Газета “Культура” — для прафесіяналаў

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Бялыніцкі раён: адзін з праектаў — падпіска на “К”
Літаральна першы прыпынак на маршруце прынёс нам процьму прыемных сюрпрызаў. Усе іх можна аб’яднаць насценным дэвізам, які мы пабачылі ў кабінеце загадчыцы сельскага клуба Святланы Буймістравай. На аркушыку паперы раздрукавана: “Хто хоча — шукае магчымасці, хто не хоча — шукае прычыну”. Работнікі культуры Вялікай Машчаніцы паважаюць мудрага Сакрата. Мы — таксама. Гэта ж нібыта для творцаў выпакутавана: “Хто хоча зрушыць свет, няхай зрушыць сябе”. Вось і спрабуем гайдаць і гайдацца, гэтым разам — на Магілёўшчыне.

/i/content/pi/cult/610/13578/10-1.jpgКлуб = тры асобы

Вялікая Машчаніца — вёска Бялыніцкага раёна. З гэтага пункта і пачалі сваю чарговую выправу па пошукі нешараговага і яркага. І ў мясцовым СК натрапілі на тое, што шукалі. Гэты клубік з далёка не новым будынкам і пячным ацяпленнем падаўся адначасова і музеем, і домам рамёстваў, прычым — да мяжы ўтульнымі. Хата, як вядома, гасцінная гаспадаром. А за гаспадара на той час была тут хормайстар Клара Здрук, бо загадчыца СК скіравалася зранку на райцэнтраўскую нараду. Клара Ігнатаўна і патлумачыла нам, што ў танцавальнай (яна ж — і глядзельная) зале сабраны і выстаўлены мясцовыя ручнікі і посцілкі, а аснову калекцыі складаюць унікальныя вырабы з вёскі Вольніца. Праект па пашырэнні экспазіцыі называецца “Матулін куфар”. Рэалізоўваюць яго некалькі дзясяткаў школьнікаў. Уяўляеце, якімі масавымі і неўтаймоўнымі бываюць тут экспедыцыі?!

Ёсць і цікавы рамесніцкі рыштунак. Доўга, да прыкладу, не маглі ўцяміць, навошта патрабавалася вось гэтая драўляная скрыначка памерам амаль з абутковую. Аказалася, што яна, старадаўняя, — для фармоўкі цэглы. Гліны ў наваколлі і па сёння шмат, а вось ганчарнае рамяство, на жаль, не захавалася. А яшчэ ў клубе ладзяцца майстар-класы па пляценні паясоў, у адпаведным гуртку — пяць дзетак. Займаюцца ў Вялікай Машчаніцы і бісерапляценнем. Мы спачатку іранічна да гэтага паставіліся. Хацелі распавесці, што вось для старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты “маргінальны” бісер — нібыта незагойны шрам на сэрцы нацыянальнай традыцыі. А Клара Здрук у адказ паказала беларускі арнамент з бісеру. І што тут скажаш? Карацей, мясцовыя “клубныя” кабеты ваўсю ламаюць стэрэатыпы, замест прычын выкарыстоўваюць магчымасці, план па аказанні паслуг выконваюць, вельмі грунтоўна займаюцца адраджэннем абрадаў ды яшчэ і “Культуру” выпісваюць-чытаюць.

Апрача загадчыка і хормайстра ў клубным штаце — і акампаніятар-паўставачнік Галіна Атрошкіна. Таксама ўнікальная асоба. Хоць і на пенсіі, але завочна вучыцца ў Магілёўскім вучылішчы культуры. Такі імпэт толькі прафесіяналу ўласцівы! (Заўважце, шаноўныя чытачы, мы аб прафесіяналах будзем пастаянна згадваць цягам сённяшняга і наступных артыкулаў. І для гэтага будуць у нас падставы, пра якія мы ніколі раней не казалі. Вы, спадзяёмся, заінтрыгаваныя?)

