“Культура” — газета для прафесіяналаў-2

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Працягваем гаворку пра культуру Бялыніцкага раёна. І зноў — у святле падпісной кампаніі на “К”. Сённяшні надзвычай няпросты ў эканамічным плане час — нібыта выпрабаванне, іспыт. І для журналістаў газеты, і для падпісчыкаў — работнікаў не вельмі заможнай сферы культуры. Але калі яна была заможнай? У нашым “экзаменацыйным білеце” адно, аднак выключна важнае пытанне: “Наколькі мы вам патрэбныя ў плане інфармацыйнага забеспячэння?” У вашым — пытанне не менш сур’ёзнае: “Наколькі гнутка ды эфектыўна можа распараджацца аддзел сваімі бюджэтнымі і пазабюджэтнымі сродкамі?” Ад вынікаў такога іспыту залежыць, пагадзіцеся, многае…

/i/content/pi/cult/611/13581/10-1.jpg“Вы — нашы!”

Цягам апошніх гадоў Бялынічы змяніліся да лепшага. Калісьці гасцініцу тут можна было назваць утульнай толькі пры неўтаймоўнай фантазіі. Цяпер — гэта рэальны факт. Шыкоўныя цёплыя нумары, лірычная назва — “Белыя ночы”. Сканцэнтраваныя ў цэнтры гарпасёлка кінатэатр “Зорка” (не працаваў дзесяць гадоў!), РЦК, раённы мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, цэнтральная райбібліятэка, ДШМ таксама выглядаюць як цацкі на навагодняй ёлцы. Карацей, адчуваецца рука дбайнага гаспадарніка. Дарэчы, яшчэ на пад’ездзе да Бялынічаў заўважылі шыкоўную банерную рэкламу, якая піярыла выгоды прэзентабельнага гатэля. А вось гэткай жа маштабнай прыдарожнай раскруткі бялыніцкага мастацкага музея мы так і не знайшлі з прычыны яе поўнай адсутнасці. Між тым, такіх шыкоўных устаноў такога фармату ў асобных будынках маленькіх нашых райцэнтраў — відаць, толькі два (другі — у Буда-Кашалёве: карцінная галерэя імя Яўсея Маісеенкі). І турыстычна-экскурсійная трапа сюды не павінна зарастаць па вызначэнні. Але на справе ўсё не так. Мала хто ведае пра гэтыя цікавосткі. Дык ці дажывём мы да таго, што прыдарожныя банеры будуць рэкламаваць ваўсю ўласна культурныя выгоды? Хацелася б.

Пра ўсё гэта мы гутарылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама. Як, зрэшты, і пра падпіску на “К”. Намеснік начальніка аддзела Іна Ігнатовіч і ягоны галоны спецыяліст Сяргей Усаў у адзін голас зазначылі: “Вы — нашы! Таму і падпіска на “К” застанецца для нас адным з вядучых праектаў”. Мы пахадзілі па райцэнтры і пераканаліся, што ва ўсіх установах культуры нашу газету не толькі выпісваюць, але і чытаюць. Цікавяць у першую чаргу навінкі ў праектнай дзейнасці, у аказанні платных паслуг насельніцтву. Любы крэатыў бярэцца на ўзбраенне. Да слова сказаць, план пазабюджэтнай дзейнасці па ўстановах аддзела заўжды выконваецца. Летась тут зарабілі больш за 65 мільярдаў (у старых цэнах) рублёў. На актыўную і цікавую працу адгукаюцца і спонсары. Узорны прыклад — СВК “Радзіма” ў Вішове. Апрача разнастайнай фінансавай дапамогі ў правядзенні мерапрыемстваў, дзякуючы гаспадарцы калектыў мясцовага СДК “Сузор’е” на сёння мае 12 (!) зменных сцэнічных касцюмаў.

Аб праектнай дзейнасці нам распавялі дырэктар раённага цэнтра культуры Святлана Кандрацьева і вядучы метадыст Тамара Падымака. Праекты скіраваныя найперш на пошук новых талентаў у раёне — конкурс “Палітра Бялыніцкага краю”, у гарадскім пасёлку — “Таленты сярод нас”.

