наўрад ці што пайшло ў эфір. Цяпер жа песні гучаць, і даволі многа. Спадзяюся, гэта не адзінкавая з’ява, а пачатак хвалі.