Паступова знікае або...

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Мультыкультуралізм, ”клікі” і спонсары народнага
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы зладзіў чарговы, трэці па ліку, Міжнародны форум ”Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Пад час мерапрыемстваў “К” звярталася да гасцей з просьбай распавесці пра асноўныя праблемы, якія іх хвалююць, а таксама, натуральна, абазначыць шляхі развіцця традыцыйнай культуры… Сённяшняя публікацыя змяшчае адказы замежных спецыялістаў. У наступных нумарах будуць апублікаваны развагі айчынных знаўцаў народнай культуры, а таксама інтэрв’ю з прэзідэнтам Асацыяцыі міжнародных фальклорных груп Дорэлам Космам…

/i/content/pi/cult/518/11166/7-1.jpg

Саўліус ЛІАЎСА, дырэктар Цэнтра народнай культуры Літвы (Вільнюс):

— Як вядома, у некаторых краінах няма міністэрстваў культуры, але гэта не азначае, што там няма культуры: яна ўсюды выступае як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства. У тым ліку і народная культура. І калі ў палітычных ці эканамічных стасунках розныя краіны ідуць больш-менш падобнымі шляхамі, дык у культурнай сферы мы абменьваемся досведам, каб зразумець, наколькі мы розныя.

Сёння ва ўсім свеце на змену глабалізму прыходзіць іншая парадыгма: кожны народ шукае свае карані, своеасаблівасць… А гэтая непаўторнасць заключаецца менавіта ў нацыянальнай, традыцыйнай культуры. І ў гэтым, я думаю, таксама і новыя перспектывы, новае жыццё для аўтэнтыкі…

Адна з праблем, што паўстаюць перад традыцыйнай культурай, — выклікі XXI стагоддзя. Сёння мы жывём у прасторы, што кардынальна адрозніваецца ад той, у якой раней існавалі абрады і традыцыі. Напрыклад, стагоддзе таму чалавек нараджаўся ў сваім доме, у знаёмым асяроддзі, яго акалялі тыя рэчы, што мелі даўнюю гісторыю і, магчыма, перадаваліся з пакалення ў пакаленне... Цяпер наваколле для нас — тэлевізар ці Інтэрнэт, прадукты мы купляем у бліжэйшай краме, а людзі нараджаюцца ў радзільнях ды жывуць у шматкватэрных дамах, не ведаючы нават суседзяў… Сённяшняе пакаленне — гэта, як кажуць навукоўцы, пакаленне “кліка”, калі адным рухам пальца можна атрымаць шмат інфармацыі… Таму сучаснаму чалавеку не хапае часу, каб паназіраць за з’явамі прыроды, каб дасягаць нечага розумам, абагульняць і рабіць высновы… Гэта зусім іншае пакаленне, чым тое, якое жыло ды развівалася ў рамках традыцыйнай культуры. І я думаю, што наша задача — знайсці адказ на пытанне, як і якім чынам народная культура, аўтэнтыка могуць жыць, існаваць у час інфармацыйных тэхналогій…

Соф’я ФЕДАСЕЕВА, дырэктар Абласнога каардынацыйна-метадычнага цэнтра культуры і творчасці Іванаўскай вобласці Расіі:

— Падобныя форумы даюць магчымасць выказацца, знайсці аднадумцаў, а калі гэта ёсць, дык ёсць і магчымасць для развіцця…

Арганізацыя, якую я ўзначальваю, займаецца многімі кірункамі працы, у тым ліку — і кіно. Напрыклад, мы ладзім у Іванаве кінафестываль “Дзеці і казка. Памяці Аляксандра Роу” (знакаміты савецкі кінарэжысёр родам з Юр’еўца былой Кастрамской губерні, а цяпер — Іванаўскай вобласці). Сёлета кінафестываль ладзіўся дзясяты раз і быў прысвечаны 105-й гадавіне з дня нараджэння кінаказачніка... Мы выдалі кнігу-альбом аб Роу, і гэта адзінае падобнае выданне ў Расіі, прысвечанае класіку кінематографа…

