Не толькі матывацыя...

№ 16 (1194) 18.04.2015 - 24.04.2015 г

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — пра ўстанову ў соцыуме, "2020", "аблокі", асобу і... зноў жа, асобу
“К” працягвае пашыраць “калекцыю” цікавых сустрэч з людзьмі, якія маюць свой погляд на рэчы, справы і з’явы. Гэтым разам “галерэю” папоўніў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман МАТУЛЬСКІ. Яго без ваганняў можна назваць галоўным кніжнікам краіны. Гэтага статус НББ вымагае. Кіраваць такой установай і знаходзіцца ўбаку ад развіцця бібліятэчнай справы, скажам, на сяле, — проста немагчыма. Раман Матульскі быў дэканам адпаведнага факультэта Універсітэта культуры і мастацтваў, з’яўляецца аўтарам манаграфій і падручнікаў, па якіх вучыліся і вучацца бібліятэчнай справе на абсягах былога Савецкага Саюза… Цяпер кіруе галоўнай кніжнай установай краіны. А віртуальная чытальная зала “Нацыяналкі” — сэрца, сетка ж ЦБС па краіне — крывяносная сістэма. А ўсё разам — жывы арганізм, чытальніцкія інтэрнэт-магчымасці якога ўпэўнена павялічваюцца. Але і хвароб у яго хапае. Пра гэта і гутарылі.

/i/content/pi/cult/529/11453/6-1.jpg

— На Беларусі — больш за восем з паловай тысяч бібліятэк самых розных падпарадкаванняў, — распачаў гаворку Раман Матульскі. — Гэта наша поле дзейнасці. Адно з галоўных сённяшніх пытанняў — аптымізацыя, пакуль — не тэхналагічных працэсаў, а — сеткі сельскіх бібліятэк. Карацей, тэм для абмеркавання ды аналізу хапае. Я дадаў бы яшчэ абнаўляльнасць і спісанне фондаў, новыя паступленні ды абарачальнасць кніг, выкарыстанне электронных рэсурсаў, доступ да аддаленых даных, праблему чытання…

— Давайце згадаем 370 каментарыяў, што з’явіліся на інтэрнэт-форумах у дачыненні да бібліятэчнай прафесіі. Каменты, на наш погляд, — не надта аб’ектыўныя. Ваша стаўленне да сітуацыі?

— Найперш хачу падзякаваць газеце за тое, што яна адстойвае інтарэсы бібліятэкараў, што яна апублікавала з гэтай нагоды пункты гледжання нашых калег і аднадумцаў… А сітуацыя — жахлівая. Калі праца бібліятэкара нізка цэніцца ў грамадстве, гэта прыкра. Сёння гэта склалася? Не. Бібліятэкар ніколі не меў высокіх заробкаў… Наконт каментаў. Па ўсім бачна: іх пішуць тыя, хто не бывае ў бібліятэках, не ведае іх і ўвогуле не чытае літаратуры. Згодны з тымі бібліятэкарамі ды чытачамі, якія выказаліся на старонках “К” у абарону прафесіі. Калі не патрэбен бібліятэкар, дык навошта нам тады ўрач ды настаўнік? Усе рэцэпты і веды ёсць у Інтэрнэце. Між тым сучаснае грамадства — гэта грамадства прафесіяналаў. У нашай сферы — таксама. Не так шмат прафесій, што згадваюцца ў Бібліі. Пра бібліятэкара ж там напісана…

— Ці задаволены вы падрыхтоўкай бібліятэкараў у БДУКіМ?

— Задаволены. Але адукацыйнае пытанне наўпрост звязана з прэстыжнасцю прафесіі. Які, скажыце, бацька пажадае, каб дзіця пасля ВНУ атрымлівала менш, чым асоба без адукацыі? А якасць абітурыентаў, студэнтаў менавіта ад гэтага залежыць. Але іх рыхтуюць, і ўзровень падрыхтоўкі на постсавецкай прасторы — адзін з лепшых. У Маскве ды Санкт-Пецярбургу бібліятэчныя факультэты — на мяжы скасавання. Камерцыялізацыя ж яшчэ дасца ў знакі. У Беларусі, з гонарам кажу, захавалі сістэму бібліятэчнага навучання. А выкладчыкі БДУКіМ са студэнтамі прыходзяць на стажыроўку ў нашу бібліятэку…

