Ідэя пра выпуск памятнай юбілейнай манеты ўзнікла яшчэ на этапе планавання мерапрыемстваў па адзначэнні 100-годдзя мастацкага авангарднага аб’яднання, створанага Казімірам Малевічам у Віцебску ў 1920 годзе. У цэнтры планавання быў Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва і ягоны Музей гісторыі Віцебскага мастацкага народнага вучылішча, які з’яўляецца цэнтрам захоўвання памяці пра УНОВИС у Беларусі. Святкаванне 100-гадовага юбілею прайшло на дзяржаўным узроўні і адзначылася гучнымі мерапрыемствамі і выстаўкамі, міжнароднай навуковай канферэнцыяй, выхадам дакументальнага фільма, спецыяльным нумарам часопіса “Мастацтва” і г. д. Сярод іншага з’явіўся цэлы шэраг прадукцыі з сімволікай УНОВИС, у тым ліку сумесна з “Белпоштай” ва ўжытак быў выпушчаны юбілейны канверт. Юбілей падтрымаў і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
Працэс вырабу манет няхуткі. Памятныя манеты — гэта твор мастацтва, і спачатку над ім працуюць прафесійныя мастакі і дызайнеры. Зразумела, што ў выпадку з манетай, прысвечанай юбілею супрэматычнага мастацкага аб’яднання, чые ідэі рэвалюцыйна паўплывалі на далейшае мастацтва ХХ стагоддзя, стаяла задача зрабіць твор, адпаведны авангарднаму духу УНОВИС. Дызайнер Нацыянальнага банка Аксана Навасёлава паставілася да задачы адказна, праца ішла не адзін месяц, разглядаліся самыя розныя варыянты, і вынік можна назваць паспяховым. Як расказвае дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў, у аснову вобразнага рашэння была пакладзена ідэя, што з’яўленне УНОВИС у Віцебску быццам запусціла “кругі па вадзе” — ад УНОВИС пайшлі кругі ўплыву на ўсё сучаснае выяўленчае мастацтва, мастацтва дызайну, тыпаграфіку і нават архітэктуру. І на манеце мы можам бачыць гэтыя кругі. У цэнтры, зразумела, квадрат, для якога быў абраны чырвоны колер: эмблема УНОВИС — квадрат у крузе, і манета, такім чынам, яе ўвасабляе. Асноўны фон — чорны. Чорны, чырвоны, белы — знакавыя колеры УНОВИС. У кругах напісаны прозвішчы ўдзельнікаў віцебскага аб’яднання, пачынаючы, натуральна, ад Казіміра Малевіча. Існуюць розныя спісы членаў аб’яднання, але ў гэтым выпадку быў выкарыстаны спіс, складзены ўнавісаўцам Лазарам Хідэкелем, які пасля стаў сусветна славутым архітэктарам — першым супрэматычным архітэктарам, як яго прынята называць. Авангард азначае “быць першым”, і юбілейная манета ўжо ХХІ стагоддзя з поўным правам таксама можа называцца авангарднай дзякуючы ідэі з размяшчэннем на ёй QR-кода. “QR-код — гэта квадрат, эмблема УНОВИС — квадрат у крузе, усё супала”, — адзначае Андрэй Духоўнікаў. І гэта дзейсны QR-код — ён вядзе на старонку на сайце ВЦСМ, прысвечаную 100-годдзю УНОВИС.
Сярэбраная манета “Выяўленчае мастацтва. Авангард. УНОВИС” наміналам у 20 рублёў і дыяметрам у 38,61 мм адчаканена Казахстанскім манетным дваром тыражом 999 экзэмпляраў. Памятныя манеты не могуць мець вялізных тыражоў, бо кошт ім надае і іх нешматлікасць, а з продажу яны знікаюць звычайна вельмі хутка. Манета, прысвечаная УНОВИС, сярод іншага і як канцэптуальны, яркі твор сучаснага мастацтва, вельмі хутка, трэба думаць, стане сапраўдным рарытэтам. А слава УНОВИС — сусветная. Чакаецца яшчэ паступленне другой аналагічнай памятнай манеты, але ўжо медна-нікелевай, наміналам у 1 рубель і з трохі большым тыражом — 1699 штук. Дырэктар ВЦСМ Андрэй Духоўнікаў здолеў набыць сабе некалькі сярэбраных манет, і плануецца, што ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча будзе зладжана прэзентацыя, каб усе цікаўныя змаглі пабачыць рарытэт і патрымаць у руках.
