Турысты галасуюць… нагамі-2

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Наколькі гатовыя ўстановы культуры да наплыву турыстаў з 80 краін?
Выгодамі Указа Прэзідэнта Беларусі, што надаў права знаходзіцца на тэрыторыі краіны без віз замежным гасцям з 80 краін свету, якія прыехалі да нас праз пункт пропуску “Нацыянальны аэрапорт “Мінск” на тэрмін не большы за пяць сутак, работнікам сферы культуры трэба яшчэ ўмець скарыстацца. І найперш гаворку тут трэба весці, вядома ж, пра абласныя ўстановы культуры Міншчыны і самога Мінска — цалкам натуральнай выглядае выснова, што замежнікі ў першую чаргу завітаюць менавіта ў іх. Але, як аказалася, не ўсё тут выглядае проста ды бесклапотна…

Без сайтаў, без гідаў

(Пачатак у № 4.)

Кажучы шчыра, тэлефанаванні ў раённыя ды абласныя музейныя ўстановы Міншчыны пакінулі даволі сумнае ўражанне: па вялікім рахунку, музейшчыкі да прыезду замежных гасцей сёння проста не гатовы. Напрыклад, як адзначыла “К” дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таісія Лянкевіч, часцяком замежныя турысты прыязджаюць да іх са сваімі перакладчыкамі, а ўласных спецыялістаў, якія б маглі правесці экскурсію на замежнай мове, ва ўстанове няма. Праўда, не так даўно ў музеі з’явіліся два аўдыягіды, так што магчымасць абслужыць замежнікаў усё ж такі маецца.

А вось іншыя музейныя ўстановы і такім мінімумам пахваліцца сёння не могуць. Скажам, як распавяла дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Серык, у іх няма ні аўдыягідаў, ні перакладчыкаў, ні свайго сайта на замежнай мове. Праўда, цяпер музейная ўстанова зачынена на капітальны рамонт, таму, магчыма, у будучыні, пасля завяршэння работ, усё гэта тут і з’явіцца.

У Салігорскім краязнаўчым музеі “карцінка” вельмі падобная: няма ні аўдыягідаў (іх плануюць набыць сёлета), ні перакладчыкаў, ні сайта, ні подпісаў пад экспанатамі на англійскай мове. Музейшчыкі размяшчаюць інфармацыю пра сваю дзейнасць на адпаведнай старонцы райвыканкама ды на партале museum.by. Як кажа дырэктар музея Маргарыта Ганчарэнка, пра ўласны сайт яны думаюць, але пакуль яго стварэнне таксама толькі ў планах.

І толькі адна музейная ўстанова на Міншчыне выбіваецца з агульнага “сумнага” і, можна сказаць, “антызамежнага” рэчышча. Ды гэта і зразумела, бо гаворка пра Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Ёсць тут, вядома, і свой сайт, і свае перакладчыкі, і подпісы на замежнай мове.

— Увогуле, да прыезду замежнікаў мы гатовыя на 100 працэнтаў, — адзначыў дырэктар установы Сяргей Клімаў. — У нас ёсць па 3 — 4 экскурсаводы, якія валодаюць англійскай, польскай, нямецкай мовамі. Маем беларуска-, руска- і англамоўныя версіі сайта, а наш дапаможнік наведвальніка, што месціцца на старонцы партала, увогуле перакладзены на 12 моў свету.

Разам з тым, прагнозаў наконт павелічэння колькасці турыстаў у сувязі з новым Указам Прэзідэнта Беларусі, Сяргей Клімаў пакуль не дае.

— Трэба пачакаць завяршэння сезону і тады ўжо падводзіць вынікі, — кажа кіраўнік установы. — Калі наведвальнасць павялічыцца хаця б на 2%, я буду задаволены, бо, напрыклад, падчас мінулага Чэмпіянату свету па хакеі, што прайшоў у Беларусі ў 2014-м, значнага прытоку турыстаў мы не заўважылі: усё ж балельшчыкі — не наша мэтавая аўдыторыя…

Прывабіць замежніка

У сталіцы з сайтамі і перакладчыкамі, што ні кажы, прасцей. Хаця англамоўных (ды і беларускамоўных) старонак у інтэрнэце ў некаторых устаноў культуры ўсё адно няма. Скажам, у Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна ёсць руская версія сайта.

