Але ліст стаўся нагодай для разваг. Сёння народную культуру і традыцыі часта падаюць так, нібыта яны сумяшчальныя з усім сучасным, мадэрновым. І таму на фольк-імпрэзах выступаюць калектывы, якія граюць сярэднявечную ці сучасна-папсовую музыку, у “гарадах майстроў” побач з драўлянымі лыжкамі ды ручнікамі сустракаюцца кітайскія сувеніры, удзельнікаў святаў вязуць да месца правядзення ў аўтобусе, дзе з дынамікаў гучыць шансон, а заканчваюцца падобныя мерапрыемствы "нацыянальнай стравай" — шашлыком…
Зыходзячы са свайго журналісцкага досведу, магу сказаць, што часта, плануючы тое або іншае свята, ягоныя арганізатары забываюцца на дэтальную рэжысуру, у якой павінна быць прадугледжана ўсё, нават дробязі. Бо менавіта з іх, “дробязей”, і складаецца антураж, своеасаблівая атмасфера.
Напрыклад, сам бачыў, як майстры, якія прыязджаюць на Міжнародны пленэр ганчароў, харчуюцца ў звычайнай гарадской ці сельскай сталоўцы, што прапаноўвае ім традыцыйны набор страў і посуду. А можна было б падаць гасцям (часцяком — з замежжа) стравы традыцыйнай кухні, паклаўшы побач з драўлянай талеркай драўляную лыжку ці паставіўшы на стол гліняны збанок з бярозавікам, аздобіць сурвэткі арнаментам… Замест гэтага амаль заўсёды ў такіх выпадках — “усё, як звычайна”. Да таго ж зазвычай у сталоўках гучыць або сучасная музыка, або ўключаны тэлевізар з навінамі ці звыклай папсой…
Акцыі, якія папулярызуюць народнае мастацтва ды традыцыйную культуру, ладзяцца ў Беларусі ўжо шмат гадоў, а вось іхнія арганізатары, як быццам, так і не заўважаюць падобных “маленькіх” хібаў… Таму “шашлычна-шансоннае” баўленне часу працягваецца літаральна на кожнай імпрэзе… Але ці можна гэтак зацікавіць моладзь? Ды, кажучы высокімі (ці папросту казённымі?) словамі, выхаваць патрыётаў? Вельмі ў гэтым сумняваюся…