Задзейнічаны ў праектах усе без выключэння прадпрыемствы і арганізацыі. А дзеці спрабуюць свае сілы падчас штогадовага конкурсу маладых выканаўцаў “Крынічкі”, што ладзіцца з 2009 года.

Пра адметную “Бялыніцкую тэатральную восень” мы казалі ў папярэднім артыкуле. А ёсць яшчэ квэст-гульня “Падарожжа па Прыдруцкім краі”. У цэнтры яе — сямейны адпачынак. Удзельнікі падарожнічаюць па ўстановах культуры, бяруць удзел у абрадавых гульнях, майстар-класах па рамесніцтве. Фінішуе квэст на сямейным 3D-кінапраглядзе ў “Зорцы”.

Шкада, мы не паспелі наведаць раённую бібліятэку. Мяркуючы па словах Сяргея Усава, і там хапае прыкладаў яркай праектнай работы, у прыватнасці, краязнаўчай. Словам, у адказ на прыязнасць мясцовых работнікаў культуры да нашага выдання, мы ў поўны голас абвяшчаем: “Вы — нашы!”

У размове з Інай Ігнатовіч наўпрост запыталіся, ці з’явіліся ў раёне новыя праекты з нагоды Года Культуры ці абышліся ўжо традыцыйнымі? Ці прынесла такая падзея выгоды? Як высветлілася, прынесла — і нямала. Асабліва пашанцавала музею. Яшчэ на пачатку года адбылося мерапрыемства “Калядныя сустрэчы”, у рамках якога прадпрыемствы горада і раёна закупілі ў мастака Ларысы Журавовіч яе палотны і перадалі музею. Апроч таго актыўна падтрымліваліся самадзейныя творцы. Падчас Года Культуры рэалізоўваецца праект “Самабытныя таленты Бялыніччыны”, у рамках якога былі арганізаваныя тры выставы народных майстроў, а неўзабаве адкрыецца чарговая.

Напрыканцы нашага камандзіровачнага дня ў музей і скіраваліся, тым больш туды пераехала з рэарганізаванай школы рамёстваў і сувенірная крама.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Для мяне прафесіяналізм работніка культуры Бялыніцкага раёна дакладна сімвалізуе вядучы метадыст Тамара Падымака. У мінулыя мае прыезды сюды яна кіравала метадычным цэнтрам, стаяла ля вытокаў рэканструкцыі ручніка і касцюма, курыравала адраджэнне мясцовых абрадаў. І ўвогуле, у прафесіі Тамара Сяргееўна — з 1971 (!) года. Лішне казаць, што чытае “Культуру” пастаянна. Пацікавіўся: “Для чаго?” Яна адказвала грунтоўна: “Каб быць у курсе спраў, якія адбываюцца ў іншых раёнах і абласцях. Каб не прамінуць цікавую форму працы, каб узброіцца сучасным досведам. Карацей, каб не адстаць ад часу. Праглядаю і артыкулы, што распавядаюць аб прафесійным мастацтве. Але толькі праглядаю. У сталіцы ўстановы культуры могуць выйсці на самаакупнасць. А сельскі клубік у невялічкай вёсцы? Вось ягонай будучыні, на маю думку, трэба аддаваць больш газетнай увагі”. Для мяне, прынамсі, гэтыя словы Тамары Падымака былі і будуць праграмнымі.

Хаткі з цікавай біяграфіяй…

678 твораў выяўленчага мастацтва, 452 квадратныя метры чатырох галерэйных залаў, неймаверная насычанасць яркіх палотнаў на адзінку плошчы — усё гэта Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Пра ягоную ўнікальнасць у маштабах краіны мы ўжо казалі. Згадаем толькі, што музей адкрыўся ў 1970 годзе. На той час ён быў адзіным мастацкім музеем у рэспубліцы, створаным у райцэнтры. Тады ж і былі перададзены ў Бялынічы ці не ўсе карціны Вітольда Каэтанавіча з Нацыянальнага мастацкага музея, палова з якіх ужо ў наш час была вернута ў Мінск.