— На жаль, мы не маем сёння магчымасці трымаць у штаце перакладчыка, каб напаўняць англамоўную старонку надзённым кантэнтам, — кажа дырэктар установы культуры Аксана Кніжнікава. — І ці з’явіцца ў нас у перспектыве англамоўная і беларускамоўная версіі — прагназаваць пакуль не буду.

Разам з тым, у абласной “кніжніцы” з замежнымі наведвальнікамі сябруюць і працуюць здаўна і даволі плённа.

— Мы ладзім самыя розныя мерапрыемствы для нашых чытачоў: ад курсаў англійскай і іншых моў да сустрэч з пасламі краін, акрэдытаваных у Беларусі, — адзначыла “К” загадчык аддзела замежнай літаратуры абласной бібліятэкі Наталля Баброва. — Усе мерапрыемствы можна наведваць цалкам бясплатна толькі з адной умовай: чалавек павінен быць чытачом нашай установы. А інфармацыю пра мерапрыемствы і акцыі мы рэгулярна размяшчаем на нашым сайце, а таксама на старонках у сацыяльных сетках. Прычым, рэзюмэ ды аб’явы заўсёды на англійскай мове, так што і замежнікі пра нашы імпрэзы даведваюцца загадзя.

Няма беларускай і англійскай версіі сайта і ў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Ды і прэзентацыйнай прадукцыі на замежнай мове, якая распавядала б пра цікавыя абрады і звычаі рэгіёна, пакуль выдаецца няшмат. Але, як кажа дырэктар установы культуры Раіса Вайцяхоўская, яе супрацоўнікі заўсёды гатовы прымаць замежных гасцей на міжнародных, рэспубліканскіх фестывалях і акцыях…

Для замежнага наведвальніка адкрыты і дзверы дзіцячых бібліятэк Мінска. Як кажа дырэктар іх сталічнай цэнтралізаванай сістэмы Таццяна Швед, шмат літаратуры на англійскай і нямецкай мовах бібліятэкары маюць у зале замежнай літаратуры Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, там жа ладзяцца і курсы на нямецкай мове для ўсіх ахвотных чытачоў, а яшчэ ў бібліятэцы № 5 функцыянуе інфармацыйны цэнтр культуры Японіі. Да таго ж, у апошняй з названых устаноў можна наведаць заняткі па арыгамі або вывучаць японскую мову.

Натуральна, найбольш “узброеныя” тэхнічнымі навінкамі, якія дапамагаюць стасункам з замежнымі наведвальнікамі, нацыянальныя музеі краіны. Так, па словах дырэктара нацыянальнага гістарычнага музея краіны Алега Рыжкова, Указ Прэзідэнта Беларусі, на яго думку, павінен паспрыяць прытоку турыстаў ва ўстанову культуры, а да прыёму замежных гасцей у музеі сёння падрыхтаваны даволі добра.

— Сёння мы набіраем на працу маладых спецыялістаў з веданнем замежных моў, змяшчаем анатацыі да выставаў таксама на замежных мовах, маем аўдыягіды і тры версіі сайта, адна з якіх — на англійскай мове, — адзначыў суразмоўца. — Таму разлічваем на тое, што замежнікі, завітаўшы ў наш музей, атрымаюць тут належны прыём.

Разам з тым, на шляху да аказання паўнацэнных паслуг таму ж замежнаму турысту ва ўстанове культуры сёння ёсць і некаторыя перашкоды.