Дарэчы, грошы пад гэтыя ды іншыя выданні мы знаходзім у спонсараў і мецэнатаў, бо, як вядома, дзяржаўнае фінансаванне не такое ўжо і вялікае, і гэта, вядома ж, вялікая праблема. Вырашаем яе так: завітваем у розныя арганізацыі ды ўстановы, тлумачым, што будзе апублікавана, які змест будучай кнігі… І падобная практыка прыносіць свой плён. Напрыклад, пры дапамозе Фонду імя Барыса Ельцына, з якім супрацоўнічаем не першы год, выдалі кнігі Марыны Цвятаевай, чые родзічы паходзяць менавіта з нашага рэгіёна…

Таксама ладзім фестывалі, напрыклад, “Ціхвінскі кірмаш” — рэгіянальны форум, на які запрашаем сотні ўдзельнікаў не толькі з Іванаўшчыны, а і з усіх суседніх абласцей. А не так даўно аднавілі старадаўні рускі промысел — мазыкскую цацку. Гэтая цацка рабілася з дапамогай сякеры. Вырабы часцей за ўсё ішлі не на продаж, а прызначаліся для асабістага спажывання. У асноўным гэтыя цацкі ўяўлялі з сябе статуэткі звяроў і людзей, якія выконвалі ролю язычніцкіх бажкоў — заступнікаў хатняга ачага, ідалаў, абярэгаў... Так што, як бачыце, працы ў нас шмат, і яна вельмі цікавая…

Арусяк СААКЯН, спецыяліст Інстытута археалогіі і этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія, кандыдат філалагічных навук (Ерэван):

— Мы дасюль у Арменіі збіраем фальклор, запісваем яго, выдаём для нашчадкаў… Ды, увогуле, я лічу, што сапраўдны фалькларыст — гэта той, хто запісвае паданні, легенды, казкі менавіта ад носьбітаў аўтэнтыкі, а не сядзіць у сваім пыльным кабінеце… Бо наша навука як ніякая іншая пачынаецца і заканчваецца гутаркамі, стасункамі з народамі, з тымі лепшымі яе прадстаўнікамі, якія захоўваюць традыцыі сваіх продкаў. А кожны спявак, апавядальнік — ён, як я мяркую, па-за часам, па-за гэтым светам…

На жаль, усё гэта страчваецца, асабліва калі мець на ўвазе цяперашнюю камерцыялізацыю песеннага жанру. А народны пясняр спяваў для ўсіх і без разліку на грошы… На шчасце, усё яшчэ можна спадзявацца на тое, што народныя традыцыі не знікнуць, што яны будуць жыць ды развівацца… Бо, як вядома, без мінулага няма і будучага…

Абульфаз БАБАЗАДЭ, вучоны сакратар Навукова-метадычнага цэнтра па культуразнаўстве Міністэрства культуры і турызму Рэспублікі Азербайджан, культуролаг (Баку):

— Асноўная мэта майго візіту — абмеркаваць праблемы, якія ўзнікаюць сёння ў развіцці народнай культуры. Не сакрэт, што апошняя ў развітых краінах паступова знікае. І гэта непакоіць, бо народная культура і фальклор — частка агульнаеўрапейскай, агульнасусветнай культуры, якая нараджалася, так бы мовіць, прыродным шляхам… Можна сказаць, што традыцыйная культура — тая выспачка, тая кропка, з якой усё пачыналася. Да таго ж, яна была заснавана, кажучы сённяшняй мовай, на палітыцы мультыкультуралізму, калі народы, плямёны, нацыі жылі ў міры і згодзе…

Гэтая тэма значная для Азербайджана. Бо наша краіна за апошнія гады зрабілася вядомай дзякуючы правядзенню палітыкі мультыкультуралізму. За мяжой сёння цікавяцца нашым досведам у гэтай сферы. Балазе Азербайджан, — як, напрыклад, і Расія, і Беларусь, — краіна шматнацыянальная ды шматканфесійная. Таму нам цікава падзяліцца досведам, здабыткамі з Беларуссю. І, зразумела, мы хочам скарыстацца беларускім досведам, бо, напрыклад, для мяне беларусы — самы талерантны народ, які жыве ў гэтым рэгіёне Еўропы. А ўсё таму, што тут не падзяляюць людзей па этнічных ці канфесійных прыкметах… На жаль, сёння можна сцвярджаць, што ў многіх краінах палітыка мультыкультуралізму фактычна правалілася…

А яшчэ хачу згадаць вось пра што. Не так даўно ў Азербайджане пачала дзейнічаць Дзяржаўная праграма, паводле якой раз на год у адным з раённых цэнтраў якога-небудзь рэгіёна нашай краіны аб’яўляецца фальклорная сталіца. Цягам усяго года туды, у райцэнтр, прыязджаюць навукоўцы, там выдаюцца фальклорныя рэгіянальныя зборнікі з тэкстамі песень, абрадаў, расповедамі носьбітаў традыцый, ладзяцца культурныя акцыі, якія прапагандуюць аўтэнтыку… Усё гэта спрыяе захаванню і папулярызацыі мясцовых традыцый, фальклору, спрыяе павышэнню турыстычнай цікавасці розных рэгіёнаў нашай краіны… Чаму б гэты досвед не пераняць і Беларусі?..