Выконваючую абавязкі дырэктара музея Алену Самусеву заспелі за інвентарызацыяй, звязанай са зменай галоўнага захавальніка фондаў. Цяпер гэта ці не асноўны клопат установы, хоць яшчэ нядаўна тут былі праблемы з дахам, неадкладнага рамонту патрабавала памяшканне для захавання фондаў. Летась музей быў якасна абноўлены. Сур’ёзная заўвага ў нас адзіная, і звязана яна з недастатковай рэкламнай раскруткай установы. Справа тут не толькі ў адсутнасці ўказальнікаў да музея з трасы. Ды і замежнікі тут бываюць, экскурсіі школьнікаў — рэгулярныя. Аднак прыток наведвальнікаў быў бы непараўнальна большым, каб максімальная колькасць аматараў мастацтва ведала, што Бялыніччына — радзіма не толькі класічнага Бялыніцкага-Бірулі, але і сучасных Віктара Альшэўскага, Ларысы Журавовіч. У музейных залах прадстаўлена творчасць кожнага.

Мы доўга ўглядаліся ў работы Ларысы Журавовіч (артыкул пра творчасць яе “К” нядаўна друкавала). Вабіла не столькі змяшаная тэхніка, колькі яе канчатковы вынік: ёмістыя вобразы людзей і рэчаў, а яшчэ — вясковых хатак, у кожнай з якіх — свой лёс, свая біяграфія. У кроплі вады — мора, у фарбе аднаго палатна — уся Беларусь. А калі дадаць да гэтага ўражанні ад сцішанай пейзажнай лірыкі Бялыніцкага-Бірулі, ад нечаканых пластычных трансфармацый Альшэўскага, дык… Дык мясцовы музей па моцы духоўнага ўплыву не мае сабе роўных. Калі ў раённым цэнтры ёсць тэатр, горад не можа не стаць тэатральным. Калі ў мястэчку ёсць сапраўдная мастацкая галерэя, яна непазбежна становіцца брэндам. І не толькі раёна. Роля мясцовых работнікаў культуры ў гэтым — вядучая.

Адзначым, сітуацыя з папулярызацыяй музея паступова рушыцца з мёртвай кропкі. Нядаўна было заключана пагадненне са сталічнай турфірмай, якая цяпер рэгулярна “пастаўляе” кліентаў у музей. Трэба сказаць, што частку немясцовых наведвальнікаў складаюць і паломнікі: у гарадскім храме захоўваецца спіс цудатворнай іконы Бялыніцкай, арыгінал якой знік разам з крыжам святой Еўфрасінні Полацкай у час Вялікай Айчыннай вайны.

Вось яшчэ на што звярнулі ўвагу падчас знаёмства з музеем: у зале з калекцыяй карцін Бялыніцкага-Бірулі прысутнічае скульптурная кампазіцыя Сяргея Селіханава “Вызваленне”, якая выбіваецца з канцэпцыі экспазіцыі. Як высветлілася ў размове з Аленай Самусевай, у літаральным сэнсе не хапае сілы перацягнуць яе ў іншую залу. Ды і гіпсавая скульптура была створана ў 1948 годзе — не хочацца яе выпадкова пашкодзіць.

З гэтай нагоды зайшла размова і пра дапамогу музею. Алена Самусева пагадзілася, што падтрымка павінна быць не толькі фізічнай, фінансавай, але і метадычнай. Словам, добразычлівы штуршок з боку калегаў не перашкодзіць. Адна загваздка: усе раённыя музеі вобласці курыруе Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава. Не цяжка зразумець, якая ў яго спецыялізацыя. Можа таму нават на Музейны форум, што прайшоў у Магілёве, бялыніцкую ўстанову з мастацкім профілем не запрасілі… Такое падпарадкаванне яшчэ больш уяўляецца дзіўным, што ў Магілёве дзейнічае абласны мастацкі музей, які павінен, прынамсі, нароўні з краязнаўчым, быць генератарам творчых ідэй па ўсёй Магілёўшчыне. Яшчэ адно сведчанне ў падтрымку такога супрацоўніцтва: некалькі разоў на год у Бялынічах праводзяцца выставы з фондаў менавіта Музея імя Паўла Масленікава.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Падчас размовы пра папулярызацыю музея згадаў пра сёлетні міжнародны мастацкі пленэр у Івянцы “Святасць зямлі беларускай”, у якім удзельнічалі мастакі з некалькіх краін свету. Арганізатары знайшлі спонсара, уклалі свае невялікія сродкі і ў выніку атрымалі цікавы мастацкі прадукт. Нешта падобнае штогод адбываецца і ў Магілёве. Час ад часу завітваюць мастакі на эцюды і ў Бялынічы. Некаторыя работы застаюцца ў мясцовым музеі. Вось толькі, думаецца, бялыніцкі музей меў бы больш інфармацыйных нагод, каб праводзіў уласны пленэр.