Якраз Андрэю Духоўнікаву належыць фраза, што ў ВЦСМ апошнімі гадамі вядзецца актыўнае брэндзіраванне УНОВИС: “Мы імкнёмся да таго, каб гэты брэнд асацыіраваўся з Віцебскам, з Беларуссю, з нашым музеем, мы яго развіваем і можам пахваліцца пэўнымі поспехамі”. Цяпер ужо нікому не трэба тлумачыць, што такое мерч (тавары з сімволікай) і якое значэнне для любога прадпрыемства, установы, музычнай групы, выдавецтва, музея, галерэі і г. д. мае папулярызацыя ўласнага брэнда. Як і кожны паважаючы сябе музей, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча мае ўласны мерч — сувенірную прадукцыю з выкарыстаннем унавісаўскай і ўвогуле супрэматычнай сімволікі і тэматыкі. І да гэтага пытання ён падышоў канцэптуальна і прадумана. Дастаткова адной лічбы: у музеі па адрасе Шагала, 5а, можна набыць 44 віды сувенірных вырабаў! А ў відаў ёсць яшчэ і падвіды.
Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча калісьці ствараўся як “музей новага тыпу”: галоўны экспанат тут — сам музей, яго мастацкая і сюжэтная, так бы мовіць, канцэпцыя. І калі праект рэканструкцыі будынка яшчэ толькі распрацоўваўся, ужо прадумвалася гісторыя з будучымі сімваламі. Зразумела, УНОВИС мае свой сімвал — квадрат у крузе, але хацелася займець сімвал і ўласна музея. І цяпер гэта самы просты, традыцыйны, пашарпаны табурэт. Дызайнер музея Аляксандр Вышка, распрацоўваючы ўнутранае аздабленне і мэблю, стварыў цэлы шэраг такіх белых табурэтаў з намаляваным квадратам ці нейкім адпаведным надпісам. І самым адметным сувенірам музея сталі маленькія аналагічныя табурэты — памерам ад 4 да 15 сантыметраў. І яны, канешне, узніклі невыпадкова. Бо такія ж самыя па-рознаму размаляваныя табурэты прысутнічаюць на многіх гістарычных фотаздымках з вучылішча, фотаздымках з удзельнікамі УНОВИС.
Канешне, куды ж і без віцебскага трамвайчыка і згадкі пра супрэматычныя трамваі 20-х гадоў мінулага стагоддзя! Сучасныя сувеніры створаны паводле той старадаўняй формы трамвая. І трамвайчыкі гэтыя таксама розных памераў і відаў, ёсць і магніцікі, ёсць і больш маштабныя — скажам, ключніцы ці яшчэ што. Дарэчы, табурэтачкі і трамвайчыкі можна набыць толькі ў памяшканні музея па адрасе Шагала, 5а. Але ёсць адна асаблівасць: канешне, і сам будынак вучылішча, і УНОВИС маюць непасрэднае дачыненне да Марка Шагала, але шагалаўскую тэматыку ў гэтым музеі стараюцца практычна не выкарыстоўваць — у Віцебску ёсць і асобныя ўстановы, прысвечаныя Шагалу, і ў іх свае інтарэсы з пункту гледжання мерча.
Музей супрацоўнічае з віцебскім дызайнерам і майстрам сувенірных вырабаў Аленай Івашчанка — яна прыдумляе і трамвайчыкі, і супрэматычныя завушніцы, бранзалеты, ключніцы, бірулькі і многае іншае. Супрацоўнікі музея і яго дызайнер удзельнічаюць у распрацоўках ідэй і заказваюць іх увасабленне Алене Івашчанка. Здараецца, што з цягам часу нейкія пазіцыі знікаюць, бо не карыстаюцца попытам, а нейкія, наадварот, з’яўляюцца. Так, адзін сувенір з’явіўся менавіта па патрабаванні наведнікаў. У Музеі ёсць найадметнейшы экспанат, які выклікае ў наведнікаў нязменную цікавасць, — канструктар, зроблены паводле малюнка Давіда Якерсона: на белым табурэце белая чалавечая постаць футурыстычнага выгляду, сабраная з прамавугольных дэталяў па прынцыпе канструктара на магніціках. Дык вось, з’явіўся і аналагічны сувенір, натуральна, значна паменшаны ў памерах — супрэматычны канструктар, і кожны сам можа сабраць гэтага чалавечка альбо нешта іншае. Сувенір з унавісаўскай сімволікай знойдзецца па любым кошце: ёсць і самыя танныя, такія як аловачкі, блакноцікі, магніцікі з мальбертам і карцінамі мастакоў — ад Малевіча да Эль Лісіцкага, а ёсць і больш дарагія, вырабленыя нават з выкарыстаннем напаўкаштоўных камянёў — і такія могуць каштаваць і 50 рублёў, і 70. Самае рознае, але ўсё — супрэматычнае, і ўсё — не “ширпотребовское”, а з адпаведным духам авангарднага аб’яднання. Ужо чатыры гады наведнікі музея маюць магчымасць унесці пасля экскурсіі дадому нейкі яскравы сувенір, і робяць гэта вельмі актыўна. Для музея, такім чынам, гэта не проста сімвалічны занятак і не толькі брэндзіраванне тэмы, але і добры дадатак да пазабюджэтных сродкаў, якія можна выкарыстоўваць на іншыя цікавыя праекты і развіццё музея.
Фота Аксаны НАВАСЁЛАВАЙ і Алены ІВАШЧАНКА.