— Два прыклады з практыкі наконт узаемаадносін паміж грамадствам і бібліятэкарам. У адным з раёнаў бібліятэка была зачынена ў рабочы час, а якраз чытачка прыехала на ровары: бразгнула замком, выказала ўсё, што пра бібліятэкараў думала, і з’ехала ні з чым… Адкуль ёй было ведаць, што санітарны дзень тут: абвесткі ж не было адпаведнай… І яшчэ прыклад. На Асіповіччыне ў адной з вёсак бібліятэкарам — Віктар Бузаноўскі, сярод каляжанак — адзіны мужчына. Калі нясе кнігі, скажам, у школу, пакідае абвесткі на слупах: “Буду праз 15 хвілін”, “Буду праз 10 хвілін”… У Радзянцы кажуць у такіх выпадках: “Антонавіч па справах выправіўся”. Дык Віктару Антонавічу ў сваёй вёсцы вераць, вакол яго гуртуюцца… Іншым разам не ў памеры акладу справа, калі мы гаворку вядзём аб прафесіяналах.

— Згодзен. Але калі заўтра заробкі бібліятэкара, настаўніка ці ўрача павялічацца ў пяць разоў, сітуацыя раптоўна не палепшыцца. Патрэбна матывацыя, каб у прафесію ішлі самыя-самыя. Маю на ўвазе ролю асобы, без якой у нашай сферы не абысціся…

— Дык, можа, псіхалагічную дысцыпліну на факультэце ўвесці “Як стаць асобай”?

— Ёсць такая дысцыпліна — “Псіхалогія чытання”… Тут гаворка — пра агульную культуру грамадства. Бібліятэчная сістэма — гэта сістэма “чалавек — чалавек”. А калі мы гаворку вядзём пра дзіцячую бібліятэку? Кантакты з падлеткамі — вельмі тонкая матэрыя. Лёгка можна ахвоту да чытання адбіць. Калі бібліятэкарка — пяшчотная, добразычлівая, дык і дзеці вакол яе будуць гуртавацца. Інакш кажучы, бібліятэкар — як святар… Згадваю сваю педагагічную дзейнасць. Прыязджаюць завочнікі, сярод іх ёсць і “жонкі брыгадзіраў”, бо “жонкі калгасных старшынь”, як правіла, працуюць у бухгалтэрыі. Дык вось першым патрэбен толькі дыплом, каб не чапалі… Давайце падумаем, што мы стымулюем у бібліятэкараў. За савецкім часам — “правільную” статыстыку па кнігавыдачы ды фондах. І не толькі ў бібліятэчнай справе. Тэма “бункернай вагі”, “правільнай” справаздачы існуе і ў сельскай гаспадарцы ды ў іншых галінах… Гэты менталітэт — жывы… А за мяжой дзейнасць бібліятэкі ацэньвае чытач. Дый нам час ужо больш увагі надаваць Закону аб мясцовым самакіраванні. Людзі павінны адчуць сябе адказнымі гаспадарамі той зямлі, дзе жывуць і працуюць. Трэба прызнаць, што да працы ў такім алгарытме пэўныя частка нашых бібліятэкараў не гатова.

— З-за пенсійнага ўзросту?

— Не варта думаць, што новыя будуць аўтаматычна лепшымі. Бібліятэкар, дырэктар клуба павінны працаваць не на справаздачу, а на станоўчы сацыяльны эфект, каб насельніцтва задаволена было… І калі павысяцца заробкі работнікаў культуры, у сферу прыйдзе больш маладых людзей, з якіх можна будзе выбраць лепшых… Я завітаў у адну з бібліятэк, дзе жанчына ў пенсійным узросце нават камп’ютарам не можа карыстацца… Можна не сумнявацца: прыйдзе адукаваны спецыяліст — пойдзе і цікавая справа.

— Ад бібліятэкара сёння залежыць, ці будзе вёска жыць…

— У мяне наконт сельскіх устаноў наступная прапанова да мясцовых улад ёсць: трэба такі нарматыў увесці, каб скасоўваць бібліятэку толькі пасля таго, як тут сам па сабе скасуецца продаж спіртных напояў…

— Нам, па ўсім відаць, як паветра патрэбна Дзяржаўная праграма па падтрымцы і бібліятэк, і чытання…