Мэры РУСАНАВА, намеснік дырэктара Дзяржаўнага Расійскага Дома творчасці (Масква):

— Мы ўжо доўгі час супрацоўнічаем з Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам. Але я на гэтым прадстаўнічым форуме — упершыню. І мне вельмі радасна, што мы абмяркоўваем шырокае кола пытанняў, узнімаем шэраг праблем, якія паўстаюць перад традыцыйнай культурай, знаходзім шляхі выйсця з праблемных сітуацый.

Адна з такіх праблем — міжэтнічныя стасункі. Як вы, магчыма, ведаеце, не так даўно ўсе функцыі Міністэрства рэгіянальнага развіцця былі перададзены Міністэрству культуры Расіі. У сувязі з гэтым роля культуры — і ў тым ліку дамоў і цэнтраў народнай творчасці — у вырашэнні міжнацыянальных, міжэтнічных пытанняў яшчэ больш узрасла… На маю думку, менавіта культура — гэта тое, што можа аб’ядноўваць нацыі ды народнасці. У якасці доказу дадзенага тэзіса магу сказаць, што, напрыклад, многія дамы дружбы ці цэнтры нацыянальных культур, створаныя ў розных краінах свету, працуюць, у асноўным, у сферы культуры.

І яшчэ. Сёння ў нашых краінах імкліва развіваецца турызм. І ад нас патрабуюць прэзентаваць турыстам традыцыйную культуру, паказваць рамёствы, абрады, прычым на той тэрыторыі, дзе заўсёды, спрадвеку бытавалі народныя звычаі, — у так званым этнаграфічным асяроддзі… У сувязі з гэтым многія навукоўцы ды фалькларысты задаюць нам адно і тое ж пытанне: ці не страцім мы такім чынам аўтэнтычную народную культуру? Ці не будзем мы замест яе дэманстраваць замежным і айчынным турыстам нейкі сурагат, заснаваны на відовішчнасці ды маляўнічасці? Гэта, мяркую, тая праблема, якую нам усім трэба абмеркаваць пад час пасяджэнняў форуму…

Нікаля ЧАРЛЕЦІ, прэзідэнт Асацыяцыі фальклорных груп Францыі, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных фальклорных груп (Парыж):

— На жаль, у Францыі мала ведаюць пра Беларусь. Напрыклад, я ўпершыню знаходжуся ў вашай краіне, і ведаю пра яе толькі тое, што калісьці менавіта тут праз Беразіну няўдала перапраўлялася армія Напалеона Банапарта. А з больш сучасных згадак успамінаю толькі вашу хакейную сборную… Таму, як я лічу, прыняцце Беларусі ў Асацыяцыю міжнародных фальклорных груп паспрыяе большай вядомасці вашай краіны ў свеце… Прынамсі, у фальклорным свеце — дык дакладна.

У адрозненне ад некаторых калег, я не лічу, што традыцыйная культура не можа існаваць у сучасным, інфармацыйным грамадстве… Я думаю, што яна можа жыць і ў XXI стагоддзі, — калі, вядома ж, мы будзем імкнуцца яе прапагандаваць ды захоўваць для будучых пакаленняў.

Наколькі я змог убачыць, беларускі фальклор, вашы народныя абрады, танцы, спевы — усё гэта вельмі цікава, у іх шмат непаўторнага ды арыгінальнага. Таму, думаю, усю беларускую традыцыйную культуру варта не толькі захоўваць, але і прапагандаваць, у тым ліку — з дапамогай нашай міжнароднай арганізацыі… Абавязкова будзем запрашаць вашы аўтэнтычныя калектывы да нас у Еўропу і дэманстраваць усё хараство і самабытнасць народнай культуры Беларусі!..

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"