Пад час фестывалю ў Лошыцы. / Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА
Пра багацце зямлі беларускай...
“Багатая на таленты беларуская зямля” — такі выраз вельмі часта можна пачуць па радыё ці прачытаць у газетах. Але сапраўдны яго сэнс раскрываецца тады, калі пабачыш на ўласныя вочы багацце роднага краю і яе мастакоў. У мінулыя выхадныя ў Лошыцкім парку Мінска кожны ахвотны меў магчымасць пабачыць таленавітых майстроў з усёй Беларусі, ацаніць іх творы, а таксама даведацца пра сакрэты майстэрства: тут ладзілася штогадовая Рэспубліканская выстаўка-кірмаш “Вясновы букет”.
Уздоўж сцяжынак парку размясціліся майстры з усіх рэгіёнаў Беларусі. Саломка- і лозапляценне, разьба па дрэве і лясная скульптура, ткацтва і вышыўка, ганчарства і металапалімерная пластыка, вырабы з бісеру і прыродных матэрыялаў — чаго тут толькі ні было! Старажытныя рамёствы, сучасныя тэхнікі ды іх спалучэнні, аўтэнтыка і стылізацыя, рэчы “пад даўніну” і мадэрновыя інтэр’ерныя рашэнні — творы на любы густ.
Але, як я заўважыла, перавагу майстры аддаюць усё ж такі традыцыйным рамёствам. Так, на кірмашы было вельмі добра прадстаўлена старажытнае мастацтва выцінанкі. Майстар Любоў Гарбар з Бабруйска прывезла ўнікальныя фіранкі, набожнікі і сняжынкі. Яна распавяла, што ўпершыню зацікавілася мастацтвам ператвараць звычайны ліст паперы ў карункавы цуд яшчэ ў школцы. А сёння творчы стаж “выцінаначніцы” складае 48 гадоў! Любоў Аляксандраўна з задавальненнем дзеліцца не толькі ўспамінамі, але і досведам: у парку яна паказвала ўсім ахвотным, як са звычайнага аркуша за некалькі хвілін зрабіць птушку шчасця…
Што цікава, на Беларусі выцінанка была добра развітым мастацтвам яшчэ напрыканцы XIX cтагоддзя, мела ўтылітарныя і эстэтычныя функцыі: карункавыя фіранкі, набожнікі, падзоры, дыванкі з паперы былі таннейшыя за тканіну, а разнастайныя ўзоры на паперы зрабіць заўсёды значна прасцей. Але ў савецкія часы мастацтва выцінанкі было амаль страчана: з усяго багацця форм засталіся толькі ўпрыгожанні на зімовыя святы — сняжынкі…
Майстры Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў на чале з дырэктарам Наталляй Клімко адрадзілі яшчэ адзін старажытны від папяровага мастацтва — выцінанку-выбіванку. Як бачна з назвы, узоры ў гэтай тэхніцы не выразаліся, а выбіваліся з дапамогай цвіка, долата, малатка ды іншых прыстасаванняў. З першага погляду выцінанкі-выразанкі і выцінанкі-выбіванкі вельмі падобныя, але тэхнікі моцна адрозніваюцца. Тэхніка выбіванкі дазваляе ствараць узоры з больш тоўстай паперы і неабавязкова сіметрычныя. Асновай выбіваных фіранак, ручнікоў, пано з’яўляецца ячэістая сетка з цэласным узорам-вобразам. Дарэчы, сёлета традыцыі выразання з паперы “выцінанка-выбіванка” Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Але на “Вясновым букеце” можна было пабачыць не толькі папяровыя карункі. Так, майстар Навагрудскага цэнтра рамёстваў Таісія Крупіца стварае абрусы, падзоры, капелюшы, парасоны з дапамогай шыдэлака. А майстры Цепленскага сельскага дома культуры Уздзенскага раёна — з дапамогай саломкі. На мой погляд, саломка — арыгінальны і прыгожы варыянт аздаблення вопраткі. Гэта дэманструюць строі ўдзельнікаў клуба майстроў “Скарбніца” Іўеўскага цэнтра рамёстваў. А яшчэ з саломкі можна рабіць скульптуры, лялькі і нават музычныя інструменты.
Беларуская саломка ўжо напрыканцы ХХ стагоддзя была сапраўдным брэндам нашай зямлі. Гэты від мастацтва ведаюць і цэняць амаль ва ўсім свеце. Так, дырэктар амерыканскага Музея саламянага мастацтва Морген Оўэнс-Келлі ў адным з інтэрв’ю адзначыў, што ні ў адной краіне вырабы з саломкі не нясуць у сабе столькі нацыянальных традыцый і рыс, як вырабы беларускіх майстроў.