— Можна адназначна адказаць: такая праграма ніколі не пашкодзіць. Але я хачу вось што зазначыць. Платныя паслугі ў бібліятэках называю падаткам на чытанне. А апошняе нам неабходна стымуляваць. Корань культуры, нацыі — у вёсцы, колькі б там людзей ні заставалася. Гарэлку трэба абкладаць падаткамі, а не кнігі ды дзяцей, якія вучацца іх чытаць! Чытанне, кнігавыданне спрадвек стымулявалі ва ўсім свеце. Згадайце Скарыну, які без фундатараў нічога не здолеў бы зрабіць. Былі на Беларусі калісьці платныя публічныя бібліятэкі, дык яны гібелі… Патрэбна праграма. І для падтрымкі беларускай літаратуры — не толькі мастацкай, — і для падтрымкі чытання. Варта і бібліятэчную сетку захаваць, што засталася…. Яшчэ адзін нюанс. Чалавек са сваёй цёплай хаты, дзе ўсе выгоды пад рукой і камп’ютар ёсць, пойдзе ў бібліятэку, калі там крыху лепш, чым ва ўласным доме. І, трэба аддаць належнае, матэрыяльная база бібліятэк апошнім часам значна ўмацавалася.

— Сёння бібліятэчных прыпісак шмат?

— Статыстыка — аснова для кіравання. Але статыстыка і недакладнай бывае. Я так думаю, што сітуацыя тут пакрысе паляпшаецца. Да прыкладу, у нашай установе з’явіўся камп’ютарны ўлік чытачоў. А на месцах палон справаздачных лічбаў яшчэ моцны. І каму гэта трэба? Ці не час спыніцца на рэальных паказчыках? Нельга рухацца наперад, маючы стратэгію, распрацаваную на міфічных лічбах… А вось школьныя бібліятэкі не трымаюць справаздач. У адной вёсцы, напрыклад, ёсць публічная ўстанова і школьная. Першай даводзіцца план аказання платных паслуг, другой — не.

— У барысаўскай Бібліятэцы імя Каладзеева нават мастацкая галерэя ёсць. З гэтай нагоды, якімі вам бачацца сацыяльныя функцыі бібліятэк?

— Усё павінна рабіцца без прымусу і незразумелай канкурэнцыі. Бібліятэка — храм кнігі. Але чыста з гаспадарчых мэт пад адным дахам размяшчаюцца і клуб з філіялам музычнай школы. І гэта цудоўна, калі для насельніцтва зручна. Гаворка тут — пра ўзаемадзеянне творчых сіл пад дахам агульнага Цэнтра культуры… Не бачу сэнсу ў канкурэнцыі з галерэяй. Гаворка — толькі пра творчае супрацоўніцтва. У нас у НББ таксама шмат выставачных плошчаў, але ж мы не канкурыруем з Нацыянальным мастацкім музеем…

— У Маладзечне бібліятэка імя Максіма Багдановіча ўсю зіму прастаяла без даху. Быццам і не вельмі хвалявала гэта кагосьці… Наколькі дзейсная ў рашэннях, да прыкладу, наша Беларуская бібліятэчная асацыяцыя?

— Інакш кажучы, ці можа бібліятэчная грамадскасць паўплываць на рамонт даху маладзечанскай бібліятэкі? На сёння магчымасці ББА — не надта вялікія, але гэта не значыць, што трэба маўчаць і апусціць рукі. Як кажуць у народзе, пад ляжачы камень вада не цячэ …

— Паколькі мы распачалі гаворку пра матэрыяльную базу, нельга тут не згадаць раёны, дзе з-за адсутнасці зімовай гумы аўтабібліятэка не магла працаваць на абслугоўванне чытачоў з аддаленых вёсак…

— Класічная мадэль бібліятэкі мае чатыры складнікі: фонд, чытач, матэрыяльная база, персанал. І няма тут галоўнага элемента: калі адзін з іх адсутнічае, сістэма няўхільна развальваецца… Аптымізацыя ў нашай справе — патрэбная: у краіне на душу насельніцтва больш бібліятэк, чым у Германіі, якая мае адну з наймагутных эканомік у Еўропе. У свой час мы скарацілі сетку і зрабілі стаўку на бібліобусы. Іх увялі аж у 1974 годзе, пасля цэнтралізацыі сістэмы. З таго часу актуальнымі сталі пытанні недахопу машын, бензіну, запчастак на рамонт. Пытанні не зняты з парадку дня і па сёння. Хто вінаваты? Вы можаце сказаць, маўляў, дырэктар ЦБС, начальнік аддзела не настаялі, не пераканалі кіраўніцтва раёна, што іхняя справа — важная і на яе не шкада грошай з бюджэту. Усё так, але… Мне ў бібліятэцы, каб перанесці з месца на месца разетку, патрэбна праект замовіць, які каштуе немаведама колькі. Я выкручуся, перанясу, але калі з яе дым пойдзе, з мяне дзесяць скур здымуць… Так, дырэктар ЦБС не павінен у шапку спаць. Але па якой прычыне яму, чалавеку на дзяржаўнай пасадзе, пастаянна трэба выкручвацца? У працоўным кантракце пазначана, што тыя, хто запрасіў яго на працу, павінны таксама выконваць свае абавязкі…

— У такім выпадку кіраўніку ЦБС чакаць — не дачакацца…

— Але ж мы — людзі культуры, павінны яе несці грамадству, а культура вытворчасці, культура кіравання — абавязковыя ўмовы для нармальных працоўных адносін.

