Усе — на хакей! А пасля — і ў музей…

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Шэсць экскурсій штодзённа і ў любых напрамках
Нарэшце, дачакаліся! У Мінску распачалося міжнароднае першынство — Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года! Забіты першыя шайбы, праліты першыя слёзы: ад радасці за перамогу ўлюбёнай каманды ці ад роспачы за яе паражэнне на лядовай арэне… Але ж не толькі відовішчамі жыве чалавек… Шматлікія прыезджыя паспелі ўжо паблукаць па вуліцах Траецкага прадмесця і нават наведаць Мір ды Нясвіж. І гэта толькі пачатак іхняга спазнання Беларусі…

Усяго, па ацэнках арганізатараў, паглядзець на хакей сусветнага ўзроўню у Мінск прыедуць каля дваццаці тысяч чалавек. Лічба, што і казаць, унушальная. Дарэчы, як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, па стане на раніцу 5 мая ў Беларусі ўжо знаходзіліся прадстаўнікі шасцідзесяці дзяржаў. Таму зусім нездарма сёння ў нашай сталіцы вельмі часта можна пачуць англійскую, нямецкую ці польскую гаворкі... А зрэдку нават і дзіўнае для славянскага вуха маўленне на хіндзі ці ўрду — мовах жыхароў Індыі ды Пакістана…

Мабыць, не памылюся, калі скажу, што многія замежныя госці наведаюць Беларусь не толькі з мэтай паглядзець на лядовыя спаборніцтвы, а і каб даведацца больш пра тую краіну, якая прымае сусветнае першынство. І, трэба сказаць, такі шанц у балельшчыкаў будзе. Напрыклад, афіцыйны тураператар Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года — “Цэнтркурорт” прапануе турыстам шматлікія экскурсіі як па сталіцы, так і па наваколлях Беларусі.

Паводле слоў намесніка начальніка па турызме кампаніі Алены Брок, цягам усяго мая “Цэнтркурорт” будзе ладзіць да шасці экскурсій штодзённа! Турыстычныя аўтобусы плануецца адпраўляць ад фан-вёскі і гасцініцы “Юбілейная”. Што самае цікавае, падарожжы па Мінску і Беларусі адбудуцца пры любой колькасці ахвотных. “Адмяняць запланаваныя экскурсіі мы не збіраемся, нават калі ў аўтобусе будзе ўсяго двое чалавек, зацікаўленых у вандроўцы”, — запэўніла мяне Алена Брок. — А кожны балельшчык, які вырашыць скарыстацца нашымі паслугамі, атрымае пакет з сувенірнай прадукцыяй Чэмпіянату свету па хакеі ды карту госця”.

Што і казаць, пазіцыя кампаніі заслугоўвае павагі. Як і ўвагі з боку іншых турыстычных кампаній… Магчыма, пасля такога прыёму — можна сказаць, “на найвышэйшым узроўні”, — замежныя вандроўнікі будуць ужо спецыяльна прыязджаць у нашу краіну, каб ізноў займець магчымасць скарыстацца паслугамі айчынных тураператараў…

Але і гэта яшчэ не ўсё, чым збіраюцца прывабіць турыстаў... Вялікую ўвагу спецыялісты кампаніі звярнулі на грашовы складнік экскурсій. Ён на сёння — не такі ўжо і высокі. Напрыклад, пешаходная экскурсія па гістарычным цэнтры Мінска абыдзецца замежным гасцям у 8 еўра, а трохгадзінная аўтобусна-пешаходная — у 15. Плюс, як вядома, па сталічных вуліцах будуць курсіраваць два двухпавярховыя турыстычныя аўтобусы, абсталяваныя аўдыягідамі на васьмі мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай, іспанскай ды кітайскай. Аглядныя экскурсіі “праз шкло аўтобуса” будуць доўжыцца па дзве гадзіны, а кошт іх складзе прыкладна 15 еўра для дарослых і 7 еўра для малечаў.

Калі ж балельшчыкі пажадаюць выехаць за межы беларускай сталіцы, дык ім давядзецца “раскашэліцца” на больш значную суму. Так, знаёмства з Гісторыка-культурным комплексам “Лінія Сталіна”, Музеем народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо або Музейным комплексам “Дудуткі” “пацягне” на 25-30 еўра. А вось арганізаваныя экскурсіі ў Мір, Нясвіж, Полацк ці Брэст абыдуцца ўжо ў 35-65 еўра.