Традыцыйныя драўляныя лыжкі, маленькія і вялікія скульптуры, дзежкі, скрынкі, палічкі і зэдлікі — чаго толькі ні прадставілі майстры-разьбяры на кірмашы! Асабліва прыемна адзначыць, што беларускае традыцыйнае мастацтва выклікае шчырую зацікаўленасць і ў прадстаўнікоў іншых народаў. Спалучаючы беларускія і родныя традыцыі, майстар па дрэве Юлдаш Хасанаў стварае ўнікальныя прадметы побыту ды сувеніры. У яго вырабах цесна перапляліся кола Перуна і азіяцкія матывы-завіткі. Гэты, так бы мовіць, “дыялог культур” нарадзіў, як мне падаецца, новы, ні на што не падобны, вытанчаны стыль.
Вельмі парадавала мяне і вялікая колькасць вышываных і тканых вырабаў: вопратка, паясы, падушкі, карціны, габелены, посцілкі. Прыемна было бачыць багатыя ды каларытныя беларускія арнаменты не толькі на аўтэнтычных рэчах, знойдзеных у бабуліных куфэрках і беражліва адрэстаўраваных, але і на сучасных абрусах ды ручніках. Майстрыхі-вышывальшчыцы перанялі старажытныя сімвалы-абярэгі ад сваіх матуль ды бабуль і зараз творча складаюць вядомыя матывы ў новыя спалучэнні, ствараючы непаўторныя арнаменты…
Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці
...І пра Дзеда Барадзеда ў новым фармаце
24 — 25 мая ў мінскім Лошыцкім парку прайшоў VI Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, дзе свае вырабы прадстаўлялі лепшыя майстры з усіх рэгіёнаў краіны.
Гэта, так бы мовіць, канстатацыя факта. Пра разнастайныя цікавосткі маштабнага рэспубліканскага мерапрыемства распавяла ў сваім артыкуле спецыяліст з Мінскага АЦНТ. Але мяне як журналіста ў першую чаргу цікавіла тое, чым сёлетні фестываль адрозніваўся ад леташняга, ці з’явілася на гэтым прадстаўнічым форуме народных рамеснікаў нешта незвычайнае, эксклюзіўнае, тое, чым можна было б прывабіць жыхароў Мінска, якія ўжо і па краінах іншых паспелі папаездзіць, і пабывалі на шматлікіх падобных міжнародных фэстах ці то ў Польшчы, ці то ў Германіі…
Натуральна, паглядзець на “Вясновым букеце” сапраўды было на што. Напрыклад, на ручнікі з вядомай вёскі Неглюбка, пра якую цудоўна распавядала кожнаму ахвотнаму кіраўніца гуртка па ткацтве Людміла Кавалёва. А яшчэ — на эксклюзіўныя лялькі, сурвэткі, паясы дырэктара Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна, майстра па ткацтве паясоў Галіны Сцепанюк — лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Я, дарэчы, таксама прыдбаў сабе эксклюзіў з Брэстчыны — прыгожую прыхватку.
Парадаваў, мабыць, не толькі мяне, а і кожнага знаўцу беларускай аўтэнтычнай культуры падворак Гродзенскай вобласці, дзе можна было набыць не толькі разнастайныя сувеніры ды вырабы, а і метадычную літаратуру па пэўных відах народных рамёстваў. А яшчэ за сімвалічную плату ў тры ці пяць тысяч рублёў на некаторых падворках кожны ахвотны мог апрануцца ў народны строй і сфатаграфавацца на памяць… Паслуга, дарэчы, карысталася неблагім попытам.
Карацей кажучы, уражанні ад фестывалю — пераважна станоўчыя. Але ж я так і не атрымаў адказу на пытанне пра тое, чым гэты фестываль адрозніваецца ад ранейшых. Нагадаю, што яшчэ год таму ў артыкуле, змешчаным у “К”, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута казаў пра неабходнасць “новага фармату” “Вясновага букету”. Цытую: “Сёлетняе мерапрыемства народнай мастацкай культуры стане “паказальным выступленнем” перад тым мерапрыемствам, якое пройдзе ў наступным годзе пад час Чэмпіянату свету па хакеі. Пасля фестывалю можна ўжо будзе вырашыць, што неабходна змяніць, каб яшчэ больш зацікавіць гасцей краіны нашай аўтэнтычнай культурай”. (гл. "К" № 20 за 2013 год).