— Але ж і такіх сітуацый шмат, калі старшыня райвыканкама выказвае прэтэнзіі да работнікаў культуры: маўляў, ніхто ніколі не прыйшоў і не давёў сваю патрэбнасць раёну, грошай не папрасіў на той або іншы праект, бо ніколі той праект не прапанаваў, бо працаваў па накатаным…

— У кожнага свая праўда. Але калі дырэктар не будзе вышукваць спонсараў, не стане рабіць стаўку на пазабюджэтку, на пасадзе ён не затрымаецца…

— Услед за Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”, што дзейнічае да канца 2015 года, прыйшла наступная, якую між сабой называюць “Дваццаць-дваццаць” — “2020”. Што вы можаце сказаць пра яе лёс?

— Наколькі ведаю, праграма зараз абмяркоўваецца на ўзроўні рэгіёнаў. Натуральна, там ёсць раздзел “Бібліятэчная справа”. Які лёс чакае праграму? Гэтае пытанне — не да мяне. Спадзеў ускладаем і на іншую Дзяржпраграму — па інфарматызацыі, разлічаную на наступную пяцігодку. Мы ўнеслі свае прапановы. Цяпер праграма таксама фарміруецца.

— У плане аўтаматызацыі бібліятэк вы задаволены рэалізацыяй праграмы, што яшчэ дзейнічае? Наколькі сур’ёзным быў уплыў эканамічнага крызісу?

— Тэма нерытмічнага фінансавання для аўтаматызацыі бібліятэчнай галіны — асноўная. І вельмі добра, што юрыдычна ды фінансава вырашана пытанне падключэння абласных устаноў да Віртуальнай чытальнай залы НББ. Не ўсё атрымалася па рэгіёнах з набыццём камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага прадукту. 62 працэнты ўстаноў маюць доступ да Інтэрнэту, 60 — электронную пошту, і толькі 4 — стварылі ўласныя сайты…

— Вось вы кажаце: воблачныя тэхналогіі… А хто імі будзе займацца, хто іх стане ствараць у бібліятэчнай сферы, калі праграмістаў у штатных раскладах папросту няма?

— Воблачныя тэхналогіі — гэта якраз і выйсце з сітуацыі недахопу патрэбных ІТ-кадраў ды абсталявання ў бібліятэцы. Тым больш, зараз заробак праграміста ў бібліятэцы — яшчэ ніжэйшы, чым у бібліятэкара, бо гэта не асноўны для ўстановы культуры від дзейнасці. Мы пачалі вырашэнне дадзенага пытання, стварыўшы карпаратыўныя бібліятэчныя сеткі…

— Вы маеце на ўвазе стварэнне віртуальных залаў у абласных бібліятэках краіны?

— І віртуальныя чытальныя залы, і карпаратыўныя бібліятэчныя сеткі, так званыя СЭКі — менавіта гэта і ёсць пакуль што адзіныя прыклады сеткавага ж узаемадзеяння бібліятэк Беларусі. Гэта калі не адзін чалавек нешта робіць, а ўсе агулам працуюць над нейкім пытаннем, над кантэнтам… А тыя, хто карыстаецца СЭКамі, праблем з камп’ютаршчыкамі не маюць, бо за праграмнае забеспячэнне ў іх адказвае Нацыянальная бібліятэка. А вось далей мы плануем наступны крок — воблачныя тэхналогіі.

— І ў чым жа мае праяўляцца іх “воблачнасць”? Ці акажуцца гэтыя найноўшыя тэхналогіі даступныя ў рэгіёнах? І, галоўнае пытанне, калі?

— Воблачныя тэхналогіі — гэта мая мара, бо нашы еўрапейскія калегі менавіта так зараз і працуюць. Яшчэ на пачатку 1990-х, калі мы ездзілі ў краіны Захаду, у тамтэйшых бібліятэках сервераў, звязаных з камп’ютарамі, не было. Бо сервер не патрэбен ні ў раённых, ні ў абласных бібліятэках, ні нават у Нацыянальнай! У нас яны, натуральна, ёсць, гэтыя серверы, але я проста мару ад іх пазбавіцца! Бо дзе серверы, там і іхняе абнаўленне, набыццё іх пад заказ, іхні рамонт, забеспячэнне найноўшым праграмным прадуктам, а гэта ўсё вялізныя грошы…

— І што ў такім выпадку рабіць?