Тут і спыніцца можна было б ды перайсці да спраў бібліятэчных: будынак установы непадалёк ад клуба. Але вярнулася з Бялынічаў Святлана Буймістрава і распавяла пра яшчэ адну праектную цікавостку — рэгіянальны конкурс “Бялыніцкая тэатральная восень”. Аказваецца, у кожнай клубнай установе раёна ёсць тэатральны калектыў, і ўвосень яны збіраюцца на выніковы, так бы мовіць, батл. І Вялікая Машчаніца тут — далёка не на апошніх месцах. А Клара Здрук патлумачыла, што дэкарацыі на клубнай сцэне — для чарговага спектакля і неўзабаве на рэпетыцыю збяруцца самадзейныя артысты.

І апошняе, але для нас на сёння — галоўнае. Па словах загадчыка СК, “Культура“ для супрацоўнікаў установы — газета родная, для прафесіі — неабходная, таму яны ўсе магчымасці для падпіскі выкарыстаюць. Дзякуй, шаноўныя, за тое, што не згадвалі пра недахоп сродкаў і не шукалі прычын для бяздзеяння. Такі высокі давер мы абяцаем цалкам апраўдаць.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Так, пра бяздзеянне ў гэтым клубе казаць не выпадае. Шмат выніковых праектаў, шмат прыкладаў удумлівай працы над адраджэннем мясцовых абрадаў. Я гадоў колькі таму быў у Вялікай Машчаніцы, падчас той камандзіроўкі ці не ўвесь Бялыніцкі раён аб’ездзіў. Паездка менавіта тым і запомнілася, што ніякіх негатыўных эмоцый не прывёз. Рэдка такое бывае. Значыць, гаворка — пра сістэму карпаратыўнага яднання работнікаў культуры вакол справы, карыснай для людзей. Пад уплывам пабачанага і пачутага мы з Канстанцінам нават слоган для нашай газеты прыдумалі: “Культура” — для прафесіяналаў”.

Так, аптымізацыя нішчыць установы культуры і, адпаведна, нашых падпісчыкаў. Так, мы не выкарыстоўваем адміністрацыйны рэсурс для павелічэння падпіскі. Таму, натуральна, яна скарачаецца. Але я ідэаліст і веру ў прафесіяналаў. Прынамсі, яны сустракаюцца мне кожную камандзіроўку. І паверце, наш журналісцкі калектыў робіць і будзе рабіць усё для таго, каб адпавядаць прафесійным чытацкім запытам.

“Буслянка” без часопісаў?

“Культуру” выпісваюць і ў сельскай бібліятэцы Вялікай Машчаніцы. Бібліятэкар — у дэкрэтным водпуску. Другі год яго замяшчае Таццяна Салаўёва — пенсіянерка, якая ўсё жыццё аддала справе сельскай культуры. Яе веды зноў спатрэбіліся. Хтосьці скажа: “Звальнення Салаўёва не баіцца, таму можа працаваць, як мокрае гарыць”. Загадзя абвяргаем магчымае выказванне. Чаму? Прафесіянал заўжды застаецца прафесіяналам, нават калі і Сакратам не зачытваецца. Дамок бібліятэкі — таксама не з новых, і таксама з пячным ацяпленнем. Але памяшканні абанемента, маленькай чытальнай залы і фондазахавання — ідэальна прыбраныя, дагледжаныя, таму — таксама ўтульныя. Два камп’ютары (у клубе, дарэчы, таксама ёсць ноўтбук), “ксеракс” дадаюць установе дзелавітасці.

Таццяна Ягораўна — качагар, прыбіральшчык, дворнік і бібліятэкар у адной асобе. Бібліятэкар, вядома, у першую чаргу. Чытачоў з пачатку дня не было. За ўчорашні дзень наведаліся трынаццаць чалавек. Пры бібліятэцы дзейнічае сямейны клуб “Буслянка”. Праўда, наведвае яго ўсяго тры сям’і, пераважна матулі, што знаходзяцца ў дэкрэце.

Праблема ёсць, і вельмі вялікая. “Бракуе літаратуры, якая карыстаецца попытам у чытачоў сярэдняга веку”, — кажа бібліятэкар. У першую чаргу, гэта беларускія перыядычныя выданні, дзе гаворка вядзецца пра арганізацыю хатняй гаспадаркі.