Але ж, як мне падалося, пра хакейных балельшчыкаў на фестывалі якраз і забыліся. Так, менавіта на іх, якія у гэтыя дні літаральна запаланілі мінскія вуліцы, шпацыруючы па сталічных скверах ды аглядаючы навакольныя краявіды… На жаль, у Лошыцкім парку іх амаль не было. Асабіста я паразмаўляў толькі з дзвюма жанчынамі з Польшчы, якія трапілі на фэст выпадкова: іх туды запрасіла знаёмая мінская журналістка…
Вось такі вынік. І, трэба сказаць, ён быў цалкам прадказальны. Ці шмат было паведамленняў у прэсе, на тэлебачанні, радыё пра тое, што ў Мінску адбудзецца “Вясновы букет”? Ці шмат вісела расцяжак ды плакатаў, якія распавядалі б сталічным жыхарам і гасцям Беларусі аб рамесніцкім фэсце? Я, на жаль, падобнага не заўважыў. Як не заўважыў і аўтобусаў, што мэтанакіравана дастаўлялі б у Лошыцу турыстаў або балельшчыкаў, якія захацелі на свае вочы ўбачыць “багацце зямлі беларускай”…
На “Вясновым букеце” “хлеба” і ўсяго, што да хлеба, хапала: выязны гандаль пастараўся на славу. А вось “відовішчаў”, на мой погляд, на свяце бракавала. Так, былі майстры, былі іхнія вырабы, была сцэна, дзе выступалі калектывы… Але не “фішак”, нейкага эксклюзіву, заснаванага на народных традыцыях, — таго, чым можна было б прывабіць замежнага турыста, які менавіта на падобную аўтэнтыку палюе па ўсім свеце...
Кажу пра гэта з упэўненасцю, бо колісь гасцяваў на адным з традыцыйных кірмашоў у польскім Любліне, дзе сабраліся майстры-рамеснікі з усёй Еўропы. Дык вось, паглядзець на тое, як Іван Супрунчык, майстар з вёскі Цераблічы Столінскага раёна, са звычайнага палена робіць незвычайныя драўляныя лялькі, збіраўся цэлы натоўп турыстаў з розных краін свету! Справа ў тым, што народны ўмелец вырабляў свае творы выключна з дапамогай адной сякеры! Напрыканцы мерапрыемства ён, дарэчы, не толькі прадаў усе свае вырабы, але і саму сякеру: госці фестывалю казалі, што яна “нейкая цудадзейная” і прапаноўвалі за яе шалёныя грошы…
Не трэба і казаць, што ў Любліне людзей было вельмі шмат. Вакол, у натоўпе людзей, блукалі скамарохі, якія забаўлялі ўсіх прысутных, па вуліцах вазілі вазок, дзе сядзеў казачны “князь Ягайла” са світай, які, спыняючыся каля народных майстроў, адорваў сімвалічным, “княскім” падарункам кожнага… А вакол беларускіх рамеснікаў заўсёды стаяла прыкладна з два дзясяткі чалавек, якія час ад часу мяняліся. Бо што ні кажы, а паглядзець на аўтэнтычных народных умельцаў ды паспрабаваць свае сілы на ткацкім станку ці ганчарным крузе ў Еўропе можна не заўсёды і не ўсюды…
А вось чаму такога зацікаўленага натоўпу з людзей не было на мінулых выхадных у Лошыцы? Хутчэй за ўсё, як ужо казаў, амаль не спрацавала рэклама. А яшчэ, як мне падаецца, было не зусім удала выбрана месца правядзення фестывалю. Колькі гадоў таму давялося пабываць на “Вясновым букеце”, што ладзіўся на Нямізе. Народу на тым фэсце было значна — у дзясяткі разоў, скажу смела, — больш, і майстры з усёй Беларусі не былі абдзелены ўвагай мінчан… А сёлета, як прызнавалася мне тая ж Галіна Сцепанюк, усяго некалькі чалавек зацікавіліся тым, як яна тчэ пояс. Як кажуць, адчуйце розніцу…
І яшчэ. Выступленні выканаўцаў з розных рэгіёнаў Беларусі — гэта добра. Але, пагадзіцеся, — і вельмі прадказальна ды звычайна для ўсіх падобных мерапрыемстваў. А дзе майстар-класы па аўтэнтычных танцах — ад кракавяка да падэспані — для гледачоў? Дзе конкурсы на выразанне лыжак пад наглядам народных умельцаў? Дзе спаборніцтвы на лепшы выраб з саломкі? Дзе лажанне па слупе за валёнкамі ды пальцампханымі каўбаскамі? Чаму па Лошыцкім парку не хадзіў, напрыклад, Дзед Барадзед, які абдорваў бы ўсіх вясновымі букетамі ды сувенірамі? І чаму на ўваходзе гасцям фестывалю ніхто не прапаноўваў набыць ці ўзяць у часовае карыстанне льняную кашулю або спадніцу, саламяны капялюш або торбачку, апрануць пасталы або пасвісцець у дуду ці жалейку?..
Не буду сцвярджаць, што менавіта гэтага не ставала на фэсце. У Лошыцкім парку можна было б зладзіць шмат іншых цікавых акцый, конкурсаў, відовішчных мерапрыемстваў. Тады “Вясновы букет” сапраўды займеў бы той абноўлены фармат, пра які яшчэ год таму згадваў на старонках “К” Яўген Сахута…
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