— “Воблака” — гэта значыць, што ў бібліятэцы няма ні сервераў, ні праграмнага прадукту… Яны ёсць недзе “там”, у профільнай дзяржаўнай ці прыватнай структуры, якая і забяспечвае бесперабойнае абслугоўванне камп’ютараў, клапоціцца пра абнаўленне праграмнага забеспячэння і гэтак далей… Бібліятэкарам трэба толькі раз на месяц пералічыць гэтай установе грошы — і ўсё. Так сама, як мы плацім за святло, ацяпленне… Бо бібліятэкі павінны займацца сваёй справай, а не думаць пра набыццё новай праграмы, камп’ютараў, распрацоўваць сайты… Тое не іхняя справа, а — людзей, якія гэтым займаюцца прафесійна...

— Усё гэта называецца, падаецца, словам “аўтсорсінг”…

— Менавіта так. Мы перадаём усе неўласцівыя бібліятэцы функцыі прафесіяналам, а самі толькі ствараем кантэнт, арганізуем доступ да гэтага кантэнту карыстальнікам, чытачам… Дарэчы, наколькі я ведаю, у новай Дзяржаўнай праграме па сферы культуры, разлічанай да 2020 года, менавіта пытанне аўтсорсінгу — перадачы прафесіяналам не ўласцівых установам культуры функцый — з’яўляецца адным з найбольш важных. Хоць мы з савецкіх часоў прывыклі заўсёды мець сваё: аўтамабіль, пэўны набор інструментаў ці тыя ж серверы… Але гэта няправільна. Трэба рабіць наадварот: замаўляць аўтобус у транспартнікаў, абслугоўваць бібліятэкі з дапамогай ІТ-фірмы, мыць падлогу пры дапамозе адпаведных арганізацый… Паўтаруся, кожны павінен рабіць сваю справу.

— Але калі тое акажацца магчымым рэалізаваць на практыцы?

— Мы, да прыкладу, зараз пераводзім прыбіральшчыкаў Нацыянальнай бібліятэкі менавіта на аўтсорсінг. Тое ж самае робім, калі наймаем па тэндары арганізацыю, якая мые ўвесь будынак “Нацыяналкі” звонку. Бо для такой справы патрэбны альпіністы-высотнікі, прафесіяналы ў сваёй галіне. Ну, пагадзіцеся, не будзем жа мы ствараць аддзел альпінізму!.. Што да часу, калі ўсе неўласцівыя бібліятэкарам справы будуць перададзены на аўтсорсінг, дык гэта справа не аднаго года…

— У дадзенай справе таксама шмат залежыць і ад саміх бібліятэкараў, бо не кожны сёння жадае ісці ўслед за новым, асвойваць тыя ж новыя тэхналогіі, а звычайна працуе, як і пяць, і дзесяць гадоў таму…

— Зразумела, мы павінны падштурхоўваць да гэтых інавацый і бібліятэкараў, змяняць іх псіхалогію. Але штурхаць трэба і органы ўлады, змяняць і іхнюю псіхалогію, бо ўсё, пра што я зараз сказаў, — гэта логіка сённяшняга дня. Натуральна, без грошай усе гэтыя нашы словы наўрад ці ператворацца ў рэальнасць…

/i/content/pi/cult/529/11453/6-2.jpg

— І яшчэ пытанне: ці ж нармальна гэта, калі ў 2015 годзе толькі 62% айчынных бібліятэк маюць выхад у Інтэрнэт?

— Канешне ж, не. Але адкажу так: з аднаго боку, гэта магчымасці і жаданне грамадства, а з іншага — магчымасці ды жаданні супрацоўнікаў бібліятэкі. На апошняй калегіі Міністэрства культуры краіны намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі казаў пра тое, што трэба змяніць падыходы і не пакідаць Міністэрства культуры і ўласна галіну культуры апошняй у спісе на фінансаванне… І з гэтым я цалкам згодзен. На мой погляд, справа тут — у псіхалогіі мясцовых улад. Што да бібліятэкараў, дык значным тормазам па ўкараненні камп’ютарызацыі ды інфарматызацыі ў бібліятэках краіны, на маю думку, з’яўляецца прафесійны менталітэт, прафесійная псіхалогія бібліятэкараў. У Брэсце жывуць такія ж разумныя людзі, як і ў Гомелі. Але калі мы глядзім на лічбы запатрабаванасці таго або іншага рэсурсу ў рэгіёнах, то многае можам для сябе адзначыць. І дзесьці, напрыклад, карыстаюцца найноўшымі распрацоўкамі, а ў іншых раёнах жывуць па прынцыпе “Ды не чапайце вы мяне, я і так пражыву, без воблачных тэхналогій!”. І гэта, натуральна, засмучае…