— Як вядома, матэрыяльна-тэхнічная база нашага музея засталася, фактычна, на ўзроўні 1990-х гадоў, — адзначыў Алег Рыжкоў. — Таму, натуральна, у замежных гасцей можа ўзнікнуць здзіўленне наконт гаротнага стану нашай установы культуры, бо мы сёння фактычна не гатовы прэзентаваць гісторыю і нацыянальную культуру краіны на высокім узроўні. Таму, як я лічу, варта падумаць пра стварэнне нацыянальнай праграмы па развіцці Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, каб такім чынам паспрыяць паляпшэнню іміджу нашай краіны сярод турыстаў з замежжа.

Пра гатоўнасць прыняць наведвальнікаў-іншаземцаў распавёў “К” і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.

— Мы адмянілі выхадны дзень у аўторак, таму можам прыняць наведвальніка цягам усяго тыдня, — адзначыў суразмоўца. — Што да Указа Прэзідэнта краіны, дык мы шчыра падтрымліваем гэтую ідэю і спадзяемся на павелічэнне колькасці турыстаў у нашай установе. Тым больш, для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы: ёсць аўдыягіды на розных мовах уключна з кітайскай, экскурсаводы, якія валодаюць замежнымі мовамі, ёсць прэзентабельны сайт з беларуска-, руска- і англамоўнымі версіямі.

Але, як таксама адзначыў Уладзімір Пракапцоў, да тэмы (ці праблемы?) прыцягнення замежных турыстаў у Беларусь трэба падыходзіць сістэмна і комплексна.

— Чаму, напрыклад, у тым жа Нацыянальным аэрапорце Мінск не развесіць банеры з рэпрадукцыямі знакамітых карцін з Нацыянальнага мастацкага музея, напрыклад, таго ж Івана Хруцкага ці Мая Данцыга? — прапанаваў кіраўнік музея. — Ці чаму б не назваць самалёты Нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, а самому аэрапорту не надаць імя слыннага першадрукара Францыска Скарыны? Усе гэтыя і многія іншыя падобныя крокі зрабілі б Беларусь больш цікавай на турыстычнай карце Еўропы і ўсяго свету, а сталічныя музейныя ўстановы наведвала б кожны раз усё больш і больш замежных гасцей…

Як бачна, яшчэ адзін наш агляд выявіў праблемы ў рэчышчы ўязнога турызму і ступені падрыхтаванасці да прыёму гасцей некаторых устаноў культуры як Міншчыны, так і Мінска. І самае галоўнае пытанне тут, мабыць, такое: ці будзе працягвацца праца з замежнымі турыстамі — наведвальнікамі, чытачамі і гледачамі — ва ўстановах культуры хаця б на ўзроўні віртуальных магчымасцяў? Бо стварэнне цікавых і актуальных сайтаў на англійскай мове — гэта першы і, мабыць, самы лёгкі крок да “адладкі” таго самага “сарафаннага” радыё, якое і прыцягне ў Беларусь турыстаў з іншых краін свету.

Усе астатнія ўзнятыя праблемы  могуць быць вырашаны паступова і без вялікіх намаганняў, натуральна, пры наяўнасці адпаведнай фінансавай падтрымкі і належнага кадравага забеспячэння ўстаноў культуры Беларусі. А ўвогуле, на ўзнятую ў артыкуле праблему, як слушна заўважыў Уладзімір Пракапцоў, трэба глядзець комплексна і сістэмна. І вырашаць яе не толькі сіламі работнікаў устаноў сферы культуры, а ўсімі зацікаўленымі ў развіцці ўязнога турызму бакамі.

 

Дарэчы

За тры дні дзеяння Указа Прэзідэнта магчымасцю наведаць нашу краіну без візы ўжо скарысталіся 465 замежнікаў, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце. Па дадзеных на 9.00 15 лютага, у пункце пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск было аформлены 465 замежных грамадзян, якія вырашылі скарыстацца пяцідзённым бязвізавым рэжымам. Сярод іх 82 грамадзяніна Германіі і столькі ж грамадзян Польшчы, 48 грамадзян Італіі, 32 — Літвы, 21 — Францыі, 20 — Вялікабрытаніі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"