Пра графік запланаваных экскурсій можна даведацца як на сайце “Цэнтркурорта”, так і ў фан-зонах Чэмпіянату свету. Акрамя таго, як распавяла Алена Брок, падрабязную інфармацыю пра ўсе турыстычныя прапановы, адрасы гатэляў і хостэлаў, а таксама пра тое, дзе можна набыць сувенірную прадукцыю з сімволікай Чэмпіянату свету па хакеі, балельшчыкі змогуць атрымаць у дзевяці інфармацыйна-турыстычных цэнтрах, што будуць размешчаны ў розных частках Мінска. Да таго ж, з пачатку мая і да канца сусветнага першынства інфацэнтры маюць працаваць у дзесяці сталічных гасцініцах.

Што да сувенірнай прадукцыі, дык яе можна будзе набыць у спецыялізаваных аддзелах, якія будуць працаваць у фан-зонах і на спартыўных арэнах. Тут будуць прадаваць фуфайкі, джэмперы, галаўныя ўборы, магніты ды многае іншае, у тым ліку і вырабы з натуральнага лёну — своеасаблівай “візітоўкі” Беларусі. Так што кожны балельшчык зможа выбраць сабе сувенір “на памяць” і на любы густ.

Як падрыхтаваліся да прыезду шматлікіх балельшчыкаў супрацоўнікі пералічаных музейных устаноў? Даведаўся пра гэта, патэлефанаваўшы ў некаторыя з іх. Як аказалася, музейшчыкі ўжо цяпер адчуваюць павелічэнне колькасці наведвальнікаў. І гэта толькі на пачатку сусветнага першынства. Што ж будзе далей?

Сяргей КЛІМАЎ, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”:

— Я лічу, што мы годна падрыхтаваліся да прыезду балельшчыкаў Чэмпіянату свету па хакеі. Яшчэ некалькі месяцаў таму нашы экскурсаводы — 14 чалавек — прайшлі спецыяльныя курсы па англійскай і нямецкай мовах. Да таго ж мы цяпер значна павялічылі графік прыёму экскурсій: зачыняемся ў 20 гадзін вечара (раней — у 18.00), а ў некаторыя дні працуем, што называецца, да апошняга наведвальніка.

Акрамя таго, спецыяльна да сусветнага першынства мы, разам з Нацыянальным мастацкім музеем, зладзілі новы праект: прадставілі ў сваіх залах экспазіцыю “Сакральная Беларусь”. Мяркую, творы беларускага старадаўняга мастацтва зацікавяць кожнага наведвальніка і годна распавядуць пра багатую гісторыю нашай краіны.

І яшчэ. Магу сказаць, што мы адчуваем прыток турыстаў ужо сёння. Так, за тры дні — з 2 па 4 мая — нашу ўстанову наведала каля 15 тысяч гасцей. Таксама расце і прыбытак ад продажу разнастайных сувеніраў: выручка за адзін дзень даходзіць да сарака мільёнаў рублёў. Але, трэба сказаць, што гэты фінансавы поспех — невыпадковы: у сценах Радзівілаўскага палаца мы адкрылі новую вялікую краму, дзе можна набыць шматлікія сувенірныя рэчы з нашым лагатыпам. А гэта ні многа ні мала — каля тысячы найменняў тавараў. І ўсе яны карыстаюцца вялікім попытам у замежных наведвальнікаў...

Вольга ПАПКО, дырэктар Замкавага комплексу “Мір”:

— Працуем, можна сказаць, у аўральным рэжыме, бо да нас ужо прыязджае шмат наведвальнікаў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з майскімі святамі, у прыватнасці, у Расіі. Напрыклад, летась 2 мая нашу ўстанову наведалі 3 900 чалавек, а 2 мая гэтага года — 4 800!

Цягам усяго мая Замкавы комплекс “Мір” будзе працаваць з 9-й раніцы да 21 гадзіны вечара. Хапае ў нас і сувенірнай прадукцыі, каб задаволіць кожнага, нават вельмі пераборлівага, наведвальніка. А яшчэ 16 мая мы адкрываем новую выстаўку “Партрэты князёў Радзівілаў з калекцыі князя Канстанціна Гагенлоэ” з Германіі… Думаю, яна зацікавіць не толькі замежнага, але і айчыннага турыста…

Алена ЛІХІМОВІЧ, начальнік аддзела турызму Гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”:

— Мы вельмі спадзяёмся на тое, што да нас прыедуць госці Чэмпіянату свету па хакеі. І дапамога “Цэнтркурорта” будзе ў гэтай справе вельмі дарэчы. Спадзяёмся, замежнікаў зацікавіць наш комплекс, звязаны са старонкамі гісторыі Беларусі, і яны не пашкадуюць часу, каб наведаць “Лінію Сталіна”. Што да сувенірнай прадукцыі, дык яна маецца ў нас у вялікай колькасці. У першую чаргу — з лагатыпам нашага гісторыка-культурнага комплексу, а таксама з сімволікай сусветнага першынства… Так што чакаем усіх у госці!..

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"