— У нас на 22-м паверсе Нацыянальнай бібліятэкі нешта падобнае якраз і зрабілі: там і кавы можна папіць, і кніжку пачытаць… Але прыватная платная бібліятэка з кавай ці чаем наўрад ці акажацца запатрабаванай… Можаце паверыць мне як спецыялісту, бо гэтую ідэю нікому яшчэ не давялося ажыццявіць…— А ці будзе, да прыкладу, паспяховай прыватная бібліятэка? Або кавярня, дзе, акрамя прапановы папіць кавы ды чаю, можна пачытаць кнігі, часопісы, газеты?..

— У звязку з аўтаматызацыяй і камп’ютарызацыяй, яшчэ адно пытанне: ці не здарылася так, што ў бібліятэкараў сёння працы значна паболела, а заробкі засталіся такія ж, як і раней? Ці ёсць у іх грашовыя стымулы?

— Зразумела, што ўся аўтаматызацыя і камп’ютарызацыя павінна мець вынікам інтэнсіфікацыю працы. Гэта значыць, праца бібліятэкара мусіць палягчацца, а там, дзе раней патрабавалася пяць супрацоўнікаў, сёння павінен шчыраваць адзін. Усё гэта робіцца з той мэтай, каб бібліятэкару заставалася больш часу для галоўнага — для чытача. Што да прэмій… У большасці заходніх бібліятэчных сістэм прэмій проста няма. Там ёсць кантракт і ёсць зарплата, за якую ты павінен сумленна працаваць. Але бібліятэкар там атрымлівае нармальны, сярэдні для краіны, заробак, на які можа спакойна жыць, выязджаць раз на год у замежжа, на курорт ці адкладаць грошы… У нас жа ўсё наадварот. Мы прывыклі, што кожны можа разлічваць на прэмію ці даплату… Думаю, гэта не зусім правільна.

— Але ж ці можна ўсё аўтаматызаваць? Нехта, да прыкладу, кожны тыдзень ходзіць у бібліятэку, бо ведае: там вельмі добрыя супрацоўнікі, з якімі заўсёды ёсць пра што пагаварыць…

— Я толькі пра гэта і збіраўся сказаць. Яшчэ з савецкіх часоў было вядома, што бібліятэка выконвае сацыяльную ды ідэалагічную функцыі. Гэта тое месца, дзе можна пагаварыць, нешта абмеркаваць, пацікавіцца… Асабліва ў сельскай мясцовасці… Таму гэтую функцыю бібліятэкараў нельга падмяніць ніякай, нават самай разумнай, машынай ці камп’ютарам. Так што робат-выдавальшчык кніг у нас, думаю, не прыжывецца ніколі…

— Атрымліваецца, бібліятэкар запатрабаваны ў грамадстве менавіта з гэтай, сацыяльнай, прычыны?

— Гэтая сацыяльная функцыя бібліятэкара вельмі запатрабавана, і, як мне здаецца, так будзе ў грамадстве заўсёды. Ёсць такі метад кіравання: метад “доўгай рукі”. Метад “кароткай рукі” — гэта паказчыкі, якія трэба выканаць за пэўны перыяд, а вось метад “доўгай рукі” прымяняецца да шэрагу сацыяльных сістэм, і там канкрэтныя паказчыкі не патрэбны. У такіх выпадках звяртаюць увагу на сацыяльную значнасць для грамадства таго або іншага інстытута, на тое, як грамадства ацэньвае яго дзейнасць...

— А што зараз чытаюць людзі? Чым цікавяцца? На што трэба звяртаць увагу тым жа кнігавыдаўцам, каб задаволіць запыты наведвальнікаў бібліятэк?..

— Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба абавязкова пагаварыць пра фонды. З савецкіх часоў у бібліятэках Беларусі засталося шмат той літаратуры, якая сёння, па вялікім рахунку, не патрэбна. Справа ў тым, што ў апошнія гады існавання БССР айчынныя бібліятэкі выйшлі на адно з першых месцаў па кнігазабяспечанасці ў СССР. Але гэта былі не тыя кнігі, якія чытаюць усе: там было шмат палітычнай літаратуры, вузкаспецыялізаваных выданняў… Яшчэ адзін важны факт: да 1961-га перад бібліятэкарамі стаяла задача выйсці на абарачальнасць публічных бібліятэк з паказчыкам "тры". Гэта значыць, кожная кніга павінна быць выдадзена чытачу як мінімум тры разы. Нягледзячы на ўсе высілкі, вышэй за 1,1 гэты паказчык не ўзняўся…

— Гэта было звязана якраз з тым, што ў бібліятэках мелася шмат незапатрабаванай масавым чытачом літаратуры?