Словам, “Буслянка” ненаўмысна ”галадае”. А вось “Культуру”, паўторымся, бібліятэка выпісвае. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі не шукае прычыну, а знаходзіць магчымасці (чытай — фінансавыя сродкі). Гэта ж як газета павінна маральна кампенсаваць такія выдаткі?! Мы зноў згадалі пра кадравую стратэгію аддзела, скіраваную на падтрымку нашай падпіскі. Абавязкова пагаворым пра гэта ў Бялынічах.

Мы ўжо развітваліся з бібліятэкарам, калі ўстанову наведаў першы на той дзень чытач.

Майстар-клас па ткацтве

Дома рамёстваў у Бялынічах няма. Ён з 2010 года працуе ў Свяцілавічах. Пад адным дахам былога дзіцячага садка, выкупленага ў свой час аддзелам культуры, тут яшчэ месцяцца сельскі цэнтр культуры, бібліятэка ды філіял музычнай школы. Сапраўдны асяродак культуры.

Трэба сказаць, што ў Свяцілавічы прыехалі а палове на другую. Па графіку, размешчаным на будынку, ва ўстановах культуры законны абед. Аднак дзверы аказаліся не зачыненымі, а таму, пачуўшы ў фае звонкія галасы, скіраваліся ў іх бок. Прычына нашай удачы ў тым, што большасць супрацоўнікаў — прыезджыя. Адпаведна яны не паспяваюць выправіцца на абед дадому. Заспелі мы дырэктара сельскага дома рамёстваў Ірыну Цітаўцову і майстра Алу Кунічнікаву.

Яны і паведамілі пра новы цікавы трэнд: апошнім часам сталі рэгулярнымі экскурсіі ў Дом рамёстваў з Магілёва і Бялынічаў. Мэта такіх візітаў — знаёмства працоўных калектываў раёна і вобласці з традыцыйнай культурай. А паказаць у Свяцілавічах ёсць што: ва ўстанове займаюцца вырабам тэкстыльных лялек, у тым ліку абярэгавых, а таксама ткацтвам паясоў, вязаннем і вышыўкай.

У гурткі для школьнікаў ходзяць 18 дзяцей. Двух з іх мы заспелі за працай — вучні малодшых класаў Максім і Сяргей прыйшлі ў Дом рамёстваў зусім не ў прызначаны для іх час і, тым не менш, з радасцю былі прыняты. А вось дарослых займаецца ва ўстанове нашмат больш: 40 чалавек, з якіх большасць складаюць удзельнікі аматарскага аб’яднання для пажылых “Скарбніца”. Яны не толькі вучацца рукадзеллю, але і перадаюць свае веды па традыцыйнай культуры. Прыклад такой справы мы заўважылі на стале: Ала Кунічнікава зрабіла па ўзоры мясцовай жыхаркі Дар’і Цімафееўны папяровую копію сурвэткі народнымі ўзорамі, характэрнымі для Бялыніччыны. Цяпер яе можна, скажам так, тыражаваць і рабіць адной з візітовак традыцыйнай культуры раёна.

Пазнаёміліся мы і з невялікай выставачнай залай. Найперш, уразілі вышытыя карціны паводле Напалеона Орды, якія выглядаюць, шчыра кажучы, эфектна. А вось сучасных ганчарных вырабаў заўважыць не атрымалася, хоць Свяцілавічы некалі славіліся гэтым рамяством з-за выдатнай гліны. Сёння ніводнага ганчара не засталося. Але неўзабаве ў Бялынічах можа з’явіцца і прафесійны ганчар. Пра гэта ў наступным выпуску нашага аўтатура.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Ірына Цітаўцова прапанавала нам паўдзельнічаць у майстар-класе па ткацтве паясоў. З вялікім задавальненнем паўдзельнічалі б, каб не трэба было выпраўляцца на Бялынічы. Гэтая прапанова прымусіла задумацца пра ўмовы для асобаснага развіцця ў горадзе, дзе амаль усе гурткі платныя ды размешчаныя на вялікіх адлегласцях, і на сяле, дзе ўсё побач і практычна бясплатна. Здавалася б, вось яна, выдатная ідэя развіцця вёскі! Вось толькі не хапае добрых варыянтаў працаўладкавання для дарослых.

