Замежная? Родная…

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Першага верасня мой пляменнік першы раз пайшоў у школу. Урачыстая лінейка, кветкі для настаўніцы, буквар і першы ўрок — усё было так, як і мае быць. Што здзівіла, дык гэта фраза ад той жа настаўніцы, якая на першым уроку, дзе прысутнічалі і бацькі, зазначыла, што на заняткі па беларускай мове дзецям трэба набыць спецыяльны сшытак, бо, маўляў, “мову дзеці не ведаюць — яна для іх замежная”. Між тым, школа гэта знаходзіцца не ў Мінску, а ў адным з гарадскіх пасёлкаў на Міншчыне, там, дзе калісьці быў ахрышчаны класік беларускай літаратуры…

/i/content/pi/cult/551/12014/4-22.jpgЦі варта казаць, што словазлучэнне “замежная беларуская мова” гучыць не надта прыемна. Але ж, мяркую, руская мова здаецца пакуль што для тых жа першакласнікаў не менш складанай за беларускую ў плане вывучэння і такой жа “замежнай” — пісаць на ёй правільна яны пакуль што ўвогуле не могуць, адно што размаўляюць... Праўда, набываць спецыяльныя сшыткі для рускай мовы чамусьці не патрабуецца…

Але што ж паробіш: настаўніца, верагодна, канстатавала рэальны і вядомы факт з жыцця. Сапраўды, мала ўрокаў “матчынай” мовы ў школе, не так часта, як хацелася б, гучыць “звонкае “дзе” і густое “чаго” на радыё ці па тэлебачанні. А, напрыклад, беларускамоўных мультфільмаў ці адукацыйных дзіцячых праграм па-беларуску, якія мог бы глядзець пляменнік Міша па тэлевізары, я штосьці ўвогуле не прыпамінаю...

У іншых, суседніх з Беларуссю краінах, робяць зусім інакш: не цураюцца ні перакладу кніг таго ж “Гары Потара” на сваю мову альбо адразу ж агучваюць дзіцячыя кінастужкі па-свойму ды пускаюць іх у пракат. Напрыклад, ва Украіне амерыканскую анімацыйную камедыю “Міньёны” адразу ж пераклалі на ўкраінскую. І міньёны ўвобмірг ператварыліся ў “посіпакаў”, а дзеці са сваімі бацькамі без асаблівых праблем глядзелі іх на сваёй, матчынай мове…

А дзе нашы “посіпакі” ці, да прыкладу, як варыянт, “калабкі”, “жаўцянікі” ці “курдупелі”? Дзе пераклад новай серыі “Тэрмінатара”, дзе вядомая фраза “I’ll be back!” прагучала б цалкам самавіта і па-беларуску?.. Прыклады, натуральна, можна доўжыць. Балазе, агучыць той ці іншы фільм для дзяцей альбо дарослых па-беларуску і зрабіць некалькі дэманстрацый хай сабе ў сталічнай “Ракеце” ці “Перамозе”, вядомых сваім арт-кірункам, пагадзіцеся, не так ужо і складана… Але ж, як бачна, не для айчыннага кінапракату і не для тых, хто той дубляж мог бы замовіць…

Тое, што падобныя беларускамоўныя навінкі замежнага кіно ці кніжнага рынку будуць запатрабаваны ў сталічных — ды і не толькі сталічных — жыхароў не выклікае ў мяне сумненняў. Але ж няма прапановы — не будзе і попыту. І значыць, мы так і будзем працягваць наракаць на тое, што беларуская мова — “замежная”, а школьнікі не хочуць вучыць вершаў Янкі Купалы ці Якуба Коласа ды не ведаюць, хто такія Алесь Разанаў ці Андрэй Федарэнка…

Між тым, днямі, на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі выказаў меркаванне, што мову, культуру, пісьменства можна назваць ахоўнай граматай беларускай дзяржаўнасці. “Гэта фундамент, на якім грунтуецца развіццё нашага грамадства. Наш святы абавязак — захаваць яго і прымножыць”.

Словы, што і казаць, слушныя і своечасовыя. Асабліва ў гэтыя вераснёўскія дні, калі мой пляменнік толькі распачынае свой шлях у краіну ведаў. Вельмі хацелася б, каб пасля заканчэння школы ні ён, ні дзясяткі тысяч сёлетніх першакласнікаў не называлі беларускую мову “замежнай”, а называлі роднай, захоўвалі яе і прымнажалі… Прымнажаючы такім чынам і фундамент нашай беларускай дзяржаўнасці…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"