— Безумоўна. І зараз абарачальнасць фондаў у бібліятэк Беларусі тая ж — 1,1. Вось гэта і ёсць праблема. Рэсурс — велізарны, а чытачы не карыстаюцца. Зараз, праўда, бібліятэкам не засылаюць тыя кнігі, што ім не патрэбны. Але і запатрабаванай літаратуры, той, якую заўсёды будуць чытаць, вельмі недастаткова. Мала кулінарных кніг, мала энцыклапедый, мала дэтэктываў і так званых жаночых раманаў… Але гэты дэфіцыт не стрымліваецца рынкам ці дзяржавай, як калісьці. Ён стрымліваецца фінансавымі магчымасцямі бібліятэк…

— І якое выйсце з сітуацыі? На цяперашні момант павялічыць фінансаванне бібліятэк дзяржава, як вядома, проста не ў стане…

— Нам трэба сур’ёзна займацца аптымізацыяй інфармацыйных рэсурсаў і фондаў. Навошта мы ўтрымліваем велізарныя фонды, якія не запатрабаваны чытачом? Бо для іх патрэбны асобныя, вялікія памяшканні, дзе цёпла, светла, ёсць пажарная ахова і гэтак далей... За ўсё гэта трэба плаціць. Але пагадзіцеся, такое памяшканне можна было б выкарыстаць для іншых мэт! Ці ўвогуле здаць у арэнду ды атрымліваць за гэта грошы… Вось у чым пытанне. Таму сёння трэба, на маю думку, прывесці фонды бібліятэк у адпаведнасць з патрабаваннямі чытачоў. Існуе нарматыў UNESCO, згодна з якім бібліятэкі павінны абнаўляць свае фонды раз на дзесяць гадоў. Дык і трэба кіравацца гэтым нарматывам, які сёння мы выконваем толькі напалову.

— Але спісаць літаратуру ў бібліятэцы сёння — як і за савецкім часам — для тых жа раённых бібліятэк вельмі складана…

— Так, і я думаю, што тут галоўную ролю таксама адыгрывае псіхалогія мясцовых улад: як так, я скарачу ў два разы фонд? Але калі мы аптымізуем фонды, дык бібліятэкарам будзе працаваць значна лягчэй. Нават расстаноўка 1 000 экзэмпляраў кніг — зусім не тое, што расстаноўка 10 тысяч. Аптымізацыя фондаў — вялікая эканомія часу, фінансавых сродкаў ды высілкаў бібліятэкараў…

— А ці не атрымаецца так, што, аптымізуючы фонды, мы пакрочым у бок “лёгкага”, так бы мовіць, “бульварнага” чытання?

— Функцыя бібліятэк — не толькі задаволіць патрэбы чытачоў, а і сыграць на апярэджанне цікавасці сваіх наведвальнікаў. А гэтым працэсам можа кіраваць наша інтэлігенцыя, тыя аўтары, якія пішуць кнігі, выдавецтвы, што адсочваюць запатрабаванні чытачоў на кніжным рынку, грамадская думка і гэтак далей... Калі ўсё гэта будзе, дык з’явіцца не толькі “лёгкая”, а і сур’ёзная літаратура. Бо бадай у кожным мястэчку ёсць сімфанічны аркестр. Ён з’явіцца тады, калі гэта будзе запатрабавана, — тое пытанне агульнага развіцця і культуры грамадства. Так мае быць і ў бібліятэках: там будзе і сур’ёзная, і “лёгкая” літаратура, але трэба выхоўваць культуру чытання, якой павінны кіраваць, на маю думку, тата і мама… Больш ніхто не зможа…

— Ёсць і іншая праблема: некаторыя бібліятэкары сёння мала чытаюць, не так добра арыентуюцца ў навінках кніжнага рынку — як беларускага, так і замежнага… І гэта, на жаль, рэаліі сённяшняга дня…

— Бібліятэкар павінен быць інтэлігентным, ён павінен чытаць мастацкую літаратуру… Але ў ягоных службовых абавязках гэта на сёння не прапісана… Да таго ж, як вы ведаеце, чэргаў з ахвотных стаць супрацоўнікамі бібліятэкі сёння ў раёнах няшмат… Таму і атрымліваюцца такія сітуацыі, калі чытач лепш разбіраецца ў кніжных навінках, чым сам бібліятэкар. Асабліва ў вёсцы… Хаця гэтага, натуральна, быць не павінна…

— І як тады з’явіцца тая ж культура чытання, пра якую мы толькі што гаварылі?

