Вось такая “далікатная” размова. Але самае цікавае, што пачуў я гэтыя словы з вуснаў аднаго з супрацоўнікаў, якія працуюць у ідэалагічнай сферы… Яны ж, згодна з пасадай, па сутнасці, і павінны рупіцца як пра стварэнне станоўчага іміджа свайго краю, так і пра кантакты з прэсай. Я не памыляюся? Але якія ж тут кантакты, калі нават нельга атрымаць запрашэнне на мерапрыемства? Ужо не кажу пра тое, што паведамляць нам (дый калегам) у рэдакцыю пра падобныя акцыі лепш як мінімум за тыдзень-два, каб журналістам можна было б загадзя запланаваць паездку. Нярэдка пра такое даводзіцца толькі марыць…
Прызнаюся шчыра, за больш чым пяцігадовы стаж у журналістыцы пачуў такія словы на адрас прадстаўніка рэспубліканскай прэсы, бадай, упершыню. Так што дадзены прыклад — хутчэй, выключэнне, чым правіла… Зазвычай у рэгіёнах вельмі цёпла адгукаюцца на нашы тэлефанаванні, паведамленні пра будучы прыезд, імкнуцца паспрыяць у сустрэчы з кіраўніком раёна ці яго намеснікам, з дырэктарам нейкай арганізацыі — дзяржаўнай і прыватнай — ці проста пытаюцца пра тое, чым могуць дапамагчы карэспандэнту… Бо выдатна разумеюць: публікацыя ці нават шэраг матэрыялаў у сродках масавай інфармацыі, што распавядаюць пра пэўны рэгіён, пра раённыя, абласныя ды рэспубліканскія мерапрыемствы, — гэта, у першую чаргу, добрая магчымасць прадэманстраваць уласныя дасягненні, заявіць на ўсю рэспубліку пра свае здабыткі і напрацоўкі, падзяліцца досведам з калегамі… Але, як бачна, не ўсе і не ўсюды гэта яшчэ разумеюць.
А ў камандзіроўку я ж, вядома, паехаў, замовіўшы з пятага раза гасцініцу: месцы засталіся не ва ўсіх…