Лічбы ўнушальныя: каля 50 мільярдаў

№ 3 (1181) 17.01.2015 - 23.01.2015 г

Мецэнатаў плануюць ушаноўваць штогод
19 студзеня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ганаровых дыпломаў кіраўнікам і прадстаўнікам шматлікіх арганізацый, кампаній ды прадпрыемстваў розных формаў уласнасці за аказанне цягам 2014 года бязвыплатнай, або, лепш сказаць, мецэнацкай падтрымкі ўстановам культуры. А ўчора, 16 студзеня, з нагоды запланаванай падзеі ў Купалаўскім была зладжана выязная прэс-канферэнцыя з удзелам першага намесніка міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыга і кіраўнікоў шэрагу рэспубліканскіх устаноў культуры.

/i/content/pi/cult/513/11045/4-1.jpg

Ірына Дрыга, Уладзімір Пракапцоў і Юрый Гільдзюк пад час прэс-канферэнцыі. / Фота Аліны САЎЧАНКА

Падаецца, яшчэ зусім нядаўна — пазалетась — у Беларусі ўпершыню ўшанавалі мецэнатаў у сферы культуры. А ўжо сёння без перабольшання можна сказаць аб тым, што названая акцыя, правядзенне якой прадугледжвае Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, яскрава засведчыла сваю значнасць ды запатрабаванасць.

Так, па словах Ірыны Дрыга, у панядзелак ганаровыя дыпломы “Мецэнат культуры Беларусі” атрымаюць прадстаўнікі больш як 40 кампаній і арганізацый, якія цягам 2014 года накіроўвалі бязвыплатную фінансавую дапамогу арганізацыям сферы культуры. А гэта ні многа, ні мала — прыкладна 50 мільярдаў рублёў. Лічба, што і казаць, унушальная. Так што, перафразуючы вядомага пісьменніка, сёння смела можна сказаць: мецэнат у Беларусі — гэта гучыць горда!

За кошт гэтай спонсарскай дапамогі падтрымліваюцца такія значныя праекты, як Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, міжнародныя фестывалі Юрыя Башмета і Уладзіміра Співакова. Значная частка сродкаў выдзяляецца спонсарамі на правядзенне Дзён культуры Беларусі за мяжой, арганізацыю гастролей айчынных творчых калектываў у іншых краінах,
удзел беларускіх дэлегацый у міжнародных фестывалях ды выстаўках, адраджэнне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, арганізацыю буйных выставачных праектаў міжнароднага ўзроўню. Акрамя таго, летась дзякуючы сродкам спонсараў была адкрыта і новая экспазіцыя ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць — герой”.

Як адзначыў у сваім выступленні генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзімір Пракапцоў, спонсарскія ды мецэнацкія сродкі сёння дазваляюць ладзіць шэраг буйных музейных праектаў. Напрыклад, адзін з іх — “Дзесяць стагоддзяў культуры Беларусі” — зацікавіў не толькі жыхароў нашай краіны, а і многіх замежных гасцей з Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы… Акрамя таго, дзякуючы мецэнацкай падтрымцы ў 2014 годзе Нацыянальны мастацкі музей упершыню прэзентаваў у сталіцы Венгрыі — Будапешце — буйную выстаўку, дзе былі прадстаўлены беларускія праваслаўныя і каталіцкія абразы XVII — XIX стагоддзяў.

Пра важнасць ды неабходнасць мецэнацкай падтрымкі казаў і дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Палякоў. Ён зазначыў, што дзякуючы стварэнню пры ўстанове культуры апякунскага савета ды працы з мецэнатамі купалаўцам летась удалося, да прыкладу, з’ездзіць у замежныя гастролі. Прычым не ў бліжэйшую суседнюю краіну, а ў Парыж, дзе айчынныя артысты прадэманстравалі французам вядомы спектакль “Пан Тадэвуш” паводле твора нашага знакамітага земляка Адама Міцкевіча.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі Валерыя Гедройца, галоўным спонсарам яго ўстановы сёння можна, без перабольшання, назваць дзяржаву. Менавіта дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню абноўлены будынак і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база галоўнай опернай і балетнай установы краіны выклікаюць сапраўднае захапленне не толькі ў беларусаў, але і ў шматлікіх замежных гасцей. У той жа час, мецэнацкія сродкі дазваляюць ладзіць шэраг новых праектаў. Напрыклад, “Мінскі міжнародны Калядны оперны форум” ці знакамітыя ўжо ў многіх “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Летась упершыню — і таксама дзякуючы мецэнацкай падтрымцы — у тэатры прайшоў фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”. Дарэчы, дадзеную культурную акцыю плануецца ладзіць штогадова...

Мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк у сваім выступленні адзначыў, што пошук мецэнатаў для акадэмічнай музыкі — цяжкі і складаны працэс. Таму можна сказаць, што мецэнацтва ды спонсарства ў яго ўстанове толькі робяць першыя крокі. Тым не менш, менавіта дзякуючы такой падтрымцы артысты Белдзяржфілармоніі выступілі летась з гастролямі ў шэрагу краін Еўропы. Разам з тым, па словах Юрыя Гільдзюка, варта скіроўваць спонсарскую ўвагу на буйныя айчынныя праекты. Напрыклад, “Беларускую музычную восень”, дзе часта можна сустрэць цудоўных выканаўцаў, якія, на жаль, пакуль невядомыя шырокаму колу аматараў музыкі.

І апошняе. Па словах Ірыны Дрыга, ушаноўваць сваіх мецэнатаў ды спонсараў будуць сёлета не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. А гэта значыць, што людзей, гатовых ахвяраваць ды ўкладаць свае грошы ў развіццё сферы культуры краіны, у нас становіцца ўсё больш. Таму ў планах Міністэрства культуры краіны — зрабіць названую рэспубліканскую акцыю штогадовай…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"