— Гэта праблема і тэндэнцыя агульнасусветная: у грамадстве пачалі менш чытаць кніг… Хаця вучоныя даказалі: той, хто чытае, жыве больш, даўжэй, а чытанне — гэта аснова доўгага жыцця… Праз чытанне развіваецца мозг, які з’яўляецца галоўнай часткай чалавечага арганізма… Але калі бацька гуляе ў “стралялкі”, а маці па тэлевізары глядзіць серыялы, дык, пагадзіцеся, сын ці дачка чытаць, натуральна, не будуць… Асабісты прыклад тут вельмі важны… Мае дзеці, да прыкладу, чытаюць, хоць яны і камп’ютаршчыкі… Так што галоўная праблема чытання — праблема сям’і…

— Вернемся да пытання запатрабаванай чытачамі літаратуры. Што трэба рабіць бібліятэкару, каб у ягонай установе яна заўсёды была ў наяўнасці?

— Бібліятэкар — транслятар запытаў чытачоў. Калі чытачы жадаюць чытаць Шэкспіра, а яго ў фондах няма, дык бібліятэкар звяртаецца ў кнігагандлёвую арганізацыю і просіць даслаць яму патрэбную літаратуру. Іншая справа, што на набыццё літаратуры сёння выдаткоўваюць не такія вялікія грошы, як раней. Скажам, калі гадоў трыццаць таму ў Нацыянальнай бібліятэцы набыццё літаратуры забяспечвалася прыкладна на 80% за кошт дзяржаўнага бюджэту, дык цяпер — толькі на 22% . Кніга даражэе кожны год, фінансаванне сферы культуры, як вядома, не надта вялікае, таму бібліятэкары вымушаны з кніжнага рынку выбіраць тое, што ім “па кішэні”. Напрыклад, “Нацыяналка” атрымлівае ўсю беларускую літаратуру. З замежнай — значна больш складана: мы тут павінны выбіраць кнігу, якая найбольш патрэбна нашым чытачам... Таму, натуральна, усе запыты нашых чытачоў не могуць быць задаволены так, як нам хацелася б, па аб’ектыўных, фінансавых прычынах. Трэба, на мой погляд, рабіць пэўныя захады і дамаўляцца з кнігавыдаўцамі, у тым ліку, магчыма, на дзяржаўным узроўні, каб кніга для бібліятэк — менавіта для бібліятэк! — каштавала танней. Магчыма, гэта можна будзе зрабіць праз увядзенне пэўных ільгот для кнігавыдаўцоў…

— І апошняе. Наколькі востра ў Беларусі паўстала праблема аўтарскага права ў сувязі з пашырэннем Інтэрнэту?

— Скажу так. Мы сёння знаходзімся, у лепшым выпадку, у “шэрай” зоне. Зразумела, усё мае сваё месца пад сонцам, таму я зусім не супраць Інтэрнэту. Гэта цывілізацыйны прагрэс, які зрабіў інфармацыю даступнай... Але тую інфармацыю трэба рабіць даступнай цывілізавана! Інфармацыя ў Сеціве — не аўтарытэтная, яна не праходзіць цэнзуру, а значная частка кантэнту ў нашай інтэрнэт-прасторы — скрадзена. Таму існуе праблема аўтарскага права, ёсць праблема аховы інтэлектуальнай уласнасці. Гэта — у тым ліку і праблема нашага выхавання, нашай адукацыі. У заходняй Еўропе для аховы інтэлектуальнай уласнасці даўно распрацаваны цэлы комплекс заканадаўчых актаў і там за інтэлектуальнае пірацтва не проста караюць, а нават саджаюць у турму. Мы пакуль што толькі наблізіліся да вырашэння пытання інтэлектуальнай уласнасці, а прававая культура ў адносінах да аўтарскага права ў нас толькі пачала фарміравацца. Адна з задач айчынных бібліятэк якраз і заключаецца ў фарміраванні прававой культуры жыхароў Беларусі. Упэўнены, мы дасягнем поспехаў у дадзеным кірунку. І гэта стане адным з тых складнікаў, які дазволіць папоўніць рэальныя ды віртуальныя залы нашых бібліятэк наведвальнікамі…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"