Вежа ля вёскі Варняны Астравецкага раёна.
Услед за папулярным музеем на возеры Архід у Македоніі, на ўніверсітэцкім возеры ў Томску неўзабаве размесціцца інтэрактыўны музей навукі і тэхнікі. Яго адкрыццё запланавана на 2016 год. Адметна, што наведвальнікі змогуць азнаёміцца з музеем як праз традыцыйныя экспанаты, так і беручы ўдзел у сапраўдных эксперыментах. У прыватнасці, яго канцэпцыя прадугледжвае стварэнне выставачных залаў, дзе будуць праводзіцца эксперыменты, выстаўкі пад адкрытым небам, лабараторыі, дзейнічаць зоны творчасці, навуковы тэатр і кафэ, якое ўключыць у сябе кнігарню і чытальную залу.
Ва Украіне Музей вады размясцілі ў рэканструяванай старой воданапорнай вежы, якой больш за 130 гадоў. За дзесяць гадоў працы ён стаў адным з самых наведвальных музеяў Кіева. Цікава, што асноўная экспазіцыя размешчана пад зямлёй і ўключае вялізныя акварыумы, ліфт у падзямелле, дзеючую мадэль артэзіянскай свідравіны, каналізацыйны калектар ды казачны грот з вадаспадам, навальніцай, громам, маланкамі і дажджом...
Хто ведае, мо і ў Вежы кахання, што размясцілася на востраве ля вёскі Варняны Астравецкага раёна, з’явіцца інтэрактыўны музей, які будзе прывабліваць турыстаў з розных краін. Варта толькі прыдумаць адметную канцэпцыю ды знайсці інвестараў...