Двайная павага — двайная адказнасць

Чытаюць “Культуру” і ў Цяхціне. Прынамсі, у мясцовым СДК навідавоку — падшыўка “К”. У ёй кожны нумар — у двайным экзэмпляры. Дырэктар Жанна Лехава тлумачыць: “Адзін нумар прыходзіць па ведамаснай падпісцы, другі — гэта падпіска мая асабістая. Прачытаю і прыношу свой нумар у клуб для таго, каб хтосьці таксама мог узяць газету дахаты, з мэтай, так бы мовіць, больш удумлівага азнаямлення!” Нам нават не па сабе стала: двайная павага — двайная адказнасць. Але, натуральна, было прыемна ў чарговы раз сустрэцца з аднадумцамі.

Цяхцін знакаміты “Журавінкай”. Гэта фальклорны гурт, які існуе з 1987 года. У яго, апрача Жанны Лехавай, увайшлі мастацкі кіраўнік СДК Людміла Юрэвіч, хормайстар Галіна Цумарава, школьны бібліятэкар Вольга Чудакова, маці, што даглядае прыёмных дзяцей, Марыя Латышава і многія іншыя. “Крыніца” рэпертуару “Журавінкі” — 86-гадовая Ефрасіння Бурмістава. Ёсць у гурце і моладзь: 6 дзяўчат поруч са сталымі знаўцамі займаюцца адраджэннем абрадаў і спеўных традыцый. Усе яны ўваходзяць у аматарскае аб’яднанне гісторыка-побытавага танца. Даведаліся, што маецца ў вёсцы і свой аб’ект нематэрыяльнай спадчыны: танец “Лявоніха па-цяхцінску”. Праўда, пакуль не ўнесены ён ні ў якія рэестры.

З улікам беражлівага стаўлення да традыцыйнай культуры згадалі пра фестываль “Берагіня”. На жаль, “Журавінка” туды не ездзіла. І калі на Кобрыншчыне, як мы даведаліся падчас мінулага аўтатура, не хапіла сродкаў дэлегаваць дзіцячы калектыў, то тут пра гэты фестываль нават і не чулі. Значыць, не вельмі ўважліва “К” чыталі…

Мае СДК і свайго спонсара — мясцовую гаспадарку “Новая Друць”, якая пасільна дапамагае з транспартам, з касцюмамі. З праблем суразмоўцы назвалі хіба што музычнае аснашчэнне ўстановы. З інструментаў у СДК — адзін баян. Але калі і з’явяцца іншыя, дык выявіцца такая праблема: няма ж каму граць.

А таму поруч з аўтэнтычнымі канцэртамі і дэманстрацыяй абрадаў зарабляе СДК на дыскатэках. Праўда, этнадыскатэк тут няма: прыбытак прыносяць пакуль і звычайныя.

Здавалася б, дробязь. Прапанаваўшы кубачак кавы, у якасці пачастунку замест печыва, а дакладней, у дадатак да яго, на стале з’явіліся простыя, але неверагодныя па смаку народныя стравы: тоўстыя бліны ды капуста, згатаваная ў печы. Гэта сведчыць не толькі пра гасціннасць, але і пра захаванне поруч з народнымі спеўнымі і абрадавымі традыцыямі, яшчэ і кулінарных. На кожнае свята тут маецца свая страва. Чаму б гэтым не пахваліцца? Дзякуй, што хваляцца!

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Кантактаваць з прафесіяналамі — творчае задавальненне. Наша асноўная журналісцкая мэта — абагульненне іхняга досведу і папулярызацыя яго ў маштабах краіны. Кагорта прафесіяналаў не павінна чэзнуць. Урэшце, ад гэтага наўпрост залежыць і наша падпіска. Працяг гаворкі — у наступных нумарах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"