З улікам будучыні

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Мы папрасілі падзяліцца планамі і здзяйсненнямі ў кірунку правядзення імпрэз па пашырэнні нацыянальнай традыцыйнай культуры дырэктара Абласнога грамадска-культурнага цэнтра Брэстчыны Святлану КАРЖУК.

— З пачатку года адбыўся шэраг запамінальных мерапрыемстваў, — адзначае Святлана Валянцінаўна. — Скажам, напрыканцы лютага мы ў сваім цэнтры адзначалі дзень роднай мовы: ладзілі абласное свята “Жывыя вытокі”. У яго межах адбыліся абласны тур Конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, пераможцы якога пасля бралі ўдзел у ХІІІ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, а таксама паэтычна-музычная вечарына з удзелам калектываў і салістаў вобласці. Заключная частка мерапрыемства была аддадзена этнадыскатэцы з удзелам трох дзіцячых калектываў, якія выконвалі танцы сваіх бабуль і дзядуль. Дарэчы, пасля названага адбору, нашы ўдзельнікі — Андрэй Цямчык з Ляхавічаў і Лізавета Войтуль з Баранавічаў — сталі ўладальнікамі ІІ прэміі Нацыянальнага фестывалю ў Маладзечна.

Не маглі мы і абмінуць 70-я ўгодкі Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму зладзілі абласны песенны форум “З любоўю да песні”, які прайшоў 29-31 мая на Піншчыне. Удзельнікамі свята сталі лепшыя калектывы і салісты з усіх раёнаў вобласці — усяго больш за тысячу чалавек. У рамках форуму адбыліся святы вакальна-харавога мастацтва і духавой музыкі, ваенна-патрыятычнай песні ды злёт бардаў.

А не так даўно, 20 верасня, мы зладзілі два аб’яднаныя мерапрыемствы: Абласное свята-конкурс фальклорнага мастацтва “Таночак” ды Абласны агляд-конкурс “Берасцейскія забаўлянкі”. Акцыі адбыліся ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна на этнаграфічным падвор’і “Каля Плэса” і сабралі блізу 400 гасцей з вобласці, а таксама і з Польшчы. Падчас гэтых мерапрыемстваў адбылося тэатралізаваная абрадавая дзея “Караваю, мой раю”, выступленне калектываў, — як дарослых, так і дзіцячых, — узнагароджанне пераможцаў конкурсу ды гала-канцэрт. А напрыканцы ўсіх гасцей чакала этнадыскатэка пад назвай “Час вяртання”. Дарэчы, сёлета ў свяце прынялі ўдзел 10 дзіцячых фальклорных калектываў (летась іх было ўдвая менш), бо, мяркую, абавязкова трэба думаць пра перадачу традыцый ад старэйшага пакалення да малодшага. Да слова, лепшыя з гэтых калектываў, пасля яшчэ аднаго этапу адбору, прымуць налета ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” .

Так што сёння мы працуем з улікам будучых фестываляў і конкурсаў. Як, упэўнена, і мае калегі з іншых рэгіёнаў Беларусі… А 31 кастрычніка ў Маларыце адбудзецца абласны тур рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Як бачыце, самых розных мерапрыестваў у нас сапраўды хапае…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"