Пешшу па мастацтва

Цяперака пра сельскі цэнтр культуры. Мастацкі кіраўнік ЦК Ганна Дзямідава таксама рыхтуецца да “Бялыніцкай тэатральнай восені”: разам з шасцю школьнікамі рэпеціруе пад “мінусоўку” музычную “Добрую казку”. Малая колькасць удзельнікаў тлумачыцца тым, што ў мясцовай школе большасць вучняў з вёскі Лебядзянка. Пасля ўрокаў за імі прыязджае школьны аўтобус. Але ёсць і выключэнне з правілаў. Ходзяць у гурток нават дзеці з суседняй вёскі. А больш дакладна — адзін: 13-гадовы хлопчык з вёскі Красная пешшу прыходзіць па мастацтва.

Народнага ці ўзорнага калектыву ў клубнай установе няма. Ганна ж кажа, што час прыйшоў і гэтым займацца. Патэнцыял назапасіўся: у дзевяці гуртках займаецца паўсотні чалавек. Ды і план па аказанні платных паслуг выконваецца пераважна дзякуючы цікавай канцэртнай праграме.

Далей нас чакала свяцілавіцкая бібліятэка. Вось толькі там нечакана для нас аказалася… студыя па стварэнні кліпаў. У бібліятэцы нараджаюцца відэаролікі, прысвечаныя самым разнастайным падзеям (да прыкладу, Дню Перамогі, святу 8 сакавіка) і нават пытанням, у тым ліку філасофскім. Дэманструюцца яны ў школе, а таксама падчас мерапрыемстваў у Цэнтры культуры. А стварае іх бібліятэкар Святлана Ісакова, якая, безумоўна, мае рэжысёрскі талент. Пакуль, па прызнанні бібліятэкара, буктрэйлеры яна рабіць не ўмее, але, упэўнены, што ўсё яшчэ наперадзе. Спадзяёмся, у іх будзе прысутнічаць і родная мова. Да жалю, у роліках мы не заўважылі беларускай мовы. Святлана Ісакова прызнаецца, што нават уласныя дзеці яе ўшчуваюць за гэта, разумеючы важнасць роднага слова і любячы яго.

Маецца ў бібліятэцы і “кактэйль для дапытлівых”. Так называецца адмысловая прастора для дзяцей, напоўненая разнастайнымі энцыклапедыямі. Адметнасць яе ў тым, што кнігі размешчаны не на стэлажах, а ў стосах. Кожны можа пакорпацца ў іх і знайсці для сябе нешта цікавае. Гэта мае свой эфект. Асабліва ўлетку. У час канікулаў кнігавыдача павялічваецца ці не ў некалькі разоў.

Са сціпласцю паказала нам Святлана Ісакова кнігі з аўтографамі, якія засталіся пасля шматлікіх сустрэч з пісьменнікамі. Заўважылі мы не адзін дзясятак кніг, што сведчыць пра вялікую актыўнасць бібліятэкі і яе запатрабаванасць.

Далей у аўтатуры нас чакала маляўнічае свяцілавіцкае возера з сям’ёй лебедзяў, а таксама ўстановы культуры Бялынічаў.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

І зноў аб прафесіяналах. На наш погляд, мы рэдка выкарыстоўваем гэта азначэнне… Зрэдзьчас нам тэлефануюць і кажуць: “Пасля такой крытычнай публікацыі “К” выпісваць не будзем!” Мы ж заўжды прапаноўваем выкарыстаць газетную “трыбуну” для канструктыўнага дыялогу, і калі вашы аргументы акажуцца слушнымі, мы заўжды прызнаем віну і прынародна папросім прабачэння. Пакрыўджаныя чамусьці вельмі рэдка выкарыстоўваюць гэты шанц... Яны — прафесіяналы? Адказ на гэтае пытанне мы паспрабуем даць у наступных нумарах.

Мінск — Бялыніцкі раён — Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці — Мінск 

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"